|
хронiка Белай Русi
рэзюмэ: by
eng
de
поўны
тэкст
рэцэнзii
палеміка
апошнія
артыкулы
матэрыялы па картаграфii
Беларусь на Эбсторфскай
карце
Планы з калекцыі
Фюрстэнхофа
план
Полацка 1707 г.
Ідрысi
cкладаны варыянт
cпрошчаны варыянт
Менск. Загадкавы медзярыт
“Лiтоўская кунсткамера”
Голад у краiне Русь i Лiтва
лятучыя лісткі пра
Полацк
пра Дальберга i ягоны дзённiк
артыкулы
“белае” пiва
бручка
верашчака і мачанка
грэчка
калдуны
капытка ці
капыткі?
кілбаса, пальцам пханая
кішка
крамбамбуля
«Культавы» селядзец
лазанкі
Марцін Святы
— губіцель гагаты
смажні, кнышы, кулебякі
харчаванне ў перыяд ВКЛ
харчаванне ў перыяд Рас. імперыі
In Laudem Cerevisiae
На хвалу Піва
Belarusian Beer Lacks
Genealogy
Forgotten brand: сыр Лiтоўскi
радыёперадачы
"Беларуская Атлантыда"
На Хвалу Піва
Белая Русь… Science
Fiction?
Тэатр сармацкага жэсту
Гарбата ў Беларусі
Мінулае беларускага
баброўніцтва
Камора тартураў...
Сярэднявечныя сьмяротныя
пакараньні
Cелядзец па-беларуску
125-гадовы юбілей
“трэцяга сэктару” Беларусі
Дабрабыт магілёўца...
Віно ў беларускай традыцыі
Традыцыя вырабу сыроў
у Беларусі
Панамі будзеце, панамі!
Беларусь на Верхняй Волзе
Беларусь і Цюрых у XVI ст.
| |
| “Афіны над Ліматам” і беларуская культурная спадчына
XVI ст. |
Публікацыяй урыўку з дыярыўшу падарожжа цюрыхскага дзеяча Рэфармацыі Генрыха Вольфа па захадзе Беларусі “Спадчына” падводзіць рысу пад серыяй артыкулаў і публікацый па цюрыхскіх матэрыялах, якія сталі магчымымі дзякуючы шчырай дапамозе д-ра Монікі Банькоўскай-Цюліг з Цюрыхскай Zentralbibliothek (гл. таксама “Спадчыну” № 6 за 1997 і № 2 за 1998 г.) Абагульняючы гэты першы такога кшталту досвед, трэба сцісла ўзнавіць рэтраспектыву сувязяў паміж ВКЛ XVI ст. і слаўным швайцарскім горадам, значэнне якога як адной з фінансавых сталіц свету працягвае расці і ў нашы дні: славутая вуліца Bahnhofstraße не саступае па рэпутацыі лонданскай Lombard Street i нью-ёркскай Wall Street. Але нас больш тут абыходзіць, што мала дзе яшчэ на Захадзе захавалася столькі матэрыяльных сведчанняў пра нашу старажытную дзяржаву, яе былыя інтэнсіўныя самастойныя сувязі (без кантроля і нагляда “старэйшага брата” !) з Еўропай, як у Цюрыху. У пэўным сэнсе гэта заканамерна: менавіта Цюрых (разам з Жэневай) быў адным з галоўных цэнтраў кальвінізма, канфесіі, на якую прыхільнікамі поўнай дзяржаўнай незалежнасці ВКЛ, у другой палове XVI ст. ускладалася столькі спадзяванняў. Але французскамоўная Жэнева не ў такой ступені абыходзіла літоўскіх інтэлектуалаў і не ў такой ступені цікавілася іх праблемамі, як немецкамоўныя “Афіны над ракой Лімат” (як стануць пазней называць Цюрых дзеля яго славы адной з інтэлектуальных метраполій свету – дастаткова прыгадаць, што менавіта тут пачынаў сваю навуковую кар’еру Альберт Айнштайн). Нідэрланды, амаль адрэзаныя іспанцамі ад астатняй Еўропы, былі занятыя вайной за незалежнасць, і ў XVI ст. не аказалі значнага ўплыву на культурнае развіццё ВКЛ. Таму натуральным цэнтрам прыцягнення для літоўскіх рэфарматаў зрабілася Швайцарыя, ў першую чаргу яе нямецкамоўная частка. Трэба аддаць таксама даніну павагі ўласцівым яе насельнікам педантызму, ахайнасці і паслядоўнасці, дзякуючы якім да нашага часу дайшлі такія пісьмовыя і іканаграфічныя крыніцы, якія ў нас не тое што дрэнна захоўваліся, а рачэй мэтанакіравана вывозіліся ці знішчаліся - каб не перашкаджаць хутчэйшай “інтэграцыі” ў “культурную” прастору ўніфікаванай імперыі.
