|
хронiка Белай Русi
рэзюмэ: by
eng
de
поўны
тэкст
рэцэнзii
палеміка
апошнія
артыкулы
матэрыялы па картаграфii
Беларусь на Эбсторфскай
карце
Планы з калекцыі
Фюрстэнхофа
план
Полацка 1707 г.
Ідрысi
cкладаны варыянт
cпрошчаны варыянт
Менск. Загадкавы медзярыт
“Лiтоўская кунсткамера”
Голад у краiне Русь i Лiтва
лятучыя лісткі пра
Полацк
пра Дальберга i ягоны дзённiк
артыкулы
“белае” пiва
бручка
верашчака і мачанка
грэчка
калдуны
капытка ці
капыткі?
кілбаса, пальцам пханая
кішка
крамбамбуля
«Культавы» селядзец
лазанкі
Марцін Святы
— губіцель гагаты
смажні, кнышы, кулебякі
харчаванне ў перыяд ВКЛ
харчаванне ў перыяд Рас. імперыі
In Laudem Cerevisiae
На хвалу Піва
Belarusian Beer Lacks
Genealogy
Forgotten brand: сыр Лiтоўскi
радыёперадачы
"Беларуская Атлантыда"
На Хвалу Піва
Белая Русь… Science
Fiction?
Тэатр сармацкага жэсту
Гарбата ў Беларусі
Мінулае беларускага
баброўніцтва
Камора тартураў...
Сярэднявечныя сьмяротныя
пакараньні
Cелядзец па-беларуску
125-гадовы юбілей
“трэцяга сэктару” Беларусі
Дабрабыт магілёўца...
Віно ў беларускай традыцыі
Традыцыя вырабу сыроў
у Беларусі
Панамі будзеце, панамі!
Беларусь на Верхняй Волзе
Беларусь і Цюрых у XVI ст.
| |
| пра Дальберга i ягоны дзённiк |
Невядомыя эпізоды “невядомай вайны”
Ваенныя дзеянні Швецыі супраць ВКЛ у 1656—1657 гг. вачыма
Эрыка Дальберга
Да тэмы вайны 1654—1667 гг., да аднаго з самых трагічных перыядаў нашай тысячагадовай гісторыі, яшчэ і яшчэ раз мусіць вяртацца беларуская гісторыяграфія і, што яшчэ важней, грамадская думка. Стагоддзе таму асэнсаванне падзей гэтай вайны, так званага “Патопу”, свядомасцю польскага грамадства — пазбаўленага нацыянальнай дзяржавы, падзеленага паміж трыма рэакцыйнымі імперыямі, але не страціўшага надзеі — моцна прычынілася да выхавання некалькіх пакаленняў патрыётаў. Не было таго фальварку, дзе не зачытвалі б да дзірак трылогію Сянкевіча, і ледзь не кожная пекная паненка плакала над лёсам пана Валадыеўскага, а кожнаму юнаку мроілася, як ён пракрадаецца з абложанага Збаража. У рэшце рэшт гэтыя юнакі і дзяўчаты аднавілі дзяржаву, якая, здавалася, страціла ўсе шанцы адрадзіцца. Ці ж гэта не прыклад для Беларусі ?
Даследаваннямі М. Ткачова і Г. Сагановіча распачатае вяртанне “невядомай вайны” ў гістарычную памяць нацыі. Аднак, як і любыя іншыя навуковыя даследаванні ці мастацкія творы, яны не здольныя аднавіць усю карціну тых далёкіх падзей. Праз такі час цяжка нават уявіць, колькі асабістых лёсаў было знявечана той вайной, якую роспач перажылі нашыя продкі — не безаблічныя “масы”, а жывыя людзі, якія кахалі і ненавідзелі, змагаліся і гінулі, здраджвалі, кідаліся з адной крайнасці ў іншую, але ўрэшце да канца выконвалі свой абавязак ў ці не самай бязлітаснай і крывавай калатні, якую ад веку бачыла нашая зямля. Пакуль трывае беларуская нацыянальная ідэя, тэма гэтай вайны ніколі, пэўна, не будзе вычарпаная.
У гэтай публікацыі аўтару хацелася б прыцягнуць увагу да некалькіх эпізодаў вайны, якія дагэтуль амаль не траплялі ў поле зроку беларускіх гісторыкаў, хаця без ведання гэтых эпізодаў аднавіць аб’ектыўную карціну вайны 1654—1667 гг. немагчыма. Асабліва гэта датычыць акалічнасцяў узяцця Бярэсця шведска-венгерска-казацкім войскам у траўні 1657 г., якое ніяк нельга аднесці да шэраговых падзей нашай гісторыі, але якое ніколі не было прадметам больш-менш уважлівага даследавання. Аб’ядноўвае гэтыя эпізоды тое, што ўсе яны звязаныя з кампаніяй 1656—1657 гг. шведскага караля Каpла X Густава супраць Рэчы Паспалітай і зафіксаваныя не толькі пісьмовымі крыніцамі, але і дакладнымі да найдрабнейшых дэталяў гравюрамі шведскага ваеннага інжынера і мастака-баталіста Эрыка Дальберга (1625—1703).
