|
|
|
У сучаснай культурнай і эканамічнай сітуацыі ў свеце істотна вырас інтарэс публікі да вобразаў увогуле і, у прыватнасці, да вобразаў краін і народаў. Гістарычная навука не можа стаяць у баку ад сучасных працэсаў, і таму ўжо некалькі дзесяцігоддзяў паступова акрэсліваюцца абрысы новай дысцыпліны, якую ў самым агульным выпадку можна назваць гісторыяй вобразаў, але якая можа мець і іншыя назвы ў залежнасці ад прыярытэту тых ці іншых аспектаў эвалюцыі вобразаў — напрыклад, этнаграфічнага, геаграфічнага і г.д. Гэты артыкул сцісла разглядае вызначэнні некалькіх досыць блізкіх адна да адной гуманітарных дысцыплін, і метадалогію, якую яны выкарыстоўваюць, а таксама акрэслівае ў гэтым святле кірункі далейшага даследавання гісторыі назвы „Белая Русь”. Чытача, які цікавіцца рэканструкцыяй гісторыі назвы нашай краіны, адрасуем да маёй манаграфіі „Хроніка „Белай Русі”. Ніжэй толькі будзе ўдакладнены выкарыстаны мной метад, у суадносінах з метадамі, якія выкарыстоўваюць новыя дысцыпліны, якія пачалі складвацца літаральна ў апошняе дзесяцігоддзе. Прадметы іх даследаванняў і наборы пастулатаў настолькі блізкія, што сёння досыць складана прадказаць, якая з іх будзе з часам „кананізаваная”. Ці стануць „імагалогія” і „метагеаграфія” настолькі ж устойлівымі тэрмінамі, як, напрыклад, „семантыка”, або саступяць месца нейкім іншым, больш трапным, з пункту гледжання публікі, тэрмінам? Кожнай навуковай школе, вядома, хацелася б замацаваць свой тэрмін, хаця іх значэнне досыць блізкае і розніца можа быць зразумелай толькі ў канкрэтным кантэксце. Агульная і этнічная імагалогія Вядомы рускі славяназнаўца Аляксандр Мыльнікаў выступаў прыхільнікам тэрміну імагалогія. На яго думку, агульная імагалогія як самастойная вобласць ведаў пра ўяўленні і вобразы ўзнікла прыкладна ў сярэдзіне XX ст., хаця яе элементы можна прасачыць ад глыбокай антычнасці. Выдзяленне імагалогіі ў асобную гуманітарную дысцыпліну ініцыявалі найперш прадстаўнікі псіхалогіі і літаратуразнаўства. Італьянскі псіхолаг Антоніа Менегеты, які ўпершыню ўвёў тэрмін імагогіка, спрабуючы „звязаць разам мовы сноў, прыроды і жыцця”, вызначаў яго як спосаб «прывядзення ў рух вобразаў несвядомага і вывядзення іх на свядомы ўзровень»[1]. А. Мыльнікава цікавіў найперш этнічны аспект імагалогіі. Паколькі ў цэлым імагалогія трактуецца як навука пра ўяўленні і вобразы, этнічную імагалогію ён вызначаў як дысцыпліну, якая „комплексна вывучае генэзіс і функцыянаванне энда- і экзаўяўленняў і вобразаў этнічных супольнасцяў на калектыўных, групавых і асабовым узроўнях”, а да яе прадмету адносіў наступную праблематыку[2]: 1. Стварэнне этнічнай/этнакультурнай карціны свету ў розныя гістарычныя эпохі. Непадабенства гэтай карціны ў розных народаў і ў розны час адлюстроўвае тую самую розніцу паміж этнасамі, якая і ўяўляе найбольшы інтарэс для этнічнай імагалогіі. 2. Вывученне фармавання і функцыянавання этнічных/этнакультурных стерэатыпаў — вобразаў асобных народаў і іх прадстаўнікоў. 3. Даследаванне фенамена гістарычнай памяці, якая праз уздзеянне этнічнага, прасторавага і дыяхранічнага фактараў забяспечвае пераемнасць этніченай / этнакультурнай традыцыі ад мінулага да сучаснага і будучыні. Этнічная імагалогія, як падкрэслівае А.