Алесь БЕЛЫ

біяграм   |   энцыклапедыя   |   рэцэнзіі   |   інтэрнэт-праекты   |   english   |   кантакт

 

  картаграфiя

  хронiка Белай Русi
      рэзюмэ: by   eng   de
      поўны тэкст
      рэцэнзii
      палеміка
      апошнія артыкулы
  матэрыялы па картаграфii
      Беларусь на Эбсторфскай
         карце

      Планы з калекцыі
         Фюрстэнхофа

      план Полацка 1707 г.
      Ідрысi
              cкладаны варыянт
              cпрошчаны варыянт

 
  іканаграфiя

  Менск. Загадкавы медзярыт
  “Лiтоўская кунсткамера”
  Голад у краiне Русь i Лiтва
  лятучыя лісткі пра Полацк
  пра Дальберга i ягоны дзённiк
 
  наша страва

  артыкулы
      “белае” пiва
      бручка
      верашчака і мачанка
      грэчка
      калдуны
      капытка ці капыткі?
      кілбаса, пальцам пханая

      кішка
      крамбамбуля
      «Культавы» селядзец
      лазанкі
      Марцін Святы — губіцель  гагаты
      смажні, кнышы, кулебякі
      харчаванне ў перыяд ВКЛ
      харчаванне ў перыяд Рас. імперыі
      In Laudem Cerevisiae

         На хвалу Піва

      Belarusian Beer Lacks
         Genealogy

      Forgotten brand: сыр Лiтоўскi
  радыёперадачы
    "Беларуская Атлантыда"

      На Хвалу Піва
      Белая Русь… Science
         Fiction?
      Тэатр сармацкага жэсту
      Гарбата ў Беларусі
      Мінулае беларускага
         баброўніцтва

      Камора тартураў...
      Сярэднявечныя сьмяротныя
         пакараньні

      Cелядзец па-беларуску
      125-гадовы юбілей 
         “трэцяга сэктару” Беларусі

      Дабрабыт магілёўца...
      Віно ў беларускай традыцыі
      Традыцыя вырабу сыроў
         у Беларусі

 
  іншыя артыкулы

Панамі будзеце, панамі!
Беларусь на Верхняй Волзе
Беларусь і Цюрых у XVI ст.

  крыніцы

Пэрэгрынацыі або кароткае і сціслае апісанне вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыху
Дзённік падарожжа
1570--1578 гг.

(...)
1572 год, у Ляйпцыгу.

4-га студзеня бачыў я вярблюда, паказваў яго на рынку тамтэйшы лекар. М.Таў [1] кіраваў возам для электара [2], паказваючы на ім мадэль руху сонца і месяца. Нікаляўс Эшэнбурк [3] з Любэка, мясцовы настаўнік.
31-га пан Сімонэ Сімоні пачаў тлумачыць трактат “Аб гніенні” [4].
2-га сакавіка пан Гітлер [5] распачаў выклад кнігі “Аб душы”.
7-га красавіка атрымаў ліст, перададзены панам Лянге [6], палякам.
9-га выехаў Георг Сарторыюс з Вінтэнтура [7].
10-га я занямог ліхаманкаю, праз добрае апекаванне доктара Сімоні меў толькі тры параксізмы [8]. 
8-га чэрвеня Ёган Фрызэ, брат Якуба, даставіў мне лісты ад бацькоў [9].
19-га жніўня я займеў пасаду хатняга настаўніка, з ласкі пана Карсніцкага [10], маршалка двара князёў Радзівілаў [11], а менавіта, выязджаю ў Літву з панам Альбрэхтам Савіцкім [12], польскім шляхціцам, каб там навучаць яго паспалітым мовам ды навукам, у плату ж за гэта буду мець 36 флярэнаў на год, вопратку, харч і піццё [13].
27-га жніўня выехаў з Ляйпцыгу трохконным поездам з шляхціцам Альбрэхтам Савіцкім і трыма слугамі пры ім.
28-га прыехалі ў Гінзбург.
29-га -- у Будзішын.
30-га -- у Згажэлец і Баляславец.
31-га -- у Шанэгаў.

