Алесь БЕЛЫ

біяграм   |   энцыклапедыя   |   рэцэнзіі   |   інтэрнэт-праекты   |   english   |   кантакт

 

  картаграфiя

  хронiка Белай Русi
      рэзюмэ: by   eng   de
      поўны тэкст
      рэцэнзii
      палеміка
      апошнія артыкулы
  матэрыялы па картаграфii
      Беларусь на Эбсторфскай
         карце

      Планы з калекцыі
         Фюрстэнхофа

      план Полацка 1707 г.
      Ідрысi
              cкладаны варыянт
              cпрошчаны варыянт

 
  іканаграфiя

  Менск. Загадкавы медзярыт
  “Лiтоўская кунсткамера”
  Голад у краiне Русь i Лiтва
  лятучыя лісткі пра Полацк
  пра Дальберга i ягоны дзённiк
 
  наша страва

  артыкулы
      “белае” пiва
      бручка
      верашчака і мачанка
      грэчка
      калдуны
      капытка ці капыткі?
      кілбаса, пальцам пханая

      кішка
      крамбамбуля
      «Культавы» селядзец
      лазанкі
      Марцін Святы — губіцель  гагаты
      смажні, кнышы, кулебякі
      харчаванне ў перыяд ВКЛ
      харчаванне ў перыяд Рас. імперыі
      In Laudem Cerevisiae

         На хвалу Піва

      Belarusian Beer Lacks
         Genealogy

      Forgotten brand: сыр Лiтоўскi
  радыёперадачы
    "Беларуская Атлантыда"

      На Хвалу Піва
      Белая Русь… Science
         Fiction?
      Тэатр сармацкага жэсту
      Гарбата ў Беларусі
      Мінулае беларускага
         баброўніцтва

      Камора тартураў...
      Сярэднявечныя сьмяротныя
         пакараньні

      Cелядзец па-беларуску
      125-гадовы юбілей 
         “трэцяга сэктару” Беларусі

      Дабрабыт магілёўца...
      Віно ў беларускай традыцыі
      Традыцыя вырабу сыроў
         у Беларусі

 
  іншыя артыкулы

Панамі будзеце, панамі!
Беларусь на Верхняй Волзе
Беларусь і Цюрых у XVI ст.

  „Жоўтыя русіны” антычнасці: магчымы этымалагічны продак „Белай Русі”?

У манаграфіі „Хроніка Белай Русі” аўтар зрабіў спробу рэканструкцыі ўзнікнення ў свядомасці сярэднявечных схаластаў уяўлення пра Белую Русь, і наступнага „набыцця радзімы” гэтым тэрмінам. Хаця на сённяшні дзень няма падстаў адмаўляцца ад асноўных высноў згаданай манаграфіі, некаторыя яе палажэнні, якія датычаць ранніх этапаў гісторыі назвы, падлягаюць удакладненню, па меры таго, як уводзяцца ў навуковы ўжытак і асэнсоўваюцца ўсё новыя факты. У прыватнасці, нельга выключаць магчымасці, што пэўны ўплыў на фарміраванне заходнееўрапейскага паняцця „Белая Русь” аказалі антычныя звесткі пра „жоўтых русінаў” (flavi Rutheni).

Пры рэканструкцыі логікі развіцця сярэднявечнай навуковай наменклатуры трэба браць пад увагу асаблiвасцi мыслення схаластаў. Іх навуковым, у т.л. i геаграфiчным і этнаграфічным поглядам былi ўласцiвыя кампiлятыўнасць, эклектычнасць, несамастойнасць. Нават пры аспрэчванні ўласным досведам аўтарытэту папярэднiкаў, дадзеныя апошнiх працягвалi суiснаваць з новымi. Псеўдагеаграфiчныя назвы, створаныя фантазiяй, а iншым разам — i неахайнасцю або несумленнасцю падарожнiкаў цi шкаляроў, звычайна не адкiдалiся за непатрэбнасцю. Іх iмкнулiся дапасаваць да малавядомых тэрыторый, калi для таго быў хоць нейкi прэтэкст, цi выкарыстоўвалi пры «хрышчэннi» толькi што адкрытых земляў. Выдатны сучасны рускі германіст А.Назаранка акрэслівае гэтую з’яву тэрмінам „антыкізацыя”, г.зн. стылізацыя, падробка пад антычнасць, прыстасаванне антычнай геаграфічнай і этнічнай тэрміналогіі пад рэаліі (або дакладней — пад вобразную сістэму) значна пазнейшых часоў.

