ГАЛОЎНАЯ АРТЫКУЛЫ КНІГІ

  АЎТАРЫ КАМУНІКАТ

 
 

     
          
Сяргей ТОКЦЬ

 
   
 


 

кнігі
артыкулы

біяграма
кантакт

аўтары
камунікат

 

 

Беларуская вёска на мяжы эпох. Змены этнічнай самасвядомасці сялянства ва ўмовах распаду традыцыйнага аграрнага грамадства (па матэрыялах Гарадзеншчыны 19 – першай трэці 20 ст.)

  • Глава 2. Змены этнічнай самасвядомасці беларускага сялянства на Гарадзеншчыне ў 19 – пачатку 20 ст.

    Я не чыноўнік і не граф, не князь
    Таксама – я не Турак і не Грэк
    І нават не Паляк і не Маскаль
    А проста я тутэйшы чалавек
    Янка Купала

    У беларускай савецкай гістарыяграфіі часы знаходжання Беларусі ў складзе Расійскай імперыі разглядаліся найперш як пераход ад феадальнага грамадства да капіталістычнага. Сялянская рэформа 1861 г. была агульнапрызнана пачаткам капіталістычнай фармацыі [152, c.25]. Як нам уяўляецца, гэтая праблема належыць да ліку найбольш грунтоўна распрацаваных у беларускай гістарычнай навуцы, хаця даследчыкі і былі вымушаныя прытрымлівацца абавязковых схемаў. У першай палове 19 ст. беларускія землі цалкам упісваліся ў мадэль традыцыйнага аграрнага грамадства: большасць насельніцтва пражывала ў вёсцы і займалася сельскай гаспадаркай; земляробства знаходзілася на вельмі невысокім узроўні і ледзве забяспечвала харчаваннем саміх вытворцаў; грамадства было падзелена на саслоўі ці станы, кожны з якіх вылучаўся пэўнай унутранай аднароднасцю і выконваў толькі яму прыналежныя функцыі; гэты падзел на станы быў праўна санкцыянаваны і ў вялікай ступені накладаўся на рэлігійныя і моўныя падзелы; большасць насельніцтва з’яўлялася непісьменнай, асвета закранула толькі шляхецкія і гарадскія эліты. Аднак паступовае развіццё ў 19 – пачатку 20 ст. мадэрнізацыйных працэсаў прыводзіла да ўзрастання гарызантальнай і вертыкальнай мабільнасці насельніцтва і размывання станавых бар’ераў, стварала новыя сацыяльныя сувязі і капіталістычныя формы вытворчасці, павялічвала колькасць пісьменных людзей. Гэтыя працэсы ва ўсё большай ступені закраналі і вясковае грамадства, выклікаючы змены ў самасвядомасці сялян.

    Аднак было б памылковым разглядаць эвалюцыю сялянскай самасвядомасці толькі праз прызму сацыяльна-эканамічнага развіцця вёскі. Вельмі істотным чыннікам яе мадэрнізацыі з’яўлялася мэтанакіраваная дзейнасць дзяржаўных структур і адукаваных эліт грамадства, абумоўленая палітычнымі і ідэалагічнымі матывамі і закліканая прышчапіць сялянам выгаднае для дзяржаўнай улады ці апазіцыйных ёй эліт бачанне ідэалагічнай айчыны і пачуццё патрыятызму.

    Перапляценне ўсіх гэтых чыннікаў утварала даволі складаную рэчаіснасць вясковага жыцця ў разгляданы перыяд, гістарычная рэканструкцыя якога ўяўляецца справай даволі няпростай. Дзеля гэтага неабходным ёсць вылучэнне двух найбольш важных, на наш погляд, аспектаў: уплывы індустрыялізацыі на жыццё традыцыйнай вёскі і свядомая дзейнасць дзяржаўнага апарату і адукаваных эліт у кірунку пашырэння сярод сялянскага насельніцтва нацыянальнай тоеснасці. Напачатку ж нам уяўляецца патрэбным рэканструяваць характэрнае для эліт разуменне этнічнай прыналежнасці вясковага насельніцтва на беларускіх землях.

    Сялянскае насельніцтва Гарадзеншчыны ў люстэрку этна-статыстыкі 19 – пачатку 20 ст.

    Вельмі важнай групай крыніц для вывучэння зменаў этнічнай самасвядомасці сялянства ў беларускай вёсцы і развіцця нацыятворчых працэсаў з’яўляюцца матэрыялы этна-статыстыкі. Аднак неабходна падкрэсліць, што азначаныя матэрыялы адносна 19 – пачатку 20 ст. часта не столькі адлюстроўвалі рэальную этнічную структуру вясковага насельніцтва і яго самасвядомасць, колькі ўяўленні адукаваных эліт грамадства і дзяржаўнага чыноўніцтва. Пры гэтым яны адначасова і фармавалі гэтыя ўяўленні. Таму этна-статыстыка часта станавілася полем ідэалагічнай барацьбы і шырока выкарыстоўвалася ў палітычных мэтах.

    Такія дастаткова складаныя мерапрыемствы, як збор і апрацоўка статыстычных матэрыялаў пра этнічны склад насельніцтва вялікіх абшараў, былі рэальна выканальнымі толькі для структур дзяржаўнага кіравання. Аналіз архіўных матэрыялаў дазваляе сцвярджаць, што ў першай трэці 19 ст. царская адміністрацыя не праводзіла спецыяльных даследаванняў этнічнага складу жыхароў Гарадзенскай губерні . У так званых "рэвізскіх сказках", якія з’яўляюцца найбольш поўнымі і дакладнымі статыстычнымі матэрыяламі пра мясцовае насельніцтва, улічвалася толькі саслоўная прыналежнасць мясцовых жыхароў. Паводле этна-канфесійных прымет у азначаных перапісах звычайна вылучаліся яўрэі, татары і "галендры" (даўнейшыя перасяленцы з Галандыі – С.Т.), паколькі гэтыя групы адрозніваліся ад астатняга насельніцтва асобнымі правамі і прывілеямі.

    У 1825 г. у Вроцлаве было выдадзена на польскай мове даследаванне Станіслава Плятэра "Геаграфія ўсходняй часткі Еўропы", у якім прыводзіліся дадзеныя пра этнічны склад насельніцтва на абшарах былой Рэчы Паспалітай. Жыхары Гарадзенскай губерні паводле народнасцяў падзяляліся ў С.Плятэра наступным чынам: палякі – 80000, русіны – 470000, ліцвіны – 100000, расіяне – 20000, яўрэі – 120000, татары – 10000 [222, c.215]. Да палякаў аўтар далучаў фактычна ўсю шляхту і мяшчан хрысціянскага веравызнання, а да русінаў і ліцвінаў – сялян. Наконт "русінаў" ён сцвярджаў, што іх мову можна лічыць дыялектам польскай. У азначаным даследаванні праводзілася размежаванне паміж этнічнай і канфесійнай прыналежнасцю, паколькі да "русінаў" аўтар адносіў як сялян-каталікоў, так і уніятаў.

    А.Славачынскі, аўтар статыстычнага апісання Польшчы, выдадзенага ў 1830-я гады ў Парыжы, падзяляў яе насельніцтва на палякаў, русінаў, яўрэяў, ліцвінаў, немцаў, маскалёў і валохаў. Прычым на першым месцы паводле колькасці знаходзіліся русіны – 7520 тыс. чалавек, а колькасць палякаў ацэньвалася ў 6770 тыс. Аднак аўтар называў азначаную структуру насельніцтва састарэлай і настойваў на яе пераглядзе: "Здаецца нам, што калі з уласцівага пункту гледжання кінуць даследчае вока на насельніцтва Польшчы, трэба яго дзяліць не на народнасці ці, хутчэй, назвы, якія беспадстаўна ёй былі ў барбажынскіх часах накінутыя і якія праз нядбальства праіснавалі да нашых дзён, а на рэлігійныя вызнанні; каталікі і уніяты належаць да аднаго касцёла і да адной Айчыны; падольскія Грэкі маюць адрозны ад нас касцёл, а значыць адрозную нам і Маскалям Айчыну, ёсць гэта нацыя пасярэдняя" [230, s.XXVI]. У выніку такога падыходу, паводле А.Славачынскага, на абшарах былой Рэчы Паспалітай выходзіла "амаль чацвёра палякаў на аднаго русіна".

    Да выкладчыкаў Віленскага універсітэта, мясцовых памешчыкаў і духавенства звяртаўся за дапамогай вядомы расійскі статыстык Пётр Кеппен пры правядзенні даследавання колькасці і рассялення літоўскага насельніцтва ў Расійскай імперыі [164]. Даследаванне П.Кеппена паслужыла замацаванню ў расійскай навуковай літаратуры этнічнага разумення тэрміну "літоўцы" .

    У 1842 г. вядомы славіст П.Шафарык у сваім даследаванні "Славянскі народапіс" упершыню падаў лічбы пра агульную колькасць беларусаў і акрэсліў іх этнічную тэрыторыю, у якую ўвайшла і большая частка Гарадзенскай губерні. Заходняя мяжа беларускага этнасу, паводле дадзеных славацкага даследчыка, праходзіла па Віліі, адтуль на захад праз Альшаны, Трабы, над Іўем і Лідаю да Гародні, адтуль хілілася на поўдзень па заходнім ускрайку Беластоцкай вобласці, праз Кнышын, Беласток, Боцькі да Бугу [225, s.30]. Пры гэтым П.Шафарык сцвярджаў, што беларускае насельніцтва Гарадзеншчыны размаўляе на "літоўска-рускім дыялекце" [225, s.32].

    Мясцовая дзяржаўная адміністрацыя ў першай палове 19 ст. мала цікавілася праблемай этнічнай прыналежнасці сялянскага насельніцтва. У справаздачы за 1837 г. гарадзенскі губернатар пісаў пра вясковых жыхароў сваёй губерні: "Большая частка сялян Гарадзенскага і Лідскага паветаў суць веры каталіцкай, гавораць на ўласцівай толькі для гэтага края літоўскай мове і напэўна… паходзяць от старажытных мясцовых жыхароў. Сяляне ж іншых паветаў амаль усе без выключэння вызнаюць грэка-уніяцкую веру, гавораць на сапсаванай рускай мове і суць напэўна нашчадкі выхадцаў славянскага племені" [18, aрк.285-287].

    У 1843 г. П.Кеппен ад імя Расійскай акадэміі навук звярнуўся да гарадзенскага губернатара з просьбай даслаць у Пецярбург статыстычныя табліцы пра "нярускае" насельніцтва губерні. Апошні загадаў паліцэйскім чыноўнікам скласці спісы "іншародцаў" з падзелам на асобныя народы. Гэтыя чыноўнікі не мелі, аднак, ні жадання, ні дастатковай дасведчанасці, каб прафесійна выканаць азначанае заданне. Ваўкавыскі земскі спраўнік паведамляў губернатару, што ў яго павеце жывуць 84190 "літоўцаў" праваслаўнага і каталіцкага веравызнанняў [20]. Такім чынам, ён далучаў да "літоўцаў" усё мясцовае беларускамоўнае сялянства. І такое разуменне "нацыянальнай" прыналежнасці было даволі пашыраным на Гарадзеншчыне і Віленшчыне. А большасць чыноўнікаў абмяжавалася дастаўленнем звестак пра нямецкіх пасяленцаў і татараў. У дадзеным выпадку інтарэс навукоўцаў апярэджваў палітычныя запатрабаванні дзяржаўных уладаў.

    Часам гэты інтарэс натхняў на працу мясцовых аматараў этнічнай статыстыкі. Вядомы даследчык Гарадзенскай губерні Павел Баброўскі змясціў у сваёй працы ў 1863 г. статыстычныя дадзеныя, якія сабраў, паводле яго слоў, у 1848 г. праваслаўны святар Рыгор Парчэўскі [153, Ч.1.Приложение. c.158-159]. Згодна з гэтымі дадзенымі ў Гарадзенскай губерні большасць насельніцтва складалі "рускія", якіх налічвалася 706,5 тысячаў, ці 78,6 %. У Слонімскім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім, у паўночнай частцы Пружанскага і ва ўсходніх частках Бельскага, Беластоцкага і Сакольскага паветаў яны, паводле Парчэўскага, размаўлялі "асобай гаворкай, блізкай да Беларускай, а ў Берасцейскім, Кобрынскім і паўднёвай частцы Пружанскага і часткова Слонімскага – блізкай да Маларасійскай ці Валынскай мовы". Палякаў, "якія гавораць на Польскай мове і вызнаюць рымска-каталіцкую веру", Р.Парчэўскі налічваў 82689 душ, ці 9,2 % ад усяго насельніцтва. Яны пражывалі ў 945 населеных пунктах, а менавіта – у 397 шляхецкіх ваколіцах, 27 сёлах, 425 вёсках і 96 урочышчах. Абсалютная большасць гэтых населеных пунктаў знаходзілася ў Беластоцкім павеце – 428, і Бельскім – 329. Такім чынам, Р.Парчэўскі залічваў да палякаў частку сялянскага насельніцтва заходніх паветаў губерні, а таксама амаль усю шляхту і частку мяшчанства. Ён вызначыў і колькасць літоўскага насельніцтва: "Літоўцы, якія гавораць на Літоўскай мове і вызнаюць каталіцкую веру, жывуць толькі ў двух паветах: Гарадзенскім і Слонімскім і складаюць 2,338 ці 0,2 %". Галоўнымі крытэрыямі вызначэння нацыянальнасці для Р.Парчэўскага былі мова і рэлігія (адносна татар). У сваім даследаванні, паводле П.Баброўскага, Р.Парчэўскі выкарыстоўваў дадзеныя губернскіх устаноў. Безумоўна, што ён мог абапірацца таксама на звесткі, якія яму паведамлялі прыходскія святары .

    У 1849 г. у Пецярбургу было выдадзена "Военно-статистическое обозрение Гродненской губернии" [120], паводле складальнікаў якога жыхары губерні падзяляліся на наступныя этнічныя групы: славяна-русы, палякі (мазуры), яўрэі, немцы і татары. Як можна меркаваць, беларускамоўнае сялянства аўтары даследавання называлі славяна-русамі: "Славяна-русы займаюць большую частку зямель, што складаюць гэтую губерню, як то паветы: Ваўкавыскі, Слонімскі, Пружанскі, Кобрынскі, Берасцейскі і Гарадзенскі" [120, c.62].

    У лістападзе 1851 г. віленскі генерал-губернатар прадпісаў мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі сабраць звесткі пра колькасць "рускіх" паселішчаў [28, арк.1]. У дадзеным распараджэнні "рускасць" выразна атаясамлялася з праваслаўным вызнаннем. Цікава, што падобны падыход не быў зразумелы многімі мясцовымі чыноўнікамі. Паліцэйскі спраўнік Гарадзенскага павета пісаў: "… у Гарадзенскім павеце сёлаў, населеных уласна рускімі жыхарамі няма, а ўсе мястэчкі, сёлы, вёскі і шляхецкія ваколіцы населены туземнымі жыхарамі, якія карэнна тут жывуць і мяшаныя паводле веравызнання <…> у адных вёсках болей рыма-каталікоў, а ў іншых звернутых з былой уніі і далучаных да праваслаўнай царквы" [28, aрк.16]. Гарадзенскі губернатар Ховен так тлумачыў сэнс распараджэння : "…пад назвай русских сёлаў трэба разумець, што жыхары вызнаюць праваслаўную веру" [28, aрк.30].

    У канцы 50-х гадоў 19 ст. царскі ўрад з прапановы акадэміі навук пастанавіў вызначыць этнічную структуру насельніцтва з дапамогай прыходскага духавенства ўсіх канфесіяў. Святарам было прадпісана падаць спісы сваіх прыхаджан з указаннем іх нацыянальнай прыналежнасці і хатняй мовы. Дадзеныя гэтых спісаў былі потым апрацаваныя і апублікаваныя расійскім даследчыкам М.Лябёдкіным, а ў 1866 г. іх практычна без зменаў апублікаваў у сваім статыстычным даследаванні І.Сталпянскі [141, c.53]. Азначаныя прыходскія спісы акрэслівалі не столькі этнічную структуру мясцовага насельніцтва як гістарычныя ўяўленні і палітычныя сімпатыі самога духавенства, што, несумненна, таксама робіць іх вельмі важнай крыніцай для даследавання развіцця нацыянальнай тоеснасці. Напрыклад, у выніковых дадзеных па Гарадзенскай губерні сустракаюцца назвы яцвягаў і бужанаў. У Гарадзенскім павеце налічвалася 2074 праваслаўных беларусаў, 29156 праваслаўных літоўцаў і 16856 літоўцаў-каталікоў, 16426 палякаў-каталікоў і 8171 праваслаўны вялікарус.

    Каталіцкія ксяндзы на Гарадзеншчыне пераважна далучалі сваіх прыхаджан да літоўскай ці польскай народнасцяў. Прывядзем некалькі прыкладаў з Гарадзенскага дэканата [55]. Настаяцель прыходу ў Індуры далучаў сваіх прыхаджан да "польска-літоўскага племені". Ксёндз з Вялікіх Эйсмантаў называў прыхаджан палякамі і "сялянамі". Настаяцель прыходу ў Квасоўцы сцвярджаў, што яго прыхаджане "племені… літоўскага… увогуле размаўляюць на беларускай мове". Ксяндзы з Малой Бераставіцы і Крынак далучылі сваіх верных "да ядзвінга-літоўскага племені". Цікава, што літоўскамоўных сялян з Прывалкаўскага прыходу тамтэйшы святар залічыў да палякаў.

    П.Баброўскі ў сваім даследаванні Гарадзенскай губерні большасць сялян далучаў да "Чарнарусаў, тых жа беларусаў, і Маларасіян, альбо лепш Палешукоў ці Пінчукоў і Бужан" [153, Ч.1, c.622-623]. Жыхароў Бельшчыны даследчык адносіў да этнаграфічнай групы "падлясян". Усё славянскае насельніцтва губерні П.Баброўскі падзяліў на "Рускіх (Чорна-русаў; па мове Беларусаў і Маларусаў)" і "Палякаў-Мазураў". Першыя, паводле яго дадзеных, складалі 77,58 % насельніцтва, а другія – 10,15 %.

    Такім чынам, у першай палове 19 ст. царскія ўлады адносна мала цікавіліся этнічнай структурай сялянскага насельніцтва на Гарадзеншчыне. Даволі расплывістымі былі ўяўленні на гэты конт і сярод мясцовай шляхты і духавенства. Азначаная праблема цікавіла, па-сутнасці, толькі навукоўцаў. Найбольшае ж пашырэнне ў свядомасці мясцовага грамадства і дзяржаўных чыноўнікаў меў саслоўна-канфесійны падыход да вызначэння нацыянальнай прыналежнасці насельніцтва, паводле якога шляхта каталіцкага веравызнання звычайна далучалася да палякаў, а сяляне – да "літоўцаў" і "русінаў", ці "рускіх".

    Напачатку 60-х гадоў 19 ст. цікавасць царскіх уладаў да этнічных пытанняў на беларускіх землях істотна ўзрасла, паколькі гэтыя пытанні ўсё больш пачыналі набываць палітычнае значэнне. Вялікую ролю адыгралі падзеі паўстання 1863 г. Расійскі ўрад закідваў "польскім паўстанцам" імкненне ўладарыць над "рускім" сялянскім насельніцтвам "Заходняга краю". Гэтыя аргументы прызначаліся для пераконвання як заходнееўрапейскай грамадскасці, так і расійскай. Таму ўлады даволі ахвотна падтрымлівалі правядзенне этнаграфічных даследаванняў, якія павінны былі пацвердзіць "рускасць" мясцовага сялянства, а значыць, і нацыянальнае права расійскага панавання ў Беларусі. Пасля паўстання 1863 г. былі выдадзены этнаграфічныя атласы А.Рыцціха і П.Эркерта [149, 193], якія акрэслівалі этнічную тэрыторыю беларусаў і іх колькасць. Аўтары, высокапастаўленыя афіцэры царскай арміі, грунтавалі свае вынікі найперш на афіцыйных статыстычных матэрыялах. Паводле этнаграфічнага атласа палкоўніка Рыцціха насельніцтва Гарадзенскай губерні падзялялася па народнасцях: беларусы – 503283, маларусы – 167743, палякі – 82908, яўрэі – 106649, немцы – 5281, літоўцы – 2800, татары – 982 [211, s.387].

    У гэты час царскі ўрад паўстаў перад праблемай акрэслення нацыянальнай прыналежнасці беларускамоўных сялян-каталікоў. Палкоўнік Эркерт прапаноўваў усё каталіцкае насельніцтва "заходніх" губерняў аднесці да палякаў, а праваслаўнае – да рускіх: "Нішто ў заходніх губернях Расіі не вызначае рысы, якая аддзяляе рускую народнасць ад польскай так выразна і дакладна, як розніца веравызнання, усе славянскія жыхары праваслаўнага вызнання павінны лічыцца рускімі, а ўсе тыя, якія вызнаюць каталіцкую рэлігію – палякамі" [193, c.6]. Палкоўнік не надаваў сур’ёзнага значэння мове як крытэрыю ідэнтыфікацыі і выказваў крытычны погляд адносна ўжывання тэрміну "каталік-беларус" як прыдуманага навукоўцамі. Разам з тым ён прызнаваў адсутнасць выразнай самасвядомасці ў сялян: "Мову сваю прасталюдзін называе простай, а самаго сябе Рускім, часта нават Літоўцам (паводле палітычных паданняў), ці проста селянінам <…> Польская шляхта, а асабліва каталіцкае духавенства, часта выкарыстоўвае тэрмін "Літоўцы" адносна тых каталікоў, у якіх роднай мовай засталася руская" [193, c.6]. П.Эркерт не прызнаваў беларусаў асобнай народнасцю: "Гэта ніколькі не значыць, каб мы дапускалі існавання так званай пасярэдняй народнасці паміж рускімі і палякамі, як некаторыя спрабуюць давесці насуперак гісторыі і рэчаіснасці" [193, c.8].

    Погляды Эркерта выклікалі рашучыя пярэчанні з боку П.Баброўскага, які галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці лічыў мову і традыцыйную народную культуру: "Каб пераканацца, да якога племені належаць жыхары пэўнай краіны, самым дакладным і практычным спосабам з’яўляецца найперш мова, а за ёй і іншыя жыццёвыя з’явы, таму што мова – гэта як радавы герб, пакінуты чалавеку яго продкамі, яго карэнным племенем, гэта люстэрка, у якім найвыразней адбіваецца маральны характар і нават уся гісторыя народу, мова жыве разам з народам, разам з ім развіваецца і памірае" [154, c.14-15]. Баброўскі не надаваў істотнага значэння саманазве сялян: "Якая нам справа да таго, што беларусы не называюць сябе беларусамі, а простымі... але яны гавораць па беларуску <…> Яны, не ведаючы таго, што яны беларусы – захавалі ў штодзённай мове, і ў песнях, у прыслоўях, свае пэўныя нацыянальныя, лагічныя формы, свой дух, свой пэўны характар – свае правы, свае звычаі і т.п." [154, c.16]. Цалкам адкідаў даследчык нацыянальны падзел беларускага сялянства паводле веравызнання: "...не дастаткова ведаць, хто ходзіць у касцёл і хто ў царкву, трэба яшчэ ведаць, хто гаворыць па беларуску і хто па польску, каб правільна размежаваць суседнія народнасці" [154, c.23].