1-га верасня прыехаў ва Уроцлаў.
4-га пакінуў Уроцлаў.
6-га згубіў плашч.
8-га прыехаў у Кракаў, дзе тым часам лютавала пошасць [14], так што я нават і не мог з дому выйсці, тым болей парупіцца аб лістах, якія меў для Дудыча [15], Трэцэ [16], Длускага [17] ды іншых.
10-га пакінуў Кракаў.
11-га прыехаў у Вісліцу, у 8 мілях ад Кракава.
13-га мы пераправіліся праз Віслу ды заначавалі на беразе пры вогнішчы, бо з прычыны пашыранае пошасці не маглі выбрацца ў места. Такім спосабам начавалі мы трое сутак, коні нашыя, адпушчаныя на ноч, жывіліся травою, мы ж везлі з сабою хлеб і сыры.
Калі аднаго разу заехалі ў вёску, то нас, пасля многіх просьбаў, ледзьве пусцілі ў вясковую хату; калі мы стрэлілі з ружжаў, то жаўнеры, што пільнуюць польскія межы ў часе бескаралеўя [18], амаль нас не забілі. Меліся ўзяць нас за шпегаў, бо ўбранні нашыя былі нямецкага ўзору, пасля таго ж, як прачыталі ліст, узяты панам Альбрэхтам у Ляйпцыгу ад князёў Радзівілаў, адпусцілі нас мірна.
17-га верасня прыехалі ў Мельнік, у сядзібу бацькі пана Альбрэхта Мацея Савіцкага [19], які меў чын пісара і сакратара Вялікага Княства Літоўскага, старосты мельніцкага, войта драгічынскага ды інш., ён жа сам быў непрысутны -- выбраўся на генэральны з'езд [20], што тады на Літве адбываўся; староства ж гэтае знаходзіцца на Падляшшы.
Вяльможная Пані [21] на той час была за горадам, у адным з сваіх маёнткаў, жывучы ў гумне, бо ўцякла ад заразы ў замку, пасля смерці адной з служак. Таму пан Альбрэхт заехаў у Мельнік, у адной з мельніцкіх вёсак з'еў абед, паслаўшы ганца да маткі сваёй, якая неўзабаве і прыбыла з дзвюма прыслужніцамі, дачкою Зузанаю да трыма слугамі. Перш чым яе павітаць, мы падпалілі сена ды абкурылі сябе і свае ўбранні, каб не пакінуць на сабе якой згубнай пошасці, а ўчыніўшы гэта, павіталіся. Пад'еўшы, заехалі ў Мельнік, у гумно, дзе і жылі два тыдні. Пазней, як пошасць апанавала ўсе маёнткі пана на Падляшшы, пані выехала ў Літоўнікі [22], вёску янаўскага біскупа, па ягоным запрашэнні і там чакала пана.
4-га кастрычніка выклікаў мяне луцкі біскуп [23] і гаварыў пра навучанне пана Альбрэхта.
15-га кастрычніка кабету, абвінавачаную ў крадзяжы, польскім звычаем каралі бізунамі, прывязаўшы яе да адмысловага ганебнага слупа.
24-га кастрычніка, як прыйшлі весткі, што прыбывае пан староста, мы выехалі з Літоўнікаў і дабраліся да Янава [24], сядзібы луцкага біскупа. Там заставаліся яшчэ два дні, бо пан староста быў хворы на падагру.
27-га прыехалі ў вёску біскупа.
28-га выехалі адтуль; дарогаю за вёскаю звалілася з каня мая шабля, то вярнуўся, каб яе шукаць. У хуткім часе іншыя слугі пана яе знайшлі, я ж, вяртаючыся, заблукаў і патрапіў у вялікі лес, дзе, не ўгледзеўшы слядоў поезду і коняў, заехаў у найбліжэйшую вёску. Звярнуўся да сялянаў, якія да мяне, як да якога дзіва, збегліся і пасміхаліся. Ні я іх не разумеў, ні яны мяне, пакуль, урэшце не ад'ехаў, угневаны, з вёскі ў самае поле, дзе стаў разглядацца, ці не ўбачу каго са слугаў пана. Неўзабаве заўважыў паблізу двух вершнікаў, воляю лёсу, тых самых, што знайшлі маю шаблю, дык пагнаў каня і паспяшаўся за імі, аж пакуль не дагнаў. Заначавалі мы ў вёсцы, населенай габрэямі.

1-га лістапада дабраліся да лесу пана старосты, шырынёю ў 4 мілі і даўжынёю ў 5. У тым лесе ўласнасці пана адно 4 вёскі, большасцю ж яны належаць іншым, як старосце жмудскаму [25]. Лес называецца Silva Czarnaloza, што азначае “чорны лес”.
4-га лістапада паехалі на паляванне, але нічога не злавілі, бо не мелі дастаткова сялянаў. Паляванні ж ладзяцца ў такі спосаб: вечарам высылаюць выведнікаў, якія цікуюць, у якім гаю сабралася большая колькасць звяроў, ды якраз там з самага ранку робяць аблогу, часткаю сеткамі, часткаю людзьмі з коллем і рагацінамі; па агульным размеркаванні пан з сям'ёю і слугамі пад'яжджае да сетак, і там хаваюцца за дрэвамі, пільнуючы звера з каламі ў руках. Лоўчыя з сабакамі і стрэльбамі ходзяць насупраць сетак, высочваюць звера і скіроўваюць проста на іх; калі звяры разбягаюцца ў бакі, абложаныя сялянамі, тыя ўсе калоцяць па дрэвах і робяць такі вэрхал, што перапуджаны звер вяртаецца назад. Калі ж трапляе ў сеткі, пан і слугі забіваюць яго коллем, патрапіўшы ж на лоўчых, звер гіне ад стрэльбаў. Паляванні ладзяць толькі ўзімку, бо летам лес недаступны з увагі на багну.
7-га лістапада зноўку выехалі на паляванне і злавілі трох туроў. Аднаго забілі ў сетцы, у двух іншых пацэлілі са стрэльбаў. Два дзікі, заблытаўшыся ў сетках, перагрызлі іх зубамі і выбраліся на волю без перашкод.
1-га пакінулі мы “Герцынскі лес” [26], заначавалі ў святара рускага; яны ўсе адпускаюць даўгія валасы і ўбараюцца ў даўгія апранахі, ніводнае мовы, апроч сваёй, не ведаюць.
13-га прыехалі ў Зэльву, вёску пана старосты, што ляжыць на Русі, складаецца яна з некалькіх паселішчаў.
17-га прыехалі ў Лапеніцу [27], вёску пана з некалькімі паселішчамі.
25-га лістапада прыехалі ў Малую Зэльву, вёску пана, называную так ад рэчкі.
30-га прывезлі нам лася, тура і дзіка, упаляваных ужо па ад'ездзе пана.