Лёс Дальберга цікавы не толькі сам па сабе, але і як тыповы прыклад бліскучай асабістай кар’еры на фоне фенаменальных эканамічных і ваенных поспехаў усёй Швецыі. Упершыню яна выступіла як еўрапейская супердзяржава ў 1630 г., далучыўшыся да пратэстанцкай кааліцыі ў Трыццацігадовай вайне. Тады здзіўленая Еўропа ўпершыню зведала моц шведскай зброі, якая дагэтуль сцвярджала сябе толькі ў рэгіянальных, нязначных у маштабе кантынента рэгіянальных канфліктах, перш за ўсё, у войнах з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Незвычайным у шведскім войску было тое, што ядро складалася не з наймітаў і не са свавольнага і малаэфектыўнага шляхецкага “паспалітага рушэння”, а з пяхоты, набранай з асабіста вольных сялянаў-бондаў (у Швецыі не было прыгону), абавязаных дзяржавай несці ваенную службу. Надзвычай дысцыплінаванае і згуртаванае (усе тактычныя адзінкі складаліся з землякоў, якія добра ведалі адзін аднаго і былі гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу таварышу), амаль аднароднае па нацыянальным складзе (у асноўным са шведаў і фінаў) шведскае войска рэзка вылучалася сярод іншых еўрапейскіх армій той эпохі і на працягу амаль стагоддзя вяло рэй на кантыненце, маючы рэпутацыю непераможнага
.
Эрык Дальберг (Eryk Jönson Dahlbergh) нарадзіўся ў Стакгольме 10 кастрычніка 1625 г. у сям’і заможных бондаў, нядаўніх выхадцаў з правінцыі. Страціўшы бацьку ў чатырохгадовым узросце, ён быў адразу ж аддадзены маці ў адукацыю і наступныя 7 год вучыўся ў розных парафіяльных лютэранскіх школах, паколькі сям’я часта пераязджала. Пасля смерці маці Эрыка яе брат паслаў 11-гадовага пляменніка працягваць адукацыю за мяжой, ў бухгалтарскай школе ў Гамбургу, дзе ён дзякуючы бліскучым і рознабаковым здольнасцям ужо праз пару год сам зрабіўся асыстэнтам выкладчыка. Гэта быў час Трыццацігадовай вайны, час, калі маладая і амбіцыёзная шведская дзяржава жалезнай рукой сцвярджала сваю гегемонію ў раздробленай Германіі. Свядомасць маладога Дальберга фарміравалася пад уплывам гэтага апафеозу шведскай імперскай ідэі, якая праз усё яго жыццё ішла ад адной перамогі да іншай, і гэты комплекс перавагі, трэба меркаваць, шмат у чым вызначаў яго псіхалогію, як, зрэшты, і іншых шведаў яго пакалення. (Ён яшчэ заспеў разгром арміі Пятра І пад Нарвай, але пад час Палтавы яго ўжо не было на гэтым свеце). З 16-гадовага ўзросту Дальберг знаходзіўся на службе ў адміністрацыі Заходняга Памор’я, якое толькі што адыйшло да Швецыі, а яшчэ праз чатыры гады атрымаў афіцэрскае званне, хаця і не ўдзельнічаў пакуль у ваенных дзеяннях, застаючыся штабным афіцэрам. Ужо тады ў яго абавязкі ўваходзіла стварэнне планаў гарадоў і крэпасцей на падуладных шведам тэрыторыях паўночнай Германіі. Калі ў 1648 г. Трыццацігадовая вайна скончылася Вестфальскім мірам, Дальберг, зважаючы на яго фінансавую адукацыю, быў накіраваны ў Франкфурт на Майне, каб кантраляваць спагнанне з Імперыі вялікай кантрыбуцыі, якая прызначалася Швецыі паводле ўмоў міру. Тут правёў тры гады, якія выкарыстаў для ўдасканалення сваёй адукацыі, вывучаючы матэматыку, архітэктуру, малюнак і фартыфікацыйнае мастацтва, не забываючыся, зрэшты, пра замежныя мовы, конную язду і ігру на лютні (з маленства Эрык славіўся як выдатны спявак). Каштоўныя ўрокі гравюры і картаграфіі Дальбергу ўдалося атрымаць у сям’і славутага майстра Матэуса Мерыяна 1, з якой яго надоўга звязалі сяброўскія зносіны. Наступныя тры гады (1653—1656) Дальберг правёў у вандроўках па Еўропе, асабліва па Італіі, якая здаўна вабіла яго як мастака.
