|
хронiка Белай Русi
рэзюмэ: by
eng
de
поўны
тэкст
рэцэнзii
палеміка
апошнія
артыкулы
матэрыялы па картаграфii
Беларусь на Эбсторфскай
карце
Планы з калекцыі
Фюрстэнхофа
план
Полацка 1707 г.
Ідрысi
cкладаны варыянт
cпрошчаны варыянт
Менск. Загадкавы медзярыт
“Лiтоўская кунсткамера”
Голад у краiне Русь i Лiтва
лятучыя лісткі пра
Полацк
пра Дальберга i ягоны дзённiк
артыкулы
“белае” пiва
бручка
верашчака і мачанка
грэчка
калдуны
капытка ці
капыткі?
кілбаса, пальцам пханая
кішка
крамбамбуля
«Культавы» селядзец
лазанкі
Марцін Святы
— губіцель гагаты
смажні, кнышы, кулебякі
харчаванне ў перыяд ВКЛ
харчаванне ў перыяд Рас. імперыі
In Laudem Cerevisiae
На хвалу Піва
Belarusian Beer Lacks
Genealogy
Forgotten brand: сыр Лiтоўскi
радыёперадачы
"Беларуская Атлантыда"
На Хвалу Піва
Белая Русь… Science
Fiction?
Тэатр сармацкага жэсту
Гарбата ў Беларусі
Мінулае беларускага
баброўніцтва
Камора тартураў...
Сярэднявечныя сьмяротныя
пакараньні
Cелядзец па-беларуску
125-гадовы юбілей
“трэцяга сэктару” Беларусі
Дабрабыт магілёўца...
Віно ў беларускай традыцыі
Традыцыя вырабу сыроў
у Беларусі
Панамі будзеце, панамі!
Беларусь на Верхняй Волзе
Беларусь і Цюрых у XVI ст.
| |
| Plan von Polozko
anno 1707 |
У 1972 г. тады яшчэ малады супрацоўнік Інстытута гісторыі Міхась Ткачоў апублікаваў у папярэдніку “Спадчыны”, часопісе “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі” знойдзены ім у Цэнтральным дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве СССР у Маскве план Полацка, які з таго часу ўвайшоў у літаратуру пад назвай “план Полацка 1707 г.”[1]. Сапраўды, на самім плане ёсць пазначэнне Plan von Polozko * Anno 1707, якое нібыта дае падставы ўпэўнена датаваць гэты дакумент. Але ці сапраўды ён быў выкананы ў 1707 г.?
Нам удалося адшукаць у бібліятэцы Расійскай Акадэміі навук (Санкт-Пецербург) яшчэ адзін варыянт гэтага плана[2], які не толькі пралівае святло на гэтае, чыста крыніцазнаўчае пытанне, але і дазваляе больш адэкватна ўявіць сабе гісторыю некаторых архітэктурных помнікаў слаўнага горада Полацка, якому з усіх беларускіх гарадоў найбольш пашанцавала калі не на захоўнасць саміх помнікаў, то прынамсі на багацце і разнастайнасць іканаграфічных крыніц, што даносяць да нас іх колішняе аблічча.
У адрозненне ад плана, знойдзенага М. Ткачовым, план, публікуемы на апошняй старонцы, значна больш падрабязны: ён паказвае размяшчэнне ў горадзе палкоў расійскага войска (Шарамецьева, фон Вердэна, Вестхофа і інш.); мае, ў адрозненне ад вядомага плана, дакладную даціроўку і ўказанне аўтара, што план зняты ўласнаручна (Plan von Polotzko wie Solches Dermahlen beschaffen und von mier Zugerich Anno 1707 den 18 Januar); але, ці не галоўнае, значна больш дэталёва паказвае некаторыя збудаванні Полацка часоў Паўночнай вайны, ўдакладняючы дадзеныя традыцыйнага плана. На нашу думку, гэта сведчыць пра першасны характар публікуемага плана, з якога пазней, верагодна, ў 1720-х гг. (калі не пазней), была зроблена копія, магчыма з улікам некаторых змен, якія адбыліся за гэты час (напрыклад, на востраве Заходняй Дзвіны былі пабудаваныя новыя ўмацаванні). Гэтая копія, відаць, і захавалася ў ваенна-гістарычным архіве і ўвайшла ў літаратуру. Звычайна аўтарства нямецкамоўных карт і планаў рускага паходжання, якія выкарыстоўваліся ў 1700-х гг. у войску Пятра І, прыпісваецца генералу Аларту, немцу на расійскай службе[3], але на нямецкай мове стваралі картаграфічныя творы і і іншыя запрошаныя Пятром І іншаземцы - Петэр Пікар, Адрыян Шхонэбек. Зараз цяжка ўстанавіць дакладна, хто з іх быў аўтарам гэтага плана.