2-га снежня выехалі паляваць на зайцоў; было шмат пагоркаў, усе раз'ехаліся ў розныя бакі, каб падганяць зайцоў да лоўчых, тады ж я, з волі лёсу, убіўся ў месца, поўнае снегу, адкуль не мог выбрацца, круціўся там узад-уперад ды згубіў астатніх, якія ўжо кіраваліся да дому, і адзін блукаў сярод пагоркаў. Выехаў да лесу, праз які ехаць не хацеў, урэшце іншым шляхам дабраўся да нейкай вёскі, дзе не мог намовіць сялянаў, каб паказалі мне дарогу; урэшце, з цяжкасцю па-польску ім патлумачыў, што абяцаю грошы, калі яны мяне скіруюць, чаго яны рабіць не хацелі, пакуль я не заплачу наперад. Я нічога з сабою не меў, дык у якасці платы даў пячатку і срэбную манету, падараваную мне на развітанне Крыштафам Сульцэрам [28]; адно тады мяне, ноччу, правёў нейкі стары. Калі я з'явіўся, то цешыліся і віншавалі мяне, што я не забіты сялянамі.
13-га выехалі з Малой Зэльвы і прыбылі ў Вялікую Зэльву, места князя маршалка Радзівіла [29], у адной мілі ад Малой Зэльвы.
14-га прыехалі ў места Масты, названае так ад крытага маста праз раку Нёман, які вядзе да места. Заначавалі ў месцы Ражанка [30], на двары лютаранскага біскупа [31], і там слугі пана старосты біліся на кіях з слугамі маршалка за доступ да сена.
Места адлеглае на 6 міляў ад Вялікай Зэльвы.
16-га начавалі ў самотным заезным двары. На начлег прынялі нас у вёсцы Руднікі, дзе адбываюцца каралеўскія паляванні. Двор каралеўскі ўвесь з дрэва, з прыбітымі вакол галавамі туроў. Наўкруг яго колькі дамкоў, збудаваных для сенатараў, бо тут часамі адбываюцца і нарады [32].
19-га прыехалі ў Вільню, сталіцу Літвы; тут пан староста мае два дамы.
20-га слухаў дыспуты езуітаў аб дзесяці запаведзях.

1573 год

6-га дня лютага. Каб не траціць у Вільні марна часу, вырашыў слухаць езуітаў разам з панам Альбрэхтам. Маючы, аднак, сумнеў у тым, што нам дазволяць што-небудзь слухаць або наведваць выклады і дыспуты, звярнуўся я найперш да пана рэктара Варшавіцкага [33], які не хацеў гэта дазволіць, адно пры ўмове, што ёсць надзея нашага навяртання да Царквы, калі ж не, сказаў, то ён не хоча нас супраць Царквы ўзбройваць. Пад канец усё ж, хаця мы і найменшую падобную надзею адмаўлялі, яны самы адносна пана такую мажлівасць прызналі; таму і мне, з увагі на пана Альбрэхта, таксама дазволілі вольны ўваход і бесперашкоднае выйсце. І так мы пачалі слухаць філасофскія выклады аднаго шкота [34], 8-га лютага. Пан шкот тлумачыў “Другую аналітыку”, досыць мудра і прыстойна, паводле схалястычнага звычаю ўсё дыктуючы і чытаючы з канспектаў. Слухалі мы езуітаў цэлых 6 тыдняў, калі ж яны пачалі на філасофскіх выкладах звяртацца да тэалогіі, то і пана Альбрэхта часта заклікалі да прыватных дыспутаў, клапоцячыся усё аб тым, каб нас навярнуць, таму мы іх слухаць перасталі.
14-га лютага паехаў разам з панам да аднаго з ягоных маёнткаў, у дзвюх мілях ад Вільні.
17-га лютага выбраўся з панам да віленскага замка, дзе ўсё было пазамыканае, мы ж увайшлі да верхняга замку, заснаванага на ўзвышэнні, адкуль аглядалі ўсё места. Замак гэты аточаны мурамі і вежамі, а ў найбольш даступнай яго частцы знаходзіцца царква, якая ўжо рассыпаецца ад старасці. Месца выглядае не так, каб надта пышна.
17-га; таго самага дня атрымаў апошні ліст ад светлай памяці найдаражэйшага майго бацькі, пісаны рукою брата, бацька ж з прычыны хваробы пісаць не мог.
26-га сакавіка пан староста паехаў у Варшаву на элекцыю [35].
28-га з пані і сынам выехалі з Вільні ў накірунку Падляшша. Дабраліся да Руднікаў; 4 мілі.
29-га прыехалі ў мястэчка Радунь; 5 міляў.
30-га прыехалі ў Васілішкі; 5 міляў.
31-га прыехалі ў каралеўскае мястэчка Масты над ракою Нёман; 6 міляў.

Красавік.