„Жоўтыя русіны” упершыню сустракаюцца ў трактаце «Імпера­тарскія дасугі» першай чв. XIII ст. у кантэксце геаграфічнага агляду Еўропы: «Polonia in uno sui capite contingit Russiam, quae et Ruthenia, de qua Lucanus: Solvuntur flavi longa statione Rutheni» — «Польшча адным са сваіх акрайкаў мяжуе з Руссю, якая [завецца] таксама Рутэніей; пра яе Лукан [піша]: Вось і адвечный пастой сыходзіць ад русых рутэнаў»[1]. Гэта твор англійскага схаласта Гервазія Тыльберыйскага, які працаваў у паўднёвафранцузскім Арлi.

Пераклад слова flavi як „русыя” не зусім адэкватны і належыць аўтару рускага перакладу „Фарсаліі” Л. Астраумаву і яго рэдактарам (1951 г.) Насамрэч слова flavus азначае рачэй жоўты, больш дакладна — залаціста-жоўты, або саламяна-жоўты колер, колер спелай нівы і адпаведна эпітэт багіні Цэрэры, а субстантываванае flavus, паміж іншым — „залаты”, г.зн. залатую манету[2]. Марк Аней Лукан, рымскі паэт І ст. н.э. (39—65) аўтар „Фарсаліі, або паэмы пра грамадзянскую вайну”, канешне, не мог ведаць нічога пра Русь, якой у ягоныя часы проста не існавала. „Рутэны”, якіх ён згадвае — адно з кельцкіх плямёнаў, якія задоўга да н.э. пасяліліся на Пд Францыі, у басейне Роны (як мяркуюць, прыйшоўшы аднекуль з поўначы або усходу). Гэта не выпадковы, аказіянальны, але добра вядомы з розных крыніц («Нататак аб гальскай вайне» Юлія Цэзара, «Натуральнай гісторыі» Плінія) этнонім. Цытата з Лукана у Гервазія абсалютна дакладная[3]; аднак карэктны пераклад яе ў кантэксце самой паэмы І ст. „Фарсалія” і ў кантэксце схаластычнага трактату XIII ст. мусіць быць абсалютна розным: у першым выпадку гутарка ідзе пра „жоўтых рутэнаў”, у другім — пра „жоўтых русінаў”.

Паміж рутэнамі Лукана і русінамі Сярэднявечча і ранняга Новага часу няма аніякага сваяцтва. Але такое сваяцтва было па сугучнасці прыпісана ім сярэднявечнымі схаластамі XII ст., як пераканаўча давёў А.Назаранка. Наколькі яму ўдалося высветліць, упершыню антычны тэрмін Rutheni ў мадэрнізаваным значэнні «русіны», «рускія», выступае ў «Аўгсбургскіх аналах» пач. XII ст. («rex Rutenorum»), пасля чаго на працягу кароткага часу атрымлівае распаўсюджанне ў лацінамоўным пісьменстве амаль усёй Еўро­пы. Усяго на дзесяцігоддзе пазней за «Аўгсбургскія аналы» термін Rutheni ўжо паслядоўна праводзіцца ў «Хроніцы» першага польскага гістарыёграфа Ананіма Гала (які, хутчэй за ўсё, меў французскае паходжанне). З дадзеных Назаранкі бачна, што найбольш актыўна тэрмін Rutheni распаўсюджваўся па паўднёвай частцы Заходняй Еўропы (Баварыя, Аўстрыя, Чэхія, Венгрыя)[4]. Магчыма, пераасэнсаванне старажытнага тэрміну спачатку адбылося прыкладна ў той частцы Францыі, дзе ўласна і жылі Rutheni антычнасці.