Кальвінізм і цвінгліянства, злучаныя з 1549 г. у адзіную рэфарматскую канфесію, надавалі вялікае значэнне знешнепалітычнай прапагандзе, якая спрыяла імкліваму распаўсюджванню гэтага веравызнання па ўсёй Еўропе. З 1553 кальвінізм пачаў уводзіць у сваіх разлеглых уладаннях наш вялікі дзяржаўны дзеяч, канцлер ВКЛ Мікалай Радзівіл Чорны (1515-1565), падаўшы прыклад іншым магнатам, за якімі пацягнуліся сярэдняя і дробная шляхта і мяшчане, так што праз нейкае дзесяцігоддзе рэфармацкі рух ахапіў усе верхнія пласты літоўскага грамадства. Пра Рэфармацыю ў ВКЛ і яе ўплыў на грамадскае і культурнае жыццё нашых продкаў напісана нямала; мала хто, аднак, звяртаў увагу на тое, наколькі цесна тутэйшыя рэфарматы былі звязаныя менавіта з Цюрыхам. Прызнаны лідэр рэфармацкага руху Генрых Булінгер (1505-1575), які атрымаў пасля смерці Ульрыха Цвінглі (1531) пасаду цюрыхскага “народнага прапаведніка” (Antistes), актыўна прапагандаваў сваё веравызнанне (Сonfessio Helvetica) па ўсёй Еўропе; Мікалай Радзівіл, са свайго боку, таксама імкнуўся праводзіць актыўную знешнюю палітыку і да таго ж вельмі глыбока цікавіўся тэалогіяй. Натуральна, што хутка яны ўсталявалі кантакты паміж сабой, наладзіўшы з 1555 сталае ліставанне [1]. Радзівілу Булінгер прысвяціў свае казанні аб чыстым, не заражаным ерасямі веравызнанні (1558), тэкст якіх захоўваецца ў Цюрыху [2]. Неўзабаве ў Цюрых пацягнулася цэлая чарада студэнтаў з ВКЛ. Першы іх вялікі “дэсант” высадзіўся тут у красавіку 1564 г.: тады цэлая грамада з Польшчы (Ян Астрарог, Ежы Немста і інш.) і з ВКЛ (будучы патрон антытрынітарыяў Ян Кішка, тады зусім малады хлопец, год 15-ці; Кшыштаф Зяновіч і інш.), пераехала з Базэля ў Цюрых. У канцы 1563 г. яны пахавалі ў Базэлі свайго куміра, французскага рэфармацкага тэолага Себасцьяна Шатыльёна (1515-1563), уфундаваўшы, між іншым, мемарыяльную табліцу на яго магіле, і адправіліся шукаць сабе новых аўтарытэтаў. Кішка, пляменнік Мікалая Радзівіла, накіраваўся да старога, хоць і завочнага, знаёмага дзядзькі, Булінгера, ў доме якога і пасяліўся. Праз чатыры з паловай стагоддзі ўражвае тая натуральнасць, з якой вялікія кампаніі нашых студыёзусаў падарожнічалі па тагачаснай Еўропе, задоўга да таго, як на бедныя гарналыжныя курорты абрынецца лавіна абцяжараных лёгкімі грашыма “новых рускіх” ды рознага кшталту дзеячоў “алімпійскага руху”… Праз некалькі месяцаў Кішка разам са шматлікай світай выехаў далей на поўдзень, у Італію, але яго побыт мусіў запомніцца Булінгеру палымянымі тэалагічнымі дыскусіямі дый красамоўнымі апісаннямі ліцвінамі сваёй далёкай Радзімы, ўсё яшчэ загадкавай для цывілізаванага еўрапейца сваймі дзікаватымі звычаямі ды першабытнай, фантастычнай амаль як тая амазонская сельва, прыродай: менавіта адзін са спадарожнікаў Кішкі, падольскі ваяводзіч Станіслаў Стажахоўскі, падарыў Булінгеру і яго нязменнаму “чалядніку” Яну Якубу Віку выяву жахлівай пачвары (porcellus monstruosus), якая нарадзілася ў Вільні ў 1562 г. З гэтай пары навіны з Літвы стала прыцягвалі ўвагу цікаўных цюрыхскіх бюргераў: то яны даведаюцца пра захоп Полацка Іванам Жахлівым у 1563 г., то пра надзвычайных памераў зубра, злоўленага ў ВКЛ ў 1566 г., то пра жахлівы голад “ў Літве і на Русі” ў 1571 г. і звязаныя з ім эпідэмію чумы ды ўспышку канібалізма. З’явяцца ў тутэйшых рэфарматаў і новыя карэспандэнты з ВКЛ, такія як гісторык і бібліёграф Ян Ласіцкі з Заслаўя, якому ў 1564 г. таксама давялося павучыцца ў Цюрыху ці малады яшчэ Сымон Будны, якому наканавана зрабіцца славутым ерэтыком, асуджаным у тым ліку і кожным прыстойным цюрыхцам. А спачатку ён пачціва, з пакрыёмым спадзяваннем на прызнанне дасылае Булінгеру свой пераклад на лаціну славянскага трактата “Аб паходжанні Святога Духа” (з Клецка, 18 красавіка 1563 г.) [3], які называюць цяпер Цюрыхскім рукапісам. Погляды Буднага, шакіруючыя сваім адкрытым адмаўленнем асноўных дагматаў хрысціянства, у Цюрыху прыхільнікаў не набылі, але ўвагу на сябе звярнулі: цяпер тут будуць пільна прыглядацца да блюзнерскіх пісанняў “літоўскага монстра”, больш страшнага, пэўна, чым свіння-вырадак з Вільні. У 1575 г. цюрыхскі багаслоў Ёсіас Сімлер (1530-1576) рэзка выступіць супраць трактата Буднага “Аб дзвюх прыродах Хрыста” (Лоск, 1574), які, дарэчы, не захаваўся і часткова вядомы нам толькі дзякуючы цытатам, якія ўвесь час прыводзіць Сімлер у сваёй кнізе [4] – падобна таму як страчаны антыхрысціянскі трактат Цэльса “Праўдзівае слова” аднаўляецца паводле яго крытычнага разбора Арыгенам. Але ж гэта і яшчэ адзін прыклад, як цюрыхскія матэрыялы дапамагаюць аднавіць страчаны помнік беларускай багаслоўскай і грамадскай думкі XVI ст. і лепш зразумець нашу ўласную гісторыю.
