|
хронiка Белай Русi
рэзюмэ: by
eng
de
поўны
тэкст
рэцэнзii
палеміка
апошнія
артыкулы
матэрыялы па картаграфii
Беларусь на Эбсторфскай
карце
Планы з калекцыі
Фюрстэнхофа
план
Полацка 1707 г.
Ідрысi
cкладаны варыянт
cпрошчаны варыянт
Менск. Загадкавы медзярыт
“Лiтоўская кунсткамера”
Голад у краiне Русь i Лiтва
лятучыя лісткі пра
Полацк
пра Дальберга i ягоны дзённiк
артыкулы
“белае” пiва
бручка
верашчака і мачанка
грэчка
калдуны
капытка ці
капыткі?
кілбаса, пальцам пханая
кішка
крамбамбуля
«Культавы» селядзец
лазанкі
Марцін Святы
— губіцель гагаты
смажні, кнышы, кулебякі
харчаванне ў перыяд ВКЛ
харчаванне ў перыяд Рас. імперыі
In Laudem Cerevisiae
На хвалу Піва
Belarusian Beer Lacks
Genealogy
Forgotten brand: сыр Лiтоўскi
радыёперадачы
"Беларуская Атлантыда"
На Хвалу Піва
Белая Русь… Science
Fiction?
Тэатр сармацкага жэсту
Гарбата ў Беларусі
Мінулае беларускага
баброўніцтва
Камора тартураў...
Сярэднявечныя сьмяротныя
пакараньні
Cелядзец па-беларуску
125-гадовы юбілей
“трэцяга сэктару” Беларусі
Дабрабыт магілёўца...
Віно ў беларускай традыцыі
Традыцыя вырабу сыроў
у Беларусі
Панамі будзеце, панамі!
Беларусь на Верхняй Волзе
Беларусь і Цюрых у XVI ст.
| |
Гэтая доўгая і заблытаная гісторыя пачынаецца яшчэ ў канцы 16 ст, калі галандскі менаніт Амброзій Вермёлен (Ambrosien Vermoellen), уцякаючы ад пераследаванняў на радзіме, пасяліўся ў Гданьску, дзе заснаваў гарэльню , якая вырабляла некалькі відаў моцных напояў паводле арыгінальных рэцэптаў. Першы зборнік гэтых рэцэптаў, які дайшоў да нашага часу, паходзіць з 1606 г. (у гэты год у Маскве якраз забілі Ілжэдзмітрыя І, і Рэч Паспалітая пачала рыхтавацца да адкрытай ваеннай інтэрвенцыі ў Расію). Справы ў прадпрыемства ўвесь час ішлі ўгару, і праз стагоддзе пасля заснавання, у 1704 г., гарэльня перабралася на самую прэстыжную вуліцу Гданьска Breitgasse (Шырокую), ў дом з ласосем на шыльдзе, і атрымала назву "Der Lachs" (“Ласось”). Тут прадпрыемства праіснавала, пераходзячы ўвесь час да наступных пакаленняў той самай сям’і (улічваючы і жаночую лінію, бо ў 1711 яго ўспадкаваў зяць апошняга з Вермёленаў, Дірк Хекер - Dirck Hekker), да 1922 г., калі эканамічны крызіс пасля 1-й Сусветнай вайны і цяжкасць камунікацыі з асноўнымі рынкамі збыту прымусілі перавесці яго ў Берлін. Само прадпрыемства існуе і дагэтуль (пад назвай Hardenberg-Wilthen AG).. Дом “Пад Ласосем” быў разбураны ў ІІ Сусветную вайну, але пасля адноўлены, і цяпер тут – рэстарацыя “Пад Ласосем” (ul. Szeroka Nr. 52-54), якая старанна захоўвае памяць пра больш як 400-гадовую традыцыю.
Два найбольш славутыя прадукты гданьскай “ласасёвай” гарэльні яшчэ ў 17 ст. атрымалі вядомасць як у Рэчы Паспалітай, да якой Гданьск належаў палітычна, так і ў Германіі, часткай якой ён быў у культурным аспекце. Адной з іх была гданьская гарэлка, або “залатая вада” (wódka gdańska, Goldwasser), традыцыйная настойка на зёлках і карэннях. Асаблівую прывабнасць ёй надавалі некалькі лісткоў тонкай залатой фольгі, якія плавалі ў кожнай фляшы. Гданьскай гарэлцы прыпісваліся лекавыя і ледзь не цудатворныя ўласцівасці. Шматвекавая слава гарантавана забяспечыла ёй месца ў энцыклапедычнай паэме А.Міцкевіча “Пан Тадэвуш”.