    Гэтая дыскусія мела істотнае значэнне для выпрацоўкі ўрадавай нацыянальнай палітыкі на беларускіх землях, паколькі апаненты мелі аўтарытэт сур’ёзных экспертаў. У стасунку да сялянскага насельніцтва быў у цэлым прыняты пункт погляду П.Баброўскага. Таму ў афіцыйных матэрыялах мясцовай адміністрацыі і статыстычных дадзеных беларускамоўнае сялянства каталіцкага вызнання пачынае фігураваць у графе "беларусы".

    У 1869 г. гарадзенскі статыстычны камітэт сабраў і апрацаваў звесткі пра этнічны склад падатнага насельніцтва губерні, дзе ўпершыню ў мясцовым афіцыйным справаводстве дадзеныя пра колькасць беларусаў падаваліся асобна ад дадзеных пра вялікарусаў і маларусаў. Вызначалі "нацыянальнасць" жыхароў паліцэйскія прыставы, якія дасылалі звесткі непасрэдна ў статыстычны камітэт. Натуральна, што гэтыя людзі не паглыбляліся ў пытанні этнаграфіі і мовазнаўства. Сакольскі спраўнік пісаў у Гародню, што ў яго павеце жыве суцэльнае беларускае насельніцтва, якое размаўляе на "сапсаванай рускай мове". Мясцовыя чыноўнікі даволі часта ўжывалі тэрмін "западно-руссы" для акрэслення вясковых жыхароў. Але ў статыстычным камітэце яго замянялі тэрмінам "беларусы". Такім чынам, царская адміністрацыя свядома ўкараняла этнонім "беларусы" у Гарадзенскай губерні, хаця мясцовым насельніцтвам ён раней амаль не выкарыстоўваўся. У адпаведнасці з выніковымі дадзенымі статыстычнага камітэта насельніцтва Гарадзенскай губерні, якое падлягала падаткаабкладанню, у 1869 г. падзялялася паводле нацыянальнасці: беларусаў – 599191, маларусаў – 178255, вялікарусаў – 3705, палякаў – 74325, яўрэяў – 113378, літоўцаў – 34991, немцаў – 5445, татараў – 921. У гарадах беларусаў было ўсяго 21006 чалавек [37, aрк.7].

    Пачынаючы з 60-х гадоў 19 ст., ва ўсіх афіцыйных статыстычных даследаваннях беларусы ўжо выступалі як асобная народнасць, хаця ў тых жа даследаваннях іх разам з вялікарусамі і маларусамі звычайна акрэслівалі агульным тэрмінам "рускія". Чым была выклікана патрэба афіцыйнага прызнання і пашырэння этноніму "беларусы"? Безумоўна, царскія ўлады не маглі ігнараваць той факт, што гэты тэрмін ужо шырока выкарыстоўваўся ў навуковай літаратуры і публіцыстыцы. Адначасова ён быў у цэлым прыймальным для ўрада, паколькі нават сваім гучаннем падкрэсліваў этнічную блізкасць мясцовага насельніцтва да рускіх-вялікарусаў. У барацьбе з мясцовай спольшчанай шляхтай расійская ўлада ўздымае на шчыт этнічнасць мясцовага сялянскага насельніцтва, паколькі апеляцыя толькі да канфесійнага фактару азначала б адмову ад асіміляцыі сялян-каталікоў. Безумоўна, што ўрад разглядаў наяўнасць назвы "беларусы" ў афіцыйных матэрыялах як з'яву часовую, пэўную прыступку на шляху да поўнага зліцця мясцовага насельніцтва ў адзіную нацыю з вялікарусамі. Аднак гэта было адначасова і пэўнае прызнанне этнічных, гістарычных і рэлігійных адрозненняў беларусаў ад вялікарусаў. З’яўленне тэрміну "беларусы" на этнаграфічных картах і ў статыстычных табліцах і даведніках, несумненна, стала важным чыннікам у працэсе нацыянальнага самаатаясамлення многіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, для якіх, напрыклад, тэрыторыя на карце станавілася істотным элементам уяўлення сваёй "ідэалагічнай айчыны".

    Статыстычныя даследаванні этнічнай стуктуры насельніцтва Гарадзенскай губерні рэгулярна працягваліся і надалей. Напрыклад, у 1889 г. Рускае геаграфічнае таварыства звярнулася да гарадзенскага губернатара з просьбай даслаць у Пецярбург звесткі, сабраныя паводле спецыяльнай анкеты, якія ўключалі назвы населеных пунктаў, рэк і азёр на мове мясцовых жыхароў, інфармацыю пра колькасць насельніцтва і яго этнічную прыналежнасць, хатнюю мову жыхароў, веравызнанне, колькасць пісьменных і на якой мове ўмеюць чытаць і пісаць, ступень валодання расійскай мовай [34, aрк.24].

    У канцы 19 і яшчэ напачатку 20 ст. на старонках польскамоўных выданняў і ў асяроддзі мясцовай інтэлігенцыі шляхецкага паходжання для акрэслення беларускамоўнага сялянскага насельніцтва па-ранейшаму часта ўжываўся тэрмін "русіны". Падчас падарожжа па Нёману Р.Глогер так апісваў абшар беларуска-літоўска-польскага этнічнага памежжа: "Чорная Ганьча лічылася этнаграфічнай мяжой у Аўгустоўскім (павеце – С.Т.) паміж Літвой і Мазурамі. Але па абодвух берагах Нёмана здаўна сядзелі ў гэтай ваколіцы Русіны аж да Белай Ганьчы…" [206, s.28]. Аўтар адзначае наступнае: "Мяжа двух моў (літоўскай і беларускай – С.Т.) не з’яўляецца, аднак, родавай мяжой двух плямёнаў. Кроў і мова – гэта не заўсёды адно і тое ж. Цэлы шэраг стагоддзяў працаваў над перамешваннем крыві плямёнаў над Віслай, Нёманам, Дзвіной, але моўныя адрозненні засталіся і ўмацаваліся" [206, s.29]. "Русінамі", паводле вядомага польскага этнографа Міхала Федароўскага, называлі беларусаў-каталікоў з Сакольшчыны і польскамоўныя сяляне-мазуры [204, s.191-203].

    Асаблівую ўвагу даследчыкаў прыцягваюць дадзеныя першага ў Расійскай імперыі ўсеагульнага перапісу 1897 г. Да сённяшняга дня сярод навукоўцаў працягваюцца дыскусіі адносна іх праўдзівасці. У першую чаргу гэта датычыць звестак пра родную мову насельніцтва. У Гарадзенскай губерні, паводле азначанага перапісу, пераважалі носьбіты беларускай мовы – 705045 (43,97 %), маларусаў налічвалася 362526 (22,7 %), яўрэяў – 278542 (17,4 %), палякаў – 161662 (10 %), вялікарусаў – 74143 (4,6 %), немцаў – 10284, літоўцаў – 3366 [132, Tабл.XIII]. У сельскай мясцовасці беларусаў налічвалася 682049 (51%), палякаў – 129500 (10 %), вялікарусаў – 36018 (2,7 %). На нашу думку, перапіс дастаткова аб’ектыўна адлюстраваў менавіта моўна-этнічную структуру сялянскага насельніцтва. Мы не закранаем тут праблему Заходняга Палесся і Падляшша, мову жыхароў якога тагачасныя афіцыйныя ўлады аднеслі да "маларускай". Нацыянальнай жа свядомасці ў сённяшнім разуменні гэтага тэрміну вялікая частка вясковай люднасці не мела. Прызнанне беларускай мовы як сваёй роднай магло сведчыць аб зараджэнні такой свядомасці сярод адукаваных пластоў насельніцтва – настаўнікаў, святароў, чыноўнікаў, якія абавязкова валодалі ў той ці іншай ступені таксама расійскай альбо польскай мовамі.

    Паводле дадзеных перапісу, у Гарадзенскай губерні адукацыю вышэй пачатковай мелі 13061 чалавек (0,8 % ад усяго насельніцтва – С.Т.) Беларусаў сярод іх налічвалася 1688 (12,9 %), у той час як вялікарусаў – 6475 (50 %), палякаў – 3007 (23 %). Сярод беларускамоўных жыхароў губерні сялян налічвалася 662471 (94 %), мяшчан – 36964 (5,2 %), спадчыннай шляхты – 3296 (0,47 %) [132, Tабл.XXIV]. Усё ж сялянскае насельніцтва Гарадзенскай губерні падзялялася паводле роднай мовы: беларусы – 662471, маларусы – 347242, палякі – 89936, вялікарусы – 12612, літоўцы – 3308.

    Ужо ў хуткім часе пасля перапісу 1897 г. дзяржаўныя ўлады пачынаюць праводзіць новыя даследаванні этнічнай структуры мясцовага насельніцтва на Гарадзеншчыне. Гэта было выклікана павышэннем ролі нацыянальнага пытання ў палітычным жыцці ўскраін імперыі ў сувязі з нарастаннем рэвалюцыйных падзей. У 1904 г. кіраўніцтва Гарадзенскай губерні збірае дадзеныя адносна нацыянальнага складу каталіцкага насельніцтва па асобных парафіях. У гэтых дадзеных часам сустракаецца несупадзенне гутарковай мовы і нацыянальнасці. Напрыклад, у Эйсмантаўскай парафіі Гарадзенскага павета мясцовыя каталікі былі далучаны да польскай нацыянальнасці, хаця іх гутарковай мовай была пазначана беларуская, а ў Супраслі Беластоцкага павета, Крамяніцы і Струбніцах Ваўкавыскага, у многіх вёсках Бельскага павета да беларусаў былі далучаны каталікі, роднай мовай якіх была пазначана польская. Наўрад ці ёсць сэнс надаваць гэтаму факту сур’ёзную вагу. Нагадаем, што вызначэнне роднай мовы і нацыянальнасці жыхароў ў дадзеных выпадках ускладалася на мясцовых паліцэйскіх чыноўнікаў. Але ў абсалютнай большасці каталіцкіх парафій, згодна з вынікамі азначанага даследавання, паводле і нацыянальнасці, і мовы ўсе жыхары былі прызнаны беларусамі [6, aрк.2,10,16] .

    Пасля выдання ў красавіку 1906 г. царскага дазволу на выкладанне ў пачатковых школах польскай і літоўскай моваў, адміністрацыя Гарадзенскай губерні праводзіць з дапамогай народных настаўнікаў даследаванне этнічнага складу Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў [9]. Была арганізавана асобая этнаграфічная экспедыцыя ў гэтыя паветы, для чаго там ствараліся спецыяльныя камісіі ў складзе прадвадзіцеляў дваранства, прадстаўнікоў вучэбнага ведамства, земскіх начальнікаў і "местных, пользующихся доверием людей". Вынікі работы азначаных экспедыцый у цэлым супадалі з дадзенымі перапісу 1897 г., хаця было і адно вельмі істотнае адрозненне: жыхары Бельскага павета тут ужо акрэсліваліся як беларусы, а не як "маларусы". Па выніках праведзенай працы кіраўніцтва губерні адзначала: "Дадзеныя, прадстаўленыя павятовымі камісіямі, не могуць лічыцца безумоўна дакладнымі, паколькі ўся цяжкасць пытання заключаецца ў правільным вызначэнні нацыянальнасці. Неабходна прызнаць, што цалкам дакладнае вызначэнне народнасці магчымае толькі навуковымі сіламі, павятовым жа камісіям прыйшлося лічыцца з існымі сярод простага насельніцтва ўяўленнямі, паводле якіх народнасць змешваецца з рэлігіяй. У дадзеным даследаванні веды мясцовымі людзьмі ўмоваў жыцця насельніцтва паслужылі падставай для вызначэння народнасці насельніцтва абследаваных паветаў " [9, aрк.128 адв.].

    Палітычнай мэтай гэтых даследаванняў з'яўляўся доказ беларускай прыналежнасці мясцовага сялянскага насельніцтва, што станавілася аргументам для адмовы выкладання ў школах польскай мовы. Напрыклад, у Сакольскім павеце, дзе назіраўся вельмі моцны рух за польскую школу сярод сялян, у хатнім побыце беларускую мову ўжывалі 31088 чалавек, а польскую – 1545. Аднак гэтыя дадзеныя не адлюстроўвалі зменаў этнічнай самасвядомасці сярод каталіцкага сялянскага насельніцтва Беласточчыны. Больш рэальную карціну дае аналіз паведамленняў, якія дасылалі ў губернскі статыстычны камітэт народныя настаўнікі. Азначаныя матэрыялы выразна сведчаць аб пашырэнні элементаў польскай нацыянальнай свядомасці сярод мясцовых сялян-каталікоў. Часта сустракаюцца заўвагі, што хоць вясковыя жыхары размаўляюць па-беларуску, але "некаторыя асобы імкнуцца наследаваць польскай гутарковай мове" [47, aрк.67]. І ўсе настаўнікі адзначаюць, што "дзеці ў сябе дома навучаюцца пераважна польскай мове", а ў народнае вучылішча бацькі іх не пасылаюць з той прычыны, што там польская мова не выкладаецца" [47, aрк.63]. Інспектар Сакольскага гарадскога вучылішча адзначыў наконт гэтага: "...беларусы-каталікі лічаць сябе палякамі і размаўляюць паміж сабой па-беларуску і па-польску" [47, aрк.15].

    Цікава, што беларуская этнічнасць разам з тым дэманстравала моцную жывучасць на абшары беларуска-мазурскага памежжа, дзе непасрэдна сутыкалася з народнымі дыялектамі польскай мовы. У вёсках Багнаўскай воласці мясцовы настаўнік налічваў некалькі дзесяткаў жанчын-мазурак, якія выйшлі замуж за сялян-беларусаў. Адносна іх сустракаюцца наступныя запісы: "Усе жыхары гавораць на беларускай мове, хаця прышлыя з Царства Польскага жанчыны, як маці дзяцей, часткова ўнеслі ў свае сем’і скалечаную польскую мову, якая з цягам часу губляе сваё значэнне і замяняецца беларускай. <…> яны (мазуркі – С.Т.) не толькі не маюць ніякага ўплыву на насельніцтва ў сэнсе мовы, але і самыя праз некаторы час пачынаюць размаўляць па-беларуску" [47, aрк.20,26] .

    У 1910 г. губернская адміністрацыя з дапамогай паліцэйскіх спраўнікаў праводзіць даследаванне нацыянальнага складу вернікаў лютэранскіх і евангелісцкіх прыходаў. Паводле запыту Міністэрства ўнутраных спраў чыноўнікі шукалі адказ на пытанні: а) якая мова ўжываецца ў хатнім побыце лютэран і евангелістаў, б) на якой мове адбываецца набажэнства ў храмах. З іх паведамленняў вынікала, што абсалютная большасць вернікаў азначаных канфесій ужывала дома і ў малітвах нямецкую альбо польскую мовы. Пружанскі спраўнік напісаў у рапарце, што лютэране яго павета "паводле нацыянальнасці беларусы, у хатнім побыце ўжываюць нямецкую мову… а з мясцовымі сялянамі размаўляюць на беларускай гаворцы" [12. a.18].

    У 1911 г. урад ізноў прадпісвае губернскаму кіраўніцтву сабраць звесткі пра нацыянальную структуру каталіцкага насельніцтва Гарадзеншчыны. Паводле дадзеных, сабраных паліцэйскімі ўладамі, абсалютная большасць каталікоў у губерні належала да беларускай нацыянальнасці. Напрыклад, у Сакольскім павеце, калі верыць спраўніку, было ўсяго 7 палякаў-каталікоў. Гэтыя дадзеныя не адлюстроўвалі рэальную самасвядомасць сялянскага насельніцтва, вялікая частка якога лічыла сябе палякамі. Каталіцкія святары ў азначаных дакументах так падзяляліся паводле нацыянальнасці: палякі – 48, літоўцы – 37, беларусы – 34. Цікава, што губернскае начальства рэкамендавала мясцовым чыноўнікам не проста давяраць уласным дэкларацыям ксяндзоў пра сваю нацыянальную прыналежнасць, але і рознымі шляхамі правяраць пададзеную інфармацыю. З гэтага можна зрабіць выснову, што крытэрыем вызначэння нацыянальнай прыналежнасці духавенства было і іх уласнае самаакрэсленне. У спісе ксяндзоў-беларусаў знаходзім тых, хто і ў пазнейшыя часы застаўся верным свайму нацыянальнаму выбару – Ян Семашкевіч, Франц Рамейка, Юліан Бароўка, Вацлаў Родзька і інш. Разам з тым Францішак Грынкевіч, які быў арганізатарам першага на Гарадзеншчыне гуртка беларускай моладзі, праходзіў у азначаных спісах як літовец [13. aрк.1-25].

    У перадваенныя гады статыстычныя звесткі пра нацыянальны склад насельніцтва губерні рэгулярна змяшчаліся ў "Абзорах" статыстычнага камітэта. У 1913 г. яны выглядалі наступным чынам: беларусы – 1311596, вялікарусы – 5645, маларусы – 166171, палякі – 41754, яўрэі – 364547, літоўцы – 5262, іншыя – 14549 [128]. У сельскай мясцовасці беларусаў налічвалася 1202168 (91,7 %). У параўнанні з папярэднімі перапісамі назіралася памяншэнне ўдзельнага паказчыку "маларускага" насельніцтва, што было звязана са зменай навуковых і афіцыйных поглядаў на этнічную прыналежнасць палешукоў.

    У цэлым афіцыйная этнастатыстыка напачатку 20 ст. найперш служыла мэтам урадавай палітыкі. Аднак варта адзначыць, што на той час немагчыма было сабраць пры самым аб’ектыўным даследаванні дакладных дадзеных пра нацыянальны склад сялянскага насельніцтва, паколькі нацыянальную свядомасць у сучасным яе разуменні мела адносна невялікая яго частка. Што ж датычыцца роднай мовы, то самай дасканалай крыніцай, несумненна, з’яўляліся матэрыялы перапісу 1897 г., якія прадугледжвалі прынамсі ўлік асабістых меркаванняў вясковых жыхароў.

    У якой ступені статыстычныя спісы і этнаграфічныя карты ўплывалі на працэс фармавання нацыянальнай свядомасці? Несумненна, што гэты ўплыў быў істотны. Веданне геаграфіі і статыстыкі сваёй краіны з’яўлялася ў другой палове 19 і напачатку 20 ст. характэрнай рысай адукаванага чалавека. І інтэлігент сялянскага паходжання атаясамляў сябе на псіхалагічным узроўні з тым насельніцтвам, лічбы пра колькасць якога ў розных статыстычных даведніках змяшчаліся ў графе "беларусы".

    Пачаткі індустрыялізацыі і іх уплыў на этнічную самасвядомасць вясковых жыхароў

    Паводле тэорыі Э.Гельнера, галоўнай прычынай фармавання сучасных нацыі і нацыянальнай свядомасці з’яўлялася індустрыялізацыя традыцыйнага аграрнага грамадства , якая далучае да нацыянальных супольнасцяў замкнёнае ў сваіх лакальных грамадах архаічнае сялянства. Развіццё капіталістычных адносін разбурала самаізаляцыю гэтых сялянскіх грамадаў, прыцягвала вясковых жыхароў да ўдзелу ў надлакальных абменах таварамі, паслугамі і інфармацыяй. Як адзначае Р.Радзік: "Чым хутчэй распадаліся лакальныя супольнасці, слаблі навыковыя сувязі, тым больш нарастала патрэба пабудовы грамадскай салідарнасці, заснаванай на ідэалагічных сувязях [223, s.139]. Ва ўмовах фармавання індустрыяльнага грамадства сістэма яго камунікацыі паступова зрасталася з нацыянальнай ідэалогіяй.

    На беларускіх землях асновай эканомікі ў першай палове 19 ст. заставалася архаічнае паводле сваіх формаў земляробства. Згодна са статыстычнымі дадзенымі царскага ўрада за 1858 г. сярод насельніцтва 5 беларуска-літоўскіх губерняў (Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Магілёўскай і Мінскай – С.Т.) сяляне складалі 76,8 % ад усяго насельніцтва [140, c.266-267]. У той жа час у гарадах іх налічвалася толькі 2,5 % ад усіх гарадскіх жыхароў [169, c.60-61].

    Узровень развіцця сельскай гаспадаркі быў нізкі. Як і многія стагоддзі таму мясцовыя сяляне апрацоўвалі сваё ворыва драўлянымі сохамі з жалезнымі нарожнікамі. Прычым нарожнікі гэтыя часта вырабляліся прадзедаўскім спосабам сялянамі-руднікамі**. У пушчах яшчэ захоўваўся такі архаічны спосаб апрацоўкі ворыва, як пералог. Натуральна, што ўраджайнасць у сярэднім была невысокая, а прыродныя катаклізмы часта выклікалі масавы голад і эпідэміі захворванняў сярод вясковага насельніцтва.

    Разам з тым сельская гаспадарка Гарадзеншчыны была звязаная з еўрапейскім рынкам, найперш прускім, і пастаўляла туды сваю прадукцыю. Праўда, на знешні рынак пераважна працавалі панскія фальваркі. Вынікам гэтага было захаванне і нават пашырэнне паншчыны, якая ва ўмовах арыентацыі фальваркаў на продаж збожжа прыносіла абшарнікам прыбыткі. Аднак гэта выклікала эканамічную і маральную дэградацыю вясковага насельніцтва. Аброчная сістэма куды больш актыўна падштурхоўвала сялян да самастойнага выхаду на рынак. Але неразвітасць унутранага рынку часта была прычынай таго, што апошнія часам добраахотна аддавалі перавагу паншчыне, паколькі нярэдка сялянскай сям’і лягчэй было адпрацаваць два ці тры дні на тыдзень у фальварку, чым заплаціць замест гэтага грашовую зямяншчыну.

    Неразвітасць зерневай гаспадаркі і дрэнныя глебы часта з’яўляліся прычынай больш актыўнага ўдзелу сялян у рынкавых абменах. Напрыклад, жыхары Гарадзенскай пушчы, якім не хапала ўласнага хлебу з прычыны неўраджайнай зямлі, зараблялі сабе на жыццё, паводле звестак дзяржаўнага чыноўніка, кантрабандай, вырошчваннем хмелю для піўных бровараў, а таксама незаконнай высечкай і продажам "казённага" лесу. Актыўнасцю вылучаліся і жыхары прынёманскіх весак, якія сплаўлялі тавары па Нёману. П.Баброўскі адзначаў: "Багатая вялікімі пашамі прастора Палесся і лясныя месцы Белавежскай, Гарадзенскай і Рудскай пушчаў населены больш заможнымі чым беднымі сялянамі; заможнасць і багацце назіраецца таксама ў вёсках, размешчаных каля вялікіх суднаходных рэкаў" [153, Ч.1, c.813]. Пра агульную ж неразвітасць рынкавых адносін сведчыла наступнае выказванне П.Баброўскага: "Багацце тутэйшых сялян заключаецца не столькі ў запасе грошаў, колькі ў запасе хлеба і сена" [ 153, Ч.1, c.813].

    І ўсё ж якасныя змены ў мясцовым гаспадарчым жыцці паступова адбываліся. Прамысловыя тавары з эканамічна больш развітых рэгіёнаў замежнай Еўропы і Расійскай імперыі пачыналі даходзіць да патрыярхальных вёсак Гарадзеншчыны. Аб чым, напрыклад, сведчыў заняпад сялянскага руднага промыслу. Хаця дэталёва прасачыць азначаны працэс практычна немагчыма, паколькі селянін нідзе не фіксаваў свае закупкі, якія ён рабіў у мястэчку ці ў горадзе. Безумоўна, скасаванне прыгону ў 1861 г. і неабходнасць выплочваць дзяржаве пазямельны падатак замест ранейшай паншчыны падштурхоўвалі вясковых жыхароў да большай актыўнасці на гарадскім рынку.