Летам 1656 г. у Рыме за студыямі яго заспеў ліст ад яго даўняга пратэктара палкоўніка Конрада фон Мардэфельдта, генеральнага кватэрмайстра шведскай арміі, які ад імя караля заклікаў яго ў Польшчу, дзе ўжо год ішла вайна, вядомая ў заходняй гісторыяграфіі як Першая Паўночная (1655—1660). Упершыню ў жыцці Дальберг далучаўся да дзеючай арміі. На тэрыторыі Рэчы Паспалітай ён знаходзіўся толькі год, з 9 ліпеня 1656 па 13 ліпеня 1657 г., але гэты год быў насычаны прыгодамі як мо ніякі іншы ў ягоным жыцці. Праз нейкі час па прыездзе ён трапіў у палон да польскіх партызанаў, пасля выпадковага вызвалення цяжка хварэў, але здолеў акрыяць. Трапіўшы ў ласку да караля Каpла X, маючы толькі званне паручніка, Дальберг фактычна замяніў фон Мардэфельдта на пасадзе генеральнага кватэрмайстра. Дзякуючы гэтай пасадзе, якая вымагала дэталёвага асабістага знаёмства з тэатрам ваенных дзеянняў, ён стварыў некалькі дзесяткаў гравюр, якія падрабязна асвятляюць дзеянні шведскай арміі пад час “Патопу”, а ў многіх выпадках, апроч іншага, з’яўляюцца асноўнай крыніцай для вывучэння тагачаснай архітэктуры польскіх і беларускіх гарадоў. Парадаксальна, але факт: калі б не вайна, якая прынесла столькі пакутаў і разбурэнняў, мы значна менш ведалі б пра тое, як выглядала, напрыклад, Бярэсце XVII ст., тады самы буйны і прыгожы горад Беларусі (у яе сённяшніх межах), якому ўсё роўна было наканавана не перажыць расійскага панавання.
Творы Дальберга, магчыма, і саступаюць сваймі мастацкімі вартасцямі шэдэўрам прызнаных майстроў вельмі папулярнага ў XVII ст. батальнага жанру, такіх, як француз Жак Кало, але многія з іх ствараліся непасрэдна пад час саміх падзей, “пад грукат кананады”, а не ва ўтульных студыях. Тым не менш, гэта творы не рамесніка, а таленавітага мастака. Нейкім чынам праз усе разнастайныя прыгоды, да самай старасці Дальберг паспяваў яшчэ і весці дыярыуш (Dagbok) 2, у якім занатоўваў усе падрабязнасці свайго бурлівага жыцця. З гэтага дыярыуша і з мастацкай спадчыны Дальберга мы выбралі тое, што нас цікавіць у першую чаргу, а менавіта тры эпізоды сутыкненняў шведскай арміі з войскам ВКЛ. Што ж да лёсу самога шведскага афіцэра, то ён і надалей складвалася шчасліва: Дальберг удала ваяваў і зарэкамендаваў сябе добрым грамадзянскім адміністратарам, да канца жыцця паспеў атрымаць званне генерала артылерыі, баронскую годнасць, а вяршыняй яго разнастайнай дзейнасці была пасада губернатара шведскіх Інфлянтаў (паўночнай Латвіі і Эстоніі). Памёр Эрык Дальберг у Стакгольме 16 сакавіка 1703 г. На пахаванні суайчыннікі часта паўтаралі фразу з яго дзённіка, прысвечаную камусьці з сяброў, але ў роўнай ступені датычную яго самога: “Божа, дай нам шмат падобных на яго, якія больш за ўсё любяць свой край і ніколі не падводзяць”. Сапраўды, вартая “белай” зайздрасці кар’ера нармальнага чалавека ў нармальнай краіне ў нармальныя часы, калі людскія душы яшчэ не раз’ела прапагандуемая сацыялістамі усіх масцей лянота, амаральнасць і абыякавасць, выдаваныя за “талерантнасць”, калі шчырая хрысціянская вера і пачуццё адказнасці за ўласны лёс, лёс сям’і і краіны, а не задавальненне кожнай ненармальнай “патрэбы” вызначалі паводзіны чалавека. Так закладаўся падмурак шведскага дабрабыту, які потым пакаленне “шведскай сям’і” і “шведскага сацыялізму” будзе ўспрымаць як нешта адвечнае, дадзенае нібыта самім лёсам. Ці можна пабудаваць сапраўды нацыянальную беларускую дзяржаву на іншым падмурку, чым гэта рабілі на працягу стагоддзяў шведы і палякі?