Уяўленая этымалагічная сувязь паміж рутэнамі і русінамі дагматычным светапоглядам схаластаў успрымалася не метафарычна, а літаральна. Для Назаранкі „едва ли подлежит сомнению, что термин Rut(h)eni /Rut(h)enia применительно к руси / Руси относится к тому обширному классу «ученой» этно- и хоронимии средневековья, которая заменяла реальные названия заимствованиями, как правило, из античной ономастической номенклатуры по принципу либо той же территориальной приуроченности, либо большей или созвучности. В византийской литературной традиции такая тенденция была выражена очень сильно, в историографических жанрах будучи даже господствующей: Русь именовалась «тавроскифами», венгры — «гуннами», болгары — «мисянами); но и в литературе латинского средневековья она достаточно заметна»[5]. Гэта супадае з думкай, выказанай аўтарам гэтага артыкулу ў манаграфіі „Хроніка Белай Русі”: „Калi б вядомы слоўнiк лацiнскiх геаграфiчных назваў сярэднявечча Orbis Latinus складалi не ў XIX, а ў XV—XVI ст., безумоўна, разам з Thule i Riphaei, Albania i Russia туды трапiла б i Russia Alba. Гэтая вучоная назва ў дачыненнi да Ноўгарада гучала не менш узнёсла, чым Caledonia да Шатландыі, Hibernia — да Ірландыi, Lusitania — да Партугаліi, Helvetia — да Швейцарыi i г.д. Як правіла, краіны называлі імёнамі народаў, якія насялялі іх у рымскую эпоху ці ўвогуле ў такой старажытнасці, якую маглі прасачыць схаласты па сваіх крыніцах. Часта такія традыцыйныя вучоныя назвы набывалi вядомасць больш шырокую, чым аўтэнтычныя. Belgica i Britannia ўрэшце зрабiлiся афiцыйнымi для адпаведных краiн, а Bohemia доўгi час выкарыстоўвалася ў гэтай якасцi. Магчыма, часам эпiтэт alba ўвогуле не меў анiякай сэнсавай нагрузкi, а прыкладаўся да назвы Russia проста, каб падкрэслiць эрудыцыю аўтара”[6].

Больш ранні тэрмін сярэднявечнай лаціны Ruscia, які працягваў існаваць пераважна як назва краіны Русь (у адрозненне ад Rutheni, які ўжываўся пераважна як этнонім), магчыма, быў больш характэрным для Поўначы Заходняй Еўропы. Назаранка таксама звяртае ўвагу на венгерскую хроніку ХІІ—ХІІІ ст. «Дзеі венграў» (Gesta Hungarorum), у якой Русь называецца і Rutenia (аднойчы), і Ruscia (двойчы), прычым форма Ruscia абодва разы ўжытая ў складзе абароту Ruscia que Susudal vocatur[7]. Назаранка дапускае, што тут мае месца спроба тэрміналагічна адрозніць паўночна-усходнюю Ўладзіміра-Суздальскую Русь і паўднёвую (Галіцка-Валынскую), спасылаючыся пры гэтым на адносна большую распаўсюджанасць тэрміна Rut(h)eni у крыніцах, якія паходзяць з тэрыторыі Венгрыі, Аўстрыі, Баварыі (трактат 1140-х гг. «Перанясенне рукі Св. Стэфана» (rex Rutenorum) і г.д. [8] У якасці дадатковага аргумента можна прывесці той факт, што ў канцы XIII ст. венгерскi хранiст Шымон Кезаi ў сваёй апрацоўцы Gesta Hungarorum пiсаў пра перасяленне продкаў венграў з iх прарадзiмы ў IX ст.: «затым уступiлi ў Суздаль, Русь i землi чорных куманаў (Susdaliam, Rutheniam et nigrorum Comanorum terras ingressi)»[9], відавочна, таксама падзяляючы паўночную і паўднёвую Русь, прычым назва Ruthenia датычыла толькі апошняй.

У такім выпадку цалкам магчыма, што форма, у якой „белыя русіны” згадваюцца ў венгерскіх крыніцах ХІV ст. (rex Ruthenorum Alborum «Жыцця Св. Кунегунды, княгiнi Кракаўскай» і terra Alborum Rutenorum Дубніцкай хронікі) з’яўляецца заканамернай. Гэтая заўвага істотная для маёй дыскусіі[10] з Алегам Латышонкам наконт крытэрыяў магчымасці таго ці іншага „механізму” пераасэнсавання назвы Белая Русь у свядомасці кабінетных вучоных ХІІІ—XVI ст. У прыватнасці, паведамленне „Апісання земляў” Дублінскага рукапісу пра „Белую Русь” (менавіта ў форме Alba Ruscia, а не Alba Ruthenia) больш лагічна аднесці менавіта да паўночнай Русі (і гэта далёка не адзіны аргумент на карысць менавіта такой лакалізацыі).