    На працягу другой паловы 19 – пачатку 20 ст. сялянская гаспадарка Гарадзеншчыны перажывае даволі заўважныя змены ў лепшы бок. Пасля адмены прыгоннага права сяляне мелі больш свабоды ў прыняцці гаспадарчых рашэнняў, хаця і захоўвалася яшчэ шмат перажыткаў і абмежаванняў мінулай эпохі. Дзяржаўная статыстыка фіксуе якасныя змены ў забяспечанні вясковых жыхароў рабочай жывёлай і прыладамі працы. Жалезны плуг напачатку 20 ст. пацясніў драўляную саху, замест пары валоў у якасці цяглавай сілы ўсё часцей выкарыстоўваецца больш прадукцыйны конь. Амаль у паўтары разы ўзрастае сярэдняя ўраджайнасць сялянскіх палеткаў [176, c.353]. Самай відавочнай праявай паляпшэння становішча сялян стаў імклівы дэмаграфічны рост на вёсцы. З 1858 па 1897 г. колькасць сялянскага насельніцтва ў Беларусі вырасла больш чым у два разы і дасягнула 4962,5 тысячы, што складала 76,4 % ад усяго насельніцтва [176, c.42]. Аднак вынікам гэтага ў сваю чаргу стала перанаселенасць вёскі, якая спарадзіла "зямельны голад" і абвастрэнне сацыяльнай напружанасці.

    Паводле дадзеных перапісу 1897 г. беларускія землі заставаліся аграрным сялянскім краем. У Гарадзенскай губерні ўсяго налічвалася 1603409 жыхароў [132]. З іх ліку толькі 254591, ці 15,9 %, пражывалі ў гарадах. Вясковае насельніцтва дасягала 84 % ад агульнай колькасці жыхароў губерні. Сялянства было самай вялікай саслоўнай групай – 1162379 чалавек (72,5 %). Прычым у гарадах пражывалі толькі каля 4 % сялян. Аднак трэба адзначыць, што ўдзельная вага прадстаўнікоў сельскіх станаў вырасла ў гарадах Беларусі з 1866 г. па 1897 г. з 3,6 да 19,1 % [176, c.359]. Гэта сведчыла пра рост гарызантальнай мабільнасці сярод вясковай люднасці.

    У 1913 г. колькасць гарадскога насельніцтва ў губерні дасягнула лічбы 357669, альбо 18,7 % ад усіх жыхароў. У той жа час колькасць сялян вырасла да 1288741, але адносна ўсяго насельніцтва працэнтны паказчык сялянства зменшыўся да 67,5 %. Такім чынам, дадзеныя дэмаграфічнай статыстыкі сведчаць пра паступовую ўрбанізацыю Гарадзеншчыны на пачатку 20 ст.

    Мноства сялян Гарадзеншчыны нават напачатку 20 ст. не мела магчымасці выходзіць на рынак з прадуктамі сваёй гаспадаркі, якая амаль цалкам была арыентаваная на забяспечанне жыццёвых патрэбаў сялянскай сям’і. Неабходныя для выплаты падаткаў грошы пераважна зарабляліся наёмнай працай. Такую магчымасць давалі шматлікія панскія маёнткі. Вялікай колькасці працоўных рук патрабавала будаўніцтва чыгунак і шашэйных дарог. Мясцовыя ж гарады былі перанаселены яўрэйскім пралетарыятам і не маглі забяспечыць працоўнымі месцамі абеззямеленых сялян. Таму ўсё болей вясковых жыхароў ў пошуках працы выязджала ў даволі аддалены Санкт-Пецярбург і за межы імперыі – найперш у ЗША і Канаду.

    У той жа час эканамічнае становішча мясцовага сялянства станавілася з кожным фактычна годам усё больш складаным. Як адзначаў падатковы інспектар Гарадзенскага павета у сваёй справаздачы, галоўнай бядой было драбленне гаспадарак, што не давала сялянам магчымасці нават проста пракарміцца са сваіх надзелаў, нягледзячы на "выдающуюся скромность жизненных потребностей" [53. aрк.45 адв]. Праілюструем азначаны працэс на прыкладзе Скідзельскай воласці Гарадзенскага павета. У часе рэалізацыі аграрнай рэформы напачатку 1860-х гадоў сялянам гэтай воласці былі нарэзаны 822 участкі зямлі агульнай плошчай 11780 дз. [39, aрк.17]. У 1914 г. з азначанага ліку 302 надзелы падзяліліся на дзве часткі, 234 – на тры, 97 – на чатыры, 31 – на пяць, 8 – на шэсць, 4 – на сем, 11 – на восем. Усяго 135 надзельных участкаў (16 %) засталіся непадзеленымі. А 210 сялян у 1914 г. ужо былі ўвогуле беззямельнымі. У той жа час на тэрыторыі Скідзельскай воласці 12944 дз. землі належалі прыватным уладальнікам, пераважна былым прыгоннікам. Натуральна, што такая сітуацыя распальвала сярод бяднейшага сялянства нянавісць да абшарнікаў, якіх яно лічыла галоўнай прычынай сваіх няшчасцяў. Аднак, нягледзячы на ўсю важнасць праблемы памеснага землеўладання, яна ўсё ж, на нашу думку, мела другарадны і больш псіхалагічна-эмацыйны характар. Прывядзём іншы прыклад. У Берштаўскай воласці Гарадзенскага павета паводле люстрацыі 1869 г. сялянам было нарэзана 240 поўных, 139 палавінных і 39 агародных участкаў зямлі агульнай плошчай 17379 дз. Прычым памешчыцкая землеўласнасць тут адсутнічала цалкам. Зямельны ўчастак у вёсцы Бершты складаў, напрыклад, амаль 42 дзесяціны. Аднак ужо ў 1895 г. 114 участкаў падзяліліся на дзве часткі, 70 – на тры, 31 – на чатыры, 12 – на пяць, 10 – на шэсць, 3 – на сем, 2 – на восем. Непадзеленымі засталіся 176 участкаў. Калі ад гэтай лічбы адкінем агародныя участкі, якія дзяліць не было ніякай магчымасці, то атрымаем, што захаваліся непарушнымі 137 (36 %) участкаў [35, aрк.59-68]. Аднак трэба ўлічваць, што дадзеныя па Берштаўскай воласці прыведзены за 1895 г. Таму можна з упэўненасцю сцвярджаць, што ўжо ў 1914 г. сітуацыя там мала адрознівалася ад Скідзельскай і іншых валасцей, а тамтэйшыя сяляне так жа пакутавалі ад малазямелля, нягледзячы на поўную адсутнасць ненавісных абшарнікаў.

    Вырашэнне праблемы малазямелля праз набыццё сялянамі зямлі з дапамогай крэдытаў Сялянскага банка выглядала цалкам нерэальным. Падатковы інспектар Гродзенскага павета слушна адзначаў, што "набыць зямлю ўдаецца толькі рэдкім счасліўцам" [53, aрк.47]. Палепшыць становішча сялян магло перанясенне гаспадарак на хутары і ліквідацыя церазпалосіцы, якая стрымлівала ўвядзенне больш сучасных метадаў гаспадарання. Але так званая "сталыпінская" рэформа распачалася толькі ў 1906 г. і пасоўвалася даволі марудна. У Гарадзенскім павеце да 1911 г. перайшлі да хутарскога гаспадарання толькі сяляне вёскі Сухаўляны Скідзельскай гміны [44, aрк.14].

    Паводле дадзеных мясцовай адміністрацыі, звыш 80 % сялян у Гарадзенскім павеце не маглі пражыць без дадатковых заробкаў. Пэўнае ўяўленне пра іх характар даюць справаздачы валасных праўленняў. З гэтых матэрыялаў вынікае, што істотныя грашовыя паступленні ў многія вёскі Гарадзенскага павета прыходзілі з Амерыкі. Напрыклад, у Берштаўскай воласці звыш 200 сялян, якія падаліся на заробкі за акеан, усе разам прысылалі штогод дадому грошай на суму каля 6000 рублёў. Працай у лесе ў гэтай воласці займаліся 2500 мужыкоў, якія зараблялі ў год 4000 рублёў. Апроч таго, у 1911 г. валасное праўленне выдала 218 пашпартоў для выезду на заробкі ў межах Расійскай імперыі. У тым жа годзе 30 чалавек з гэтай воласці выехалі ў Амерыку і 25 у Сібір [54, aрк.16]. У вёсках, размешчаных па берагах Нёману, па-ранейшаму вялікую ролю адыгрываў сплаў лесу і розных тавараў. У Дубнаўскай воласці Гарадзенскага павета каля 600 сялян за год зараблялі на сплаве амаль 6000 рублёў [54, aрк.16].

    Паводле дадзеных камісіі землеўпарадкавання за 1907 г., у Гарадзенскай губерні пакідалі свае вёскі ў пошуках заробкаў 75 % сялян. Прычы 3 % ад’язджалі ў Амерыку. У год за акеан выпраўлялася каля 2500 чалавек. З адной Пескаўскай воласці Ваўкавыскага павета з восені 1906 г. выехалі ў Амерыку каля 250 жыхароў. Бельская камісія землеўпарадкавання адзначала, што сяляне вяртаюцца з Амерыкі "больш культурнымі работнікамі, усведамляюць, што толькі старанная праца, пра якую тут, на радзіме, не мелі паняцця, дасць магчымасць добрага заробку". Сакольская ж камісія сцвярджала, што такія сяляне вылучаюцца "больш высокай прадукцыйнасцю працы… лепшай павагай да закона, улады, чужой уласнасці і чужой працы" [43, aрк.108 адв.].

    Наколькі гэтыя эканамічныя вандроўкі змянялі этнічную свядомасць і светапогляд сялян? Ці знікала ў іх успрыняцце навакольнага свету толькі праз прызму сваёй лакальнай супольнасці, ці адчувалася патрэба ў больш шырокай самаідэнтыфікацыі? Як сведчаць шматлікія архіўныя матэрыялы, архаічнасць і кансерватызм сялянскага светаўспрымання аказаліся даволі ўстойлівымі. Уласны кавалак зямлі па-ранейшаму заставаўся ў вачах сялян галоўнай каштоўнасцю. Нават высокія заробкі ў Амерыцы не маглі пераламаць ірацыянальную па-сутнасці цягу селяніна да малой радзімы. Урадавы чыноўнік адзначаў наконт вясковых жыхароў Гарадзенскага павета: "У Амерыку едуць на два-тры гады, збіраюць трохі грошаў, вяртаюцца назад, стараюцца па магчымасці палепшыць сваю гаспадарку, прыкупіць зямлі…" [53, aрк.46 адв.]. Таксама вельмі неахвотна выязджалі мясцовыя сяляне ў Сібір: "Адыходзяць у Сібір толькі ў скрайнасці, калі зусім трацяць надзею неяк уладкавацца дома" [53, aрк.46 адв.]. А большасць адлучалася з вёскі выключна на кароткачасовыя заробкі. Можна меркаваць, што рабілі сяляне гэта з неабходнасці і без асаблівай ахвоты. Прычым падатковы інспектар Гарадзенскага павета адзначаў схільнасць мясцовых жыхароў да індывідуалізму, паколькі яны "не збіраюцца ў арцелі, а наадварот, ідуць паасобку на ўласны страх і рызыку і наймаюцца выключна чорнарабочымі" [53, aрк.46 адв.]. Р.Радзік адзначае, што сяляне, якія вярталіся да сваіх вёсак, сутыкнуўшыся з іншымі ўзорамі паводзінаў, іерархіяй каштоўнасцяў, часта станавіліся элементамі грамадскага неспакою, аднак гэтыя вандроўкі ўплывалі не столькі на іх нацыянальную свядомасць, як на класавую [223, s.149].

    Даволі няпроста адказаць на пытанне – наколькі істотным быў уплыў працэсаў індустрыялізацыі ў часы Расійскай імперыі на свядомасць сялянскага насельніцтва на Гарадзеншчыне? На нашу думку, у перыяд да першай сусветнай вайны адносна беларускіх земляў, і ў тым ліку Гарадзеншчыны, можна гаварыць яшчэ толькі пра пачаткі індустрыялізацыі. Натуральна, што яны ўжо даволі адчувальна ўплывалі на вясковае жыццё. Аднак у цэлым тагачаснае беларускае грамадства заставалася аграрным і пераважна архаічным. На парозе 20 ст. тут існавала перанаселеная, бедная вёска, якая востра адчувала зямельны "голад". Можна дастасаваць ідэю польскага даследчыка М.Маршэўскага, выказаную апошнім адносна тагачаснай Валыні, што Гарадзеншчына ў цэлым упісвалася ў мадэль развітага аграрнага грамадства. Такое грамадства Э.Гельнер акрэсліў назвай "сегментарнага" [215, s.81]. У ім выступае падзел працы паміж унутрана даволі аднароднымі сацыяльнымі групамі, якія даволі часта адрозніваюцца паміж сабой з этнічнага і канфесійнага пункту гледжання. Гэтыя групы выконвалі ў грамадстве розныя задачы, а культурныя кантакты паміж імі былі моцна абмежаванымі. Толькі з’яўленне індустрыяльнага падзелу працы павінна было прывесці да імклівых зменаў у сацыяльнай структуры грамадства.

    Можна сцвердзіць, што поспехі індустрыялізацыі на Гарадзеншчыне пачатку 20 ст. былі яшчэ занадта сціплымі, каб радыкальным чынам змяніць самасвядомасць вясковага насельніцтва, якая па-ранейшаму пераважна замыкалася ў рамках "прыватнай" айчыны, а наступ прамысловасці быў не такім моцным, каб разбурыць трываласць і адносную ізаляванасць лакальных супольнасцяў. Нягледзячы на малазямелле і дэмаграфічны ціск, сяляне ў большасці ўпарта трымаліся свайго архаічнага стылю жыцця і традыцыйных нормаў паводзін.

    Праблема моўна-культурнай асіміляцыі беларускага сялянства

    У 18-19 ст. для многіх абшараў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы з’яўлялася цалкам характэрнай сітуацыя, калі шляхта і сяляне ў адной краіне карысталіся ў сваім штодзённым жыцці рознымі мовамі, прычым часта даволі аддаленымі. Такая сітуацыя была наступствам пераходу шляхецкіх элітаў на мову, веданне якой падкрэслівала іх высокі сацыяльны статус і прыналежнасць да палітычнага народу звычайна шматэтнічнай дзяржавы. Паводле Р.Радзіка, "вышэйшыя станы гэтага рэгіёну Еўропы дасягнулі даволі значнай ступені культурнай аднароднасці ў рамках трох супольнасцяў: польскай, вянгерскай і нямецкай [223, s.54]. Расійскі даследчык А.Мыльнікаў сцвярджае, што нельга гаварыць аб ідэнтычнасці паняццяў "сацыяльная структура грамадства" і "сацыяльная структура этнасу" ў Цэнтральнай Еўропе. Поўную сацыяльную структуру, на яго думку, мелі толькі венгры, палякі і харваты, паколькі сяляне і шляхта гэтых народаў карысталася адзінай мовай [173, c.8] . У другой палове 18 ст. узмацняюцца працэсы кансалідацыі шляхецкіх элітаў у кірунку ўтварэння нацыянальных супольнасцяў тэрытарыяльна-грамадзянскага тыпу, межы якіх не супадалі з межамі сялянскіх моўна-этнічных супольнасцяў. Э.Гельнер на прыкладзе вымысленай краіны Рурытаніі канструюе характэрную для многіх абшараў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы моўную сітуацыю:

    "Рурытане былі сялянскай супольнасцю, размаўлялі на роднасных і ўзаемазразумелых дыялектах <…> Рурытанскую мову, а хутчэй, складаючыя яе гаворкі, ужывалі амаль выключна гэтыя вяскоўцы. Арыстакратыя і ўраднікі карысталіся мовай Мегаламанскага двору, якая якраз належала да зусім іншай моўнай групы. Большасць Рурытан – аднак не ўсе – вызнавалі рэлігію, літургія якой была ўзята ад яшчэ іншай моўнай групы і шмат святароў… карысталіся сучаснай, мясцовай адменай літургічнай мовы" [205, s.82].

    Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай для многіх яе рэгіёнаў характэрнай стала сітуацыя, калі мовай шляхецкіх элітаў заставалася польская, а дзяржаўнай ўжо была нямецкая ці расійская**. У гэтай сітуацыі кожны выхадзец з сялянства, калі ён імкнуўся дамагчыся сацыяльнага поспеху, паўставаў перад неабходнасцю засвойваць пануючую ў грамадстве мову, што непазбежна прыводзіла пасля да поўнай ці частковай культурнай асіміляцыі.

    У пэўным часе дзяржаўная бюракратыя ўсведамляла патрэбу пашырэння сярод сялянскага насельніцтва дзяржаўнай мовы, кіруючыся пры гэтым як ідэалагічнымі, так і чыста практычнымі мэтамі. Калі ж мова шляхецкіх элітаў адрознівалася ад пануючай дзяржаўнай, то яны звычайна ўступалі ў канкурэнцыю з урадавымі структурамі ў справе асіміляцыі вясковай люднасці. Такім чынам, сялянскія супольнасці з самабытнай этнічнай культурай паўставалі перад рэальнай пагрозай моўна-культурнай асіміляцыі, вынікам якой магло стаць поўнае знікненне іх мовы і традыцыйнай культуры. У такой сітуацыі апынулася ў 19 – пачатку 20 ст. і беларуская вёска, якая выразна адчула ў гэты перыяд польскі і расійскі моўна-культурныя ўплывы.

    Паланізацыя

    У першай палове 19 ст. у грамадска-культурным жыцці Беларусі дамінавала польская мова***. На гэтай мове развіваліся літаратура, навука, тэатр, выходзіла большасць кніг і перыядычных выданняў, ажыццяўлялася справаводства ў шляхецкіх маёнтках і камерцыйных установах. Паўстае пытанне: Ці пранікала і наколькі актыўна польская мова ў сялянскае асяроддзе? Самай істотнай перашкодай на шляху гэтага было існаванне станавага бар’еру, які выразна аддзяляў прыгоннага селяніна ад яго польскамоўнага пана. Але гэты бар’ер не з’яўляўся, безумоўна, абсалютна непераадольным. Існавала даволі шматлікая сацыяльная праслойка людзей, якія выконвалі функцыі пасярэднікаў паміж панскім дваром і вёскай. Да гэтай групы належалі як прадстаўнікі дробнай шляхты, так і выхадцы з сялянства, асабліва "дваровыя людзі" . Яны ўжо валодалі ў пэўнай ступені спрымітызаванай пальшчызнай, якая адначасова служыла адзнакай іх статусу.

    Частка шляхецкай інтэлігенцыі Беларусі заклікала абшарнікаў да моўна-культурнай паланізацыі сялян і ўлучэння іх такім спосабам у склад агульнапольскай нацыі, якую яны разумелі не ў этна-культурным, а ў тэрытарыяльна-грамадзянскім сэнсе. Гэтыя лібералы марылі аб культурнай і палітычнай эмансіпацыі вясковага насельніцтва. Найбольш вядомым прыкладам з’яўляўся літаратар Аляксандр Рыпінскі, які нават прысвяціў сваю кнігу "Беларусь", выдадзеную ў 1840 г. у Парыжы, першаму беларускаму мужыку, што "спярша чытаць, а затым гаварыць і думаць па-польску навучыцца" [224]. Пад Беларуссю Рыпінскі разумеў толькі абшар Падзвіння і Падняпроўя і лічыў, што яна "складае неадрыўную частку дарагой Айчыны нашай" [224, s.13]. А ідэалагічнай айчынай для Рыпінскага была Польшча, ці былая Рэч Паспалітая, якая разлягалася "ад Балтыйскага да Чорнага мора". Паводле аўтара, Беларусь засяляў "просты народ Славянскага роду, які здаўна цесна парадніўся з Ляхамі, прыстойны, але ўбогі, і мала нават у Польшчы, уласнай Айчыне, вядомы, хаця яе больш за ўсё палюбіў" [224, s.18]. Рыпінскі так акрэсліваў паяднанне Беларусі з Польшчай: "…калі ж выбраў ён (народ беларускі) сабе ў канцы Польшчу за маці, кінуўся разам з Літвой у яе апякунчыя абдымкі і да яе з усёй сыноўняй любоўю прыгарнуўся" [224, s.19]. Адносна беларускай мовы Рыпінскі сцвярджаў, што яна мае "свае арыгінальныя народныя рысы" і "найбольш да польскай набліжаецца". Хаця Рыпінскі выдатна ведаў беларускую мову і сам спрабаваў пісаць на ёй вершы, але разам з тым заклікаў беларускіх жанчын не даваць сваім маленькім дзецям ежы, пакуль яны не навучацца прасіць на польскай мове і вымаўляць "святое імя Польшчы" [224, s.11]. Не выклікае сумневу, што Аляксандр Рыпінскі, як і многія падобныя да яго паводле сваіх поглядаў дзеячы, шчыра любіў свой край і добра ведаў жыццё і культуру простага люду. Аднак этнічная культура беларусаў займала другаснае месца ў іерархіі яго каштоўнасцяў, дзе непадзельна панавала любоў да ідэалагічнай айчыны – Польшчы-Рэчы Паспалітай.

    Апроч панскага двору найважнейшай кропкай міжкультурнай камунікацыі ў аграрным грамадстве быў касцёл. Тут сяляне рэгулярна сутыкаліся з польскай мовай. У значна меншай ступені датычыла гэта уніяцкай царквы. Але, наколькі можна меркаваць з крыніц, для абсалютнай большасці сялян каталіцкага веравызнання веданне пальшчызны абмяжоўвалася абавязковымі для набажэнства малітвамі.

    Этнаграфічныя матэрыялы таксама сведчаць, што сяляне заходніх абшараў Беларусі – як каталікі, так уніяты і праваслаўныя – ўжывалі польскую мову ў пэўных урачыстых момантах. Напрыклад, на Беласточчыне маршалак на сялянскім вяселлі звычайна пачынаў сваю прамову з некалькіх польскіх фразаў [168, c.358]. Царскія чыноўнікі ў 1860-х гадах таксама адзначалі на Беласточчыне такі факт, што мясцовыя сяляне пры сустрэчы са шляхціцам ці гарадскім чалавекам звычайна пачыналі размову з завучаных імі польскіх зваротаў.

    Трэба падкрэсліць, што беларускія сяляне ў першай палове 19 ст. успрымалі польскую мову не як мову іншага народу, а як "панскую" мову. Яе больш высокі статус у параўнанні з уласнай "простай" мовай успрымаўся імі як натуральная дадзенасць. І сяляне, і іх польскамоўныя ўладальнікі ў большасці сваёй не разглядалі ўзаемныя стасункі праз прызму этнічнасці.

    Адсутнасць крыніц не дазваляе дастаткова цэласна рэканструяваць сялянскае разуменне польскасці ў дарэформенны перыяд. Некаторыя архіўныя матэрыялы даюць падставы выказаць гіпотэзу, што вясковыя жыхары часта называлі "палякамі" тых, хто паўставаў супраць царскай улады, нават незалежна ад іх мовы і сацыяльнай прыналежнасці. З гэтымі "палякамі" сяляне нават звязвалі свае спадзяванні на адмену паншчыны і больш справядлівы лад жыцця. Паказальны ў гэтых адносінах прыклад прыгоннага Ігната Баўшука, які спрабаваў у 1848 г. падпаліць дом свайго памешчыка Фаустына Ляховіча. Звязаны дваровымі людзьмі, Баўшук пры гэтым пагражаў абшарніку, паводле запісу паліцэйскага чыноўніка: "…як прыйдуць палякі, то будзе з памешчыкам тое самае, што з ім зараз здарылася і што ў той час сяляне ніякай паншчыны выконваць не будуць" [21, aрк.1].