Творы Дальберга, прысвечаныя Першай Паўночнай вайне, былі перанесеныя на медзь і набылі шырокую вядомасць дзякуючы твору нямецкага гісторыка Самуэля Пуфендорфа (1632—1694) De rebus a Carlo Gustavo gestis (выдавецтва Крыстафа Рыгеля, Нюрнберг, 1696) 3, у якім яны былі выкарыстаныя як ілюстрацыі. На рубяжы XVII—XVIIІ стст. гістарычныя працы Пуфендорфа карысталіся вялікай папулярнасцю і аўтарытэтам па ўсёй Еўропе, нават на загад Пятра І перакладаліся на рускую мову 4. Гравюры Дальберга ў гэтай публікацыі ўзнаўляюцца паводле выдання Пуфендорфа, з ласкі сп. М. Банькоўскі (Zentralbibliothek, Цюрых). Дыярыуш Дальберга цытуецца паводле сучаснага польскага перакладу 5. Даты, якія ў тагачаснай Швецыі лічыліся паводле старога стылю, падаюцца паводле новага стылю, калі не агаворана асобна.
1. Сандомірскі “кацёл” (4 красавіка 1656 г.)
Гравюра Дальберга Conflictus inter Svecos et Lithuanos dimidio ab urbe Sandomiria 6, прысвечаная шчасліваму выратаванню шведскага караля Карла Х Густава 7 з акружэння ў сутоках Віслы і Сана непадалёк ад Сандоміра, у якое ён трапіў у канцы сакавіка 1656 г. На левым беразе Віслы і пад Сандомірам яго пільнавалі ваявода рускі Стэфан Чарнецкі і каронны маршалак Ежы Любамірскі, а на правым беразе Сана стаяў з 8-тысячным літоўскім войскам Павел Ян Сапега, які параўнаўча нядаўна вярнуўся на бок Рэчы Паспалітай і быў узнагароджаны за гэта булавой гетмана вялікага літоўскага і віленскім ваяводствам. Увесь свет чакаў немінучага, як здавалася, разгрому шведаў. У Вене, Уроцлаве, Гданьску ўжо друкавалі навіны пра паражэнне і смерць Карла Х з такой пэўнасцю, што некаторыя змянілі сваё перакананне толькі праз два гады, асабіста сустрэўшы шведскага караля ў Гамбургу. Але ён прадэманстраваў тую разважлівасць і рашучасць, якая і рабіла шведаў вялікай нацыяй. Палічыўшы, што адзіная магчымасць вырвацца з пасткі чакае іх на правым беразе Сана, 4 красавіка, не зважаючы на беглы агонь, які вёў Сапега, шведы імкліва ўзвялі мост да невялічкай выспы пасярод ракі, страціўшы пры гэтым амаль усіх будаўнікоў. Адтуль ужо шведскае войска, балазе гэты рукаў Сану быў больш плыткі, шалёна кінулася ў атаку на літвінаў уброд, і нягледзячы на адчайныя спробы Сапегі, які за некалькі дзён да гэтага паспеў саманадзейна адмовіцца ад прапанаванай Чарнецкім дапамогі, затрымаць яго, вырвалася на волю і ўздоўж Сана кінулася ў Варшаву 8.
2. Бітва пад Філіпавам (22 кастрычніка 1656 г.)
Медзярыт Praelium ad Oppidum Philippoua 12 Octob. 1656 9 узнаўляе бітву, у якой войскі шведскага фельдмаршала Густава Ота Штэйнбока і брандэнбургскага генерала Георга Фрыдрыха фон Вальдэка разбілі 12-тысячнае войска ВКЛ на чале з Вінцэнтам Гасеўскім, падскарбіям і гетманам польным літоўскім. Усяго два тыдні таму, 8 кастрычніка, Гасеўскі сутыкнуўся з фон Вальдэкам пад недалёкімі Прасткамі, але тады вынік быў зусім іншым: скарыстаўшыся з няўзгодненасці дзеянняў хаўруснікаў, ён дашчэнту разграміў 10-тысячнае шведска-брандэнбурскае войска, захапіўшы 2 тысячы палонных (сярод іх і Багуслава Радзівіла з 70 афіцэрамі), 41 штандар і 6 гармат. Хаўруснікі страцілі ад 3 да 5 тысяч забітымі. Але пасля такой бліскучай перамогі Гасеўскі, які меў паўнамоцтвы для заключэння сепаратнага перамір’я з брандэнбургска-прускім курфюрстам Фрыдрыхам Вільгельмам, даў уцягнуць сябе ў бясплённыя перамовы, пад час якіх шведы паспелі прыслаць прусакам падмацаванні, а Гасеўскага пакінулі хцівыя да рабункаў татары. У выініку паражэння пад Філіпавам Гасеўскі страціў усе свае набыткі, а таксама абоз і каля 600 чалавек забітымі. Зразумела, Дальберг зафіксаваў толькі філіпаўскую перамогу шведаў, разважліва палічыўшы за лепшае змаўчаць іх ранейшае паражэнне пад Прасткамі.