Суддзя шкатулку ў гонар той аблавы
Дастаў, адкрыў, i пляшак блiснулi галовы.
Ён выняў самы большы буталь адмысловы
(Багаты падарунак ад ксяндза Рабака).
Гарэлка з Гданьска, дарагая для паляка.
“Няхай жыве!— сказаў Суддзя з паднятай чашай,—
Наш горад Гданьск, зноў быць яму ва ўладзе нашай!”
I па чарзе ўсiм налiваў лiкёр срабрысты.
Пакуль дно залатым не заблiшчала лiстам.
Менш вядомым, хаця таксама культавым, прадуктам гарэльні “Ласось” быў ядлаўцовы лікёр Krambambuli (або Crambambuli, але ў кожным разе націск на апошнім складзе; у польскай мове націск заканамерна пераносіцца на перадапошні склад). Гэтае вонкава-лацінскае, або “макаранічнае” слова паходзіць ад слоў Krandewitt (дыял., саст. “ядловец”) і Blamp (жарг. “алкагольны напой”, “пойла”). Пачаткова крамбамбуля была ядлаўцовай гарэлкай - джынам! Але паступова мода на крамбамбулю парадзіла мноства імітацый, якія ў Германіі так ці інакш круціліся вакол інтэнсіўнага чырвонага колеру арыгінальнага прадукту. (Праўда, яго крыніцай часцей былі не ягады ядлоўцу, а вішні). У нас жа не дбалі і пра колер, і крамбамбуля зрабілася пераважна жоўтай. Дробны шляхціц, які хацеў жыць як магнат, імкнуўся вырабляць ўсё “як у людзей” у хатняй гаспадарцы, не трацячы ані шэлягу грошай. (Імітацыя, фальсіфікацыя і мімікрыя – непераадольныя з’явы ў Беларусі, і не толькі ў сферы матэрыяльнай вытворчасці, але і ў інтэлектуальнай дзейнасці). Так арыгінальны джын, далёка ад Гданьску, саступіў месца саматужным кактэйлям ды пуншам. І для сучаснай масавай свядомасці ў германамоўных краінах і далей на Захадзе “крамбамбулі” - гэта рачэй не фабрычны напой, а самаробны пунш або глінтвейн.
Аднак сапраўдную папулярнасць Krambambuli набыў не ў Рэчы Паспалітай, дзе ў яго былі моцныя спаборнікі – мёд ды крупнік, а ў Германіі. У нямецкім студэнцкім жаргоне 17-19 стст. ст. слова Krambambuli ўжывалася спачатку ў значэнні “алкагольны кактэйль”, “глінтвейн”, а пазней як сінонім любога алкаголю, прыкладна як “бырла” ці “выпівон”. Недзе на пачатку 18 ст. паўстала студэнцка-піяцкая песня Krambambuli, якая праслаўляла “адвечныя каштоўнасці” бесклапотнага студэнцкага жыцця і ў некаторых варыянтах налічвала больш за 100 куплетаў, кожны з якіх канчаецца клічам Krambimbambambuli, Krambambuli! “Кананічны” варыянт песні быў напісаны ў 1745 г. паэтам Крыштафам Ведэкіндам, пад псеўданімам Crescentius Coromandel. (Азнаёміцца з тэкстам на больш даступнай большасці расейскай мове можна тут:
http://www.livejournal.com/users/audiart/98866.html). Песня неўзабаве да такой ступені зраслася ў масавай свядомасці з самім напоем, што яны ўспрымаліся як адзінае цэлае. Польская даследчыца традыцый кулінарыі Ганна Шымандэрская ў кнізе Na Polskim stole, выдадзенай у 2005 г., нават піша, што назва напою паходзіць ад папулярнай студэнцкай песні – нават прафесіяналам не заўжды хапае цярпення дакапацца да сапраўдных каранёў, тым больш што абвешчаны ў пэўных колах Трыюмф Постмадэрнізму нібыта і робіць гэта непатрэбным (каб не сказаць “шкодным”). Апроч таго, ёсць яшчэ і песня Der Krambambulist. Неяк так склалася, што музыка спадарожнічае Крамбамбулі ўсю яе гісторыю. У германамоўных краінах ёсць прынамсі 2 гурты, якія называюцца “Крамбамбулі”: Нямецкі К.
(http://www.krambambuli-musik.de) грае настальгічныя танга ды свінг. Швайцарскі
(http://www.krambambuli.ch) аддае перавагу Моцарту ды Шуману.