    У 1831 г. многія абшарнікі заклікалі сялян далучацца да паўстанцкіх аддзелаў. Але вясковае насельніцтва Гарадзеншчыны ў большасці сваёй засталося абыякавым да гэтых падзей, а ідэалы паўстанцаў былі для іх малазразумелымі. Паводле алфавітнага спіску ўдзельнікаў паўстання –ўраджэнцаў Гарадзенскай губерні, сялян сярод іх налічвалася 83 чалавекі з 469 [30].

    Працэс распаўсюджвання пальшчызны ў сялянскім асяроддзі памалу шырыўся ў першай палове 19 ст. Садзейнічалі гэтаму парафіяльныя школкі, якія звычайна адчынялі ксяндзы. Паводле французскага даследчыка Д.Бавуа, у 1802 г. у Гарадзенскай губерні налічвалася 60 такіх школак [196, s.368 ]. У справаздачы дырэктара вучылішчаў Гарадзенскай губерні Красінскага за 1819 г. гаварылася, што ў губерні існуе 21 парафіяльнае вучылішча, у якіх налічваюцца 324 вучня [1, aрк.1адв.]. Прычыну скарачэння колькасці парафіяльных школак у параўнанні з папярэднім перыядам дырэктар бачыў у беднасці мясцовага насельніцтва, якое не было ў стане забяспечыць дастатковыя фундушы. Паводле Л.Заштаўта, у 1832 г. колькасць такіх школак скарацілася да 13 [237, s.312]. Праўда, у 1847 г. іх колькасць у Гарадзенскай губерні дасягае 25 з 592 вучнямі [237, s.344], але гэтае павелічэнне ў значнай ступені адбылося за кошт далучэння да губерні былой Беластоцкай вобласці.

    Немагчыма сказаць, колькі налічвалася сялян сярод вучняў гэтых вучылішчаў, паколькі значную частку складалі прадстаўнікі дробнай шляхты. Вялікай перашкодай на шляху больш актыўнага закладання школак для вяскоўцаў з’яўлялася сацыяльная напружанасць паміж дваром і вёскай, што адзначаў Гуга Калантай: "Такога тыпу школкі ўладальнікі закладаць не будуць… бо хто ж будзе такі неразважны, каб на сваё няшчасце даваць зброю ў рукі народу і неадукаваных папоў?" [196, s.409] На думку Д.Бавуа, галоўнай перашкодай у развіцці школьніцтва сярод вясковага насельніцтва Беларусі было тое, што беларуская мова не прызнавалася ў адукаваным грамадстве вартай навучання [196, s.407]. Але, нават засвоіўшы "польскую грамату", сяляне ў абсалютнай большасці заставаліся беларускамоўнымі. Паўлюк Багрым з мястэчка Крошына, які навучыўся грамаце ў школе, адчыненай мясцовым ксяндзом Магнушэўскім, стаў першым сялянскім паэтам Беларусі .

    Напачатку 1860-х гадоў расійскія ўлады больш актыўна за арганізацыю ўрадавых вясковых школ на беларускіх землях, што разглядалася імі ў вялікай ступені як справа палітычная і ідэалагічная. Тут царскі ўрад не быў першапачынальнікам. Як сцвярджае Д.Бавуа, у Аўстрыі і Прусіі дзяржава таксама актыўна падтрымлівала развіццё пачатковага школьніцтва для сялян, паколькі разглядала яго як важную крыніцу пашырэння дзяржаўнай ідэалогіі [196, s.368].

    Міністэрства асветы Расійскай імперыі напачатку 1860-х гадоў прапанавала мясцовай грамадскасці выказаць свае думкі аб шляхах удасканалення народнай адукацыі. Многія прадстаўнікі шляхецкай інтэлігенцыі беларускіх земляў выказваліся за выкладанне ў народных школах на беларускай мове [189, c.56].

    Віленскі маршалак шляхты Дамейка сцвярджаў у сваёй запісцы: "Дастаткова прынять за правіла, каб у народных школах выхаванцы навучаліся на пануючай у кожнай мясцовасці прастанароднай гаворцы" [137. c.19]. Супраць выкарыстання беларускай мовы ў вясковых школах не выступаў і папячыцель Віленскай навучальнай акругі князь Шырынскі-Шыхматаў. З яго згоды ў Вільні напачатку 1863 г. была выдадзена першая ў 19 ст. кніжка кірылічным друкам на беларускай мове "Рассказы на белорусском наречии" [237, s.359]. Аднак на той час яшчэ не сфармавалася асяроддзе нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыі, якая б ўзялася за распрацоўку і выданне беларускамоўных падручнікаў для школ, асабліва буквара і граматыкі, што паспелі зрабіць у кароткім перыядзе лібералізацыі ўкраінскія дзеячы. Закон аб дзейнасці народных вучылішчаў у "Северо-Западных" губернях, выдадзены 23 сакавіка 1863 г., дазваляў выкладаць на "мясцовай гаворцы" толькі Закон Божы і выключна дзецям каталіцкага веравызнання [133, № 39411]. Для праваслаўных сялян адукацыя на роднай мове не прадугледжвалася ўвогуле.

    Намаганні расійскага ўрада ў кірунку арганізацыі адукацыі для сялян выклікалі супрацьдзеянне мясцовых шляхецкіх эліт, якія добра разумелі ідэалагічную накіраванасць дзяржаўнай школы, а таму імкнуліся стварыць альтэрнатыўную сістэму школьніцтва. Віленскі генерал-губернатар Назімаў пісаў у Пецярбург у лютым 1863 г.: "…усе школы, як публічныя, так і хатнія, усе кнігарні, і, урэшце, нават усе аддаленыя куткі правінцыяў, вёскі і засценкі, у якіх знаходзіцца хоць колькі асобаў, што ўмеюць пісаць і чытаць, – усё запоўнена стала вялізнай лічбай друкаваных польскіх лемантароў, катэхізісаў і іншых рознага роду брашур для простага народу на польскай мове і на мясцовым беларускім дыялекце польскім альфабэтам (выдзелена мною – С.Т.)" [237, s.352]. Назімаў лічыў, што каталіцкаму духавенству можна дазволіць вучыць толькі Слова Божае і толькі на беларускай мове [237, s.353].

    Пра эфектыўнасць вясковага недзяржаўнага школьніцтва сведчыць выказванне беларускага паэта В.Дуніна-Марцінкевіча, які пісаў у 1859 г., што з пэўнасцю можна спаткаць сярод 100 сялян 10, якія добра чытаюць па-польску, у той жа час з цяжкасцю можна знайсці аднаго, які б ведаў расійскую грамату [165, c.134]. Мясцовыя абшарнікі і каталіцкае духавенства, закладаючы школкі для сялян, пераследавалі свае ідэалагічныя мэты. Галоўнай з іх з’яўлялася сфармаванне вобразу ідэалагічнай айчыны і пачуцця замілавання да яе. Натуральна, што гэтай айчынай былі Рэч Паспалітая альбо Вялікае княства Літоўскае, а не Расійская імперыя. Паўстанец 1863 г. Кучэўскі пісаў у сваіх успамінах: "Школкі для сялянскіх дзетак закладаліся амаль у кожнай вёсцы, стараліся даць асвету, прывіць любоў да краіны і паняцце пра абавязкі да яе. Паўстанне і змаганне з Маскалямі былі ў закрэсе той народнай прапаганды. <…> Аднак народ з недаверам глядзеў на гэта, слухаў, але нічога не хацеў рабіць, дзяцей да школ не пасылаў…" [223, s.151]. Але спробы прышчапіць учорашнім прыгонным нацыянальную свядомасць, разарваць лакальнае, "тутэйшае" бачанне свету, не мелі шанцаў на поспех. Сяляне разглядалі паўстанне як барацьбу знешніх і чужых да іх малога свету сілаў і часта толькі радаваліся няшчасцям сваіх нядаўніх уладальнікаў, калі на іх абрушваліся рэпрэсіі ўладаў. У Гарадзенскай губерні сяляне складалі сярод арыштаваных паўстанцаў 36 % [223, s.150]. У большасці гэта былі каталікі, якія далучаліся да паўстання пад лозунгамі абароны сваёй веры. Мысленне ў нацыянальных катэгорыях было для іх чужым. Невыпадкова К.Каліноўскі ў славутай "Мужыцкай праўдзе" не ўжываў нацыянальнай рыторыкі, а акцэнтаваў увагу на сацыяльным і рэлігійным прыгнёце з боку царскіх уладаў. Паўстанцы абяцалі сялянам вызваленне ад павіннасцяў і ўласнасць на зямлю, а расійскай уладзе супрацьпастаўлялі ідэалізаваную "Старапольшчу". Напрыклад, калі ў маі 1863 г. атрад паўстанцаў увайшоў у мястэчка Крынкі, то мясцовым жыхарам было абвешчана, "… што з цяперашняга часу часова-абавязаныя сяляне вызваляюцца ад усіх павіннасцяў і зямля, якой яны валодалі, з’яўляецца іх уласнасцю, рэкруцкі набор дараваны ім на 15 гадоў, у астатнім усе роўныя без розніцы, а хто толькі можа, павінен ісці ў бой дзеля хутчэйшага вяртання Старапольшчы" [29. aрк.54 адв.]. Большасць сялянства на Гарадзеншчыне заставалася абыякавым да заклікаў паўстанцаў. М.Федароўскі занатоўваў такога кшталту ўзгадкі вяскоўцаў пра паўстанне: "Не была гэта вайна справядліва, але якась кара Божа – шалёна вайна такая: тыя вешаюць, а тыя расстрэльваюць, вёскі, двары папалілі, паразганялі народ, паразсылалі на Сібір… То быў туман якісьці на свеце" [204, s.18]. Больш за тое, многія сяляне бачылі ў паўстанні спробу паноў вярнуць паншчыну: "Як цар зняў паншчыну, так паны збунтаваліся дай зрабілі мяцеж, каб мужыкі ім па-даўнейшаму служылі, але ні ўдалося ім: самі пагінулі… а мужыкоў назад не вярнулі" [204, s.18].

    У студзені 1864 г. загадам віленскага генерал-губернатара М.Мураўёва было строга забаронена навучанне на польскай мове ў народных вучылішчах "Северо-Западного края" [138. c.277, 377]. У хуткім часе шэраг падобных указаў увогуле забараняў выкарыстанне польскай мовы ў мясцовым грамадскім жыцці. Абшарнікам цяпер пагражала пакаранне за размову па-польску з сялянамі. Паказальны тут выпадак, які адбыўся ў Полацкім павеце Віцебскай губерні: мясцовы паліцэйскі чыноўнік склаў цэлы спіс такіх абшарнікаў з просьбай да губернатара ўжыць супраць іх грашовыя штрафы [57].

    Аднак забароны не змаглі зліквідаваць нелегальнае школьніцтва, якое атрымала шырокае развіццё яшчэ да паўстання 1863 г. Прычым такія школкі часта паўставалі не з волі ксяндза ці абшарніка, а добраахвотна ўтвараліся самімі сялянамі.

    Напрыклад, у лістападзе 1862 г. да губернатара дайшлі звесткі, што ў вёсцы Лядавічы Луненскай воласці Гарадзенскага павета заснавана польская школа. Паліцэйскія чыноўнікі высветлілі, што мясцовы валасны старшыня запрасіў шляхціца ваколіцы Багатырэвічы Міхала Багатырэвіча выкладаць сялянскім дзецям рускую і польскую мовы. У школе навучалася 15 хлопчыкаў праваслаўнага веравызнання з дапамогай 15 "печатаных на польском диалекте букварей", якія змяшчалі таксама каталіцкі катэхізіс, што выклікала найбольшую занепакоенасць уладаў. Буквары былі канфіскаваныя, а настаўніка абавязалі падпіскай адмовіцца ад выкладання і ўстанавілі за ім паліцэйскі нагляд [24, aрк.1-8].

    У снежні 1862 г. настаўнік Васількаўскага народнага вучылішча паведаміў губернатару, што селянін Казлоўскі з вёскі Студзянка заснаваў у сваім доме школу, у якой выкладае шляхціц з Саколкі Восіп Маціеўскі. Паліцэйскі спраўнік па загадзе губернатара зачыніў гэтую школу. Пры гэтым у настаўніка былі канфіскаваны: польскі буквар, два лацінскіх, геаграфія на расійскай мове, рэлігійныя павучанні на расійскай мове, два сшыткі з выпісамі. Са слоў Маціеўскага вынікала, што ён вучыў дзяцей чытаць па-польску і па-руску, а таксама "Богу молится православных по-русску и римо-католиков по-польску" [25, aрк.1-5].

    Усяго ў 1862 г., паводле знойдзеных намі архіўных матэрыялаў, улады Гарадзенскай губерні зачынілі 7 тайных школ, у 2 з якіх выкладанне вялося на рускай і польскай мовах, а ў астатніх – на польскай. Захаваліся звесткі пра 7 настаўнікаў, сярод якіх былі 2 ксяндзы, 4 шляхціцаў і 1 мяшчанін.

    Такім чынам, напачатку 60-х гадоў 19 ст. частка сялянства Гарадзеншчыны ўжо адчувала патрэбу адукацыі для сваіх дзяцей і нават самастойна арганізоўвала школкі, наймаючы за грошы настаўнікаў, звычайна прадстаўнікоў дробнай засцянковай шляхты ці мяшчанства. Прычым настаўнікі нярэдка вучылі дзяцей па-польску і па-руску, што сведчыла аб практычным падыходзе сялян да адукацыі, паколькі абедзве мовы займалі пануючыя пазіцыі ў мясцовым жыцці. Без сумневу, што ў працэсе навучання актыўна выкарыстоўвалася беларуская мова, якая была роднай мовай як вучняў, так і большасці настаўнікаў. Маглі выкарыстоўвацца ў тайных школках і каталіцкія катэхізісы на беларускай мове, выдадзеныя ў Вільні ў 1835 г. Але ў свядомасці саміх сялян існавала перакананне, што навучаць пісьменнасці можна толькі на польскай ці расійскай мовах. Сваю мову яны лічылі "простай", прыдатнай выключна для хатняга ўжытку.

    Напачатку ўлады пераважна рэагавалі на адкрыццё школ з польскай мовай навучання сярод праваслаўнага насельніцтва. У гэтых выпадках яны звычайна атрымлівалі скаргі ад праваслаўных святароў. Можна меркаваць, што сярод каталіцкага сялянства польскія школы развіваліся без асаблівых перашкодаў з боку паліцыі. Становішча пачало змяняцца падчас паўстання. Намі знойдзены звесткі пра закрыццё 5 тайных школак у Гарадзенскай губерні ў 1863 г. Ва ўмовах ваеннага становішча пакаранне за падобную дзейнасць стала куды больш суровым. Сялян штрафавалі, а настаўнікаў саджалі ў турму. Але тайнае школьніцтва працягвала існаваць, нягледзячы на рэпрэсіі. Паводле дадзеных Л.Заштаўта, у 1871-1878 гг. у Гарадзенскай губерні ўлады зачынілі 18 тайных школ [238, s.284]. Толькі ў Гарадзенскім павеце ў 1884 г. мясцовая паліцыя выкрыла 27 нелегальных вясковых школ [48].

    Наколькі садзейнічалі нелегальныя "польскія" школы працэсу моўнай паланізацыі беларускага сялянства? Як бачым, да 1863 г. яны часта ўтвараліся нават праваслаўнымі сялянамі з выключна прагматычнымі мэтамі. Аднак польскамоўная інтэлігенцыя ў другой палове 19 ст. пачала надаваць сялянскім тайным школам усё большае ідэалагічнае значэнне, разглядаючы іх як пляцоўкі для пашырэння польскай нацыянальнай свядомасці. Гэта было ў значнай ступені звязана з эвалюцыяй польскай нацыянальнай ідэі ў кірунку да этна-культурнай мадэлі. Амерыканскі даследчык Д.Ё.Кульчыцкі падкрэслівае, што "паражэнне нацыянальных паўстанняў азначала таксама канец разумення польскага народу ў грамадзянска-тэрытарыяльных катэгорыях" [210, s.109]. У ідэалогіі польскіх нацыянальных дэмакратаў мова і рэлігія ставіліся ў аснову нацыянальнай ідэнтыфікацыі. Як падкрэслівае Р.Радзік, эндэкі рашуча змагаліся на беларускіх землях супраць тутэйшасці, калі яна азначала адхіленне ад польскасці і "імкнуліся да ўтварэнння на ўсходзе нацыянальна (культурна) свядомай польскай супольнасці, якая б без сумневу атаясамляла сябе з польскім народам на захад ад Бугу" [223, s.115]. У 1902 г. у "Думках сучаснага паляка" Р.Дмоўскі пісаў: "Калі мы ўпусцім з-пад уплываў польскай культуры (і тым самым страцім) ўсходнія літоўска-рускія тэрыторыі, то мы застанемся без большай часткі нашых даўніх земляў. Акрамя таго, пры сённяшнім складзе насельніцтва гэтых абшараў былой Рэчы Паспалітай, мы пакінем там некалькі мільёнаў несумненных палякаў, якія жывуць і працуюць дзеля той жа культуры, што і мы. Каб вызначыць велічыню гэтай страты, дастаткова пералічыць шэраг знакамітых палякаў, якіх дала нам гэтая зямля на працягу апошняга стагоддзя" [181, c.124].

    Калі на этнічных польскіх землях інтэлігенцыя з замілаваннем услаўляла традыцыйную сялянскую культуру, якая арганічна ўпісалася ў новы канон ідэалагічнай айчыны, дык на беларуска-літоўскіх абшарах сярод мясцовых польскіх дзеячоў часта назіралася імкненне паскорыць знікненне традыцыйнай культуры сярод сялян-каталікоў, асабліва "простай" мовы, як перашкоды на шляху нацыяналізацыі ў кірунку польскасці. Такая пастава была ў вялікай ступені абумоўлена палітыкай расійскага ўрада, які лічыў каталіцкае сялянства часткай адзінага рускага народу. Сярод мясцовай польскамоўнай інтэлігенцыі было даволі пашыраным перакананне, што продкі беларуска-літоўскіх палякаў прыйшлі сюды ў часы Вітаўта і Ягайлы з этнічнай Польшчы. Вядомая пісьменніца Эліза Ажэшка пісала ў 1905 г. у газетным артыкуле: "Я з’явілася ў гэтым доме каля 500 гадоў назад, і няма на свеце законаў, якія б чалавека, пражыўшага ў доме столькі гадоў, усё ж лічылі госцем. Акрамя таго я ўвайшла ў дом не з мячом і полымем, а з крыжом і пісьменнасцю. І за гэты час выканала шмат карыснай і патрэбнай працы…" [182, c.138].

    Калі ў першай палове 19 ст. польскасць атаясамлялася ў вачах мясцовых сялян найперш са шляхецкасцю ці "панскасцю", то ў другой палове 19 ст. – пачатку 20 ст. – ужо пераважна з каталіцкай верай, якая акрэслівалася сялянамі як "польская вера". Рэпрэсіі царскіх уладаў супраць каталіцкага касцёла, спробы гвалтам пераводзіць сялян-каталікоў у праваслаўе, выклікалі на вёсцы адваротную рэакцыю. Пальшчызна акружалася арэолам пакутніцтва і святасці. Селянін, які выцерпеў казацкія нагайкі і захаваў вернасць сваёй веры, самасцвярджаўся як свабодны чалавек. Свядомае далучэнне да польскасці станавілася ў яго ўяўленні адрачэннем ад прыгоннага рабства, ураўнаннем у чалавечых правах і годнасці са шляхтай. Дастаткова ўзгадаць радкі з верша Ф.Багушэвіча: "О так то хрысцілі мяне казакі / З тутэйшага ды ў палякі".

    Намаганні царскага ўрада змагацца паліцэйскімі метадамі з нелегальнай адукацыяй у каталіцкай вёсцы не маглі прынесці поспеху, паколькі тайныя школы былі цесна звязаныя з касцёлам і верай. Сапраўдным каталіком, паводле пашыраных сярод сялян уяўленняў, мог стаць толькі той, хто навучыўся самастойна чытаць малітоўнік. У красавіку 1892 г. урадам былі выдадзены спецыяльныя правілы, якія прадугледжвалі за арганізацыю тайных школак высокія грашовыя штрафы і турэмнае зняволенне да трох месяцаў [238, s.244]. Але паводле вынікаў перапісу 1897 г. многія сяляне-каталікі адзначалі ўменне чытаць і пісаць па-польску. Прычым у перапісных лістах яны часта пазначалі, што навучыліся польскай грамаце ў касцёле.

    Перапіс 1897 г. таксама засведчыў, што большасць каталіцкіх ксяндзоў на Гарадзеншчыне лічыла сябе палякамі. Сярод неправаслаўных святароў хрысціянскіх канфесій, а абсалютную большасць іх складалі менавіта каталіцкія ксяндзы, польскую мову прызналі роднай 170 чалавек, беларускую – 38, літоўскую – 7, нямецкую – 6, латышскую – 4 [132, Табл. XXII]. Цяжка ў дадзеным выпадку сцвярджаць, што паслужыла штуршком для дэкларацыі сваёй беларушчыны амаль чатырох дзесяткаў святароў. Тут нельга гаварыць пра страх перад царскімі ўладамі, паколькі большасць мясцовага духавенства адкрыта заяўляла пра сваю польскасць. Можна меркаваць, што ў дадзеным выпадку мы ўжо сустракаем пачаткі беларускай нацыянальнай свядомасці сярод каталіцкага святарства.

    Пад уплывам падзей рэвалюцыі 1905 г. царскае самадзяржаўе пайшло на саступкі нацыянальным меншасцям імперыі ў справе арганізацыі школьніцтва на іх роднай мове. 22 красавіка 1906 г. імператар дазволіў выкладаць польскую мову ў той частцы Гарадзенскай губерні, якая межавала з Польскім Каралеўствам, і дзе пражывала этнічна-польскае насельніцтва [9, aрк.1 адв.]. Да гэтага кроку ўладу падштурхнула масавае развіццё тайнага школьніцтва, галоўным арганізатарам якога было каталіцкае духавенства. Віленскі каталіцкі епіскап прадпісаў у жніўні 1905 г. прыхадскім святарам закладаць школкі з польскай мовай навучання [9, aрк.5]. Адначасова ксяндзы заклікалі сваіх прыхаджан да байкоту дзяржаўнай расійскай школы, пакуль там не будзе выкладання польскай мовы.

    На нарадзе вышэйшых чыноў мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі пад старшынствам генерал-губернатара Кржывіцкага, якая праходзіла ў Вільні 5 мая 1906 г., гарадзенскі губернатар Кістэр заявіў: "Руская школа да гэтага часу была ў загоне, і ўсе намаганні павінны быць прыкладзены для паляпшэння і ўмацавання яе, а не для штучнай падтрымкі нацыянальных памкненняў. Прыкладам могуць служыць прускія правінцыі Польшчы, дзе немцы да канца праводзяць першынства сваёй школы. Хутчэй можна пагадзіцца з узнікненнем тайных школ, чым заахвочваць нацыяналізацыю школы і аслабляць рускую справу ў Паўночна-Заходнім краі" [9, aрк.6]. Але прадстаўнікі Віленскай навучальнай акругі займалі больш мяккую і кампрамісную пазіцыю.