Калі задацца пытаннем, які помнік матэрыяльнай культуры найбольш яскрава сымбалізуе інтэнсіўнасць і разнастайнасць нашых сувязяў са Швайцарыяй пад час “залатога веку” ВКЛ, то адказу, бадай, не трэба шукаць доўга: пэўна, прасцей за ўсё абудзіць фантазію ды ўявіць сабе атмасферу, ў якой разважныя швайцарцы жахаліся ад блюзнерскіх выпадаў Буднага супраць Святой Тройцы ды слухалі бясконцыя апавяданні пра вольныя ловы ў бязмежных літоўскіх лясах ад нашчадкаў старадаўніх магнацкіх радзін ці як тыя канспектавалі тэалагічныя лекцыі цюрыхскіх кальвінісцкіх “основоположников”, калі зірнуць на старадаўні сымбал Цюрыха, кафедральны сабор Гросмюнстэр (Grossmünster). Гэтая архітэктурная дамінанта горада, якая нязменна прыцягвае ўвагу шматлікіх турыстаў, у тыя далёкія часы была адной з галоўных цытадэляў Рэфармацыі. “Вялікі манастыр”, згодна з традыцыяй, быў заснаваны над магіламі святых заступнікаў горада, Фелікса і Рэгулы, якія прынялі тут пакутніцкую смерць ад рымскіх легіянераў у ІІІ ст. Сучасную катэдру пачалі будаваць каля 1100 г., папярэдне разбурыўшы базыліку яшчэ каралінгскай эпохі; будоўля зацягнулася надоўга, не саступаючы ў працягласці і ўпартасці ўзвядзенню Кёльнскага сабора – можна сказаць, яна ніколі і не спынялася да нашага часу, бо апошняя буйная рэканструкцыя закончылася ў 1990 г. За гэты час выгляд Гросмюнстэра некалькі разоў істотна змяняўся, і ў XVI ст. ён выглядаў не зусім так, як сёння. Але асноўныя рысы гэтай трохнефнай бажніцы засталіся тымі ж, хіба толькі дзве галоўныя вежы, якія Кішка, Ласіцкі і Мікалай Радзівіл Сіротка бачылі спічастымі, зараз маюць скругленую форму. Вакол Гросмюнстэра і засярэджвалася грамадскае жыццё рэфармацкіх “Афінаў”: тут у асноўным працякала дзейнасць Цвінглі, а потым Булінгера, тут да 1586 г. служыў архідыяканам ужо вядомы нам Ян Якуб Вік, руплівасці якога мы абавязаныя ўнікальнымі выявамі з нашае гісторыі. Яго наступнікам на гэтай пасадзе быў Генрых Вольф, фрагмент з дзённіка якога і прапануецца чытачу.
Генрых Вольф (1551-1594) нарадзіўся ў Цюрыху ў мяшчанскай сям’і пастара Яна Вольфа. Пачатковую адукацыю атрымаў дома і ў мясцовай гімназіі, а з 19 год працягваў навучанне ва ўніверсітэтах Базэля, Цюбінгена, Вітэнберга і Ляйпцыга (1570-1572). З гэтага апошняга ўніверсітэту, маючы 21 год, выехаў паводле дамовы са сваім аднакашнікам Альбертам Савіцкім, сынам падляшскага кашталяна Мацея Савіцкага, ў Польшчу ды Літву, каб “кшталціць” маладога Савіцкага ў замежных мовах ды розных іншых навуках за 36 гульдэнаў на год, адзенне, ежу і пітво. Наступныя 5 год Вольф правёў у ролі хатняга настаўніка ў Рэчы Паспалітай, добра навучыўшыся польскай мове і нядрэнна разабраўшыся ў рэаліях тутэйшага жыцця, дзеля чаго яго нататкі асабліва каштоўныя сваёй назіральнасцю, дакладнасцю і разуменнем гістарычнага кантэксту. Многія іншыя падарожнікі па Ўсходняй Еўропе, не валодаючы мясцовымі мовамі, часта скажона ўспрымалі і апісвалі падзеі, свдедкамі якіх былі самі, ці пра якія даведваліся ад мясцовых жыхароў, чаго пра Вольфа не скажаш. Апроч публікуемага дзённіка, шмат цікавай інфармацыі пра тагачасную Рэч Паспалітую змяшчаюць яго лісты на радзіму да дзядзькі, Каспара Вольфа, якія натуральным чынам траплялі і ў архіў Віка, дзе і захаваліся да нашага часу. Пазней, ужо вярнуўшыся дадому, Вольф да скону заставаўся паланафілам (у шырокім сэнсе; маем на ўвазе – прыхільнікам Рэчы Паспалітай увогуле, а не толькі Кароны): так, напрыклад, пад час канфлікту Стэфана Баторыя з нямецкімі мяшчанамі Гданьска ён паслядоўна бараніў і адстойваў пазіцыю караля ў палеміцы ледзь не з усёй інтэлектуальнай элітай Германіі, што ад немца і пратэстанта вымагала прынцыповасці, нават пэўнай інтэлектуальнай мужнасці. У 1578-1592 г. Вольф сумяшчаў абавязкі пастара ў родным Цюрыху з выкладаннем габрэйскай мовы ў тутэйшай акадэміі Carolinum. У 1586-1592 гг., як ужо згадвалася, быў архідыяканам Гросмюнстэра, а апошнія два гады жыцця правёў на пасадзе галоўнага пастара ў іншай славутай цюрыхскай бажніцы – Фраўмюнстэр. Звяртае на сябе ўвагу, што тагачасны цюрыхскі beaumond быў колам вельмі цесным, наскрозь пранізаным сваяцкімі сувязямі: сам Вольф быў з 1578 г. жанаты з унучкай Ульрыха Цвінглі (гэты шлюб так і застаўся бяздзетным), а яго сястра Магдалена (1550-1626) першым шлюбам была замужам за згаданым Ёсіасам Сімлерам. Цесны увесь свет - не толькі Швайцарыя!