Мыльнікаў, мае справу не з першаснымі фактамі (этнасы і іх культура ў гістарычным развіцці), а з фактамі другаснымі, адлюстраванымі, (уяўленні этнасаў пра саміх сябе і сваю культуру, а таксама пра іншыя этнасы і іх культуру). „Вядзенню этнічнай імагалогіі падлягаюць суб’ектыўныя ўяўленні, хаця яны, увасабляючы эвалюцыю духа, у якасці форм грамадскай свядомасці не менш аб’ектыўныя, чым тое, што імі адлюстроўваецца”[3]. Паколькі прадметам вывучэння „гісторыі вобразаў” з’яўляюцца агульнапрынятыя і ўстойлівыя геаграфічныя і этнічныя вобразы, стэрэатыпы і назвы, якія іх абазначаюць, яна, безумоўна, вывучае вобразы калектыўнага несвядомага, якое, у адрозненне ад індывідуальнага, паддаецца фармалізацыі. Іншымі словамі, існуе крытычная маса індывідаў, якія прыкладна аднолькава ўспрымаюць і інтэрпрэтуюць тыя ці іншыя вобразы, сімвалы і імёны. Безумоўна, існуюць і індывідуальныя вобразна-знакавыя сістэмы (крайнімі праявамі якіх ёсць шызафрэнія, аўтызм, саліпсізм і г.д.), але іх вядомасць не можа перасягнуць межаў ўнутранага свету асобы і пакуль не ўяўляе інтарэсу для гісторыі вобразаў. Перадача ўстойлівай традыцыі на працягу доўгіх адцінкаў часу можа адбывацца толькі ў адносна шырокіх асяродках інтэлектуалаў, але ніяк не паміж адасобленымі індывідамі. Вобразы і прастора: Метагеаграфія. Імагалогія ў інтэрпрэтацыі А.Мыльнікава не мае жорсткай прывязкі да прасторы. Увогуле гэты тэрмін выкарыстоўваюць часцей для вызначэння „філасофіі” мас-медыя, чым у значэнні, прапанаваным пецярбургскім антраполагам. Яшчэ адзін „модны” тэрмін, які выражае імкненне сучасных даследчыкаў пераадолець цесныя рамкі традыцыйных гуманітарных дысцыплін — метагеаграфія. (Паводле замыслу стваральнікаў тэрміна — „звышгеаграфія”). Па меры таго, як зямная тэрыторыя робіцца ўсё больш вывучанай як фізічная прастора (што асабліва красамоўна адлюстроўваецца праз выкарыстанне геаграфічных інфармацыйных сістэм і GPS-навігацыі), інтарэсы крытычна думаючых географаў зрушваюцца ў вобласць пазнання „сэнсаў” і „вобразаў”, якімі напоўненая прастора ва ўяўленнях людзей розных эпох і культур. У пэўным сэнсе, сучасны зварот да метагеаграфіі — гэта вяртанне да Сярэднявечча, адмаўленне аптымістычнага, антрапацэнтрычнага светапогляду Новага Часу, накіраванага на бясконцае пашырэнне і засваенне свету. Паводле вызначэння Марціна Льюіса і Карэн Уігэн, якія, здаецца, і ўвялі тэрмін „метагеаграфія” ў 1997 г. у кнізе „Міф пра кантыненты: крытыка метагеаграфіі”, пад ім разумеецца „сукупнасць прасторавых структур, пры дапамозе якіх людзі арганізуюць свае веды пра свет: пераважна несвядомыя ментальныя ўзоры, якія перадвызначаюць пазнанне гісторыі, сацыялогіі, антрапалогіі, эканомікі, палітычных навук, і нават натуральнай гісторыі”[4]. Пад „светам” разумеецца не столькі традыцыйна зразумелы „фізічны” свет, колькі свет ментальны, культурны. На рускай мове ідэі метагеаграфіі ўпершыню сфармуляваныя літаральна летась, у кнізе Дзмітрыя Замяціна „Метагеаграфія: Прастора вобразаў і вобразы прасторы” (2004). Паводле яе, метагеаграфія — гэта, так бы мовіць, культурная геаграфія. Яе прадмет — не прастора як фізічны аб’ект, а тое, як гэты аб’ект у сваіх разнастайных праявах бачыцца і асэнсоўваецца чалавекам. Вобразы, якія ўзнікаюць пры гэтым (як і любыя вобразы) — суб’ектыўныя і зменлівыя, але часам на дзіва устойлівыя. Гутарка ў кнізе Замяціна ідзе пра структураванне не прасторы „як такой", а яе ментальных, у т.