    На нарадзе вышэйшых чыноў Гарадзенскай губерні з удзелам генерал-губернатара была прынята пастанова аб дазволе выкладання польскай мовы: "…толькі ў мясцовасцях з суцэльным польскім насельніцтвам, у сувязі з чым, мясцовасці, населеныя беларусамі, якія гавораць па-польску, не могуць лічыцца населенымі палякамі" [9, aрк.134]. Аднак прадстаўнікі ВНА настойвалі на тым, што "польская мова павінна быць дапушчаная ў тых мясцовасцях, дзе народ гаворыць на польскай мове, хаця б і быў гістарычна беларускага паходжання" [9, aрк.199]. Паводле іх сцверджанняў, урадавыя школы з прычыны недапушчэння польскай мовы пуставалі, а "побач з гэтым распаўсюджваецца маса тайных школ… дзе паланізацыя ідзе з поўнай сілай, без усялякага стрымлівання" [9, aрк.200]. Памочнік папячыцеля ВНА А.В.Бялецкі сцвярджаў пра каталіцкае насельніцтва Беластоцкага павета, што яно “не можа лічыцца беларускім, паколькі… страціла родную мову і, прыняўшы польскую культуру, злілася з польскай нацыянальнасцю" [ 9, aрк.181 адв.].

    На той час губернская ўлада была літаральна завалена хадайніцтвамі ад сялян-каталікоў з просьбай увядзення ў школу польскай мовы. Усе атрымлівалі ў адказ адмовы, якія абгрунтоўваліся тым, што жыхары той ці іншай мясцовасці размаўляюць у хатнім жыцці на беларускай мове і таму з’яўляюцца беларусамі. Пры гэтым урадавыя чыноўнікі ігнаравалі той факт, што расійская мова, на якой вялося выкладанне ў народных школах, таксама не была для сялян роднай. І нікому з вышэйшых губернскіх чыноў не прыходзіла ў галаву думка аб увядзенні беларускай мовы ў вясковую школу.

    Вельмі рэдка ў архіўных матэрыялах сустракаюцца дакументы, дзе гаворыцца аб магчымасці ўжывання беларускай мовы ў навучанні. Напрыклад, на запыт земскага начальніка з Гарадзенскага павета аб магчымасці выкладання сялянам-каталікам Закона Божага на польскай мове дырэктар народных вучылішчаў адказаў наступным чынам: "Насельніцтва ўчастка складаецца выключна з беларусаў, якія размаўляюць на сваёй роднай беларускай мове, таму Закон Божы вучням рыма-каталіцкага вызнання… можа выкладацца толькі на іх роднай мове" [8, aрк.25]. Аднак такога кшталту выказванні звычайна хавалі ў сабе замаскаваную пастку. "Родная беларуская мова" затым акрэслівалася як дыялект расійскай, на якой звычайна і патрабавалі ад ксяндза весці заняткі з вучнямі. Выключна рэдка чыноўнікамі адназначна гаварылася пра магчымасць выкладання менавіта на беларускай мове. У снежні 1907 г. у кіраўніцтва ВНА прыйшло хадайніцтва жыхароў мястэчка Ружаны Слонімскага павета аб дазволе выкладаць Закон Божы для дзяцей-каталікоў на польскай мове. Адказ кіраўніцтва быў наступным: "У Ружанскім вучылішчы родная мова большасці вучняў беларуская. Таму выкладанне закона божага для вучняў рыма-каталіцкага вызнання ў гэтым вучылішчы павінна весціся на беларускай мове" [9, aрк.194].

    Нежаданне ўладаў уводзіць у школы польскую мову на практыцы толькі падштурхоўвала сялян-каталікоў да моўнай паланізацыі. Настаўнік Дубраўскага прыходскага вучылішча ў Сакольскім павеце Міхал Чаквін паведаміў кіраўніцтву ВНА, што сяляне падалі хадайніцтва аб выкладанні Закона Божага па-польску, але не ўказалі сваю родную мову, як таго патрабавалі афіцыйныя правілы. На пытанне настаўніка яны адказалі так: "Калі гэта неабходна, калі ад гэтага будзе залежаць вырашэнне пытання быць ці не быць Закону Божаму на польскай мове, то мы пацвердзім, што наша родная мова польская, тады ўсім стане зразумела, з якой мэтай гэта зроблена, а нашыя ксяндзы выкарыстаюць гэты выпадак і будуць прымушаць нас абавязкова ўжываць польскую гаворку ў хатнім побыце. Яны і так увесь час цвердзяць, што польская мова не ўведзена ў школу таму, што мы да гэтага часу на пакінулі свай быдлячай мовы! А між тым гэтая мова для нас мілая і дарагая, ба на ёй гаварылі нашыя бацькі і дзяды" [10, aрк.13]. Цяжка сказаць, ці сапраўды сяляне маглі так сказаць настаўніку, ці вышэйпрыведзеная цытата належала яго аўтарству, але, без сумневу, даволі часта каталіцкія ксяндзы заклікалі прыхаджан пераходзіць на польскую мову ў штодзённым жыцці, каб пазбавіць улады аргументаў супраць выкладання яе ў школе. Участковы школьны інспектар Беластоцкага павета паведамляў у 1908 г., што сяляне-каталікі Ясвільскай воласці з 1905 г. "імкнуцца размаўляць паміж сабой на ламанай... польскай мове" [9, aрк.206]. Народны настаўнік Грыцук пісаў з Багнаўскай воласці Сакольскага павета ў снежні 1905 г.: "У кожнай вёсцы існуе тайная польская школа, перапоўненая дзецьмі" [9, aрк.192].

    У 1905-1906 гг., паводле знойдзеных намі архіўных матэрыялаў, дзяржаўныя ўлады зачынілі ў Гарадзенскай губерні як найменш 33 тайныя школкі, з іх 3 яўрэйскія, 1 рускую, а астатнія – польскія. У 1906 г. была зачынена тайная польская школка ў вёсцы Погіры Слонімскага павета, насельніцтва якой яшчэ размаўляла на дыялекце літоўскай мове [8, aрк.34]. Захаваліся таксама звесткі пра 18 настаўнікаў. Паводле саслоўнага паходжання 13 з іх былі сялянамі. Большасць настаўнікаў належала да каталіцкай канфесіі, але сустракаліся і праваслаўныя.

    Царскі чыноўнік Рамейкаў тлумачыў у лістападзе 1905 г. прычыну наведвання беларускамоўнымі сялянамі-каталікамі тайнай польскай школы тым, што на польскай мове размаўляюць ксяндзы і на гэтай мове трэба маліцца". Свой рапарт Рамейкаў падсумаваў такім выказваннем: "…да таго часу, пакуль дадатковае багаслужэнне ў касцёлах беларускага краю будзе праводзіцца на польскай мове, тайныя польскія школы будуць існаваць… і садзейнічаць паланізацыі краю"[7, aрк.15-15 адв.].

    Нягледзячы на пераслед, штрафы і арышты настаўнікаў тайнае школьніцтва працягвала існаваць. Паводле архіўных звестак, у 1907-1910 гг. у Гарадзенскай губерні было выкрыта паліцыяй 18 тайных школ [9,11], сярод настаўнікаў якіх пераважалі сяляне. У 1912-1914 гг. толькі ў Беластоцкім і Сакольскім паветах Гарадзенскай губерні было выкрыта паліцыяй 6 такіх школак [14].

    Што ўяўлялі гэтыя тайныя школы? Цікавае апісанне адной з іх пакінуў беларускі дзеяч Баляслаў Грабінскі, які паходзіў з Сакольскага павета:

    "Калі я быў у веку чатырох гадоў дзед Станкевіч зарганізаваў у нашай хаце школу: знайшоў настаўніка з чатырохкласнай адукацыяй… які мог падрыхтаваць вучняў да так званага аптэкарскага экзамену. Вучыў ён расейскае і лацінскае моваў, а пару дзяўчат – польскае мовы <…> Школа, ясная рэч, была нелегальная й вучні праінфармаваныя, як паводзіцца, калі б паказаўся паліцэйскі. З гэнае групы моладзі двох сталі пасля фармацыстымі (фармацэўтамі), двох – ксяндзамі, а Нікадым Сулік з Каменны – польскім генералам…" [122, c.183].

    Як вынікае з успамінаў Б.Грабінскага, тайная школка напачатку 20 ст. ужо давала сваім вучням магчымасць у будучым сацыяльнага поспеху. Сам Б.Грабінскі пасля такой школы паступіў у народнае вучылішча, а пасля ў Гарадзенскую гімназію, дзе далучыўся да беларускага моладзевага руху, хаця ў яго мясцінах сяляне лічылі сябе палякамі. Пра свайго дзеда, які і заснаваў тую прыватную школку, Грабінскі пісаў так: "З усяго гэтага відаць, што за чалавек быў Мацей Станкевіч – да касце чэсны і наіўны ды, на жаль, перакананы паляк. Палянізацыя ўсёй час вялася праз каталіцкі касцёл" [122, c.183].

    Пра развіццё нелегальнага прыватнага школьніцтва на Сакольшчыне ўзгадвае таксама тамтэйшы ўраджэнец і вядомы беларускі дзеяч Станіслаў Грынкевіч: "Патрэба ўмець маліцца з кніжкі (па-польску) вяла да таго, што кожная вёска мела свайго "дырэктара", які вучыў дзяцей. Дырэктарам быў найчасцей пастыр, які ўлетку ў той самай вёсцы гнаў авечкі ў поле. Ад пары да пары дырэктарам быў чалавек бывалы па сьвеце. Абойм навукі ў такіх прыватных школах быў абмяжованы і вуска "спэцыяльны". Найчасцей вучань умеў чытаць выключна на сваёй кніжцы да набажэнства" [123, c.16-17].

    Такім чынам, у другой палове 19 ст. – пач. 20 ст. сярод каталіцкага сялянства Гарадзеншчыны было шырока распаўсюджана нелегальнае школьніцтва, якое паспяхова вытрымлівала канкурэнцыю з дзяржаўнай расійскай школай. Як царскімі ўладамі, так і мясцовымі сялянамі, гэтыя школы найчасцей акрэсліваліся як "польскія". Але галоўным матывам, паводле якога сяляне-каталікі аддавалі сваіх дзетак да тайных школак, з’яўляўся рэлігійны матыў. Р.Радзік адзначане, што "звяртанне да польскай мовы не было выклікана любоўю да Польшчы і яе ідэалагічнага вобразу – надлакальнай айчыны, але вынікала з моцнай прывязанасці селяніна да рэлігіі, каталіцкага Касцёлу, у якім пальшчызна была прысутная на штодзень…" [223, s.152].

    Абсалютная большасць гэтых дзетак не валодала польскай мовай і пасля некалькіх гадоў навучання. Не ведалі яны польскай гістарычнай міфалогіі, геаграфіі Польшчы. Толькі аднойчы ў архіўных матэрыялах губернатарскай канцылярыі нам трапіла інфармацыя, паводле якой ксёндз Сабалеўскі заснаваў у мястэчку Індура школу, дзе "па здабытых тайным шляхам звестках… вывучаецца і польская гісторыя" [11, aрк.3 ].

    Аднак несумненным з’яўляецца тое, што тайныя школы з польскай мовай навучання з’яўляліся крокам да наступнай нацыянальна-культурнай асіміляцыі этнічна беларускага сялянства. Шматлікія крыніцы дазваляюць сцвярджаць, што вялікая частка беларусаў-каталікоў Гарадзеншчыны лічыла і называла напачатку 20 ст. сябе палякамі. Наступствам працэсу паланізацыі было паступовае выцясненне ўласнай "простай" мовы сялян і іх традыцыйнай культуры, якую вясковыя жыхары часта не лічылі вартай захавання. Такое стаўленне з’яўлялася не толькі вынікам уплыву адукаваных эліт, але вынікала з перакананняў і псіхалогіі традыцыйнага вясковага грамадства. Мемуарыстка Марыя Чапская з Міншчыны ўзгадвае пра сваіх сялян: "Бацькі нашых вучняў вельмі дбалі пра польскую мову, хоць між сабою гаварылі па-беларуску і не мелі выразнае нацыянальнае свядомасці: на пытанне, ці палякі яны, адказвалі, што яны "тутэйшыя", усведамлялі сваю адметнасць, але каталіцтва і польскасць былі панскія і гэта іх вабіла. "Нашае мовы нам вучыцца не трэба – мы ж яе ведаем! – тлумачылі яны" [160, c.86]. Многія прадстаўнікі абшарніцкіх колаў у канцы 19 ст. – пачатку 20 ст. якраз са шчырай сымпатыяй ставіліся да сялянскай народнай культуры. М.К.Паўлікоўскі адзначаў у сваіх успамінах: "Маёнтак быў, як правіла, прыхільны да беларушчыны. З селянінам размаўлялі па-беларуску. Правільная і беглая беларуская гаворка была як бы своеасаблівым стылем. Заахвочванне беларускай мовы, фальклору і звычаю і клопат пра іх лічыліся адзіным плённым і прытым легальным спосабам змагання з русіфікацыяй [160, c.82] . Аднак трэба адзначыць, што ўплывы шляхецкага маёнтка на сялянскае асяроддзе ўвесь час слабелі.

    Цікавым уяўляецца тое, што беларуская этнічная супольнасць, падлягаючы асіміляцыйным уплывам з боку нацыянальнай польскай культуры, выяўляла адначасова ўстойлівасць на абшарах этнічнага памежжа. Прычым на беларуска-літоўскім памежжы працягваўся працэс моўнай беларусізацыі этнічна балцкага сялянства. Расійскаму этнографу Кузняцову, які спрабаваў у 1869 г. вызначыць межы рассялення літоўцаў і латышоў, "часта прыходзілася сустракаць суцэльныя беларускія гаворкі там, дзе Нарбут і Кеппен паказывалі перавагу літоўскай мовы" [34, aрк.21 адв.]. Даследчыкі тлумачаць гэтую з’яву тым, што беларушчына спрошчвала для балцкамоўных сялян праблемы камунікацыі ў панскім двары, гарадскім і местачковым рынку і г.д. Вядомы навуковец Бадуэн дэ Куртэнэ адзначаў на гэты конт наступнае: "Перамогу атрымлівае мова, якая лягчэй засвойваецца і вымагае меншага выкарыстання энэргіі як фізіялагічнай, так і псіхічнай" [Цыт. па: 234, s.37-38]. Працэс моўнай беларусізацыі літоўцаў прыпыніла толькі хваля літоўскага нацыянальнага руху, якая даходзіць на пачатку 20 ст. да беларуска-літоўскага памежжа. Пад уплывам ксяндзоў, якія мелі літоўскую нацыянальную свядомасць, літоўскамоўныя сяляне пачалі дамагацца ўвядзення ў касцельнае набажэнства сваёй роднай мовы. Гэта нярэдка выклікала супраціў сялян-каталікоў, хатняй мовай якіх была беларуская, што прывяло да шэрагу канфліктаў у мяшаных прыходах. Адзін з такіх канфліктаў адбыўся ў снежні 1912 г. у мястэчку Радунь Лідскага павета [15, aрк.5-6]. Цікава, што гэтыя канфлікты не выклікалі жадання сярод беларускамоўных каталікоў да ўвядзення сваёй простай мовы ў касцёл па прыкладу літоўцаў, але ў большасці выпадкаў толькі прыспешылі працэс іх паланізацыі.

    Русіфікацыя

    У першай палове 19 ст. расійская мова была ў значна меншай ступені пашырана сярод сялянскага насельніцтва Гарадзеншчыны, чым польская. Увогуле, да 1830-х гадоў цяжка гаварыць пра правядзенне якой-небудзь мэтанакіраванай палітыкі моўна-культурнай русіфікацыі беларускіх сялян царскімі ўладамі. Толькі з цягам часу расійскі ўрад пачынае надаваць усё большае значэнне этнічнай прыналежнасці сялянскага насельніцтва Беларусі і Літвы . Міністр асветы А.С.Шышкоў (1824-1828) лічыўся адным з першых высокапастаўленых дзяржаўных саноўнікаў, які "паглядзеў на уніятаў як на рускіх людзей, хаця з недаверам ставіўся да базыльян, чыя выхаваўчая дзейнасць "разбурала рускую стыхію на гэтай ускраіне" [171, c.230]. Граф М.Мураўёў, які ў 1831-1835 г. займаў пасаду гарадзенскага губернатара, у сваёй запісцы імператару так сфармуляваў уласнае бачанне этнічнага аблічча беларускіх земляў: "Большасць насельніцтва карэннае рускае, акрамя абшарнікаў, якія з’яўляюцца прыхаднямі і колькасць якіх даволі абмежаваная…" [143, c.161]. Менавіта гэты тэзіс, паводле якога царская ўлада брала на сябе функцыі абароны карэннага "рускага" сялянства ад "палякаў-прышэльцаў", стаў пазней стрыжнем нацыянальнай агітацыі самадзяржаўя на беларускіх землях.

    Аднак магутная Расійская імперыя па-просту не мела дастатковых сілаў і сродкаў для правядзення палітыкі русіфікацыі вясковага насельніцтва. Звычайна беларускі селянін даволі рэдка сутыкаўся ў сваім жыцці з рускамоўнымі прадстаўнікамі ўрадавага апарату ці вайскоўцамі. Большасць сярэдніх і дробных чыноўнікаў паходзіла з мясцовай шляхты і ўжывала расійскую мову выключна ў справаводстве. Добра авалодаць расійскай мовай вясковы хлопец мог толькі на вайсковай службе, якая цалкам вырывала яго з родных мясцін практычна на ўсё жыццё.

    У дарэформенны перыяд царскі ўрад найбольш эфектыўным інструментам пашырэння расійскай мовы і культуры ў беларускай вёсцы бачыў праваслаўнае духавенства. Менавіта таму адным з найважнейшых мерапрыемстваў царскай улады стала ліквідацыя уніі, якая падкрэслівала адрознасць беларускіх сялян-уніятаў ад праваслаўных расіян. Трэба прызнаць той факт, што уніяцкае духавенства на мяжы 18-19 ст. было ўжо вельмі моцна спаланізаваным. Напачатку расійская ўлада прыкладала вялікія намаганні для таго, каб спыніць выкарыстанне парафіяльнымі святарамі польскай і лацінскай моваў у стасунках з вернікамі. Напрыклад, у 1830 г. быў выдадзены ўказ Грэка-уніяцкай калегіі, які прадпісваў уніяцкім святарам, што яны "ў казаннях і навучанні Закону Божаму павінны набліжацца да гаворкі, на якой размаўляюць мясцовыя жыхары" [117, c.649]. Літоўскі мітрапаліт Іосіф Сямашка прапаноўваў вясковым бацюшкам: "Каб яны павучэнні чыталі на простай агульназразумелай для прыхаджан мове, а асабліва тлумачылі на гэтай мове катэхізіс" [126, c.496]. Аднак ужо ў студзені 1840 г. той жа І.Сямашка пісаў у Пецярбург у "Свяцейшы Сінод": "…лічу патрэбным забяспечыць святароў Літоўскай епархіі ўзорнымі на рускай мове казаннямі… паколькі большая частка гэтых святароў, атрымаўшы раней выхаванне ў польскіх вучылішчах, не ведае рускай мовы і не будзе ў стане ў сваіх павучэннях на простанародных тамтэйшых гаворках набліжацца да агульнага духу рускай мовы" [126, c.497]. Паступова беларуская мова была амаль цалкам выціснута з вясковых храмаў расійскай літаратурнай мовай, малазразумелай для большасці вернікаў. Таксама на працягу 1830-х гадоў парадак набажэнства і ўнутранае ўбранства уніяцкіх храмаў былі уніфікаваны паводле ўзораў расійскай праваслаўнай царквой. Гэтыя змены, праведзеныя пад ціскам паліцэйскіх уладаў, выклікалі пратэсты часткі прыходскіх святароў, якіх звычайна падтрымлівалі іх вернікі-сяляне . Многіх святароў, нязгодных з ліквідацыяй уніі, высылалі з Беларусі ў расійскія манастыры**. Скасаванне уніі прывяло да культурнай пераарыентацыі таго сацыяльнага асяроддзя, якое ў найбольшай ступені было здольным да стварэння і пашырэння сярод сялян беларускай нацыянальнай ідэі***. Пасля далучэння да праваслаўя ў 1839 г. мясцовае духавенства ў абсалютнай большасці захоўвала поўную лаяльнасць да расійскай улады і ў цэлым падзяляла заходнерускія погляды адносна гісторыі і будучыні беларускага народу.

    Але некаторыя праваслаўныя святары свядома спрабавалі звяртацца да беларускай мовы, каб прыцягнуць да сябе вернікаў. Найбольш цікавым з’яўляецца прыклад святара Чарнаўчыцкай царквы Берасцейскага павета Сцяпана Пашкевіча [177, c.179-185]. Пасля пераводу ў 1855 г. у Чарнаўчыцы з Кобрынскага павета С.Пашкевіч заўважыў, што яго новыя прыхаджане больш любяць наведваць каталіцкі касцёл, чым праваслаўную царкву, прычынай чаго ён бачыў арган і зразумелыя мясцовым сялянам касцельныя павучэнні. І тады святар вырашыў выкарыстаць зварот да "простай" мовы:

    "…я ўзгадаў, што простанародная гаворка мне добра знаёмая, на ранейшым месцы павучэнні на ёй давалі мне вялікую вагу. Таму, заклікаўшы Бога на дапамогу, пачаў я кожную Нядзелю і Святочны дзень тлумачыць евангелле ці прамаўляць павучэнні на гаворцы маіх прыхаджан. Яны спачатку вельмі здзівіліся, пачуўшы ў першы раз, у Божым храме, сваю такую блізкую сэрцу родную мову, і наколькі мог я заўважыць, спачатку звярталі ўвагу на на павучэнні, а толькі на словы і гукі так блізкія іх слыху. Але не прайшоў і месяц, як, пакінуўшы Багаслужэнне ў касцеле, пачалі ў вялікай колькасці збірацца ў сваю царкву, спярша, можа быць, з цікаўнасці, а потым, канешне, з-за любові да сваёй роднай мовы і свядома <…> Сяляне, якія раней саромеліся сваёй роднай мовы і пры сустрэчы з кім-небудзь з іншага стану імкнуліся тлумачыцца на польскай мове, бязлітасна перакрыўляючы яе словы, цяпер размаўляюць са мною і ўвогуле імкнуцца з усімі размаўляць звычайна на сваёй роднай мове, амаль ганарацца ёю, і хіба толькі паводле неабходнасці ўжываюць у размове польскую мову".

    Сваім вопытам душпастырскай працы на "простай" мове вернікаў Сцяпан Пашкевіч падзяліўся ў 1863 г. на старонках "Литовских епархиальных ведомостей" [131, c.791-797]. Там ён выказаў меркаванне, што праваслаўным святарам "было б вельмі карысным вывучэнне простанароднай гаворкі сваіх прыхаджан". Там жа Пашкевіч выказаўся адносна выкарыстання расійскай мовы ў царкве: "Я не думаю асуджаць тых святароў, якія ісціны веры царквы нашай праваслаўнай тлумачаць прыхаджанам на літаратурнай расійскай мове, якая не заўсёды зразумелая і вяліка-рускім прасталюдзінам; не буду сцвярджаць, што гэтыя тлумачэнні засталіся без карысці <…> асабліва ў прыходах казённых сялян; дапускаю нават на карысць выкарыстання вяліка-рускай мовы ў тых адносінах, што праз яе мы набліжаемся, раднімся як бы з цэнтрам нашай нацыянальнасці: але пры ўсім тым мушу сказаць, што такіх прыходаў, дзе могуць зразумець павучэнні на вяліка-рускай гаворцы, у нас няшмат…".