Як і на традыцыйным, на “сапраўдным плане 1707 г.” добра відаць сілуэты Св. Сафіі і нейкай бажніцы, якая знаходзіцца прыкладна на тым месцы, дзе на планах Полацка 1778 і 1793 гг. паказаныя драўляныя езуіцкія касцёлы[4], прычым выяўленні гэтых будынкаў на абодвух планах нязначна адрозніваюцца адно ад аднаго. Але езуіцкі калегіюм, таксама паказаны на абодвух планах, мае на іх зусім розны выгляд. Там, дзе на традыцыйным плане фігуруе “бернардзінскі кляштар” (што выглядае памылкай, бо рэальны бернардзінскі кляштар, заснаваны вял. князем Аляксандрам у 1488 г., як вядома, знаходзіцца на процілеглым беразе Дзвіны), на магчымым прататыпе плана 1707 г. паказаны кляштар дамініканскі, што адпавядае рэчаіснасці. Істотна адрозніваюцца абодва планы і ў паказе праваслаўнай царквы на ПдУ горада. На традыцыйным плане яна выглядае амаль поўнай копіяй тагачаснае Сафіі: як у свой час адзначаў М. Ткачоў, “5-вежавая царква, амаль дакладная копія Сафіі… стаяла на ўсход ад Горнага замка, на правым беразе Дзвіны, там дзе іншыя планы горада паказваюць Мікольскую царкву”[5]. Меркаванне пра існаванне ў Полацку пач. XVIII ст. дзвюх амаль аднолькавых цэркваў абароннага тыпу паспела ўжо ўсталявацца ў літаратуры[6]. Публікуемы план дазваляе, як здаецца, ўнесці ў гэтае меркаванне карэктывы: на ім гэтая царква мае зусім індывідуальнае аблічча. Можна меркаваць, што сілуэт Св. Сафіі быў ужыты выканаўцам пазнейшае копіі ў якасці свайго кшталту ўмоўнага значка, якім ён пазначаў і месцазнаходжанне іншых праваслаўных цэркваў (Grichische Kirchen), пазначаных у эксплікацыі традыцыйнага плана літарай “К”. Размяшчэнне Grichsche Kirche на плане-прататыпе дакладна адпавядае лакалізацыі сённяшняй Багаяўленскай царквы, так што, хутчэй за ўсё, яна і прадстаўленая на плане 1707 г.: больш рэалістычна на арыгінале плана (ці копіі, больш блізкай да арыгіналу) і ўмоўна на пазнейшай копіі. Цалкам магчыма, што менавіта так і выглядала Багаяўленская царква да пажару 1757 г.
Што ж, ёсць над чым задумацца гісторыкам архітэктуры (і не толькі): ці ўсё мы ўжо ведаем пра гісторыю нават самых, здавалася б, вывучаных помнікаў нашае культуры? На жаль, дагэтуль у айчыннай гісторыяграфіі самыя розныя крыніцы, асабліва графічныя, вывучаюцца зусім не на належным узроўні, без уліку элементарных правіл археаграфіі: нават самыя вядомыя іканаграфічныя матэрыялы публікуюцца без якіх-кольвечы ўказанняў на аўтарства, дакладнае месцазнаходжанне арыгіналаў і інш. важных звестак, што надае нашай гістарычнай іканаграфіі досыць аматарскі характар (яскравы прыклад – вядомая “Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі”). Ці не надыходзіць пара парупіцца аб якасна новай арганізацыі нашай іканаграфічнай спадчыны? У цывілізаваных краінах гістарычныя выявы такога кшталту не толькі падрабязна апісаныя і каталагізаваныя, але і сабраныя ў даступныя як даследчыкам, так і выдаўцам навуковых і папулярных выданняў графічныя зборы (picture libraries). Менавіта гэта робіць на Захадзе параўнаўча лёгкай справай выданне маляўнічых і інфарматыўных кніг для шырокага чытача (так званых fact books) па розных перыядах і аспектах гісторыі -- кнігі выдавецтваў Dorling Kindersley, Usborne Publishing, Tessloff Verlag і інш. “Замак”, “Вікінгі”, “Рымляне”, “Гісторыя сярэдніх вякоў”, “Крыжакі” і г.д. -- з’яўляюцца ў рускім перакладзе адна за адной і, між іншым, карыстаюцца шырокай папулярнасцю і на нашым рынку. Нам пра такое даступнае, пераканаўчае, цікавае асвятленне айчыннай гісторыі пакуль застаецца толькі марыць – а значыць, і пра шырокую, на ўзроўні “паспалітага” чалавека вядомасць хаця б асноўных вех і персаналій гэтай гісторыі, без чаго немагчымая самаідэнтыфікацыя чалавека як належнага да культуры незалежнай еўрапейскай краіны. Але без руплівай працы па выяўленню і сістэматызацыі такога каштоўнага ілюстратыўнага матэрыяла, пошуку форм яго папулярызацыі дасягненне гэтай мэты немагчымае. Аўтар спадзяецца ў бліжэйшы час працягнуць публікацыю невядомых ці абыйдзеных дагэтуль увагай графічных крыніц па гісторыі Беларусі.
Алесь Белы
1 Ткачоў М.А. Новае пра Полацкі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. № 2. Сс. 18-23.
2 Рукапісны аддзел БАН, збор замежных рукапісаў. F°266, т. 4, л. 48 (чарцёж № 52). Пра існванне гэтага дакумента, які паходзіць з так званай калекцыі карт Пятра I, было вядома даўно (Гл.: Исторический очерк и обзор фондов рукописного отдела библиотеки Академии Наук. Карты, планы, чертежи, рисунки и гравюры собрания Петра I. С. 131, № 181). Але гісторыкі архітэктуры, магчыма, лічачы яго тоесным плану, знойдзенаму М. Ткачовым, пакінулі яго па-за ўвагай. Памер плана 32.5 Х 41 мм, прыкладны маштаб (на плане не паказаны) 1 : 6000.
3 Гольденберг Л.А. Картографические источники в. о военных действиях в 1708—1709 гг. // Полтава. К 250-летию Полтавского сражения: Сб. статей. М., 1959. С. 364.
4 Чантурыя Ю. Гарады і час // Страчаная спадчына. Мн., 1998. Сс. 238-239.
5 Ткачоў М.А. Указ. твор. С. 22.
6 Гл., напрыклад: Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiego od XV do polowy XVIII w.
Poznan, 1989. s. 199 (заўв. 48).
|