1-га прыехалі ў Зэльву, вёску пана старосты, названую так ад ракі [36]; 7 міляў.
3-га захварэў на чухаўку, ад якой вылечыўся ўстрыманнем ад ежы, піцця, сну і пасцелі; перанёс толькі тры параксізмы.
5-га; на гэты дзень прызначаны з'езд для выбрання караля Польшчы, аднак з пэўных прычынаў перанеслі яго на іншы час.
20-га атрымаў лісты з Ляйпцыгу ад Габрыэля Бляўнэра [37] і ад пана Бэнэдыкта Войны [38], брата пісара і каралеўскага падскарбія [39].
5-га мая пакінулі мы Малую Зэльву і апоўдні прыехалі ў Кунікову, вёску пана старосты, начавалі ў месце Мсцібаў; 7 міляў.
6-га прыехалі на абед да мястэчка Янаўка, начавалі ў каралеўскім мястэчку Нарэў, названым так ад ракі, тут пан староста войтам, мае таксама свой двор з маёнткам; 8 міляў.
7-га выбраліся па абедзе і прыехалі ў Бельск, каралеўскае места, дзе пан староста таксама войтам; 4 мілі.
8-га прыехалі ў вёску пана пад назваю Жэрчыцы, прыналежную да староства; 5 міляў.
9-га прыехалі ў Мельнік, сядзібу староства, у каралеўскі замак пад самы абед; 2 мілі.
7-га з Мельніка выправіліся ў Драгічын [40], каралеўскае места, дзе пан староста войтам, а сын войскім, мае тут таксама двор паміж іншымі валоданнямі каля места.
19-га пан староста вярнуўся з выбараў. У Савічах [41], яго бацькаўшчыне, мы выйшлі яму насустрач.
20-га вярнуліся ў Драгічын; 2мілі.
24-га прыехаў пан Хадкевіч, стараста жмудскі, адміністратар Інфлянтаў, вялікі маршалак і інш. Заначаваў у пана ды наступнага дня ад'ехаў.
30-га выбраліся мы ў двор пана Касінскага [42], пісара драгічынскага, якога пан староста хацеў мець сабе за зяця.
31-га вярнуліся ў Мельнік.

Чэрвень.

3-га выбраліся мы на двор пана Войны, каралеўскага пісара Вялікага Княства Літоўскага і падскарбія. Уначы, калі ўсе былі п'яныя, слуга пана Сарнацкага [43] непрыстойна жартаваў з ім, намаўляў яго танчыць па-італьянску ды інш. Тады ўгневаны пан ганяўся за ім з шабляю, а як той літасці запрасіў, то звязаў яго і так пакінуў на цэлую ноч. Раніцаю вызваліў яго з путаў.
Магнаты п'юць з шапак.
4-га; наступнага дня вяртаемся ў Мельнік.
9-га ў Мельнік прыехалі ўтрох Іжыковічы, сыны ранейшага мельніцкага старосты [44].
7-га (?) прыехаў пан Бака [45], слуга пана Хадкевіча, старосты жмудскага з жонкаю.
13-га паехалі ў Драгічын, прыбыў туды і Касінскі, пісар драгічынскі.
16-га ўначы вярнуліся ў Мельнік; у тую самую ноч згарэла вялікая частка лесу паблізу места.
23-га паехалі за Буг, рэчку, што абмывае Мельнік, каб агледзець парэшткі старой царквы над ракою, ад царквы ж нічога не ацалела, апроч абваленых муроў пасярод густога лесу.
28-га выправіліся да маёнтка пад назваю Патковіцы, адлеглага на 4 мілі ад Мельніка. Паткоўскі [46] выдаваў сваю дачку за аднаго шляхціца, а служку за месціча. Рэлігійныя ўрачыстасці адбыліся ў адзін час.
30-га выправіліся ў двор драгічынскага пісара, а адтуль 1 дня ліпеня -- у Драгічын дзеля ўфундавання і асвячэння збору, які пан староста будаваў у двары.

Ліпень.

2-га было вызначана, ўфундавана і асвечана праз казанне слова Божага месца для драгічынскага [кальвінісцкага] збору, які пан стараста пачаў будаваць.
3-га пан Альбрэхт разам з панам Сарнацкім, маршалкам двара князёў Радзівілаў, падаліся да двара пана пісара драгічынскага.
4-га вярнуліся ў Мельнік.
7-га прыехаў пан Сабашэнскі [47], шляхціц, які пазней заарандаваў у пана вайтоўства ў Нарэве. Анабаптыст, каторы мне, якому дужа бракавала грошай, падараваў чвэртку талера. Я ж вельмі ўсцешаны гэтым, такім двухрадкоўем занатаваў для сябе гэты дзень:
Цябе пазначу белай крэйдай, дзень шчаслівы.
Хто ж шчасце даў?-- спытаеш. Сам Бог міласцівы.
19-га выбраліся ў Драгічын. 
23-га пану старосце данеслі, што назаўтра мае прыехаць ваявода падляшскі [48], каб разбурыць збор, які пан будаваў. Дзеля гэтага ад самага ранку 24-га ліпеня, паколькі слугаў не было, пан разам з сынам Альбрэхтам і мною ратаваўся ўцёкамі і мы выехалі з Мельніка, а людзей з усіх службаў, каторыя былі на месцы, пан паслаў у Драгічын, каб баранілі збор. Аднак жа, як кажуць, паспелі яны толькі свечкі тушыць, бо ваяводавы слугі збор ужо зруйнавалі.
26-га пан староста выехаў у места Берасце, каб выказаць там скаргу на крыўду.
27-га я адзін паехаў у Драгічын.

Жнівень.

3-га паехаў у Мельнік да пана Альбрэхта, ён жа іншаю дарогаю выбраўся з Мельніка ў Драгічын.
4-га раніцай вярнуўся ў Драгічын.
8-га пані і мы з панам вярнуліся ў Мельнік.
13-га пан Альбрэхт падараваў мне нямецкі штылет.
З'явіўся пан Бака, ноччу прыехаў таксама пан Турчын, слуга князёў Радзівілаў, і прывёз панавы рэчы, пакінутыя ў Ляйпцыгу. У той самы час праз 14 дзён на замку былі ўвязненыя два каралеўскія пахолкі.
31-га з панамі бацькам і сынам паехаў на двор берасцейскага ваяводы [49], дзе тады спыніўся пан Троцкі [50], які кіраваўся ў Кракаў з целам караля; 6 міляў.