    Калі б ідэя аб абавязковым вывучэнні святарамі "простай" мовы і чытанні на ёй казанняў была рэалізавана, то гэта абавязкова пацягнула б за сабой ідэалагізацыю гэтай мовы. Дадзены факт разумеў і сам Пашкевіч: "Сама наша нацыянальнасць лёгка і многа выйграе ў сваіх правах, і ў сваёй сіле, калі роднай мовай народу будуць тлумачыцца ў царкве ісціны св.Веры. У той час у вачах прасталюдзінаў наша руская мова ўзвысіцца, сяляне не будуць саромецца размаўляць на ёй з асобамі іншага стану, пакінулі б размаўляць з імі… па-польску, як гэта прынята ў нашай акрузе, асабліва паміж т.зв. сялянскай знаццю, г.зн. начальнікамі грамады". З тэксту вынікае, што Пашкевіч не ставіў пад сумнеў прыналежнасць сваіх прыхаджан да адзінай рускай нацыянальнасці. Але царкоўныя і свецкія ўлады добра разумелі, што ўзвышэнне "простай" мовы непазбежна прывядзе да супрацьстаўлення яе з "вялікарускай". Таму, хаця ў царкоўным друку з’явілася ў 1863 г. яшчэ некалькі публікацый аб карыснасці ўвядзення ў царкву "простай" мовы, у далейшым гэтая тэма не ўздымаецца. Можна меркаваць, што зварот да праблемы выкарыстання беларускай мовы ў праваслаўнай царкве, таксама як выданне некалькіх беларускамоўных брашур, былі выкліканы палітычнай сітуацыяй 1863 г., з’яўляліся спробай расійскіх уладаў знайсці дадатковыя магчымасці ўплываць на беларускую вёску.

    Для значнай часткі праваслаўнага духавенства, таксама і як для многіх чыноўнікаў-заходнерусаў, было характэрным пагардлівае стаўленне да беларускай мовы, якую яны лічылі прымітыўнай сялянскай гаворкай. Можна прывесці выказванне мінскага епіскапа Міхала Галубовіча, які адмоўна ставіўся да выкарыстання беларускай мовы нават у каталіцкім касцёле: "Беларуская мова не апрацаваная, на ёй немагчыма выказаць абстрактных думак, еўфанія яе вельмі непрыемная, навошта ж ставіць яе на ступень літаратурнай гаворкі, калі няўхільнай мэтай урада павінна быць абагульненне чыста рускай мовы і калі гэтаму садзейнічаюць адчыненые народныя і гарадскія вучылішчы" [136, c.12]. У дадзенай цытаце адлюстравалася стаўленне да беларускай мовы значнай часткі мясцовага "заходнерускага" грамадства. Для апраўдання сваёй пазіцыі гэтыя дзеячы вылучалі тэзіс аб сапсаванасці беларускай мовы польскімі ўплывамі, якімі адначасова тлумачыліся і адрозненні яе ад мовы расійскай: "…у Беларускую мову на працягу прыгонніцкага стану патрапіла шмат польскіх слоў і зваротаў" [136, c.12].

    У другой палове 19 і напачатку 20 ст. сярод прыходскага праваслаўнага духавенства на Гарадзеншчыне пераважалі мясцовыя ўраджэнцы, нашчадкі былых уніяцкіх святароў. Аднак, як сведчаць матэрыялы перапісу 1897 г., большасць з іх прызнавала сваёй роднай мовай расійскую, што акрэслівала ступень іх нацыянальна-культурнай асіміляцыі. Разам з тым частка святароў задэкларавала роднай мовай беларускую. Усяго ў Гарадзенскай губерні расійскую мову назвалі роднай 629 праваслаўных святароў, беларускую – 185, украінскую (маларускую) – 22, польскую – 4 [127, Табл.ХХІІ]. Паколькі ўсе святары ў той ці іншай ступені на той час валодалі расійскай мовай, то дэкларацыя беларускай мовы як роднай магла сведчыць пра беларускую нацыянальную свядомасць гэтых бацюшак.

    Самым дзейсным і эфектыўным сродкам пашырэння сярод беларускіх сялян расійскай мовы і нацыянальнай свядомасці павінна была стаць урадавая школа. Аднак праблема адукацыі вясковага насельніцтва па-сапраўднаму набыла актуальнасць толькі пасля рэформы 1861 г. Сяляне атрымалі няхай і абмежаваныя, але ўсё ж пэўныя грамадзянскія правы. Расійскі ўрад цалкам лагічна зыходзіў з таго пункту гледжання, што гэтая самая вялікая група насельніцтва ў будучым будзе вызначаць нацыянальнае аблічча краю. Таму развіццю пачатковага школьніцтва сярод вясковых жыхароў "заходніх" губерняў царская ўлада пачала надаваць асаблівае значэнне.

    У дарэформенны час узровень адукаванасці сялянскага насельніцтва быў вельмі нізкі. У 1860 г. у Гарадзенскай губерні налічвалася 239 афіцыйных навучальных установаў і 5606 вучняў. Сярод апошніх сялян налічвалася 1498 (26,7 %) [154, Ч.2, c.252-253. Приложение к народной деятельности]. Большасць сялянскіх дзяцей навучалася ў вучылішчах палаты дзяржаўных маёмасцяў – 988. У прыходскіх школках, арганізаваных звычайна каталіцкімі святарамі, сялян налічвалася 285. У павятовых жа вучылішчах сяляне складалі 17 % ад усіх вучняў. У цэлым сярод сялян адзін вучань прыходзіўся на 330 чалавек, у той час як сярод шляхты гэты паказчык складаў 1 на 30.

    У справаздачы за 1862 г. гарадзенскі губернатар горача выступаў за "паўсюднае адкрыццё народных вучылішчаў пад наглядам вучэбнага ці духоўнага праваслаўнага ведамства і з выкладаннем у іх у духу праваслаўя, рускай народнасці і адданасці Айчыне і прастолу" [22, aрк.50]. Папячыцель Віленскай навучальнай акругі Шырынскі-Шыхматаў пісаў у 1862 г. міністру народнай асветы Галавіну: "Тут трэба ўваскрэсіць старажытную карэнную рускую народнасць, падаўленую шматгадовым прыгнётам прышлага польскага насельніцтва. У гэтым краі трэба аслабіць уплыў польскай нацыянальнасці, якая імкнецца заглушыць у народзе родныя яму рускія пачаткі" [137, c.34]. Як ужо адзначалася вышэй, напачатку 1860-х гадоў існавала ідэя выкарыстання ў вясковых школах беларускай мовы. Але супраць гэтага катэгарычна выступалі як большасць расійскіх чыноўнікаў, так і многія мясцовыя заходнерусы. Заходнерускі "Вестник Западной России" пісаў у лютым 1863 г.:"…навучаць на беларускім жаргоне – гэта бяссэнсіца, якая дзякаваць богу яшчэ не ўсплыла на розум нікому з беларусаў" [189, c.56-57].

    Паўстанне 1863 г. зрабіла палітыку "абрусення" беларускай вёскі адным з важнейшых кірункаў дзейнасці мясцовых дзяржаўных установаў. Напрыклад, у 1868 г. міравыя ўстановы, якія непасрэдна працавалі з сялянамі, абавязаны былі ў сваіх справаздачах падаваць звесткі "…наколькі сярод сялян аднаўляюцца рускі дух і жыццё і наколькі сяляне вызваляюцца ад польскіх звычак" [56]. Адкрыццё народных і царкоўна-прыходскіх вучылішчаў з’яўлялася самым эфектыўным сродкам дасягнення мэтаў гэтай палітыкі. Аднак у справе масавага развіцця пачатковага школьніцтва расійскі ўрад сутыкнуўся з цяжкаадольнай перашкодай адсутнасці патрэбных настаўніцкіх кадраў. Мясцовая дробная шляхта пасля паўстання 1863 г. не магла прэтэндаваць на азначаныя пасады з палітычных і ідэалагічных меркаванняў. Таму напачатку губернскія ўлады імкнуліся запоўніць вакансіі недавучанымі семінарыстамі з вялікарускіх губерняў, адстаўнымі унтэр-афіцэрамі, пісарамі, якія вельмі часта не адпавядалі самым мінімальным патрабаванням.

    У 1865 г. у Гарадзенскай губерні ўжо дзейнічала 151 народнае вучылішча [23, aрк.19-20 адв.]. Настаўнікамі ў гэтых навучальных установах амаль выключна працавалі праваслаўныя святары, за выключэннем двух сялян і валаснога пісара. У 1869 г. агульная колькасць пачатковых навучальных устаноў усіх тыпаў складала 443. У гэтых ўстановах набывалі веды 14645 хлопчыкаў і 2010 дзяўчынак [26, aрк.3 адв.]. Паводле дадзеных мясцовай адміністрацыі, у 1869 г. сярод падатнага хрысціянскага насельніцтва Гарадзенскага павета (без Гародні) чытаць і пісаць па-руску ўмелі 1149 мужчын і 71 жанчына, а толькі чытаць – 1123 мужчыны і 166 жанчын [40, aрк.20].

    У далейшым развіццё пачатковай адукацыі на беларускай вёсцы запаволілася. У 1888 г. у Гарадзенскай губерні па-ранейшаму налічвалася 151 народнае вучылішча, у якіх вучыліся 9618 хлопчыкаў і 740 дзяўчынак. Прычым, калі звярнуць увагу на веравызнанне вучняў, то большасць складалі праваслаўныя – 9373. Каталікоў было толькі 855. Апроч штатных народных вучылішчаў, дзеці сялян пераважалі сярод вучняў 58 вучылішчаў губернскай палаты дзяржаўных маёмасцяў, 43 вучылішчаў Міністэрства народнай асветы, 28 грамадскіх вучылішчаў і 16 прыходскіх [38, aрк.2]. Усяго ж у Гарадзенскай губерні на 1888 г. налічвалася 666 навучальных устаноў, да якіх прыходзілі 30597 дзяцей. Прычым вёска ўжо пастаўляла да школ 20693 вучняў (67,7 %). Такім чынам, у параўнанні з 1860 г. колькасць вучняў сялянскага паходжання вырасла ў 14 разоў.

    Ці давала пачатковая школа сялянскім дзецям якую-небудзь магчымасць сацыяльнага поспеху? У Гарадзенскай мужчынскай гімназіі ў 1888 г. сярод 361 вучня налічвалася 18 выхадцаў з вёскі, а ў Беластоцкім рэальным вучылішчы – 49 з 305. У павятовых вучылішчах выхадцы з вёскі складалі 105 чалавек з 442 навучэнцаў (24 %). Праўда, мы не ведаем, колькі было сярод гэтых хлопцаў прадстаўнікоў дэкласаванай шляхты.

    Найбольш даступнай для сялянскіх дзяцей праваслаўнага вызнання навучальнай установай, якая давала магчымасць сацыяльнага поспеху, у Гарадзенскай губерні стала Свіслацкая настаўніцкая семінарыя. Тут у 1888 г. з 77 вучняў 65 паходзілі з сялян. Аднак, калі аналізаваць сітуацыю ў цэлым, дык толькі вельмі нязначная частка сялянскіх дзяцей магла пасля народнага вучылішча прадоўжыць сваю адукацыю і змяніць, дзякуючы гэтаму, уласны сацыяльны статус.

    Ужо ў 80-я гады 19 ст. абсалютную большасць настаўнікаў вясковых школ складалі выхадцы з сялянскіх станаў. Паводле дадзеных паліцыі за 1886 г., у Гарадзенскім павеце налічвалася 24 народныя і 100 царкоўна-прыходскіх вучылішчаў. Сярод настаўнікаў царкоўна-прыходскіх школаў знаходзім 19 адстаўных салдат, унтэр-афіцэраў і пісараў, а ўсе астатнія – сяляне. Ды і адстаўныя салдаты і унтэры таксама амаль усе паходзілі з мясцовых сялян. У Бельскім павеце сярод настаўнікаў 95 царкоўна-прыходскіх вучылішчаў бачым 8 адстаўных салдат і унтэраў, 1 салдацкага сына, 19 мяшчан, сына пісара, паповіча, 3 псаломшчыкаў, а ўсе астатнія – сяляне. Усе настаўнікі належалі да праваслаўнай веры [5, aрк.34-48].

    У 1897 г., паводле дадзеных статыстычнага камітэта, у Гарадзенскай губерні налічвалася 307 народных вучылішчаў, 84 царкоўна-прыходскія, 37 прыходскіх вучылішчаў і 987 школ граматы. Усяго на 24 жыхара прыходзіўся 1 навучэнец. Агульны ж ўзровень пісьменнасці насельніцтва зафіксаваў перапіс насельніцтва 1897 г. У Гарадзенскай губерні расійскае пісьмо ведалі 307419 чалавек, сярод якіх было 241308 мужчын і 66111 жанчын. Гэта складала 19 % ад усяго насельніцтва. У той жа час колькасць пісьменных у іншых мовах дасягала 147027 чалавек (9 %). Сярод тых, хто задэклараваў беларускую мову сваёй роднай мовай, навучаных расійскаму пісьму налічвалася 108732, што складала 15 % ад усяго беларускамоўнага насельніцтва. Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што большасць пісьменных беларусаў расійскай мовай валодала кепска. Адукацыю вышэй за пачатковую мелі ўсяго 1688 беларусаў (0,24 %). Менавіта прадстаўнікі гэтай групы маглі ўжо дастаткова свабодна валодаць расійскай ці польскай мовамі.

    У 1914 г. агульная колькасць навучальных устаноў у Гарадзенскай губерні дасягнула лічбы 1412. У гэтых установах налічвалася 128520 вучняў [36, арк.44-47]. Прадстаўнікі вёскі дасягнулі лічбы 104940 (81,65 %). У Гарадзенскім рэальным вучылішчы сяляне складалі 170 чалавек, саступаючы толькі прадстаўнікам гарадскіх станаў – 199, але ўжо апярэджваючы спадчынную шляхту – 152. У 831 народным і 80 прыходскіх вучылішчах налічвалася 68374 вучні. Сярод іх было 52596 праваслаўных і 13726 каталікоў. У 506 царкоўна-прыходскіх школах і 97 школах граматы навучаліся 31628 праваслаўных і 1760 каталікоў.

    Такім чынам, напачатку 20 ст. колькасць навучэнцаў у вясковых школах вырасла прыкладна на палову. Цяпер 1 навучэнец прыходзіўся на 15 жыхароў губерні. У гэты перыяд большая частка вясковага насельніцтва, асабліва праваслаўнага, была ахоплена сеткай дзяржаўных школаў. Аднак расійская ўрадавая школа ігнаравала этнічныя асаблівасці мясцовага насельніцтва. Праблема беларускай мовы як бы і не існавала для школьных інспектараў і іншых чыноў сістэмы адукацыі. Забеспячэнне вясковых вучылішчаў расійскімі кнігамі абвяшчалася важным заданнем для мясцовай дзяржаўнай адміністрацыі. Напрыклад, у 1884 г. у школы Гарадзеншчыны найчасцей траплялі: "Детский мир" і "Родное слово" Ушынскага, "Народная азбука" Сталпянскага, "Уроки русского чистописания" і "География и история" Пуцыковіча, "Атлас" Ільіна, зрэдку "Чтения по истории Западной России" Міхала Каяловіча [47]. У 1912 г. у пачатковыя школы прыйшлі "Краткая отечественная история" і "Краткая география" С.Манаховіча, былога настаўніка царкоўна-прыходскага вучылішча. Абодва гэтыя падручнікі прысвячалі даволі шмат увагі гісторыі і геаграфіі "паўночна-заходніх" губерняў, трактуючы іх у духу заходне-русізму. Змяшчалі яны, напрыклад, карту Гарадзенскай губерні [216, c.56].

    Безумоўна, што этнічная блізкасць беларускай мовы да расійскай дазваляла многім вучням авалодваць граматай і дасягаць поспехаў у далейшай навуцы і на дзяржаўнай службе. Можна прывесці прыклад Адама Багдановіча, бацькі вялікага беларускага паэта Максіма Багдановіча, які здолеў прайсці шлях ад беззямельнага селяніна да банкаўскага служачага і вядомага этнографа. Аднак справа была нават не ў магчымасці пераадолення моўнага бар’еру. Беларускія нацыянальныя дзеячы напачатку 20 ст. на старонках "Нашай нівы" і іншых беларускіх выданняў віталі пашырэнне вясковага школьніцтва, адкрыццё бібліятэк і хатаў-чытальняў. Але разам з тым яны рашуча асуджалі змест афіцыйнай адукацыі, якая выхоўвала ў дзяцей пагарду да ўсяго свайго, мясцовага:

    “Маленькі хлопчык-беларус вучыцца ў школі. Цэлых пяць альбо шэсць год ходзіць ён у школку. Чы чуе жэ ён свае роднае слова? Не. Ён чуе адну толькі насмешку над сваею моваю; а забудзецца часта, вырвецца у яго свае роднае слова, тое, каторым прывык ён ад пелёнак гаварыць з таткам і маткаю, – вучыцель, а за ім і ўсе вучні падымаюць яго на сьмех. А другі вучыцель ешчэ перэдражніць, перэкрывіць яго <…> Такім спосабам засеваецца ненавісць у душу будучаго інтэлігента-беларуса к роднай мові, звычаю, парадкам“ [95, №7, 22. 12.1906].

    Як сведчаць статыстычныя дадзеныя, сярод навучэнцаў народных школ і царкоўна-прыходскіх вучылішчаў назіралася выразная дамінацыя праваслаўных над каталікамі. Так, у 1890 г. у народных вучылішчах налічвалася 17184 праваслаўных (83 %) і 3242 каталіка (15 %) [130, c.21]. У 1897 г. у царкоўна-прыходскіх вучылішчах і школах граматы налічвалася 23686 праваслаўных (90,8 %) і 2320 каталікоў (8,9 %). Такая дыспрапорцыя тлумачылася адмоўным стаўленнем каталіцкага сялянскага насельніцтва да "обрусительной" працы ў школах, якая, апроч таго, мела яшчэ і выразны антыкаталіцкі кірунак, асабліва ў царкоўна-прыходскіх школах. Па-другое, дзеці сялян-каталікоў фактычна не мелі шанцаў пасля заканчэння народнага вучылішча паступіць у настаўніцкую семінарыю ці на службу ў дзяржаўную ўстанову. Каталіцкае вясковае насельніцтва гэта добра ўсведамляла і аддавала перавагу нелегальным школкам. У 1885 г. міравы пасярэднік з Ваўкавыскага павета пісаў у дырэкцыю народных вучылішчаў, што сяляне-каталікі Баярскай воласці заявілі яму на сходзе, прысвечаным праблеме адкрыцця народнага вучылішча: "…няма сэнсу вучыць сваіх дзяцей грамаце, паколькі каталікоў не прымаюць ні ў настаўніцкую семінарыю, ні на службу ў паліцэйскія ўраднікі і жандары, калі ж урад жадае мець пісьменных салдат, то няхай сам іх і вучыць, а для гаспадара-хлебароба грамата не патрэбная" [45, aрк.3].

    У выніку развіцця напачатку 20 ст. беларускага нацыянальнага руху і распаўсюджання газеты "Наша Ніва" вясковыя настаўнікі ў першую чаргу пачынаюць далучацца да беларускасці і робяцца галоўнымі праваднікамі нацыянальнай справы. Б.Грабінскі так распавядае пра настаўніка Дубраўскага народнага вучылішча :

    "Прозвішча яго было Краўцэвіч; што цікава, быў ён сьведамым беларусам. У другім аддзеле мелі мы двух праваслаўных і звалі іх рускімі, калі ўсе іншыя каталікі былі польскімі. Аднойчы Краўцэвіч кажа нам:

    – Вы ані рускія, ані польскія, а ўсе вы беларусы

    Гэта быў першы раз, калі я пачуў назоў беларусы. Быў я тады ў веку 9 гадоў і з кніжак ведаў пра Расею й пра Польшчу, але ніколі не чуў пра Беларусь. Аднак жа застаўся мне ў памяці сказ настаўніка" [122, c.195].

    Пра сваё настаўніцтва ў перадваенныя гады на Сакольшчыне распавядаў невядомы аўтар (напэўна, гэта быў Макар Краўцоў) на старонках газеты "Беларускі звон" у 1921 г. Паводле слоў аўтара, калі ў 1912 г. ён першы раз прыйшоў у клас, то дзеці адразу запыталіся: "Ці вы, паночку, рускі ці паляк?". На што малады настаўнік адказаў: "Я не рускі й не паляк, а вось такі самы як і ўсе яны". Асаблівую цікавасць выклікае аповяд аўтара артыкула пра тое, як ён пачаў чытаць дзецям газету "Наша Ніва": "Дастаючы кожны тыдзень сьвежы нумар "Нашае Нівы", я ў суботнія дні ахвяроўваў адну гадзіну на тое, каб пачытаць з яе дзецям апавяданні, байкі, жарты <…> дзеці былі незвычайна здзіўленыя тым, што і "простаю" (як яны разумелі) моваю друкуюцца газэты. Аб "Нашай Ніве" ад дзяцей даведаліся бацькі й былі й такія з іх, што на яе падпісаліся, просячы, каб я выпісаў ім "нашу простую газэту, але лепей каб друкованую польскімі літарамі" [101, №14, 30.09.1921]. У гэтым артыкуле былі таксама яскрава паказаны тыя прычыны, што адштурхоўвалі каталіцкае насельніцтва ад дзяржаўнай школы. Апроч расійскай мовы выкладання, такой у першую чаргу з’яўлялася яе антыкаталіцкая накіраванасць. Аўтар узгадвае, што ўсё памяшканне, у якім месцілася школа, было завешана каталіцкімі абразамі. Але, калі б пра гэта даведалася школьнае начальства, то настаўнік быў бы тут жа звольнены. Таму падчас інспекцый, паводле дамовы яго з бацькамі, абразы часова здымаліся. Інспектары ж у першую чаргу пыталі вучняў пра тое, якія даброты робіць самім вучням і іх сем’ям бацька-цар, што сведчыла пра манархічную сутнасць афіцыйнай нацыянальнай ідэалогіі.

    Наколькі паспяховай была нацыянальная палітыка царскіх уладаў у стасунку да беларускага сялянства на Гарадзеншчыне? Крыніцы выразна сведчаць, што большасць вясковых жыхароў праваслаўнага вызнання падкрэслівалі сваю прыналежнасць да "рускасці" ці "рускай веры", лічылі сваю мову і сялянскую культуры "простай" складовай часткай расійскасці. Але нельга гаварыць пра наяўнасць у іх развітай нацыянальнай свядомасці. Расійская ідэя, прапагандаваная ў школах, ідэнтыфікавалася найперш з самадзяржаўем і дынастыяй Раманавых. У той жа час у грамадстве шырылася рэвалюцыйная ідэалогія, якая ўсё больш паспяхова падрывала сакральнасць манаршай дынастыі. Замаруджанасць сацыяльна-эканамічнага развіцця і стрымліванне ўладамі працэсу дэмакратызацыі мясцовага грамадства таксама, як гэта не парадаксальна, стрымлівалі пашырэнне сярод беларускага сялянства расійскай нацыянальнай ідэалогіі. Гэта вельмі добра адзначыў мемуарыст М.Паўлікоўскі: "У вясковых школах вучылі толькі па-расейску. Беларуская мова, у літаратуры на якой тады толькі прарэзваліся зубкі, пераследавалася нароўні з польскаю <…> Аднак, на шчасце для беларускага фальклору і мовы, працэс русіфікацыі ішоў вельмі павольна. Хлопец, які сканчаў вясковую школу (калі ўвогуле ў яе трапляў), і дзяцюк, які вяртаўся з войска, як правіла вярталіся да ранейшае непісьменнасці і праз некалькі гадоў зноў паглыналіся беларускім асяроддзем <…> Гісторыкі маглі б адзначыць цікавы парадокс: пачуццё нацыянальнае адметнасці ў цяперашніх беларусаў шмат чым абавязана цемнаце сялянскіх масаў часоў царскага панавання" [160, c.86].