л моўных вобразаў. Ключавое паняцце канцэпцыі Замяціна — „геаграфічны вобраз”. Такія вобразы „узаемадзейнічаюць і ствараюць уласную метагеаграфічную прастору”. Пры такім падыходзе картаграфаванне быццам апераджае рэальную прастору, „дыктуе” ёй свае ўмовы, а картаграфічныя вобразы стала канструююць, удакладняюць, перафарміроўваюць рэальную прастору. Гэта выдатна пацвярджаецца гісторыяй Белай Русі — Беларусі, якая дае яскравы прыклад таго, як дзеля створанай каля 750 гадоў таму штучнай назвы, і паслядоўнасці геаграфічных вобразаў, з ёю звязаных, канструюецца цэлая краіна. Развіваючыся і ўзаемадзейнічаючы ў канкрэтнай культуры, геаграфічныя вобразы, паводле Замяціна, ствараюць „геакультуру”, у якой гістарычна складваецца, „назапашваецца” традыцыя асэнсавання гэтых вобразаў: „Пэўная культура „калекцыянуе” пэўныя геаграфічныя вобразы, набываючы пры гэтым тыя ці іншыя вобразна-геаграфічныя канфігурацыі"[5]. У рамках новай навуковай дысцыпліны Замяцін прапануе стратэгіі рэпрэзентацыі і інтэрпрэтацыі географічных вобразаў у гуманітарных навуках, уводзячы паняцце культурна-геаграфічных вобразаў, г.зн. устойлівых прасторавых уяўленняў пра культурныя аб’екты. Культурна-геаграфічныя вобразы разглядаюцца адначасова як частка, элемент і фактар культуры. Вобразы, месцы і ars memorativa Наколькі можна меркаваць, прыхільнікі як метагеаграфіі, так і імагалогіі або незнаёмыя, або не здолелі скарыстацца з высноў брытанскай даследчыцы Фрэнсіс Йейтс, адной з буйных прадстаўніц школы „гісторыі ідэй”. Між тым, яна яшчэ 40 гадоў таму звярнула ўвагу на сувязь антычнай і сярэднявечнай мнематэхнікі („майстэрскай памяці”) з уяўленнем аб прасторы. Класічнае вызначэнне „майстэрскай памяці” базіруецца на суаднясенні вобразоў (images) і месцаў (loci). Вынаходніцтва гэтага „майстэрства”, або „мастацтва” (ars memorativa), прыпісваецца старажатнагрэцкаму паэту VI—V ст. да н.э. Сіманіду Кеоскаму, які прыйшоў да высновы, што тым, хто жадае развіць памяць, трэба „адабраць месцы і сфармаваць уяўныя вобразы тых рэчаў, якія яны хочуць запомніць, і затым размясціць гэтыя вобразы на месцах, так што парадак месцаў будзе захоўваць парадак рэчаў, а вобразы рэчаў будуць абазначаць самі рэчы, і мы будзем выкарыстоўваць гэтыя месцы і вобразы, адпаведна, як васковыя таблічкі для пісьма і напісаныя на ніх літары”[6]. Прыклад выкарыстання „майстэрскай памяці” — гэта музей, прасторавая арганізацыя якога прадуманая такім чынам, каб забяспечыць найлепшае запамінанне вобразаў выстаўленых у ім экспанатаў. Паўтор у думках маршруту экскурсіі мусіць выклікаць у памяці звязлае апавяданне ў вобразах. Іншы прыклад — літаратурны жанр, якія дае найбольш рэзанансныя і трывалыя творы, такія, як „Адысея”, „Боская камедыя”, „Дон Кіхот”, „Падарожжы Гулівера”, „Піквікскі клуб”, „Мёртвыя душы” або нават „[12] крэслаў” ці „Лаліта”: ці выпадкова ўсё гэта „раманы-падарожжы”? Нават калі дзеянне такіх эпічных твораў, як „Пан Тадэвуш” або „Новая зямля”, не мае „вандроўніцкай дынамікі”, яно ўсё роўна мае сваю „метагеаграфію”, больш статычную, бадай, „хатнюю”. Фактычна Ф.Йейтс сцвярджае, што сапраўды эфектыўная арганізацыя памяці магчымая толькі пры суаднясенні вобразаў, складзеных у сістэму, з аб’ектамі той ці іншай замкнёнай прасторы, рэальнай ці ўяўнай. Зрэшты, і „рэальнасць”, і „уяўнасць” — гэта толькі крайнасці: як правіла, прастора нават самага рэалістычнага літаратурнага твору дапускае пэўныя скажэнні дзеля лепшай мастацкай пераканаўчасці (можна сказаць, лепшай запамінальнасці), а аб’екты выдуманай прасторы многіх твораў (напрыклад, ваколіцы Сапліцова ў „Пане Тадэвушы” або Вільня дзядзькі Антося з „Новай Зямлі”) маюць рэальныя „фізіка-геаграфічныя” прататыпы. Як паказвае Ф.