Верасень.

1-га выехаў адсюль з панам маім да князёў Радзівілаў, паноў Альбэрта і Станіслава, у Чарнаўчыцы [51]. Пан бацька вярнуўся ў Мельнік.
14-га пан Альбрэхт разам з князямі выбраўся да пана Пякарскага.
16-га ўсе вярнуліся. Прыехаў Шыскі, малады слуга пана.

Кастрычнік.

1-га выехалі з Чарнаўчыцаў ад князёў, на развітанне пан Станіслаў падараваў мне камэнтар да “Аналітыкаў”. Прыехалі ў Мельнік.
11-га прыехаў пан Баркоўскі [52], стары прыяцель, каторы з панам дэ Лянсакам [53], паслом караля Францыі, праз Нямецкае мора намерваўся плыць у Францыю, аднак жа быў затрыманы каралём Даніі [54]. А менавіта, з тае прычыны, што дэ Лянсак наняў у Гданьску марака [55], які меўся давезці яго да самых берагоў Францыі. Марака таго кароль Даніі, як толькі яны да Даніі даплылі, увязьніў, як вінаватага ў нейкім забойстве, і ўкараў смерцю, а пану дэ Лянсаку, каторы дзяржаўнага злачынцу ўзяў сабе за капітана, далей ехаць не дазволіў, але загадаў вяртацца ў Кракаў.
22-га пан даў мне талер, які пасля захацеў назад узяць і ніколі ўжо не аддаў.
24-га пасля купання выскачыў у мяне нарыў на шчацэ і доўга трымаўся, пакуль яго не прарвала.
29-га пан мой разам з маткаю выбраўся ў Драгічын, калі ж вярнуўся, падараваў мне сінюю шапку, называную каўпаком.

Лістапад.

3-га раскрыў сабе жылу, сярэднюю на правым плячы, каб перасунуць нарыў на твары куды ў іншае месца.
11-га прыехалі італьянскія акцёры князя маршалка Радзівіла [56] і пад наглядам пана практыкаваліся, каб у масках выступіць на вяселлі Паткоўскага.
14-га ўсе выбраліся на вяселле Паткоўскага.
15-га пан стараста жмудскі прыехаў у Мельнік, але, як наш пан быў непрысутны, то на наступны дзень выехаў.
23-га пан падараваў мне авечае футра.
24-га ў мяне ссунуўся дыск на шыі [57] і так заставаўся колькі дзён, пакуль манах з Драгічына, італьянец, што прыехаў у Мельнік да суда, і дыск мне паставіў, і шмат якім рэчам мяне навучыў дзеля захавання здароўя.

Снежань.

17-га пан староста паехаў у Драгічын да старосты троцкага [58], каторы тады быў у Драгічыне, і даведаўся ад яго, што кароль вярнуўся ў Францыю, з-за гугенотаў, аб якіх яму данеслі.
На велікодныя святы [59] з'явілася пані Паткоўская, жонка мельніцкага суддзі, з сынам Андрэем і дачкою, пасля ж з нашым панам паехала ў Кракаў.

1574 год.

5-га [студзеня] пан Тарлецкі [60], пісар пана старосты, прывёз з Варшавы новыя весткі, што прыязджае кароль [Генрых Валуа] і ўжо 15-га студзеня мае быць у межах Польшчы.

Люты.

2-га павезлі з Мельніка трох медзвядзёў ад старосты жмудскага на каранацыю. Раней ужо 17 такіх медзвядзёў адаслалі.
3-га пан Война, падскарбі і каралеўскі пісар, па дарозе на каранацыю з'еў абед у пана старосты і ўначы выехаў.
6-га з Мельніка мы выехалі ў накірунку Кракава. (...)

Пераклад з польскай мовы Аляксея Крукоўскага.
Падрыхтоўка тэксту і каментарыяў да публікацыі Алеся Белага


КАМЕНТАРЫІ:

1 Асоба дакладна не вызначаная.

2 Саксонскі герцаг Аўгуст (1526—1586), электар з 1567 г. Менавіта яму адрасаваўся падарунак пфальцграфа Фрыдрыха ІІІ Пабожнага — выява злоўленага ў ВКЛ у 1566 г. вялізарнага зубра (гл. артыкул “Літоўская кунсткамера” ў мінулым нумары “Спадчыны”).

3 Нікаляўс Эшэнбурк з Любека выдаў у 1571 г. у Франкфурце па-нямецку падручнік “Лягічная арыфметыка”.

4 Cімонэ Cімоні (Simone Simoni, 1532—1602), італьянец з Лукі, лекар і філосаф, з 1569 прыдворны лекар саксонскага герцага Аўгуста. Аўтар трактата “Пра гніццё” (гл., напрыклад, польскае выданне: S. Simonius. Rozprawa o gniciu. Krakуw, 1584).

5 Бальтазар Гітлер (Balthasar Gittler, пам. 1617) з Сілезіі, філосаф і прафесар медыцыны ў Ляйпцыгу, ў 1572 абраны рэктарам універсітэту.

6 Юбэр Лянгэ (Hubert Languet, 1518—1581), француз, доктар права, падарожнік і палітычны дарадца нямецкіх пратэстанцкіх князёў і галандскага стадхаўдэра Вільгельма Аранскага.