На пярэднім плане гравюры злева бачная група шведскіх конных трубачоў, справа —калона шведскай пяхоты, якая выходзіць з лесу і строіцца ў шахматным парадку за мастом праз невялікую рачулку. На заднім плане — літоўская конніца, пастроеная ў састарэлыя “татарскія” (паўколам) шыхты, з якіх ужо пачаліся панічныя ўцёкі. Філіпаў, мястэчка Троцкага ваяводства (зараз у Польшчы), бачны ўгары злева.
3. Аблога Бярэсця (19—23 траўня 1657 г.)
Гравюра Дальберга Urbs et castellum Brestzie Litewski 10 даволі даўно выкрыстоўваецца ў якасці ілюстратыўнага матэрыялу, а яе павялічаная копія нават дэманструецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, але назва, аўтарства і канкрэтныя абставіны ўзнікнення гэтага твору, здаецца, застаюцца ў нашай краіне невядомымі нават спецыялістам. У адным месцы яго называюць “гравюрай 18 ст.” 11, а ў іншым подпіс да гравюры абвяшчае “Гродна. З гравюры 2-й паловы 16 ст.” 12 ! На наш погляд, гэты надзвычай цікавы мастацкі дакумент заслугоўвае больш уважлівага вывучэння, балазе публікуемы ніжэй фрагмент дыярыуша Дальберга дае такую магчымасць. З разглядаемых трох эпізодаў гэта адзіны, у якім аўтар удзельнічаў асабіста. Два іншыя ён узнавіў на падставе накідаў і апавяданняў сваіх таварышаў па зброі. Сітуацыя, зафіксаваная на гравюры, датуецца 11(21) траўня.
Алесь Белы
Дыярыуш Эрыка Дальберга (урывак)
(вышэй паведамляецца, як на пачатку траўня 1657 г. злучаныя сілы Карла Х Густава і Дзьёpдзя II Ракацы 13, праследуючы гетмана Станіслава Патоцкага, дасягнулі мястэчка Крамень над Бугам, дзе разбілі лагер).
…Пры набліжэнні Яго Каралеўскай Міласці Патоцкі забіў трывогу і адступіў да Бярэсця Літоўскага. Але хутка пакінуў яго, асадзіўшы ў горадзе моцны гарнізон, і пайшоў далей на Валынь.
Яго Каралеўская Міласць вырашыў аблажыць Бярэсце і, каб падрыхтавацца найлепшым чынам, адкамандзіраваў брандэнбургскага генерала [графа] фон Вальдэка і графа Якаба дэ ля Гардзі 14 з нейкай тысячай конніцы і драгунаў, а разам з імі венгерскага генерала Петэра Гусара, таксама прыкладна з тысячай венграў і казакаў. Для дакладнага высвятлення характару мясцовасці і стану ўмацаванняў загадаў і мне суправаджаць іх, пасля чаго я мусіў вярнуцца да Караля Яго Міласці і здаць яму справаздачу. 7[17] траўня Яго Каралеўская Міласць рушыў у Семятычы, адкуль граф фон Вальдэк і накіраваўся [ў Бярэсце].
9 траўня пад вечар прыбылі пад Бярэсце (за 10 міляў), дзе нас, як і належыць такой славутай крэпасці з такім моцным гарнізанам, адразу ж абстралялі з дзел і мушкетаў. Я, хоць і з рызыкай для жыцця, як след агледзеў горад, даследаваў яго памеры, выканаў эскіз. У тую ж ноч вярнуўся да Яго Каралеўскай Міласці, склаўшы поўную рэляцыю, з якой ён зрабіў высновы, што Бярэсце Літоўскае надзвычай моцная крэпасць, пры тым дасканала размешчаная, а зараз яшчэ гарнізон яе атрымаў значнае падмацаванне ад Патоцкага. Таму кароль не меў намеру губляць час, здабываючы горад рэгулярнай аблогай. Рачэй збіраўся шукаць адкрытага сутыкнення з Патоцкім, бо атрымаў ужо звестку пра выступленне дацкага караля і напад на Брэмен 15.
Я, наколькі мог радзіць Яго Каралеўскай Міласці, быў перакананы, што з гэтага становішча можна выйсці па-майстэрску, без страт і марнавання часу, абы толькі ён рачыў асабіста прыбыць на месца і паспрабаваць. Таго Кароль Яго Міласць ніяк не хацеў учыніць, каб потым не наракаць на ўрон свайму імені, калі б яно не ўдалося. Аднак я выразна прадставіў Яго Каралеўскай Міласці характар крэпасці і звярнуў увагу на сілы, якімі Кароль Яго Міласць распараджаецца, і на тое, што гэта было б надзвычай непажадана і ўзнесла б дух непрыяцеля, калі б мы, не зважаючы на такія прыгатаванні, адступілі. Праз тое і ўсё лета прайшло без якой-кольвечы значнай акцыі, і вынік злучэння саюзных войскаў усе палічылі б няўдалым. Што армія магла б страціць свой запал… Нарэшце Яго Каралеўская Міласць даў сябе пераканаць, хаця і з вялікай цяжкасцю, а сталася тое ў мясцовасці Высокае, за 6 міляў ад Бярэсця.