Йейтс, аrs memorativa, вельмі папулярнае ў антычнасці і Сярэднявеччы, выйшла з ужытку з надыходам Новага Часу. Невыпадкова гэты заняпад супадае з часам найвышэйшага росквіту картаграфіі як мастацтва. Картаграфія XVI—XVIІ cтст., як ніякай іншай эпохі, была найбольш блізкая да мастацтва, прычым масавага. Ніколі больш — ані да, ані пасля таго — карты не спалучалі ў такой ступені высокага мастацкага афармлення і насычанасці вобразамі, з адносна шырокай даступнасцю і масавым інтарэсам, прэстыжнасцю. На кароткі час картаграфія здолела авалодаць масавай увагай, як у свае часы тэатр, кіно або Інтэрнэт — невыпадкова першы вялікі геаграфічны атлас, створаны Абрахамам Артэліям у 1571 г., называўся „Відовішча (або Тэатр) Зямнога Свету” — Theatrum Orbis Terrarum. Аднак падобна, што развіццё картаграфічных тэхналогій — матэматычных праекцый, геадэзічных інструментаў, спосабаў друку і г.д. — скасавала архаічныя, індывідуальныя, „саматужныя” спосабы запамінання і асэнсавання зямной прасторы. Гэтаксама пісьмовая фіксацыя паэзіі скальдаў сімвалізавала канец эпохі вуснай творчасці ў скандынаваў, а шырокае распаўсюджанне вылічальнай тэхнікі на працягу жыцця цяперашняга пакалення прывяло да заняпаду здольнасцяў хутка лічыць у галаве. Гісторык картаграфіі Н.Барысоўская заўважае: „Карты робяцца ўсё больш дакладнымі, метады здымак усё больш дасканалымі — адбываецца спецыялізацыя галінаў навукі, якая ўсё больш аддаляецца ад мастацтва. Непазбежнае наступства паглыблення і дыферэнцыяцыі пазнання свету — страта адчування яго еднасці”[7]. Вельмі паказальна, што сваё сучаснае месца на „ментальнай” карце еўрапейскай цывілізацыі назва Белая Русь набыла менавіта ў 1570—1580-х гг. — у той самы час, калі еўрапейскія географы адмовіліся ад пталемееўскай карціны свету, а памяць, паводле Ф.Йейтс, канчаткова перастала ўспрымацца як „мастацтва”, зрабіўшыся „тэхнікай. Заняпад аrs memorativa, які на некалькі стагоддзяў схаваў ад відавочнага ўспрыняцця сувязь паміж images і loci, наўрад ці мог істотна змяніць прыроду самой памяці. Магчыма, памяць, паводле вызначэння Ф. Йейтс, „найбольш фундаментальная і цяжкаўлоўная чалавечая здольнасць”, цесна і арганічна звязаная са здольнасцю ўяўляць прастору, і любая сістэма вобразаў, калі яе хочуць захаваць хаця б адносна стабільнай, перадаць іншым людзям ды наступным пакаленням, непазбежна прымае выгляд, структурна падобны да геаграфічнай карты, плана, схемы і г.д. Хаця амаль любы геаграфічны вобраз (як і назва, якая яго абазначае) сваім узнікненнем вельмі часта абавязаныя кур’ёзам, памылкам ці недакладным інтэрпрэтацыям фактаў, гэты „пачатковы абсурд” усё ж не зусім пазбаўлены сэнсу. Без гэтых міфалагічных, недакладных, абсурдных вобразаў, якія рана ці позна падлягаюць знішчальнай крытыцы наступных пакаленняў і „здаюцца ў архіў”, абстрактнае мысленне было б немагчымым увогуле. Гэта выдатна ўсведамлялася буйнымі вучонымі Антычнасці і Сярэднявечча. Яшчэ Арыстоцель у трактаце „Пра памяць” адзначаў: «Немагчыма мысліць без уяўнага вобразу (aneu phantasmatos)». Праз 16 стагоддзяў яго паўтараў Тамаш Аквінскі: «Чалавек не ў стане зразумець нічога без дапамогі вобразаў (phantasmata); вобраз ёсць падабенства цялеснай рэчы; інтэлект суадносіцца з усеагульным, якое здабываецца з адзінкавых рэчаў» — гэтае выказванне трэба прызнаць універсальным, справядлівым для ўсіх культур і эпох. Кур’ёзныя памылкі якраз і былі вырашальнымі ў гісторыі ўзнікнення і эвалюцыі назвы Белая Русь, але гэта не выключэнне з правілаў (назвы такіх краінаў, як Канада або Папуа, абавязаныя сваім узнікненнем анекдатычным выпадкам), а менавіта заканамернасць. Як адзначае Замяцін, „стварэнне геаграфічных вобразаў звязанае з працэсамі фармалізацыі і адначасова сціскання, канцэнтрацыі пэўных геаграфічных уяўленняў, ператварэння іх у „згустак”[8]. Безумоўна, пры