    М.Улашчык у даследаванні штодзённага жыцця сваёй роднай вёскі Віцькаўшчына, якая знаходзілася на Міншчыне, адзначаў, што рускамоўная кніга была перад сусветнай вайной яшчэ мала распаўсюджана, хаця практычна ўсе мужчыны ў вёсцы ўмелі чытаць [187, c.110-111]. Ён таксама ўзгадваў, што да вёскі даходзілі і нават карысталіся папулярнасцю этнаграфічныя працы Еўдакіма Раманава і Аляксандра Сержпутоўскага. Ступень пранікнення ў вясковае жыццё расійскай кніжнай культуры з’яўлялася неаднолькавай у розных рэгіёнах. Напрыклад, у Бельскім павеце Гарадзенскай губерні расійская кніга была даволі распаўсюджана, аб чым сведчыла заснаванне сялянамі ў вёсках і мястэчках грамадскіх бібліятэк.

    Апроч царквы і школы патрэбна ўзгадаць яшчэ аб адной даволі важнай кропцы сутыкнення сялянскага свету з дзяржавай і расійскай нацыянальнай культурай і мовай, якой было валасное кіраванне, заснаванае ў 1861. У гэтых установах галоўную ролю адыгрывалі пісары, якія напачатку звычайна паходзілі з дробнай шляхты. У часе і пасля паўстання 1863 г. дзяржаўныя ўлады амаль цалкам змяняюць асабовы склад валасных пісараў, абсадзіўшы гэтыя пасады адстаўнымі унтэр-афіцэрамі і выключанымі з духоўных вучылішчаў семінарыстамі. Напрыклад, у кастрычніку 1864 г. ваенны начальнік Бельскага павета пісаў у рапарце гарадзенскаму губернатару: "…патрэбна правесці перавыбары валасных старшыняў, суддзяў, старастаў і асабліва валасных пісараў. Пасады валасных пісараў у асноўным займае дробная шляхта <…> прашу прыслаць у Бельскі павет некалькі добранадзейных сельскіх пісараў карэннага рускага паходжання" [4, aрк.2]. У тым годзе ў Гарадзенскай губерні налічвалася 56 валасных пісараў, якія з’яўляліся выхаванцамі розных расійскіх духоўных вучылішчаў [33, aрк.3-4].

    У 1867 г. віленскі генерал-губернатар выдаў цыркулярнае прадпісанне, у якім гаварылася, што асаблівая ўвага “сялянскіх устаноў павінна быць звернута на замяшчэнне пасадаў валасных пісараў людзьмі рускага паходжання праваслаўнага веравызнання, якія б маглі стаць надзейнымі тлумачальнікамі ўрадавых пастановаў… і дзейнічалі б у кірунку развіцця асноваў рускай народнасці…" [32, aрк.74]. Начальнік края нават загадаў даслаць яму спісы ўсіх валасных пісараў з указаннем веравызнання як іх саміх, так і іхніх жонак. Мясцовыя ўраджэнцы складалі ў 1860-я гады выразную меншасць сярод гэтай катэгорыі служачых. Але ў канцы 19 – пачатку 20 ст. большасць пісараў ужо складалі выхадцы з мясцовага сялянства і мяшчанства. У цэлым роля мясцовых сялянскіх установаў у мадэрнізацыі вёскі была не асабліва істотнай. І прычынай таму быў іх прыніжаны статус. Валасныя старшыні і іншыя службовыя асобы ў большай ступені прызначаліся міравымі пасярэднікамі і паліцыяй, чым выбіраліся насельніцтвам. У часе паўстання генерал-губернатар Мураўёў загадаў зацвярджаць на гэтыя пасады толькі праваслаўных [138, c.120]. У 1866 г. яго наступнік Каўфман пацвердзіў гэты загад: "У змешаных валасцях адказных асобаў выбіраць толькі з ліку праваслаўных" [31, aрк.1 адв.]. У гэтым годзе на азначаных пасадах у Гарадзенскай губерні налічвалася 171 праваслаўны і 16 каталікоў (у валасцях з выключна каталіцкім насельніцтвам) [31, aрк.100]. І такая лінія праводзілася фактычна да апошніх часоў існавання тут імперскай улады . Таму выбары валаснога старшыні і іншых сялянскіх адказных асобаў звычайна не станавіліся важнай падзеяй у жыцці лакальнай вясковай грамады. Адпаведна і валасное кіраванне не магло, ды і не імкнулася асабліва, праяўляць нейкую актыўнасць у культурным жыцці вёскі. Не выклікалі асаблівай зацікаўленасці сялян і выбары ў Дзяржаўную Думу Расійскай імперыі, якія мелі шматступенны характар і таксама праходзілі пад узмоцненым кантролем ўладаў.

    Нягледзячы на моцны ціск з боку расійскай і польскай культур змены этнічнай самасвядомасці беларускага сялянства ў часы Расійскай імперыі адбываліся вельмі павольна. Беларускасць хаця і набліжалася ў культурных адносінах да расійскасці (праваслаўныя) ці польскасці (каталікі), але разам з тым не падлягала ім у нацыянальным сэнсе, а хутчэй выяўляла схільнасць да замыкання ў лакальнасці. На думку Р.Радзіка, "беларускія сяляне, баронячыся перад распадам традыцыйнага сацыяльна-культурнага ўкладу, які запэўніваў ім значнае пачуццё бяспекі, прыймалі элементы іншых культур (асімілявалі іх) не на нацыянальным узроўні, але на этнічным, раствараючы без канфлікту чужыя вартасці і ўзоры культуры ў штодзённае жыццё вясковай супольнасці, захоўваючы ізаляцыянісцкае пачуццё свойскасці (тутэйшасці)" [223, c.185].

    Аднак напярэдадні першай сусветнай вайны асіміляцыйныя працэсы падыходзілі ўжо да крытычнай рысы. Большасць маладога мужчынскага насельніцтва ў вёсцы з’яўлялася пісьменным. Да даволі значных памераў вырас паток сялянскіх выхадцаў, якія ўлучаліся ў шэрагі інтэлігенцыі і чыноўніцтва, а значыць, мусілі засвойваць элементы расійскай ці польскай нацыянальных культураў. Так, сярод сярэдняга і ніжэйшага чыноўніцтва Гарадзенскай губерні выхадцы з мясцовых сялян напачатку ХХ ст. складалі ўжо каля 40 % [184]. Амаль усе народныя настаўнікі таксама паходзілі з вёскі. Большасць прадстаўнікоў акрэсленых сацыяльных групаў падзяляла ў той ці іншай ступені ідэі заходнерусізму і імкнулася засвоіць расійскую мову і культуру, каб забяспечыць сабе поспех на службе **. Але адначасова многія прадстаўнікі гэтага асяроддзя былі гатовымі ўспрыняць ідэі беларускага руху, паколькі з дзяцінства ведалі беларускую мову і мелі сантымент да традыцыйнай вясковай культуры. Паводле дадзеных перапісу 1897 г., 8469 прадстаўнікоў інтэлігенцыі ў Беларусі прызналі роднай мовай беларускую. У адміністрацыі, судзе і паліцыі яны складалі 32,1 % (3553 асобы), сярод юрыстаў – 10 % (76), сярод настаўнікаў – 20,9 % (3502), сярод літаратараў, навукоўцаў і мастакоў – 7,8 % (105) [223, s.143]. Для 5-мільённай этнічнай супольнасці гэтыя лічбы выглядаюць нязначнымі, але можна адзначыць, што літоўцы і ўкраінцы мелі ў цэлым супастаўляльныя паказчыкі адукаваных людзей.

    Напачатку 20 ст. ідэі беларускага нацыянальнага руху пачынаюць усё больш актыўна даходзіць да вясковых жыхароў Гарадзеншчыны. Паводле ўласных падлікаў выдаўцоў "Нашай Нівы", за першыя тры гады яе існавання ў газету было прыслана каля 906 уласных карэспандэнцыяў з розных куткоў Беларусі. За адзін 1910 г. "Наша Ніва апублікавала 666 карэспандэнцыяў з 321 населенага пункта Беларусі. У Гарадзенскай губерні карэспандэнты газеты былі ў 49 населеных пунктах [174, c.431-432]. Адзін з найбольш прадпрымальных беларускіх дзеячоў Вацлаў Іваноўскі выдаў у 1906-1915 гг. каля 80 кніжак агульным накладам 220 тыс., што складала амаль палову ўсіх выдадзеных у тым часе кніг на беларускай мове і 60 % іх накладу [233, s.64]. Аднак беларускі рух у даваенны час яшчэ заставаўся ў рамках агітацыйнай фазы В, калі выкарыстоўваць мадэль М.Гроха. Гэта было абумоўлена адносна нізкімі тэмпамі эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі грамадства, невысокім узроўнем пісьменнасці сялянскага насельніцтва, амаль поўнай адсутнасцю дэмакратычных інстытутаў, а таксама вельмі моцным асіміляцыйным ціскам на беларускую вёску з боку расійскай і польскай нацыянальных культураў . Таму значная частка беларускага сялянства на Гарадзеншчыне не сутыкалася да першай суветнай вайны з беларускай кнігай і ідэяй самабытнай беларускай нацыі**.

    Сяляне праваслаўныя і каталікі: спецыфіка развіцця этнічных працэсаў

    Адной з найважнейшых асаблівасцяў беларускай сялянскай супольнасці на Гарадзеншчыне з’яўлялася яе канфесійная падзеленасць. Да 1839 г. большасць вясковых жыхароў належала да уніяцкай і рыма-каталіцкаў цэркваў. Паводле статыстычных дадзеных губернскай адміністрацыі за 1829 г., у Гарадзенскай губерні ўсяго налічвалася 348 тыс. уніятаў, 200 тыс. каталікоў і 667 праваслаўных [2, aрк.50-52]. Вернікі уніяцкай царквы ў абсалютнай сваёй большасці належалі да сялянскага стану. Так, у 1838 г. уніятаў налічвалася 57,5 % ад усяго насельніцтва, а сярод іх саміх сяляне складалі 97 %, мяшчане – 0,8 %, а шляхта і чыноўнікі – толькі 0,05 %. Нядзіўна, што уніяцтва ўспрымалася сучаснікамі як сялянская версія хрысціянства.

    У 1836 г. у Гарадзенскай губерні, паводле дадзеных мясцовай адміністрацыі, налічвалася 647139 сялян, што складала 82,6 % ад усяго насельніцтва [17, aрк.167-180]. Сялян-уніятаў у 1838 г. было 478192 [19, aрк.12]. Можна падлічыць, што ў канцы 1830-х гадоў у Гарадзенскай губерні налічвалася каля 170 тыс. сялян рыма-каталіцкага веравызнання. Такім чынам, прыкладна ¾ сялянства ў рэгіёне належала да уніі, а ¼ – да рыма-каталіцтва. У 1839 г. практычна ўсе уніяты былі далучаны да праваслаўя. Апроч таго, праваслаўнае духавенства даволі часта ўзбуджала судовыя справы аб пераводзе ў праваслаўе тых былых уніятаў, якія яшчэ раней перайшлі з уніі ў рыма-каталіцтва.

    Паводле дадзеных прыходскага духавенства, у 1850 г. у Гарадзенскай губерні налічвалася 483972 праваслаўных (55,65 % ад усяго насельніцтва) і 289348 каталікоў (33,3 %) [27] . П.Баброўскі прыводзіць у сваім статыстычным даследаванні блізкія гэтым лічбы адносна канфесійнай структуры насельніцтва, паводле якіх у 1860 г. у губерні налічвалася 464265 праваслаўных (54 %) і 295132 каталіка (34,2 %) [153, Ч.1. Приложения, с.161-165]. Прычым сярод вясковага насельніцтва праваслаўныя складалі 59 %, а каталікі – 35 %.

    Пасля паўстання 1863 г. царскі ўрад прымае актыўныя захады па пераводзе каталікоў у праваслаўе. Гарадзенскі губернатар пісаў у сваім рапарце да М.Мураўёва ў кастрычніку 1863 г.: "Лічу вельмі важным, каб дзеля ўмацавання ў тутэйшым краі рускай улады, таксама і дзеля маральнага ўплыву на просты народ… садзейнічаць звароту сялян каталікоў у праваслаўе [3, арк.9]. Пры гэтым улады шырока выкарыстоўвалі рэпрэсіўныя метады. Ваенны начальнік Сакольскага павета пісаў губернатару, што ўсе спробы ўгаварыць сялян мястэчка Новы Двор не далі станоўчага выніку, а таму патрэбна выслаць некалькі асобаў “у адну з усходніх губерняў Расіі“, каб “народ убачыў, што ўрад зманутым не дае палёгкі“ [3, aрк.153-154]. На практыцы такія метады часта прыводзілі да адваротнага выніку, што выдатна паказаў у вершы "Хрэсьбіны Мацюка" Францішак Багушэвіч. Усяго ж за першыя гады пасля паўстання 1863 г. ў Літоўскай епархіі (Віленская, Гарадзенская і Ковенская губерні) былі далучаны да праваслаўя каля 30 тыс. каталікоў, пераважна сялян [163, c.72].

    Паводле дадзеных перапісу 1897 г., у губерні налічвалася 919346 праваслаўных (57 % ад усяго насельніцтва) і 386519 каталікоў (24 %). У параўнанні з 1864 г. колькасць праваслаўных павялічылася на 188,9 %, а каталікоў – на 141,5 % [163, c.75]. Больш нізкі прырост колькасці каталікоў быў абумоўлены ў значнай ступені менавіта ўрадавай палітыкай. У 1913 г. колькасць праваслаўнага насельніцтва дасягнула ў Гарадзенскай губерні 1021082 (53,5 %), а каталікоў – 508817 (26,6 %) [128]. Сярод вясковага насельніцтва праваслаўныя складалі 62 %, а каталікі – 27,4 %. У параўнанні з дадзенымі Паўла Баброўскага за 1860 г. колькасць праваслаўных засталася фактычна на тым жа узроўні, а ўдзельная вага каталікоў зменшылася з 33 да 26,6 працэнта. У той жа час у параўнанні з перапісам 1897 г. удзельная вага праваслаўных зменшылася прыкладна на 3 %, а каталікоў на столькі ж вырасла, што можна патлумачыць лібералізацыяй канфесійнай палітыкі ўрада на пачатку 20 ст., у выніку чаго частка пераведзеных у 1860-х гадах у праваслаўе каталікоў зноў жа перайшла ў каталіцтва.

    Каталіцкае і праваслаўнае сялянства пражывала ўперамешку практычна на ўсім абшары Гарадзенскай губерні. Таму вызначыць больш-менш дакладныя межы паміж гэтымі канфесіямі даволі складана. Відавочная колькасная перавага каталікоў назіралася толькі ў заходніх частках Бельскага і Беластоцкага паветаў і ў Сакольскім павеце. Паводле дадзеных П.Баброўскага за 1860 г., каталікі складалі ў гэтых паветах адпаведна 43, 61 і 75 працэнтаў ад усяго насельніцтва. Таксама каталіцкае насельніцтва пераважала над праваслаўным у Ваўкавыскім павеце (49 супраць 45 працэнтаў) і ў паўночна-заходняй частцы Гарадзенскага. Відавочная колькасная дамінацыя праваслаўных назіралася ў паўднёва-ўсходняй частцы губерні.

    Надзвычай цікавай і важнай з навуковага пункту гледжання з’яўляецца праблема ўплываў рэлігіі на змест і змены этнічнай самасвядомасці і ўвогуле працэсы мадэрнізацыі традыцыйных аграрных супольнасцяў. Можна з вялікай доляй упэўненасці сцвярджаць, што ў стасунку да беларускага сялянства каталіцкага і праваслаўнага веравызнання азначаная праблема ў цэлым мала даследавана. Як слушна заўважыў Р.Радзік: “Ступень культурнай адрознасці абедзьвух рэлігійных супольнасцяў да сённяшняга дня ў дастатковай ступені не разгледжана ў навуцы“ [223, s.156]. Між тым яшчэ напачатку 19 ст. пачынальнік беларускай фалькларыстыкі Зарыян Даленга-Хадакоўскі (Адам Чарноцкі) заўважыў, што ў "рускіх" (уніяцкіх) прыходах значна больш захавалася старажытных абрадаў і ўзораў народнай творчасці, чым у каталіцкіх [202, s.183]. Даленга-Хадакоўскі тлумачыў азначаны факт большай лагоднасцю і дабразычлівасцю "рускіх" святароў да слядоў паганства ў народным жыцці. Пацверджаннем гэтага таксама з’яўляецца і той факт, што многія уніяцкія, а пазней праваслаўныя святары ахвотна прымалі ўдзел у збіранні фальклору, апісаннях народных звычаяў і традыцый. Сярод каталіцкага духавенства ў 19 ст. вельмі цяжка знайсці аматараў гэтай справы. Сучасніца Даленгі-Хадакоўскага Марыя Чарноўская пісала ў 1817 г. пра беларускіх сялян Магілёўшчыны: “Увогуле вяскоўцы не вельмі як на свой стан грунтоўна асвечаныя ў рэлігійнай навуцы і няздольныя адчуць розніцу, без выключэння выконваюць усё, чаму іх навучылі паданні продкаў, і ў духу аднолькавай набожнасці з добрай верай выконваюць абрады паганскія, як і хрысціянскія, спалучаючы часта адныя з другімі… Не ўмеюць вытлумачыць ні значэння, ні прычыны таго, што робяць. Увесь адказ, што так рабілі нашыя продкі і так кажуць старыя людзі“ [223, s.182]. Таксама У.Сыракомля ў сваіх "Вандроўках…" адзначае: "…сяляне з Прынямоння – размаўляюць на беларускай гаворцы, вызнаюць грэка-расійскую альбо каталіцкую веру, прычым веданне імі сваёй роднай веры абмяжоўваецца толькі тым, што яны ўмеюць памаліцца, прыродная ж славянская пачцівасць сцеражэ іх сумленне, здаровы сялянскі розум замяняе навуку" [142, c.290].

    На большы кансерватызм і архаічнасць праваслаўнай сялянскай грамады звяртае ўвагу польскі даследчык беларускага паходжання Уладзімір Паўлючук: "Праваслаўны селянін – глыбока ўросшы ва ўласную этнічную групу – быў носьбітам і прадаўжальнікам яе своеасаблівай і па сутнасці паганскай культуры. Дахрысціянскія элементы ў праваслаўных супольнасцях захаваліся ў непараўнальна большай ступені, чым у супольнасцях каталіцкіх, на што даўно звярталі ўвагу" [221, s.48]. Р.Радзік сцвярджае, што “распад традыцыйных сацыяльных структураў, які выклікаў аслабленне навыковых сувязяў, характэрных для невялікіх лакальных супольнасцяў, больш хутка адбываўся ў каталіцкіх супольнасцях, чым у праваслаўных“ [223, s.187].

    Пра моц і глыбіню паганскіх традыцый у беларускай вёсцы сведчаць шматлікія факты, зафіксаваныя ў 19 і нават напачатку 20 ст. этнографамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі. Найбольш уражваюць сярод іх выпадкі прынашэння людзей у ахвяру паганскім бажаствам. Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў 1831 г. у вёсцы Кавалевічы Слонімскага павета, калі пад час эпідэміі халеры сяляне закапалі жыўцом у зямлю маладую жанчыну Параску Шведаву. Гарадзенская крымінальная палата паведамляла ў Сенат: "Са справы відаць, што сяляне вёскі Кавалевічы вырашылі закапаць Праскоўю Шведаву паводле забабонаў, якія паходзяць са старажытнасці і ў надзеі выратавацца ад смерці ў часе існавання тады хваробы халеры, але паколькі гэтага рабіць ім не патрэбна было, а павінны былі даверыцца на міласэрнасць усявышняга, да каго мусілі звяртацца з малітвамі, то крымінальная палата прызнала іх свядомымі забойцамі…“ [16, aрк.3]. Кіраўнікоў вясковай грамады асудзілі на катаргу. Такімі жорсткімі мерамі ўлада спрабавала выкараніць сляды паганства.

    П.Баброўскі лічыў наяўнасць паганскіх элементаў адной з важных асаблівасцяў беларускай этнічнай культуры. Ён пісаў пра сялян Гарадзеншчыны: “Неабгрунтаванае і бессэнсоўнае вераванне ў некаторыя прыродныя здарэнні, як у штосьці незвычайнае, забабоны, вера ў чараўніцтва і вядзьмарства, ствараюць для іх рэлігію, сваю мараль, загадку і разгадку штодзённага жыцця, лёсавызначальную кнігу. З недахопу сапраўдных рэлігійных перакананняў, машынальна выконваючы ўсе царкоўныя абрады, тутэйшы селянін, будзь ён праваслаўны ці каталік, стварыў сваю веру, сваю маральную філасофію…“ [153, Т.1, c.821]. Разам з тым П.Баброўскі падкрэсліваў і розную сілу ўплываў праваслаўнага і каталіцкага духавенства на сваіх прыхаджан. Будучы праваслаўным, ён тым не менш прызнаваў перавагу каталіцкіх ксяндзоў: “Каталікі старанныя ў веры сваёй і храмы іх заўсёды напоўненыя; яны цалкам паслухмяныя ўказанням сваіх рэўнасных пастыраў. <…> Само рымскае духавенства строга сочыць за выкананнем хрысціянскіх абавязкаў і знаходзіць сродкі ўтрымліваць пры касцёлах прытулкі і школы“ [153, Т.1, c.692]. Праўда, актыўная падтрымка ксяндзамі школьніцтва не знаходзіла адабрэння ў П.Баброўскага, паколькі: “Польская грамата адлучае дзяцей ад іх роднай рускай мовы, на якой размаўлялі іх дзяды і бацькі“ [153, Т.1, c.692]. Адносна ж праваслаўных сялян П.Баброўскі прызнаваў, што яны “неахвотна наведваюць праваслаўныя цэрквы, часта аддаючы перавагу касцёлам, да якіх іх прывучыла уніяцкая царква“. Іншай прычынай было тое, што “значную частку часу свяшчэннік павінен патраціць на дагляд за гаспадаркай, а гэта перашкаджае яму ў выкананні непасрэдных абавязкаў“ [153, Т.1, c.692]. Для выпраўлення становішча, на думку даследчыка, “вельмі карысным сродкам былі б павучэнні на народнай мове“.

    Даследчыкі найчасцей звяртаюць увагу на розніцу ўзроўня пісьменнасці каталіцкага і праваслаўнага насельніцтва. Паводле дадзеных перапісу 1897 г., сярод праваслаўных беларусаў Гарадзенскай губерні працэнт пісьменных складаў 17,3, а сярод каталікоў – 35,4. Прычым сярод жанчын праваслаўнага веравызнання азначаны паказчык дасягаў усяго 5,4 %, а сярод каталічак – 31,2 %.