Звернем увагу, што, паводле сучаснага стану ведаў, эпітэт flavi — храналагічна першы з вядомых каляровых эпітэтаў Русі і русінаў, які больш чым на стагоддзе апераджае наступную звестку пра „каляровую” частку Русі („белую”) ў „Апісанні земляў”, больш чым на два стагоддзі першую згадку пра „чорных русінаў” (у хроніцы Генрыха фон Мюгельна) і на тры стагоддзі першую вядомую згадку пра „чорных русінаў” (у хроніцы Канстанцкага сабору Ульрыха фон Рыхенталя). Цікава, што „жоўтыя русіны” не затрымаліся ў свядомасці схаластаў. Ці не можа гэта азначаць, што „белыя русіны” і „Белая Русь” узніклі як рэакцыя на „жоўтых русінаў”, як своеасаблівае ўдакладненне эпітэту Лукана-Гервазія, адаптацыя антычных звестак пад інфармацыю ітынерарыяў і іншых заходніх крыніц ХІІ—ХІІІ ст. (але не пад вучоную традыцыю усходнеславянскага свету, якой проста не існавала)? Механізм такога гіпатэтычнага пераасэнсавання пакуль што цяжка рэканструяваць. А.Кузьмін прапануе тлумачэнне колеру валасоў flavi як „руды, рыжы”, і паведамляе, што „авторы XII в. Герборд и Эбон помещают на северных границах Польши «рутенов» и по соседству с ними неких «флавов» Здесь, возможно, речь идет о родственных племенах или даже об одном, и том же племени: «рутенн»— это «рыжие» из кельтского, а «флавы» —то же самое из латинского»[11]. На жаль, нам не ўдалося адшукаць згаданых інфарматараў Кузьміна, і да яго інтэрпрэтацый аўтар схільны ставіцца насцярожана. Калі заходнееўрапейскія схаласты ХІІ—ХІІІ ст. (а магчыма, і іх візантыйскія сучаснікі) сапраўды трактавалі эпітэт flavi як указанне на колер валасоў (русы?), тады можна дапусціць яго пераход у белы колер, — але гэта толькі адна з магчымасцяў, занадта ненадзейная нават у якасці працоўнай гіпотэзы, пры сучасным стане вывучанасці схаластычнай літаратуры ў Беларусі.

Алесь Белы


1 Гервасий Тильберийский. Императорские досуги // Матузова В. И. Английские средневековые источники IX—XIII вв. — М.: Наука, 1979. — С. 65; Назаренко. А.В. Имя «Русь» в древнейшей западноевропейской языковой традиции (9—12 века) // Древняяя Русь на международных путях. Междисциплинарные очерки культурных, торговых, политических связей 9—12 веков. — М.: Языки русской культуры, 2001. — С. 44.

2 Дворецкий И.Х. Латинско-русский словарь. — М., 1986. — С. 330.

3 Лукан Марк Анней. Фарсалия или поэма о гражданской войне. — М.;Л.: Изд. АН СССР, 1951. — С. 18.

4 Назаренко. А.В. Згад. тв. — С. 42

5 Назаренко. А.В. Згад. тв. — С. 43.

6 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. — Мінск: Энцыклапедыкс, 2000. — С. 40.

7 Упершыню на гэта звярнуў увагу В.Шушарын: Шушарин В. П. Русско-венгерские отношения в IX в. // Международные связи России до XVII в. М., 1961. с. 137, прим. 30

8 Назаренко. А.В. Згад. тв. — С. 43.

9 Белы А. Хроніка „Белай Русі”.— С. 104; Chronici Hungarici compositio saeculi XIV // Scriptores Rerum Hungaricarum tempore ducum regumque stirpis Arpadianae gestarum: In 2 vols. — Budapestini: Academia Litter. Hungarica, 1937—1938. — 1937. — V. 1. — P. 257.

10 Łatyszonek O. Pierwsze wzmianki o „Białej Rusi” i „Białych rusinach” // Białoruskie zeszyty historyczne. V. 21. Białystok, 2004. S. 5—26; Item. From White Russia to Belarus ? // Annus Albaruthenicus. V. 5. Krynki, 2004. — P. 13—48; Белы А. Ізноў пра пачаткі Белай Русі // Białoruskie zeszyty historyczne. — Białystok, 2005. — V. 23. — S. 240—257.

11 Кузьмин А.Г. Об этнической природе варягов // Вопросы истории. — 1974. — № 11. — С. 67.

 

біяграм   |   энцыклапедыя   |   рэцэнзіі   |   інтэрнэт-праекты   |   english
картаграфiя  
|   хронiка Белай Русi   |   матэрыялы па картаграфii   |   іканаграфiя
матэрыяльная культура  
|   артыкулы   |   радыёперадачы   |   іншыя артыкулы
камунікат  
|   аўтары

© Copyright Ales' Bely 2004