Для беларускага чытача, зразумела, найбольшую цікавасць уяўляе тая частка дыярыўша Вольфа, якая апісвае яго побыт у ВКЛ. Нататкі цюрыхскага падарожніка, напісаныя на лаціне, зазналі ўжо нямала публікацый і на мове арыгіналу, і ў перакладзе на польскую. Настыпны ўрывак публікуецца паводле апошняга крытычнага польскага выдання 1996 г. [5].
Алесь
Белы
Пэрэгрынацыі або кароткае і сціслае апісанне вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыху
> падрабязна <
1 Агляд карэспандэнцыі паміж Радзівілам і Булінгерам гл.: Bryner E. Der Briefwechsel Heinrich Bullingers mit Polnischen und Litauischen Adeligen // Kirche im Osten, Bd. 23, 1980. Ss. 68-71. Найбольш поўна ліставанне паміж літоўскімі і швайцарскімі рэфарматамі адлюстраванае ў выданні: Wotschke T. Der Briefwechsel der Schweizer mit den Polen. Leipzig, 1908.
2 Bullinger H. Festorum dierum domini et servatores nostri Jesu Christi sermones ecclesiastici. Tiguri, 1558; Банькоўскі-Цюліг М. Судакрананні паміж Беларуссю і Швейцарыяй // Беларуска-нямецкае грамадска-культурнае ўзаемадзеянне: гісторыя, сучаснасць, перспектывы. Беларусіка * Albaruthenica. Вып. 7. Мн., 1996. Cс. 26-27.
3 De processione Spiritus Sancti libellus, a quodam Roxalano (vel Russo) contra Latinorum opiniones in lingua Illyrica, iam pridem conscriptus, nunc vero a Simone Budnaeo conversus. Рукапіс гэты разам з суправаджальным лістом Будны паслаў Булінгеру з клецкім старостам Геранімам Макоўскім, які суправаджаў у Цюрых яшчэ адну нашу славутасць – Мікалая Радзівіла Сіротку (1549-1616), будучага адступніка ад кальвінізма, падарожніка ў Святую Зямлю і арганізатара рэгулярных тапаграфічных здымкаў у ВКЛ. Зараз рукапіс захоўваецца ў цюрыхскім Staatsarchiv ( шыфр Е ІІ 367). Гл., напрыклад: Порецкий Я.И. Цюрихская рукопись Симона Будного // Веснік БДУ. Сер. ІV. № 1, 1969; Помнік эпохі Рэфармацыі і Адраджэння // Весці Акадэміі Навук БССР. Сер. грамадскіх навук. № 5, 1978.
4 Simlerus J. Assertio orthodoxae doctrinae de duabus naturis Christi… opposita blasphemis et sophismatis…Simonis Budnaei nuper ab ipso in Lithuania evulgatis. Tiguri, 1575.
5 Peregrinationes sive peregrinationem Heinrichi Wolphii Tigurini brevis et compendiaria descriptio * Polskie przypadki Henryka Wolfa z Zurychu z lat 1570-1578. Warszawa, 1996.
Упершыню надрукавана: Cпадчына, № 3, 1998. С. 172-178.
|