7 Георг Сарторыюс іматрыкуляваўся у Ляйпцыгскім універсітэце ў летнім семестры 1572 г. Вінтэртур — места ў Швайцарыі, ў кантоне Цюрых.

8 Пазней у лісце да Cімоні Ян Вольф, бацька Генрыха, дзякаваў таму за клопат пра здароўе сына.

9 Магчыма, сын Ёганэса Фрызэ (Johannes Friese, 1505—1565), габраіста, правазнаўцы і арганізатара школ у Цюрыху.

10 Найверагодней, Станіслаў Карсніцкі гербу Ястрабец, серадзкі падсудак земскі і (1574--1576) бурграф кракаўскі. Паводле Папроцкага (с. 517), Карсніцкія гурбу Адравуж паходзілі з сандамірскага ваяводства, цеханоўскага павету. Паводле Банецкага ж, Карсніцкія гербу Ляліва былі і ў павеце касцянскім.

11 Юры (1556--1600), Станіслаў (1559--1599) і Альбрэхт (1558--1592) Радзівілы, сыны Мікалая Радзівіла Чорнага, запісаныя на вучобу ў зімовым семестры 1570 г., плацілі па 5 і 1/3 поўных флярыны.

12 Альбрэхт Войцех Савіцкі гербу Юноша (магчымя таксама, Клямры-з-мачам альбо Навіна -- Kojalowicz, Compendium, cc. 89 i 183). Сын падляшскага кашталяна Мацея Савіцкага. Бацька па чарзе перадаў яму ўрады драгічынскага войскага (1570) і мельніцкага старасты (1576). Ажаніўся з дачкою Мікалая Длускага. Запісаны на вучобу ў зімовым семестры 1570 г., плаціў 1 флярын і 3 грошы.

13 Параўнай, у лісце бацькі Генрыха Вольфа, да Каспара Пойцэра, які апекаваўся Г.Вольфам у Ляйпцыгу: “У кожным разе хацеў бы, каб сын заставаўся ў Вас альбо ў Ляйпцыгу ці Вітэнбергу да таго часу, пакуль французскія справы не дойдуць да ладу, а найперш, пакуль сярод французаў не ўсталюецца цалкам супакой і мы зможам паслаць яго ў Парыж. Бо так зручней і выгодней можом перасылаць яму лісты, ды і грошы. Але, тым часам, можа стацца так, што ён зробіцца пэдагогам якога-небудзь шляхціца ці багатага купца, і такім чынам зможа і вызваліць мяне ад часткі выдаткаў, і, навучаючы, вычыцца сам, і ў Францыю выехаць на ўласны кошт.” Бацька Генрыха Вольфа яшчэ ў ліпені пісаў, каб з увагі на здароўе той ехаў лепш у Францыю і тое самае перадаў брату (Яну Якубу). Паведамляў таксама, што яго ўжо наведаў Лянге і забраў з сабою лісты да Радыгнуса ў Марбургу. Грошы Генрых меў браць з прызначаных для яго ў Фогеліна або пазычаць у Сімоніюса.

14 Аб пошасці 1572 г. глядзі: A.Walawender. Kronika klesk elementarnych w Polsce i w krajach sasiednich w latach 1450--1586, t.1. Lwów, 1932, s.142--143. У верасні 1572 г. у Кракаве памірала штотыдзень болей за 300 асобаў, у Казімежы -- каля сотні (тамсама, s. 283). Успрыняцце пошасці 1571--1572 гг. вачыма еўрапейцаў ілюструе таксама “лятучы” лісток” на перадапошняй старонцы вокладкі.

15 Андрэй Дудыч (дакладней, Дудзіч Сбардэляці) (1533--1589), венгр з паходжання, гуманіст і імпэрскі дыплямат; біскуп Pieciukosciolów (1563), пазбаўлены біскупства (1567) пасля выяўлення ягонага шлюбу з Рэгінай Страшоўнай. У 1567 г. атрымаў польскае шляхецтва. Сябраваў з Янам Вольфам і Сімоніюсам.

16 Крыштаф Трэці (пам. 1590), мешчанін з Мысленіцаў (?), атрымаў шляхецтва ў 1581 г. і прылучаны Фірлеямі да гербу Ляліва. Пісьменнік і кальвінскі святар, каралеўскі сакратар пры Стэфане Баторым.

17 Мікалай Длускі гербу Котвіч (к.1540--1584), сын Андрэя, валадара Івановіцаў, і Агнешкі з Мышкоўскіх. У 1564 г. ажаніўся з Ганнай Міноцкай.

18 Глядзі: “Ухвала радаў і рыцарства кракаўскай і сандамірскай зямлі пра нагляд з падгорскімі і сілезскімі межамі, Кракаў, 19 ліпеня 1572 г.” у: “Akta sejmikowe województwa krakowskiego, wyd. St. Kutrzeba, Warszawa, 1932, t.1, ? 1.2, s. 3--5. Бескаралеўе ў Рэчы Паспалітай пачалося 7 ліпеня 1572, калі памёр Жыгімонт ІІ Аўгуст, і працягвалася да абрання каралём і вялікім князем Генрыха Валуа (11--15.5.1573).

19 Мацей Савіцкі гербу Юноша (пам. 1581), названы “Матысікам”. Польскага паходжання, пачынаў кар'еру як “дзяк” у канцылярыі Мікалая Радзівіла Рудога. Мельніцкі стараста з 1569 г., літоўскі пісар з 1566 г., падляшскі кашталян з 1574 г.