Я адразу ж быў высланы назад. Кароль Яго Міласць загадаў маршыраваць нашым драгунам, венгерскай пяхоце, усёй артылерыі, і з усім імпэтам ударыць па гэтай крэпасці. Што і адбылося, як толькі я прыбыў на месца (за 6 міляў).
11[21] траўня, калі падцягнулася пяхота і артылерыя, пачалі страляць з гармат, чым так напалохалі кашталяна 16, што апоўдні прыбыў парламенцёр з паведамленнем пра жаданне прыслаць некалькі афіцэраў і просьбай дэлегіраваць адпаведных і з нашага боку. Для гэтай мэты абодва графы, фон Вальдэк і дэ ля Гардзі, вызначылі паноў з найлепшымі манерамі: генерал-маёра Нямірыча 17, палкоўніка Путкамера і нейкага капітана.
Я ўважаў прапазіцыю непрыяцеля за шальмоўскі фортэль, не хочачы верыць, што такая крэпасць, з гарнізонам у 3000 чалавек, так хутка мелася б паддацца. Звярнуўся таму да генералаў з просьбай, каб я асабіста заміж таго капітана і пад яго прозвішчам змог увайсці ў крэпасць, зблізку яе агледзець і звярнуць асаблівую ўвагу на ўмацаванні. А калі не пажадаюць здацца, здабыць больш пэўную інфармацыю пра ўласцівасці крэпасці і горада, і дзе было б найлепей ударыць. Тыя і розныя іншыя довады схілілі абодвух генералаў да згоды.
У той самый дзень мы рушылі ў горад, а з іх боку прыбылі ў адказ у наш лагер: камендант па прозвішчы Война, палкоўнік Багуслаўскі і маёр Лянгэ 18. Прыняў нас кашталян і пачаставаў вельмі добра. А паколькі камендант і маёр вечарам таго ж дня вярнуліся, але палкоўнік Багуслаўскі быў затрыманы ў лагеры Яго Каралеўскай Міласці, які якраз падцягваўся да горада з войскам, то Нямірыча і Путкамера выпусцілі, а мяне затрымалі ў горадзе як закладніка. На другі дзень у абедзенны час нас абмянялі; вярнуўшыся, атрымаў шмат закідаў і нават лаянкі ад Яго Каралеўскай Міласці, што я занадта вялікі пралаза і пнуся без дай прычыны ў варожую крэпасць, хаця і ведаю, наколькі патрэбны Яго Каралеўскай Міласці, які не мае пры сабе аніводнага інжынера ці кагось іншага, хто б мог пабудаваць апрошы, кіраваць работамі, каму можна было б тую працу даверыць…
Паколькі абаронцы крэпасці не выглядалі шчырымі ахвотнікамі здацца, то мне было загадана ў тую самую ноч пачаць будаваць шанцы на другім беразе ракі Мухавец, што я і выканаў, хаця ноч была кароткая; разам з шанцам была ўзведзена і батарэя, якую Яго Каралеўская Міласць асабіста зранку агледзеў. Кароль Яго Міласць і я ехалі ўдвух; паколькі ішоў невялікі дождж, на ім быў мой плашч і капялюш, а на мне капялюш ягоны, каралеўскі, з чорным плюмажом, які ён насіў зазвычай. І ўзыйшоўшы на шанец, Кароль Яго Міласць убачыў, якія блізкія непрыяцельскія пазіцыі і як яны ўладкаваныя. Дзякуй Богу, не выбухнула ніводнага стрэлу, які б мог нанесці шкоду.