Чарговае пераасэнсаванне слова масавай свядомасцю звязанае з апавяданнем аўстрыйскай пісьменніцы Марыі фон Эбнер-Эшэнбах (Marie von Ebner-Eschenbach, 1883). Яе галоўны герой – сабака, якога завуць Krambambuli. Станоўчаму персанажу, егеру Хопу таямнічы абадранец Руды дорыць яе ў кнайпе за выпіўку, і праз нейкі час яны сутыкаюцца ізноў, па розныя бакі Закона: Руды выяўляецца правадыром рабаўнікоў акругі, забойцам ляснічага, а сабаку давядзецца рабіць пакутлівы выбар паміж старым і новым гаспадарамі. Апавяданне доўгі час было папулярным у германамоўных краінах, і тройчы экранізавалася: у 1940 рэжысёрам Карлам Кёстлінам, у 1955 пад назвай “Радзіма” (Heimatland) рэжысёрам Францам Антэлем (у абодвух фільмах ролю егера Хопа граў Рудольф Прак). Апошняя экранізацыя адбылася зусім нядаўна, ў 1998 г. (рэж. Ксавьер Шварцэнбергер).
Найноўшую беларускую гісторыю крамбамбулі, якая пачынаецца ўжо ў ХХІ ст., добра апісаў Віктар Корбут у “спажывецкім” нумары Спадчыны (№2-3 за 2003 г.), які пакуль яшчэ не стаў бібліяграфічнай рэдкасцю, таму цікаўных адрасую да яго:
http://kamunikat.net.iig.pl/www/czasopisy/spadczyna/2003-2-3/22.htm
“Пачалася гэтая гісторыя ад Эдварда Зайкоўскага, які разам з Галінаю Тычкаю ўклаў і выдаў у 1995 годзе кнігу «Старадаўняя беларуская кухня». Гэты дапаможнік для кухараў-рамантыкаў можа прыдацца аматарам смачна паесці і папіць не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, і ў Польшчы. Бо рэцэптаў з дажыгімонтаўскіх часоў да нас дайшло каліўца, а ўся застольная культура з яе стравамі і рэцэптамі, выкладзеная ў кнізе, — спадчына Рэчы Паспалітай. Кніга, праўда, не стала супербэстсэлерам. Разышлася сярод нацыяналістаў, у шырокія масы не трапіўшы з аб’ектыўных прычынаў: нашыя людзі не спадара Зайкоўскага чытаюць, а Макарэвічаў «Смак» глядзяць, а наагул не да штукарства люду паспалітаму — не ўсім на «хлеб ды малачко» стае.
Каму стае — той шчаслівы. На ўлазіны ў кагадзе пасланую лёсам кватэру дасведчаная журналістка радыё «Рацыя» Вольга Бабак прыгатавала тую самую крамбамбулю. Тады стаяла зіма 2000/01 году, Вольга пасылала на кароткія хвалі «харчовую» перадачу «Рацыён». Вычытала рэцэпт, згатавала зёлкі, змяшала з гарачаю вадкасцю — падала на стол. «Госцейкі дарагія», сярод якіх былі Аня ды Лявон Вольскія, пакаштавалі і хоць крыху здзівіліся незвычайнай гарчыні напою, але агулам засталіся задаволеныя. Пацікавіліся рэцэптам ды самі сталі цешыцца крамбамбуляю.
Аж занадта горкі напой — то віна друкароў, якія заміж пяці зернятак перцу радзілі чытачам сыпаць зелле лыжкамі. Але калі «песняры» гарчыню перажылі, а Вольскі нат песню напісаў пра Станіслава Радзівіла Пане Каханку, які, напіўшыся крмбамбулі, «спаткаўся з русалкай, і вынікам шлюбу былі селядцы», — закусвалі, пэўне, добра. Вольга Бабак адышла ў цень, паціху сабе гатуючы дома крамбамбулю, не надта афішучы сваё захапленне, а Вольскія тым часам заняліся раскручваннем здабытага ад сяброўкі брэнду. Але дзеля праўды зацемім: не было б Бабак — хто знае, калі б адкрылася беларускаму свету крамбамбуля... Хоць і тут ёсць свае загадкі. Бо сведчаць знаўцы, што ў часы гэнага вялікага адкрыцця незвычайным напоем ужо частавалі наведнікаў у менскіх «Печках-лавочках» ды «Іспанскім кутку». Мы ж пакуль вернемся да пачатку гісторыі й пацікавімся ў Эдварда Зайкоўскага, дзе ж ён вынайшаў тую крамбамбулю. Ведамы археолаг не стаў маніць і адразу ж прызнаўся, што крыніцы, з якой выпісаў рэцэпт, не памятае:
— Гэта ж не навуковае даследаванне, дзе трэ кожнае слова абгрунтоўваць.
