|
Ян ЧЫКВІН |
|
PL
Чыквін Ян Арцёмавіч
(псеўд. Янка Дубіцкі; 18.5.1940, в. Дубічы Царкоўныя Беластоцкай вобл., цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча), паэт, літаратуразнавец, перакладчык, доктар
філалагічных навук, прафесар Універсітэта ў Беластоку.
Нарадзіўся Ян Чыквін у сялянскай сям'і. Скончыў беларускі агульнаадукацыйны ліцэй у Бельску — Падляшскім (1959), аддзяленне рускай філалогіі Варшаўскага універсітэта (1964). Працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў Беластоку (1964-1969). З 1969 г. — асістэнт, затым ад'юнкт філіяла
Варшаўскага універсітэта ў Беластоку. З 1985 г. — дацэнт кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. З 1988 г. узначаліў польскае літаратурнае аб'яднанне "Белавежа", дзе заснаваў і пастаянна вядзе "Бібліятэчку".
Першыя вершы Ян Чыквіна надрукаваны ў 1957 г. на старонках беластоцкай "Нівы". Аўтар паэтычных зборнікаў
"Іду" (1969), "Святая студня" (1970),
"Неспакой" (1977), "Сонечная вязь"
(1988), "Светлы міг" (1989), "Кругавая чара" (1992), "Свет першы і апошні" (1997), "Крэйдавае кола"
(2002), артыкулаў па гісторыі беларускай і рускай літаратур, перакладаў на польскую мову
(між іншым "Лісце срэбнай таполі. З польскай лірыкі XX стагоддзя",
1999). Спрабаваў свае сілы ў жанрах апавядання, драматычнага твора. У перакладзе на польскую мову ў 1983 г. выйшаў яго зборнік "На парозе свету" —
"Na progu świata" і "Сонечнае спляценне" — "Splot słoneczny"
. У 1997 г. выйшла яго кніга "Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа", у перакладзе — "Odpoczynek przy wyschniętym źródle" (1996).
Ян Чыквін з'яўляецца рэдактарам літаратурна-мастацкага і
беларусазнаўчага часопіса "Тэрмапілы" і "Бібліятэкі БЛА
"Белавежа".
Плённа супрацоўнічае з пісьменнікамі
Беларусі. З'яўляецца сябрам ГА "Міжнародная асацыяцыя беларусістаў" і Міжнароднага ПЭН-клуба ад Беларускага ПЭН-цэнтра, членам галоўнага праўлення Саюза польскіх пісьменнікаў (1990).
Адям Мяльдзіс
крыніца:
Хто ёсць хто сярод беларусаў свету. Энцыклапедычны даведнік. Частка 1. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах / Рэдакцыйная калегія: А. Мальдзіс і інш. - Мн. "Энцыклапедыкс", 2000. - 334 с.
|
|
|