ўтварэнні вобраза непазбежна адбываецца гіпербалізацыя, метафарызацыя, міфалагізацыя прасторы. Культурны вобраз любога прасторавага аб’екту в прынцыпе не можа абысціся без долі (часам вельмі істотнай) міфалагізацыі: рэальнае і прыдуманае суіснуюць тут у непарыўнай еднасці. Значэнне суб’ектыўнага фактару настолькі вялікае, што, паводле Замяціна, „прастора, па сутнасці, як і яе вобразы, ствараюцца культурай і/або цывілізаціяй, якая іх усведамляе, жыве імі і ў іх"[9]. І самабытныя спосабы рэпрэзентацыі вобразаў географічнай прасторы — не проста неад’емная частка кожнай культуры, але адна з яе вызначальных прыкмет. Ізноў працытуем Н.Барысоўскую: „Мэта любой карты — адэкватнае і дакладнае адлюстраванне зямной паверхні. Аднак крытэрый дакладнасці не абсалютны, а вызначаецца адпаведнасцю той ці іншай сістэме паняццяў і ўяўленняў. Тэалагічнае тлумачэнне светабудовы было адзіным дапушчальным для сярэднявечнага чалавека, і таму дакладнымі лічыліся тыя карты, якія адпавядалі такому погляду на свет”[10]. Пэўны „шокавы” эфект — неабходная ўмова дзейснага вобразу, які выдзяляе яго сярод рэчаў звыклых, банальных, і аблягчае запамінанне. Ф.Йейтс у сувязі з гэтым цытуе класічны трактат І ст. да н.э. Ad Herennium: „Мы павінны размяшчаць на месцaх такія вобразы, якія могуць найдаўжэй утрымлівацца ў памяці... напрыклад, вобразы, запэцканыя кроўю, брудам або чырвонай фарбай, каб іх выгляд ствараў найбольш нязвыклае ўражанне, або суправаджаючы вобразы нейкім камічным эфектам, бо гэта таксама палегчыць нам іх прыпамінанне”[11]. Рэкамендацыя, якую могуць і сёння, праз 2100 гадоў, даць аўтарытэтныя спецыялісты па апрацоўцы масавай псіхалогіі. Цалкам магчыма, што вучоныя Антычнасці і Сярэднявечча часта свядома „згушчалі фарбы” ў вобразах далёкіх і малавядомых краін і народаў не таму, што самі верылі ў іх фантастычныя атрыбуты, а менавіта каб аблегчыць шырокай публіцы запамінанне самога факту іх існавання — прыём, які часта вёў у пастку, калі носьбіты рэальных ведаў „выміралі”, і наступным пакаленням сумленных даследчыкаў даводзілася успрымаць усур’ёз вобразы, створаныя ў „дыдактычных” або „прапагандысцкіх” мэтах. Белая Русь у заходнееўрапейскай геаграфічнай наменклатуры ХIII—XVІ ст. Для метадалогіі даследаванняў гісторыі назвы Белая Русь (а фактычна, эвалюцыі таго геаграфічнага вобразу, які абазначаўся гэтай назвай) вельмі важнай уяўляецца наступная заўвага Дзм. Замяціна: „Рэпрэзентацыя геаграфічных вобразаў абапіраецца на выкарыстанне тэкстаў разнастайнага паходжання — гэта могуць быць навуковыя і мастацкія тэксты, газетныя артыкулы і інфармацыйныя нататкі, прыватная перапіска, дзённікі, афіцыйныя дакументы, стэнаграмы перамоў, рэклама... У цэлым для большасці геаграфічных вобразаў характэны разнародны генэзіс (гетэрагеннасць паходжання)”12. Сапраўды, і гiстарычныя крынiцы для рэканструкцыі (і рэпрэзентацыі) вобразу Белай Русі XІІI—XVI ст. (сярод якiх абсалютна пераважаюць дакументы заходнееўрапейскага паходжання) надзвычай разнастайныя: хронiкi («Хронiка Канстанцкага сабора», «Венгерская хронiка» Мюгельна, «Хронiка Польшчы» Яна з Чарнкова, «Нюрнбергская хронiка» i г.