На пытанне, ці была тая крыніца тутэйшага паходжання, спадар Зайкоўскі адказаў, што польскага, дадаўшы:
— А якая розніца. Усё адно і там, і тут елі ды пілі адно і тое ж.
Тут акурат добра было б абгрунтаваць гэнае «адно і тое ж», пагатоў ёсць звесткі, якія зняпраўджваюць і гіпатэтычную польскасць крамбамбулі. Паводле пана Зайкоўскага, рэцэпт напою ўзнік у Данцыгу — у XVIII стагоддзі, калі места было цалкам нямецкае. Нават дасюль ужо ў польскім Гданьску, расказваюць, вараць «крамбамбулі» ды маюць адмысловую песню пра нейкіх манахаў, якія дзеля тых буль-булёў трапілі ў вырай.
Зрэшты, тое было даўно і няпраўда. Цяпер беларускасць крамбамбулі — спраўджаны факт. Скажам за гэта дзякуй братам Дайнекам. Дзякуючы іхнай фірме «Беларускае пітво» «легендарны напой часоў Вялікага Княства Літоўскага», як называюць крамбамбулю рэкламныя ўлёткі, стаў адным з абліччаў Беларусі XXI cтагоддзя. Маладая еўрапейская нацыя дзякуючы выпадку і фартуне займела гістарычны напой з цьмянай, а праз гэта таямнічай і таму прывабнай мінуўшчынай. Што яшчэ трэба для папулярнасці? Каб у горле пякло, след пакідала. Моцная, згатаваная на мёдзе, з вялікаю колькасцю спецыяў, прывезеных з Індыі, наперчаная, з цынамонам — чым балей, тым валей!
За шляхоцкім часам спецыі дэманстравалі рэспектабельнасць, а хіба сёння іначай?
І знаўцы кажуць, што Дайнекам удалося зрабіць крамбамбулю вельмі блізкай да арыгіналу. Яна паступіла ў продаж зусім нядаўна, 22 снежня 2003 году, у дзвюх версіях — «дамскай», 25-градуснай, і 40-градуснай «класічнай», або «мужчынскай». За напоем з’явяцца адмысловыя цукеркі «Крамбамбуля». А пакуль — водгукі тых, хто каштаваў дайнекаўскую настойку «Крамбамбуля». «Дамская» папулярнейшая дзякуючы сваёй прыдатнасці пад кожную нагоду і кампанію. Хтосьці зацеміў, што са згушчаным малаком яна дае цудоўны лікёр. Не засядае ў горле і добра п’ецца. Камусьці дае пачуццё бадзёрасці. Для некага лепшая за гарэлку і каньяк (!), «як цукерка і ў галаву дае». Адным словам, водар пяшчотны, прыродны. Што да «мужчынскай», дык гэтая крамбамбуля досыць горкая, але, з іншага боку, паводле знаўцаў, мае насычаны букет водараў, у ёй добра чуюцца травы. Мае эфект пякучасці.
Зрэшты, не гэта, мабыць, найгалаўнейшае. «Неспадзяванка, нацыянальная ідэя!» — хто не згодзіцца з гэткім прызнаннем аднаго з каштаваннікаў. Цяпер гэтыя пляшачкі, аздобленыя мастачкай Аленай Дашкевіч сюжэтамі са Скарынавых кніг і малюнкам двухвостай радзівілаўскай русалкі, можна смела везці за мяжу, не бянтэжачыся, што, як у выпадку з зуброўкай, вас прымуць за паляка. Настоеныя ў невялікіх каструльках спецыі, рашчыненыя найчысцейшаю вадою, што злучаецца са спіртам, прайшоўшы 110 метраў падземных лабірынтаў у вёсцы Жажэлка Смалявіцкага раёну, — усё гэта разам дае беларускую «Крамбамбулю».
“Легендарны напой часоў ВКЛ” быў вернуты ў абыходак дзякуючы збегу акалічнасцяў і непаразуменняў, што, аднак, не ставіць пад сумненне яго легітымнасць. Адно што хацелася б паспрачацца з пурыстамі-містыфікатарамі, якія пакуль яшчэ вядуць рэй у беларускай культуры: наўрад ці нацыя стане разумнейшай і шчаслівейшай, калі ад яе старанна (дзеля “вышэйшых” рэзонаў) хаваюць генеалогію яе культурных “артэфактаў”, нязменна выпісваючы ім фальшывыя радаводы. Калі музычны праект “Крамбамбуля” будзе развівацца, дык яго аўтарам варта звярнуць увагу на нямецкую культурную гісторыю крамбамбулі, перадусім на традыцыйную студэнцкую песню. Хто хоча, можа скачаць mp3–файл адсюль:
http://r-j.oecv.at/liedgut_kneipe.php#KDIDT |