20 Савіцкі, можна меркаваць, затрымліваўся ў Вільні, дзе ў сярэдзіне верасня 1572 г. афіцыйны літоўскі пасол Ян Хадкевіч выступаў з адозвамі кнышынскага з'езда.

21 Жонка Мацея Савіцкага, асоба, больш дакладна не вядомая.

22 Цяпер Старыя і Новыя Літоўнікі, недалёка ад Галоўчыцаў.

23 Віктарын Вярбіцкі гербу Радван (пам.1587), біскуп жмудскі, затым, з 1566 г.,-- луцкі (з сядзібай у Янаве Падляшскім). Юрысдыкцыя Луцкага біскупства, першага каталіцкага біскупства ў ВКЛ (з 1375 г.), ахоплівала і паўднёвы захад Беларусі (Берасцейскае ваяводства).

24 Янаў Падляшскі або Біскупскі. Заснаваны паводле хэлмскага закону ў 1465 г., перад пажарам у 1575 г. налічваў 500 дамоў.

25 Ян Хадкевіч гербу Грыф (каля 1537--1579), староста жмудскі (1563), маршалак земскі Вялікага Княства Літоўскага (1566), адміністратар Інфлянтаў (1566), кашталян віленскі (1574), ковенскі староста (1574).

26 Алюзія на “Гальскую вайну” Юлія Цэзара (VІ, 24--28). Тут гэты выраз дастасаваны да Белавежскай пушчы.

27 Лапеніца, мястэчка ў ваўкавыскім павеце (зараз вёска ў Ваўкавыскім раёне).

28 Магчыма, сын Сымона Сульцэра (Sulzer, 1508--1585), тэолага з Бэрна і Базэля. Сульцэры вядомы ў Вінтэртуры ад пачатку ХІІІ ст.

29 Мікалай Краштаф Радзівіл, называны “Сіроткаю” (1549--1616), брат Альбрыхта і Станіслава (а таксама Юрыя), на той час (з 1569) надворны маршалак Вялікага Княства Літоўскага, пасля земскі маршалак (1579), троцкі кашталян (1586), троцкі ваявода (1590) і нарэшце віленскі ваявода (1604).

30 Ражанка над р. Тур'я. Зараз вёска ў Шчучынскім раёне.

31 Мікалай Пац гербу Газдава (к. 1527--1585), намінат на кіеўскае біскупства (1557). Як прыхільнік Рэфармацыі, не дамагаўся папскай ухвалы, неабходнай для атрымання біскупскага пасвячэння. У 1564 г. высунуты Радзівіламі на жмудскае біскупства. У 1583 г. пастаўлены Стэфанам Баторым на смаленскае кашталянства, г.зн. цывільную пасаду, чым і завяршыўся скандал даўжынёю у чвэрць стагоддзя, калі пасаду каталіцкага біскупа займаў пратэстант!

32 Тры невялічкія палацы з сасновых паляў, на месцы сціплага паляўнічага павільёну, паставіў у Рудніках на рацэ Мерач (Троцкі павет; зараз у Літве) Жыгімонт Стары ў 1511 г. Іх атачалі сажалкі і паркі. У агароджаны звярынец можна было страляць нават з вокнаў. Непадалёку пабудавалі стайні ды памяшканні для двара. Знаходзячыся на галоўным шляху з Вільні ў Варшаву (па якім і праязджаў Вольф) зусім побач са сталіцай, Руднікі карысталіся вялікай папулярнасцю сярод віленскай арыстакратыі як месца банкетаў і паляванняў. Віленская брама, праз якую выходзіў “біты” шлях у Варшаву, называлася Рудніцкай. Улетку 1573 г. у Рудніках адбыўся з'езд шляхты ВКЛ, на якім было ўхваленае абранне каралём Генрыха Валуа, здзейсненае на элекцыйным сойме ў Варшаве ў траўні 1573 г.

33 Станіслаў Варшавіцкі, езуіт (1527—1591), першы рэктар віленскага калегіюма (з 1570 г.), у 1579 пераўтворанага ў акадэмію (пазней ва ўніверсітэт).

34 Джон Хэй (John Hay, 1546--1607), “шкот” (шатляндэц), вучань славутага езуіта Станіслава Косткі, “здольны і глыбока адукаваны, пасля навучання ў Рыме выкладаў з 1570 г. у віленскім калегіюме, вучыў найперш катэхізму, а таксама як асістэнт прафэсара Тамаша Здэлярыча (пам.1572 г.), харвата, і рыторыцы. Пасля смерці апошняга ў 1572 г. стаў прафэсарам” (L. Piechnik, Poczatki Akademii Wilenskiej 1570--1599, Rzym 1984, t.1). Пад час побыту Вольфа ў Вільні “пасля камэнтараў Яна Хэя да Арыстотэля, зробленых паводле Яна Дунса Скота, што было досыць нязвыклай рэччу ў езуіцкай установе, пачыналіся лекцыі таміста Пятра Віяны, “гішпанца” (тамсама, с. 124). Хэй быў выдатным паслядоўнікам філасофіі ў ХVІ ст.” (тамсама, с.127). Пасля канфлікту з Віянам ён пакінуў Вільню ў 1575 г.

35 Час элекцыі быў прызначаны на 6 красавіка 1573 г.

36 Зэльва, левы прыток Нёмана.

37 Аднакурснік і сусед Вольфа ў Ляйпцыгу, Габрыэль Вляўнэр з Берну (Gabriel Blauner, 1547--1577).