    Для пацверджання прывядзём матэрыялы з канкрэтнага мікрарэгіёну. Намі былі даследаваны перапісныя лісты 1897 г. з некалькіх вёсак Гарадзенскай пушчы. Праваслаўная вёска Шчанец налічвала 92 двары і 645 душ абодвух палоў [52]. Агульны паказчык пісьменнасці складаў 19,3 %. Сярод дарослых мужчын гэты паказчык дасягаў 46 %. Прычым сярод 84 пісьменных мужчын толькі 2 скончылі народныя вучылішчы. Сярод жанчын працэнт пісьменных складаў усяго 2,3 %. Паказчык пісьменнасці сярод хлопцаў да 18 гадоў дасягаў 42 %, прычым толькі 2 пісьменных з 36 вучыліся ў народных вучылішчах. Цікава, што ў суседніх, адносна невялікіх праваслаўных вёсках, узровень пісьменнасці быў вышэйшым. Прычына гэтага, напэўна, палягала ў тым, што ў маленькіх паселішчах людзі ў меншай ступені пакутавалі ад церазпалосіцы і зямельнага голаду і таму жылі звычайна трохі багацей, а нейкі лішак грошаў ці прадуктаў селянін ужо мог патраціць на навуку сваіх дзяцей. У вёсцы Шкленск, якая налічвала 10 двароў і 91 жыхара, сярод дарослых мужчын працэнт пісьменных дасягаў 67 % [51]. У каталіцкай вёсцы Ліхачы, якая знаходзілася ў паўночнай частцы Гарадзенскай пушчы, налічваліся 83 двары і 444 жыхары [49]. Большасць з іх прызналі роднай мовай польскую, і толькі 12 чалавек – беларускую. Агульны паказчык пісьменнасці складаў 48,4 %. Сярод дарослых мужчын ён дасягаў 60 %, сярод жанчын – 37 %, хлопчыкаў да 18 гадоў – 60 %, дзяўчынак – 54 %. Прычым амаль усе пісьменныя вяскоўцы сцвярджалі, што валодаюць польскай граматай.

    Змешанае паводле канфесійнай прыналежнасці насельніцтва насяляла вёску Сабаляны. Большасць належала да каталіцкай канфесіі, а прыкладна чвэрць – да праваслаўнай. У Сабалянах налічвалася 38 двароў і 273 жыхары [50]. Практычна ўсе яны прызналі роднай мовай беларускую, хаця ў статыстычных матэрыялах сярэдзіны 19 ст. насельнікаў гэтай вёскі яшчэ далучалі да літоўцаў. Агульны паказчык пісьменнасці ў Сабалянах складаў 53 %. Сярод дарослых мужчын ён дасягаў 71 %, жанчын – 39 %, хлопчыкаў – 64 %, дзяўчынак – 72,5 %. Прычым і каталікі, і праваслаўныя ў гэтай вёсцы дэкларавалі ўменне чытаць і пісаць па-польску.

    Такім чынам, калі працэнт пісьменных мужчын сярод праваслаўнага і каталіцкага насельніцтва быў адносна супастаўляльны, то сярод жанчын-каталічак гэты паказчык быў непараўнальна вышэйшым. Падобная сітуацыя з’яўлялася вынікам актыўнай асветнай дзейнасці каталіцкага духавенства, якую яно праводзіла, не зважаючы на рэпрэсіі з боку дзяржаўнай улады. Натуральна, што касцельная навука звычайна абмяжоўвалася ўменнем чытання малітоўніка. Тым не менш гэта павінна было мець ўплыў на жыццё сялянскай грамады, у прыватнасці, на ментальнасць вясковых жыхароў.

    Адрозненні паміж каталіцкім і праваслаўным насельніцтвам прасочваюцца таксама паводле дэмаграфічнай статыстыкі. Так, дадзеныя за 1850 г. сведчаць, што сярод каталіцкага насельніцтва назіраліся больш нізкія паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці. Сярод праваслаўных жыхароў Гарадзенскай губерні нараджальнасць дасягала 46 ‰, смяртнасць – 36 ‰, а натуральны прырост – 10 ‰. Сярод каталіцкага насельніцтва адпаведна 40 ‰, 32 ‰ і каля 8 ‰. Яшчэ раз адзначым, што дадзеныя тагачаснай статыстыкі, у тым ліку і царкоўнай, маглі быць недакладнымі. Аднак акрэсленая тэндэнцыя пацвярджаецца дадзенымі па асобных паветах. Напрыклад, у сельскай мясцовасці Гарадзенскага павета сярод праваслаўнага насельніцтва нараджальнасць за 1850 г. склала 48,9 ‰, смяротнасць – 36,7 ‰, натуральны прырост – 12 ‰, сярод каталікоў адпаведна 39,6 ‰, 27,6 ‰ і 12 ‰ [27, aрк.42]. Безумоўна, тут трэба ўлічваць той факт, што на дэмаграфічныя паказчыкі каталіцкага насельніцтва ўплываў даволі істотны адсотак шляхты.

    У 1905 г. дэмаграфічныя паказчыкі праваслаўнага насельніцтва Гарадзенскай губерні выглядалі наступным чынам: нараджальнасць 45 ‰, смяротнасць – 32,2 ‰, натуральны прырост – 12,8 ‰. У каталікоў нараджальнасць складала 36,4 ‰, смяротнасць – 23,6 ‰, натуральны прырост – 12,7 ‰ [127, c.28]. Сярод праваслаўнага насельніцтва ў сельскай мясцовасці нараджальнасць дасягала 45,6 ‰, смяротнасць – 32,9 ‰, натуральны прырост – 12,77 ‰. Сярод каталіцкага сельскага насельніцтва: нараджальнасць – 38,5 ‰, смяротнасць – 25 ‰, натуральны прырост – 13,55 ‰.

    У 1913 г. назіраем працяг азначанай тэндэнцыі. Сярод праваслаўнага насельніцтва Гарадзенскай губерні нараджальнасць складала 40,75 ‰, смяротнасць – 24,2 ‰, натуральны прырост – 16,5 ‰. Сярод каталікоў адпаведныя паказчыкі выглядалі так: 29,5 ‰, 18 ‰ і 11,37 ‰ [128].

    Безумоўна, дэмаграфічныя працэсы патрабуюць грунтоўных спецыяльных даследаванняў. Тым не менш можна выказаць меркаванне, што сярод каталіцкага насельніцтва Гарадзеншчыны раней пачалі выяўляцца рысы так званай дэмаграфічнай трансфармацыі, звязанай з працэсамі індустрыялізацыі традыцыйнага аграрнага грамадства. Яе сутнасць, калі гаварыць у самых агульных рысах, палягае на пераходзе людскіх супольнасцяў ад гістарычнага стану раўнавагі асноўных дэмаграфічных параметраў (нараджальнасць, шлюбнасць, плоднасць, смяротнасць, натуральны прырост) да т.зв. сучаснага стану раўнавагі з прынцыповымі зменамі ўзгаданых параметраў у бок памяншэння [236, s.95-96].

    Ва ўсіх прыведзеных намі прыкладах паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці сярод каталіцкага насельніцтва былі больш нізкімі, чым сярод праваслаўнага. Гэта сведчыць пра наяўнасць больш дасканалага механізму кантролю за развіццём дэмаграфічных працэсаў. Тут, верагодна, адыгрывала ролю наследаванне з боку сялян узораў паводзін шляхецкіх сем’яў, з якімі яны часта сустракаліся ў касцеле і многае ведалі пра іх звычкі і стыль жыцця. Напэўна мелі значэнне і адпаведныя павучэнні ксяндзоў. Магчыма, што наступствам азначанай дэмаграфічнай сітуацыі стала тое, што жанчыны ў каталіцкіх вёсках мелі больш вольнага часу, які маглі прысвяціць касцельнай навуцы.

    Вельмі цікавым уяўляецца пытанне: Ці меў рэлігійны фактар уплыў на гаспадарчае жыццё сялян? Архіўныя матэрыялы не дазваляюць сцвярджаць, што існавалі нейкія заўважныя адрозненні ў гэтай сферы паміж праваслаўнымі і каталікамі. Трэба адзначыць, што акрэсленае пытанне з’яўляецца вельмі складаным для даследавання. У якасці спраўджальнага крытэрыя мы выбралі ацэнку сялянскіх гаспадарстваў падатковымі інспектарамі за 1909 г.. У гэтых матэрыялах асобна падаваліся звесткі пра каталікоў і праваслаўных. Аналіз азначаных звестак на дае падставаў гаварыць пра наяўнасць адрозненняў. Напрыклад, у Лашанскай, Скідзельскай, Валпянскай, Азёрскай валасцях Гарадзенскага павета трохі вышэйшым быў сярэдні паказчык ацэнкі гаспадарстваў праваслаўных сялян, а ў Верцялішкаўскай, Горніцкай, Крынкаўскай, Індурскай, Мастоўскай, Каменскай – каталікоў. У Заблудаўскай воласці Беластоцкага павета сярэдні паказчык ацэнкі праваслаўных гаспадарстваў складаў 511 рублёў, а каталіцкіх – 592. У Гарадоцкай воласці таго ж павета – 468 і 393 рублі адпаведна [41]. Тут трэба ўлічваць, што развіццё рынкавых адносінаў і ўзровень заможнасці сялянскага насельніцтва былі вышэйшымі ў паўночна-заходняй частцы Гарадзенскай губерні. Таму аб’ектыўным з’яўляецца толькі параўнанне гаспадарак у адным мікрарэгіёне.

    Пэўныя адрозненні паміж праваслаўнымі і каталікамі назіраліся і ў іншых сферах сацыяльнага жыцця. Паводле дадзеных Гарадзенскай судовай палаты за 1880 г., сярод асобаў, асуджаных за розныя злачынствы, праваслаўныя складалі 28 %, а каталікі – 40,5 % [4а, арк.47 адв.]. Сярод тых, хто быў пакараны за выступленні супраць парадку кіравання каталікі складалі амаль 58 %, праваслаўныя – 39 %, сярод злачынстваў супраць асобы на долю каталікоў прыходзілася 74 %, праваслаўных – 12 %. Праўда, у прыведзеных статыстычных дадзеных не ўлічвалася станавая прыналежасць злачынцаў. На нашу думку, гэтыя адрозненні не былі абумоўлены найперш канфесійным фактарам. Рост злачыннасці звычайна спадарожнічаў працэсам распаду традыцыйнага грамадства. Каталіцкае насельніцтва пераважала ў тых рэгіёнах губерні, дзе азначаныя працэсы праяўляліся на той час з найбольшай сілай.

    У цэлым можна сцвярджаць, што каталіцкі касцёл аказваў большы ўплыў на жыццё сваіх прыхаджан-сялян, чым праваслаўная царква. Даволі часта ксёндз выконваў не проста функцыі святара, але і настаўніка, арганізатара розных грамадскіх спраў і нават суддзі. Гэтаму садзейнічала і тая акалічнасць, што большасць каталіцкага парафіяльнага духавенства напачатку 20 ст. ужо паходзіла з сялян. Сярод навучэнцаў Віленскай каталіцкай семінарыі ў 1912 г. 122 належалі да сялянскага саслоўя, 28 паходзілі з мяшчан і 24 са шляхты [150, c.487-491]. Ва ўмовах Расійскай імперыі, калі каталікоў дыскрымінавалі пры паступленні ў настаўніцкія семінарыі і на чыноўніцкую службу, кар’ера святара была самай прываблівай магчымасцю сацыяльнага поспеху для сялян-каталікоў.

    Натуральна, што ксяндзы сялянскага паходжання цудоўна ведалі вясковае жыццё, праблемы і ментальнасць сялян. Яны маглі заваяваць сабе аўтарытэт найперш абаронай інтарэсаў сваіх прыхаджан перад дзяржаўнай уладай і абшарнікамі. Гэты маральны аўтарытэт каталіцкага духавенства на вёсцы звычайна быў настолькі высокі, што прапаганда нацыянальнай ідэі, не падтрыманая мясцовым святаром, практычна не мела шанцаў на поспех.

    Намі вышэй ужо адзначалася, што сярод каталіцкага духавенства напачатку 20 ст. пачынае фармавацца беларуская нацыянальная плынь . У 1904 г. Віленскае рыма-каталіцкае біскупства на запыт да святароў даць інфармацыю аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці атрымала даволі шмат адказаў з пацвярджэннем прыналежнасці да беларускай нацыянальнасці [185. s.66]. Ксёндз Пяскоўскага касцёла Ваўкавыскага дэканата А.Асціловіч пісаў: "имею честь почтительнейше донести, что я принадлежу к народности кривичской" [185, s.66]. Зборнікі Францішка Багушэвіча, “Наша Ніва“, “Беларус“ і іншыя беларускамоўныя выданні абуджалі ў асяроддзі каталіцкіх святароў беларускую нацыянальную свядомасць. Асабліва вялікую ролю адыгрывала навучанне ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, з якой выйшлі дзесяткі нацыянальна свядомых ксяндзоў-беларусаў: Францішак Будзька, Адам Лісоўскі, Францішак Грынкевіч, Люцыян Хвецька, Уладзіслаў Талочка, Ільдэфонс Бобіч, Фабіян Абрантовіч, Адам Станкевіч, Міхаіл Пятроўскі, Вінцэнт Гадлеўскі, Антон Неманцэвіч, Андрэй Цікота і інш. [185, s.77] Тут, як і ў выпадку беларускіх народнікаў-гомаўнаўцаў, адыгрываў сваю ролю фактар адрыву ад радзімы, выйсця з-пад ціску польска-расійскага ідэалагічнага супрацьстаяння. Вельмі важным было тое, што ў Пецярбурзе ксяндзы беларускага паходжання сустракаліся са свядомымі сваёй нацыянальнай прыналежнасці літоўцамі, латышамі, немцамі, а гэта прымушала іх падвергнуць крытычнаму разгляду аксіёму тоеснасці польскасці з каталіцтвам. Асабліва вялікім быў уплыў літоўскіх ксяндзоў на пашырэнне беларускай свядомасці сярод беларусаў-каталікоў. Адзін з лідараў беларускага руху Антон Луцкевіч пісаў на гэты конт:

    "Між іншым, вялікую паслугу беларускай справе аказваюць літоўскія ксяндзы патрыёты, якія жывуць у беларускіх прыходах. Справа ў тым, што віленскія епіскапы-палякі, якія не спачуваюць літоўскаму нацыянальнаму руху… імкнуцца сістэматычна выдаляць з літоўскіх прыходаў тых ксяндзоў-літоўцаў, якія дзейсна працуюць над адраджэннем свайго народу. Тут, не ведаючы беларускай мовы, яны міжволі доўгі час з’яўляліся паланізатарамі беларусаў, паколькі ўжывалі ў стасунках з народам выключна польскую мову. Цяпер жа, калі пачалося беларускае адраджэнне, літоўскія ксяндзы зразумелі сваю адмоўную ролю і імкнуцца выправіць міжвольнае зло, якое на працягу многіх гадоў рабілі беларусам. Цяпер яны з’яўляюцца рэўнаснымі сейбітамі ў народзе нацыянальнай свядомасці, і за гэта ім вялікі дзякуй!" [118, c.72]

    Некаторыя ксяндзы мясцовага паходжання напачатку 20 ст. распачалі беларускую нацыянальную агітацыю сярод сваіх прыхаджан. Адзін з чытачоў беларускага выдання "Chryscijanskaja dumka" пісаў у пазнейшыя часы: "Беларуская нацыянальная свядомасць у нашай воласці стаіць хоць не надта высока, але ўсё ж такі многа больш пашырана, як у суседніх. Першыя зярняткі гэтай былі тут пасеяны яшчэ перад вайною, прыблізна ад 1907 г., дзякуючы тутэйшаму пробашчу каталіцкаму сьв. п. кс. Л. Кавэцкаму і сьв. п. кс. Гарасімовічу…" [185, s.68]. Вядомы беларускі дзеяч ксёндз В.Гадлеўскі ўзгадваў пра свайго бацьку: "Калі паўстаў беларускі рух, мой бацька прыльнуў да яго шчыраю душою і стараўся пашыраць. Бывала стане ў Поразаве перад касцёлам з "Беларусам" у руках і чытае, а каля яго цэлае грамада людзей. Слухаюць, дзівяцца з "простай" газеты, а бацька выказвае патрэбу беларускага друку" [125, c.130]. Я.Трацяк налічвае звыш дзесятка каталіцкіх святароў, якія шырылі перад вайной беларускасць у сваіх прыходах [185, s.69].

    І ўсё ж беларускі нацыянальны кірунак у даваенны перыяд яшчэ не мог на роўных канкураваць з польскасцю ў асяроддзі каталіцкага духавенства. Паводле дадзеных губернскай адміністрацыі за 1911 г., са 118 каталіцкіх ксяндзоў у Гарадзенскай губерні 31 лічыў сябе беларусам [13, aрк.1-25]. Сярод навучэнцаў Віленскай семінарыі за 1912 г. 119 задэкляравалі сябе палякамі, 34 літоўцамі і 25 беларусамі [150, c.487-491]. Аднак рост колькасці свядомых беларусаў сярод каталіцкага духавенства быў выразным. І ўсё ж паўстае пытанне: Чаму беларуская каталіцкая супольнасць не стварыла ў 19 – пачатку 20 ст. масавага нацыянальнага руху сярод сялянскага насельніцтва, як гэта назіралася, напрыклад, у літоўцаў? Р.Радзік бачыць адной з галоўных прычынаў далучэння значнай часткі сялян-каталікоў да польскасці вялікую колькасную перавагу праваслаўных у беларускай этнічнай супольнасці і рэпрэсіі царскіх уладаў, якія стваралі для каталікоў сітуацыю асаджанай крэпасці: "Каталіцкі касцёл (зразуметы ў шырокім сэнсе гэтаксама як супольнасць вернікаў) так шмат сілаў страціў на тое, каб абараніць само сваё існаванне, што не хапіла яму энергіі на тое, каб у сітуацыі вострага нацыянальна-рэлігійнага, расійска-польскага канфлікту, ініцыяваць нацыянальную беларускасць" [223, s.200].

    Падобнай з’явы фармавання асяродку нацыянальна свядомых беларусаў не назіралася ў той перыяд сярод праваслаўных святароў. А.Луцкевіч пісаў пра іх: "Што датычыцца духавенства, то праваслаўнае настолькі цвёрда трымаюць у сваіх руках чорнасоценныя ўладыкі, што святары, якія нават спачуваюць беларускаму адраджэнню, баяцца чым-небудзь публічна выяўляць сваё спачуванне. Да таго ж прыток маладых святароў, якія сталі свядомымі беларусамі яшчэ ў часе навучання ў семінарыях, вельмі слабы, таму што… усе яны імкнуцца ва універсітэты" [118, c.70].

    У цэлым праваслаўнае духавенства мела меншы ўплыў на сваіх вернікаў-сялян у параўнанні з каталіцкім. Прыходскія святары звычайна не праяўлялі асаблівай актыўнасці ў мясцовым грамадскім жыцці, хаця і мусілі ўдзельнічаць у розных праўрадавых грамадскіх аб’яднаннях. Безумоўна, адыгрывалі ролю карпаратыўная замкнёнасць святарства, кансерватызм сістэмы духоўнай адукацыі, неабходнасць утрымліваць звычайна даволі вялікія сем’і. Дзяржаўная ўлада трактавала праваслаўнае духавенства як элемент ўрадавага апарату. У выніку ўсіх гэтых чыннікаў у асяроддзі праваслаўнага сялянства разам з захаваннем элементаў архаічных паганскіх вераванняў сярод моладзі ўсё больш пашыраліся скептыцызм і іронія адносна рэлігійнага жыцця, якія часта знаходзіліся на мяжы атэізму. Гэта адзначалі этнографы, урадавыя чыноўнікі, літаратары. Мемуарыст з Міншчыны М. Паўлікоўскі пісаў пра тамтэйшых сялян: “Малодшае пакаленне захоўвае да праваслаўнага клеру абыякавасць, афарбаваную гумарам <…> З часам размовы з палясоўшчыкамі і браканьерамі ўмацавалі ўва мне перакананне, што беларускі селянін вольнадумца, скептык, ба – агностык“ [223, s.194]. Іранічна-насмешлівае стаўленне праваслаўных сялян Гарадзеншчыны да свайго духавенства і адсутнасць моцнай рэлігійнасці адзначае карэспандэнт П.Шэйна І.Карскі [192].

    У той жа час у праваслаўным вясковым асяроддзі ўсё большую ролю пачынае адыгрываць настаўніцтва. У канцы 19 і пачатку 20 ст. яно амаль усё паходзіла з мясцовага сялянства. Настаўнік карыстаўся значным аўтарытэтам у праваслаўнай вёсцы. Гэтая група маладой інтэлігенцыі станавілася важным правадніком культурных зменаў, якія пачыналі праяўляцца ў жыцці беларускага сялянства. З часам усё большая колькасць народных настаўнікаў пачынала цікавіцца беларускімі выданнямі і далучацца да нацыянальнага руху.

    Сутыкненне расійскіх і польскіх асіміляцыйных уплываў наклала свой адбітак і на стасункі паміж праваслаўным і каталіцкім сялянствам, прынёсшы ў другой палове 19 і пачатку 20 ст. пэўную адчужанасць у некаторых мясцовасцях. Часам каталіцкае сялянства пераносіла сваю крыўду на рэлігійны ўціск з боку царскіх уладаў на праваслаўных вяскоўцаў, якія захоўвалі лаяльнасць да гэтай самай улады. Аднак справа ніколі не даходзіла да варожасці. Гісторыкам не вядомыя канфлікты на рэлігійнай глебе паміж беларускімі сялянамі праваслаўнага і каталіцкага веравызнання. Па-ранейшаму часта сустракаліся і змешаныя шлюбы, нават нягледзячы на часам негатыўнае стаўленне духавенства.

    Абшарнік і вядомы дзеяч краёвага кірунку Міхал Ромер пісаў у 1913 г. у сваім дзённіку: "У гэтым краі, у Белай Русі, дзіўна перамяшаліся Усход і Захад. Гэта адбілася на пачуццёвым успрыманні народа і знайшло свой выраз у характары мясцовай культуры. Белая Русь – гэта памежжа Заходняй Еўропы і Візантыйскага Свету. Гэтыя два цывілізацыйныя тыпы, дзве гістарычныя культуры, супрацьлеглыя як два полюсы, на гэтай зямлі ў душы народа існуюць у поўнай згодзе.

    Цывілізацыйны падзел найбольш выразна адчуваецца ў рэлігіі – ва ўсходнім праваслаўі і заходнім каталіцызме. Абодва веравызнанні існуюць побач, а народная маса, не звяртаючы ўвагі на рэлігійную прыналежнасць асобы, аднолькава прымае і адну, і другую. Святы і іншыя ўрачыстасці праваслаўнай царквы збіраюць у пэўныя дні і ў пэўных месцах усё насельніцтва. Збіраюцца ў тым ліку засцянковая, акалічная і фальварачная дробная шляхта. Тое самае адбываецца і на каталіцкія святы, якія прывабліваюць праваслаўнае насельніцтва нават з далёкіх вёсак. Тым самым людзі захоўваюць традыцыі і інстынктыўна дэманструюць адзінства культуры і веры, фармальна падзеленай на два светы, на два веравызнанні [180, c.111].

    Галоўным было тое, што беларускія сяляне і праваслаўнага, і каталіцкага веравызнання адчувалі і ўсведамлялі прыналежнасць да адзінай этнічнай супольнасці. Рэлігійныя адрозненні не маглі разбіць пачуцця тутэйшай свойскасці, пачуцця прыналежнасці да адзінай малой радзімы. Культурныя ўплывы з боку царквы і касцёлу не змянялі ў заўважальны спосаб узаемныя стасункі вясковых вернікаў, якія не ўтрымлівалі элементаў этнічнай адчужанасці.

 
 

СЯРГЕЙ ТОКЦЬ - COPYRIGHT 2004 - ALL RIGHTS RESERVED