Ад аднаго жыда я даведаўся, што непадалёк ад замку знаходзіцца брод, дзе можна конна перайсці раку Буг. Я паехаў туды з дванаццаццю райтарамі. Брод знайшоў і пераправіўся конна, але пры гэтым страціў ад гарматнага стрэлу трох райтараў з упландскага палку. Яго Каралеўская Міласць разам з князем Ракацы знаходзіліся тады паблізу апрошаў, дзе і пачулі моцную страляніну з замку, а паколькі ніхто не ведаў, куды хіліцца справа, Кароль Яго Міласць праз нейкіх там людзей загадаў выклікаць мяне назад. Тым часам падыйшлі іншыя, а таксама трубач графа фон Вальдэка, з чаго я, бо знаходзіўся ўжо каля крэпасці, вырашыў скарыстацца. Загадаў трубачу граць і ехаць спакойна да брамы. Хацеў пераканацца, што яны наважваюцца рабіць, і ці будуць страляць? Ехаў за трубачом крок у крок. А як убачыў, што яны не маюць намеру страляць, загадаў трубачу паведаміць, што Яго Вялікасць Кароль Швецыі пасылае афіцэра, які хоча з імі размаўляць. Пыталіся рознымі спосабамі, чаго той афіцэр хоча, крычалі, што няма звычаю падыходзіць так блізка да крэпасці. Я, аднак, падыйшоў так блізка, што ўскочыў проста ў рукаў Мухаўца. Рукаў той агінаў умацаванні накшталт акопу; я ўбачыў, наколькі ён шырокі і глыбокі і якія, досыць высокія, мае берагі. Яны пачалі крычаць, каб я неадкладна рэціраваўся, што вышлюць да мяне суправаджальніка, а я ўсё вёў з імі спрэчку, аж пакуль афіцэры не пачалі падаваць загады: “Агонь! Агонь!” Тады я выгукнуў у адказ: “Гэй, вы ў крэпасці ! Толькі паспрабуйце стрэліць ! Мусіце ведаць, што ў Караля Швецыі апроч уласнага войска восемьдзесят тысяч венграў і казакаў 19. Калі адважыцеся стрэліць у мяне, якога кароль выслаў да вас у добрай веры, дык на працягу гадзіны ніводнай жывой душы не застанецца ў Бярэсці !” І ехаў далей вольна сваёй дарогай. Ніводнага стрэлу не ўпала.
Вярнуўся да Каралеўскай Міласці, які сам усё тое бачыў. Нямала мне дасталося лаянкі ! Нягледзячы на тое, што так добра ўдалося мне агледзець мясцовасць і вярнуцца назад без шкоды. Я запэўніў караля, што Мухавец у тым месцы не надта глыбокі, а самі гарадския муры, апроч таго натуральнага ўкрыцця, не вельмі ўмацаваныя. Так што калі б Кароль Яго Міласць засяродзіўся на гэтым самым месцы, мог бы без вялікай рызыкі менавіта там ударыць. Я валодаў нямецкай і папярэджваў іх на той мове. Зразумелі і напалохаліся, бо адразу ж мне па-нямецку адказвалі. Гэта пазней пацвердзіліся, бо калі мы пачалі біць з дзел, яны выслалі паслоў для пагаднення. Капітуляцыя адбылася яшчэ ў той самы дзень. Пад вечар кашталян выйшаў з замку, каб пацалаваць каралеўскую руку.
13-га [23 траўня] ён строем выйшаў з гораду разам з гарнізонам, які складаўся з 2300 дужых драгунаў 20, не лічачы больш за 1000 мяшчанаў і жыдоў, якія засталіся ў горадзе, што было абумоўлена актам, як і тое, што замак зойме князь Ракацы 21.
14-га [24-га] Яго Каралеўская Міласць рушыў назад да Сямятыч. Мне ж даў загад вярнуцца, выканаць план, а ў дадатак рысунак, як трэба найлепш умацаваць крэпасць. А таксама, каб я разважыў з князем, ці ён лічыць мажлівым эфектыўна абараніць горад са сваймі венграмі і казакамі. Мяне Яго Каралеўская Міласць не хацеў там паставіць камендантам, прыдаўшы мне 400 шведаў, хіба толькі калі б князь, са свайго боку, адкамандзіраваў 1000 венграў і 1000 казакаў. Усё гэта Кароль Яго Міласць выклаў шырэй у лісце і ў post scriptum ад 14-га траўня, скіраваным да мяне з Астражанаў, дзе меў штаб-кватэру. Як толькі горад быў бы перададзены князю, здалося б яму недарэчным, каб у яго крэпасці панаваў шведскі камендант. Таму камендантам князь прызначыў свайго палкоўніка па прозвішчы Гаўдзі 22. Менавіта яму, на падставе пазнейшай каралеўскай інструкцыяй і паразумення з князем, я мусіў тлумачыць, што і дзе ў крэпасці трэба хутка ўмацаваць.
17-га [27-га] выехаў адтуль у Сямятычы, за 3 мілі... 23
Алесь
Белы
Заўвагі
1 Matthäus Merian, 1593—1650. Менавіта ў франкфурцкім выдавецтве Мерыяна пад час побыту там Дальберга ўбачылі святло гравюры галандца Абрахама ван Вестэрфельдта, прысвечаныя перамогам Януша Радзівіла над казацкім войскам у 1649 г.
2 Erik Dahlberghs Dagbok (1625—1699). Upsala—Stockholm, 1912.
3 Samuelis Puffendorf De rebus a Carlo Gustavo Sueciae Rege gestis commentariorum Libri septem. Norimbergae, 1696.
4 Яны, напрыклад, паслужылі адной з асноўных крыніц для апошняга казацкага летапісца XVIII ст. Самуіла Вялічкі, які таксама падрабязна апісваў падзеі “Патопа”. Гл.: Величко С. Літопис. Т. І. Киів, 1991.