д.); энцыклапедычныя i гiсторыка-геаграфiчныя трактаты (Дублiнскi рукапiс, «Трактат пра дзве Сарматыi» Мяхоўскага, «Касмаграфiя» Мюнстэра); геаграфiчныя карты (пачынаючы з Фра Маўра і Генpыха Маpтэла) і глобусы (Іагана Шонеpа, Каспара Вопеля і інш.); фрагменты дыпламатычнай карэспандэнцыi (у першую чаргу, нямецкіх і італьянскіх дзяржаў); помнiкi агiяграфii («Жыціе Св. Кунегунды»); паэтычныя творы (П. Зухенвiрта, Т. Прыcшуха, М. Баярда, Я. Вiслiцкага) i нават працы па астраномii i астралогii (таблiца эфемерыд Бема, Холмскi астралагiчны зборнiк)[13]. Аднак, безумоўна, „падложкай” для ўсіх магчымых рэпрэзентацый служыць той картаграфічны вобраз Беларусі, які склаўся за апошнія 400 з нечым гадоў у выніку чыста „пазітывісцкага” картаграфавання з выкарыстанем метадалогіі дакладных навук. Узнікненне тэрмiна Russia Alba і яго замацаванне ў сярэднявечнай геаграфiчнай наменклатуры, хутчэй за ўсё, звязанае з памылковымi ўяўленнямi схаластаў пра Албанiю — кантамiнацыю Албанii антычных i раннесярэднявечных аўтараў, Аланii продкаў сучасных асецiнаў i паўночнай «Албанii» вепсаў-вiцаў. Для вучонага ХІІІ ст. Барталамея Англiйскага Албанiя — «правiнцыя Малой Азii, названая паводле колеру народаў, бо нараджаюцца яны з белымi валасамi... Гэтая Албанiя мяжуе на ўсходзе з Каспiйскiм морам i ўзыходзiць па ўзбярэжжы да Паўночнага акiяна, прасцiраючыся да Меатыйскiх азёраў i да найдзiчэйшых пустынных месцаў. У гэтай зямлi жывуць велiзарныя сабакi, такiя лютыя душой i целам, што валяць на зямлю быкоў i забiваюць iльвоў i сланоў... А вочы ў гэтага народа афарбаваныя i зеленаватыя ў зрэнках, таму яны лепш бачаць уначы, як удзень»[14]. Фантастычныя атрыбуты Албанiі (людзі, якія нараджаюцца сівымі, велізарныя сабакі і г.д.) прасочваюцца ў еўрапейскай традыцыі, пачынаючы з 9-й кнігі «Этымалогiй» вучонага-энцыклапедыста VII ст. Ісiдора Севiльскага. «Этымалогіі» аказалі ці не найбольшы ўплыў на фармаванне сістэмы геаграфічных уяўленняў сярэднявечча — «хрысціянскай тапаграфіі». Заснаваная не столькі на досведзе, колькі на літаральна-наіўнай інтэрпрэтацыі біблейскіх тэкстаў, гэтая дагматычная карціна свету карэнным чынам адрознівалася ад сучаснай. І сучаснае тлумачэнне любых геаграфічных тэрмінаў Сярэднявечча магчымае толькі ў кантэксце гэтай сістэмы ўяўленняў. Менавіта ў Ісідора, калi не непасрэдна, дык праз твор французскага пiсьменнiка XII ст. Ганорыя Аўгустадунскага «Пра вобраз света» пазычалі звесткі пра Албанію сярэднявечныя схаласты. Прыведзенае вышэй апiсанне Албанii было агульным месцам, пераходзячы ад аднаго аўтара да iншага. Паказальна, што менавiта такiм чынам, як i ў Ісiдора, Ганорыя i iх паслядоўнiкаў, — ад колеру валасоў i скуры — выводзiлi i назву Белая Русь у першых навачасных спробах яе тлумачэння. Пачаткова Russia Alba магла азначаць «частку Русi, якая калiсьцi была Албанiяй», цi «краiну, якую калiсьцi насялялi албаны»[15]. Навуковым, у т.л. i геаграфiчным поглядам схаластаў былi ўласцiвыя кампiлятыўнасць, эклектычнасць, несамастойнасць. Нават пры аспрэчванні ўласным досведам аўтарытэту папярэднiкаў, дадзеныя апошнiх працягвалi суiснаваць з новымi. Псеўдагеаграфiчныя назвы, створаныя фантазiяй, а iншым разам — i неахайнасцю або несумленнасцю падарожнiкаў цi шкаляроў, звычайна не адкiдалiся за непатрэбнасцю. Іх iмкнулiся дапасаваць да малавядомых тэрыторый, калi для таго быў хоць нейкi прэтэкст, цi выкарыстоўвалi пры «хрышчэннi» толькi што адкрытых земляў. Свядомасць сярэднявечнага чалавека з лёгкасцю фабрыкавала як бясконцыя «святыя» рэлiквii, так i рознага кшталту монстраў, прывідаў, міфічных жывёл і людзей, нават цэлыя фантастычныя краіны. Як заўважыў Ж. Ле Гоф, «людзi сярэднявечча ўваходзiлi ў кантакт з фiзiчнай рэальнасцю праз пасрэднiцтва мiстычных i псеўданавуковых абстракцый»[16]. Менавiта такiмi абстракцыямi былi амаль любыя геаграфiчныя назвы вядомага сярэднявечнаму еўрапейцу свету, Orbis Latinus — асаблiва калi гутарка ішла пра далёкiя i малавядомыя краiны. Але гэтыя, у азначэнні Дзм. Замяціна, геаграфічныя вобразы ўсё ж адыгрывалі пэўную пазітыўную псіхалагічную ролю, запаўняючы жахлівую пустэчу невядомых прастораў. Гэтая з’ява, зрэшты, выходзiць далёка за рамкi сярэднiх вякоў. Ужо ў Найноўшы час многiя назвы, вядомыя з антычнай традыцыi цi створаныя ў сярэднявеччы, якiм не знайшлося месца на Зямлi, ужылi для абазначэння аб’ектаў на iншых планетах. Так, антычныя географы яшчэ iянiйскага перыяду (VI—IV ст. да н.