38 Бенедыкт Война гербу Трубы, віленскі біскуп ( 1600--1615).

39 Ваўжынец Война гербу Трубы (пам.1580), брат Бэнэдыкта, літоўскі пісар (1566) і падскарбі надворны (1569), пасля падскарбі земскі (1576), староста пінскі і з 1578 г. гродзенскі.

40 Драгічын Падляшскі на Бузе, староства гродскае.

41 Савічы, вёска паблізу Сакалова Падляшскага.

42 Ян Касінскі гербу Равіч, драгічынскі пісар земскі.

43 Шматлікія Сарнацкія жылі ў мельніцкім ды драгічынскім паветах.

44 Гэта былі сыны Яна Іжыковіча гербу Ляліва, аднаго з папярэдніх мельніцкіх старостаў -- Геранім, Пшэслаў, Войцах ці Актавіян (О. Halecki, Przylaczenie Podlasia, Wolynia i Kijowszczyzny do Korony w roku 1569, Kraków, 1915, s. 128). Брат Яна, Кацпар Іжыковіч, мельніцкі падкаморы, быў паслом ад Падляшша на люблінскі сойм 1569 г. У часе абмеркавання ўніі ды далучэння Падляшша да Кароны ў ім пачулася літоўская кроў Манівідавічаў. Ён ад'ехаў з Любліна, пасля ж, услед за адмоваю скласці прысягу польскаму каралю, быў пазбаўлены свайго ўраду (тамсама, с.с. 33--34). Такі ж лёс напаткаў многіх іншых патрыётаў ВКЛ, якія за адмову прызнаць перадачу Падляшша Кароне Польскай былі пазбаўленыя ўрадаў і маёнткаў, у тым ліку падканцлер Астафій Валовіч. Аднак большасць землеўласнікаў Падляшша паставілася да пераносу мяжы досыць спакойна, захаваўшы і свае маёнткі, і ўрады ў Вялікім княстве.

45 Магчыма, Ян Бака з Астушына (пам. 1579).

46 Пётр Паткоўскі гербу Прус, мельніцкі суддзя земскі.

47 Магчыма, ідзе гаворка пра прозвішча Сабацінскі. Аднак, у той самай ступені гэта мог быць Сабяшчанскі, Сбясерскі альбо гаспадар Сабешчак гербу Халява.

48 Мікалай Кішка (пам. 1587), падляшскі ваявода з 1569 г.

49 Берасцейскім ваяводам быў на той час Юры Тышкевіч (пам. 1576).

50 Астафій Валовіч (пам. 1587), берасцейскі старjста (з 1567), троцкі кашталян і літоўскі падканцлер (1569--1579), пасля віленскі кашталян і вялікі канцлер літоўскі (1579).

51 Чарнаўчыцы, зараз вёска у Брэсцкім раёне.

52 Баркоўскі, верагодна, належаў да світы рацёнжскага кашталяна Станіслава Крыскага, каторы, як удзельнік афіцыйнага пасольства, што мела накіравацца да абранага караля, рабіў спробы апярэдзіць сваіз калегаў і дабрацца да Францыі марскім шляхам. Мажліва, той самы Баркоўскі браў удзел у сінодзе ў Бельжыцах у сакавіку 1569 г. Магчыма таксама, што гэта Андрэй Дунін-Баркоўскі, люблінскі пісар, якому прысвячаў свае працы Марцін Чаховіц, што бываў у Цюрыху і сябраваў з Янам Вольфам. Сын Андрэя Пётр (пам. 1619), у 90-х гадах навучаўся ў Страсбургу.

53 Гі дэ Сэн-Жэле-і-Лянсак (Guy de Saiut Gelais et de Lansac). Трэцім значным пасажырам быў удзельнік парыжскага пасольства да караля рацёнжскі кашталян Станіслаў Крыскі. Судна называлася “Канкордыя”.

54 Фрэдэрык ІІ Ольдэнбург, кароль Даніі і Нарвэгіі (1559--1588).

55 Міхаіл Фігэнаў быў энэргічным вайскоўцам і адважным, знакамітым у Польшчы капітанам. Атрымаў шляхецтва на люблінскім сойме 1569 г. 24 жніўня 1573 г. быў сцяты ў замку Гельсінгёр (Эльсінор). Галовы капітана і 17 ягоных маракоў развесілі на палях каля замка ў перасцярогу іншым мараходцам, што парушалі спакой дацкага ўзбярэжжа.

56 Мікалай Радзівіл “Сіротка” (гл. заўв. 29).

57 Праўдападобна, гаворка ідзе аб topticolis spastica, аднабаковай спазме шыі.

58 Маецца на ўвазе Астафій Валовіч, кашталян троцкі (гл. заўв. 50).

59 Відавочная памылка. Трэба чытаць: Свята Божага Нараджэння (25 снежня).

60 Магчыма, той самы Станіслаў Тарлецкі, што разам з Янам Кратоўскім малодшым ды Янам Ласіцкім запісаўся на навучанне ў Вітэнбэргу 2 кастрычніка 1570 г.

 

біяграм   |   энцыклапедыя   |   рэцэнзіі   |   інтэрнэт-праекты   |   english
картаграфiя  
|   хронiка Белай Русi   |   матэрыялы па картаграфii   |   іканаграфiя
матэрыяльная культура  
|   артыкулы   |   радыёперадачы   |   іншыя артыкулы
камунікат  
|   аўтары

© Copyright Ales' Bely 2004