э.) змяшчалi вытокi многiх еўрапейскiх рэк, якiя ўпадаюць у Чорнае мора, у так званых Рыфейскiх гарах. Іх рэальным прататыпам мог быць Каўказ; але зыходзячы з таго, што на многіх картах XVI ст. Рыфей служыў водападзелам Дняпра з Дзвiной i Нёманам, яго трэба было б атаясамiць з Беларускай градой (назваць якую горнай сiстэмай было б вялiкай нацяжкай). Калi iснаванне Рыфейскiх гор, у розных касмаграфiях i на старых картах часта згадваных побач з Белай Руссю, не пацвердзiлася, iх назву спачатку спрабавалi дапасаваць да Урала (што захавалася да нашага часу ў назве буйнога падраздзела агульнай стратыграфічнай шкалы — Рыфей); ужо ў XX ст. iм нарэшце знайшлi «прытулак» на Месяцы. Сапраўдная Каўказская Албанiя канчаткова заняла сваё «лагічнае» месца на карце толькi ў XVIII ст. Тэрмiн Белая Русь у сярэднявечных схаластаў, а потым і ў вучоных-гуманістаў доўгi час быў такой жа псеўдагеаграфiчнай назвай, як Туле цi Рыфей[17]. Калi б вядомы слоўнiк лацiнскiх геаграфiчных назваў сярэднявечча Orbis Latinus[18] складалi не ў XIX, а ў XV—XVI стст., безумоўна, разам з Thule i Riphaei, Albania i Russia туды трапiла б i Russia Alba. Гэтая вучоная назва ў дачыненнi да Ноўгарада гучала не менш узнёсла, чым Caledonia да Шатландыі, Hibernia — да Ірландыi, Lusitania — да Партугаліi, Helvetia — да Швейцарыi i г.д. Як правіла, краіны называлі імёнамі народаў, якія насялялі іх у рымскую эпоху ці ўвогуле ў такой старажытнасці, якую маглі прасачыць схаласты па сваіх крыніцах. Часта такія традыцыйныя вучоныя назвы набывалi вядомасць больш шырокую, чым аўтэнтычныя. Belgica i Britannia ўрэшце зрабiлiся афiцыйнымi для адпаведных краiн, а Bohemia доўгi час выкарыстоўвалася ў гэтай якасцi. Тыя паэтычныя творы на нямецкай (П. Зухенвiрта, Т. Прыcшуха) і італьянскай (М. Баярда) мове XIV—XV ст., у якіх згадваецца Белая Русь, падаюць яе не як дакладна акрэсленую вобласць зямной прасторы, але рачэй як нейкую сімвалічную краіну на Ўсходзе, поўную падступных паганцаў, фантастычных пачвараў і іншых небяспек, куды шляхетныя рыцары выпраўляліся дзеля славы, дзеля гераічных учынкаў у гонар прыгожых дам і пашырэння сапраўднай веры. Магчыма, сляды такога вобраза Белай Русі бачныя і ў паэме Я. Вiслiцкага пач. XVІ ст. „Пруская вайна”. Такі аспект вобразу цесна звязаны са шматвекавым успрыняццем Белай Русі як апошняй мяжы, „франтыру” заходняга свету, што было выклікана ў тым ліку шматлікімі спробамі рэалiзаваць унiю каталiцкай i праваслаўнай цэркваў. Доўгі час на Захадзе чарговы рост цікавасці да далёкай і малавядомай Русі назіраўся ў асноўным тады, калі ўзнікалі спадзяванні (заўжды марныя) на яе хуткі пераход у каталіцтва. Справа уніі падавалася зусім блізкай да поспеху ў сярэдзіне ХIII ст. (міфічная «Суздальская унія»), затым на Канстанцкiм саборы ў пачатку XV ст., а наступныя спробы прыпадаюць на Ферара-Фларэнтыйскi сабор (1438—1445 г.) і шлюб Івана III з Зояй Палеалог (1472 г.). З усімі гэтымі падзеямі так ці інакш звязаныя цэлыя пласты «альбарусікі»[19]. Яшчэ адзін аспект традыцыйнага заходнееўрапейскага вобразу Белай Русі — экзатычная, істотна адрозная прырода. Вядома, рэальная флора, фаўна або ландшафт Беларусі мала адрозніваюцца ад звыклых еўрапейцам (хаця менавіта Беларусь адыграла важную ролю ў захаванні пэўных біялагічных відаў, якім у Еўропе пагражала поўнае знікненне, як, напрыклад, зубра і бабра). Аднак з пункту гледжання гісторыі вобразаў, галоўная задача якіх — не інфармаваць, а ўразіць аўдыторыю, гэта неістотна. Агульным месцам у еўрапейскай навуцы на працягу доўгага часу было меркаванне пра багацце і разнастайнасць флоры ў Белай Русі, дзе, паводле С.Мюнстэра „нашмат больш травянiстых раслiн, чым на Доне (цi Танаiсе), там таксама шмат трыснёгу (Reu Ponticum), якi расце i ў Лiтве, i ў пяць разоў больш розных траў i карэнняў, якiя нiдзе больш не сустрэнеш”[20]. Польскi пiсьменнiк i гiсторык лiтаратуры XVІІ ст. Шымон Старавольскi, тлумачачы сэнс i паходжанне назвы Белая Русь, даводзiў: «Русь, сумежная i падуладная Вялiкаму княству Лiтоўскаму, называецца папросту Белай часткова таму, што жыхаpы белы колеp маюць i белае адзенне ў стаpажытныя часы ўжывалi... часткова таму, што доўга пад белым снегам [знаходзiцца зямля]. Але i пpыpода там увогуле белая — ваўкi, мядзведзi i зайцы белыя...»[21]. Але нават і сёння ў Польшчы жыхароў Беластока часта пытаюць ці то жартам, ці то амаль усур’ёз, ці водзяцца ў горадзе белыя мядзведзі[22]. Вобразныя атрыбуты Белай Русі, якія прасочваюцца ў заходнееўрапейскай навуковай і літаратурнай традыцыі ХIII—XVІІ ст., істотна адрозніваюцца ад тых вобразаў Беларусі, якія склаліся ў апошнія 100—150 гадоў і якія мы звыкла ўспрымаем як „спрадвечныя”, нязменныя. Але нечаканыя, нават фантастычныя, рысы Белай Русі не толькі істотна ўзбагачаюць нашу культуру, але і могуць служыць зыходным матэрыялам для канструкцыі новага вобразу краіны, больш цесна інтэграванага ў еўрапейскую і сусветную культуру. Гэтыя гуманітарныя распрацоўкі, апроч акадэмічнага, маюць і чыста практычны інтарэс: паляпшэнне знаёмасці вобразу нашай краіны, без чаго цяжка разлічваць на выгоднае месца ў сучаснай глабальнай эканоміцы. Алесь Белы 1 Мыльников А.С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы. Представления об этнической номинации и этничности XVI — начала XVIІІ в. СПб., 1999. С. 11. 2 Тамсама. С. 13—14. 3 Тамсама. С. 14. 4 Lewis M.W., Wigen K.E. The Myth of Continents: A Critique of Metageography. Berkeley, 1997. Р. 82 5 Замятин Д.Н. Метагеография: Пространство образов и образы пространства. М., 2004. С. 110. 6 Йейтс Ф. Искусство памяти. СПб., 1997. С. 13. 7 Борисовская Н. Старинные гравированные карты и планы XV—XVIII вв. М., 1992. С. 20. 8 Замятин Д.Н. Метагеография. С. 14—15 9 Тамсама. С. 20. 10 Борисовская Н. Старинные гравированные карты и планы. С. 8. 11 Йейтс Ф. Искусство памяти. С. 22. 12 Замятин Д.Н. Метагеография. С. 16. 13 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 14. 14 Бартоломей Английский. О свойствах вещей (De proprietatibus rerum) // Матузова В. И. Английские средневековые источники IX—XIII вв. М., 1979. C. 72, 80; Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 25. 15 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 29, 185. 16 Ле Гофф Ж. Цивилизация средневекового Запада. М., 1992. С. 130. 17 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 39—40. 18 Graesse J. G. Th. Orbis Latinus oder Verzeichniss der lateinischen Benennungen. Dresden, 1861. 19 Белы А. Хроніка „Белай Русі”. С. 57. 20 Тамсама С. 132, 179. 21 Тамсама. С. 176. 22 Łatyszonek O. From White Russia to Belarus ? P. 13 |
|
© Copyright Ales' Bely 2004
|