5 Heyduk B. Dahlbergh w Polsce. Dziennik i ryciny szwedzkie z dziejów “Potopu”. 1656—1657. Wroclaw etc., 1971.
6 Heyduk B. Dahlbergh w Polsce. S. 106—107; Polska cala. Katalog starych książek, map i rycin XV—XIX wieku Polski dotyczâcych w zbiorach Muzeum Polskiego w Rapperswilu. Rapperswil, 1991. S. 140.
7 Карл Х Густаў (1622—1660), шведскі кароль з 1654. Яго вайна супраць Рэчы Паспалітай 1655—1660, т.зв. Першая Паўночная вайна, скончылася прызнаннем пераходу да Швецыі большай часткі Інфлянтаў.
8 Падрабязней гл. пра гэта: Kubala L. Wojna szwecka w r. 1655 i 1656. Lwów etc., 1914. Ss. 280—293.
9 Heyduk B. Dahlbergh w Polsce. S. 97.
10 Heyduk B. Dahlbergh w Polsce. S. 135; Polska cala. S. 97.
11 Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мн., 1984. С. 14
12 Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мн., 1989. С. 10.
13 Дзьёpдзь II Ракацы (György II Rákóczy, 1621—1660), князь Трансільваніі з 1648. (Гук “ц” перадаецца ў венгерскай мове праз cz, што пад уплывам польскай мовы часам выклікае памылковае прачытанне яго прозвішча як Ракочы). Імкнуўся аднавіць адзіную “Вялікую Венгрыю”, незалежную ад Габсбургаў і Асманскай імперыі, да якой хацеў далучыць і значную частку Рэчы Паспалітай. У першай дэкадзе снежня 1656 г. у г. Раднот у Тpансiльванii памiж Швецыяй, Тpансiльванiяй, Бpандэнбуpгска-Пpускiм куpфюpствам і Б. Хмяльнiцкім быў заключаны т.зв. Радноцкі трактат аб падзеле Рэчы Паспалiтай. Паводле гэтага трактату і наступнага з’езда ў Шамас-Уйвары (студзень 1657) меpкавалася, што тытул польскага каpаля pазам з Малапольшчай, Мазоўшам, Валынню, Падляшшам i Беpасцейшчынай дастанецца Ракацы; астатняя частка Польскага каpалеўства (за выняткам некатоpых заходнепольскiх земляў, на якiя пpэтэндаваў стpыечны бpат Багуслава Радзiвiла бpандэнбуpгскi куpфюpст Фpыдpых Вiльгельм) павiнна была адысцi да Швецыі pазам з Куpляндыяй i ваяводствамi ВКЛ — Вiленскiм, Тpоцкiм i Iнфлянцкiм. Hа ўключэнне ўсходняй Белаpусi ў склад сваей дзяpжавы разлічваў Б. Хмяльнiцкi. Радноцкі трактат пpадугледжваў стваpэнне асобнага незалежнага спадчыннага княства для Багуслава Радзiвiла, у якое павiнна было ўвайсцi Hавагpадскае ваяводства i некатоpыя iншыя ўладаннi Радзiвiлаў. Радзiвiл апpатэстоўваў такiя умовы падзелу i патpабаваў, каб у склад мяpкуемага дзяpжаўнага ўтваpэння увайшлi таксама Падляшша i Беpасцейшчына. Узяцце Бяpэсця шведска-тpансiльванскiмі войскамi выклiкала pэзкiя пpатэсты Радзiвiла. 04.07.1657 ён накipаваў Каpлу X лiст з заклiкам загадаць тpансiльванскаму каменданту Бяpэсця пеpадаць гоpад i наваколле пpыхiльнiкам Радзiвiла, а таксама накipаваць шведскiя атpады да Слуцка, каб пpымусiць яго абаpонцаў здаць гоpад Радзiвiлу. Змяненне знешнепалiтычных абставiнаў (паpажэнне Тpансiльванii ад Польшчы, уступленне Даніі ў вайну супраць Швецыі, смеpць Б. Хмяльнiцкага i г.д.) не на каpысць хаўpуснiкаў пpычынiлiся да таго, што Радноцкі трактат так i не набыў моцы, а ствоpаны iм хаўpус pаспаўся.
Сумесны паход на Бярэсце пачаўся неўзабаве пасля злучэння армій Ракацы і Карла Х, якое адбылося 20-21 красавіка 1657 г. ля г. Апатава на паўдарозе паміж Кракавам і Варшавай.
14 Граф Якаб Понтус дэ ля Гардзі (Jacques Pontus de la Gardie), шведскі маршал французскага паходжання.
15 Уступленне Даніі ў вайну на баку Рэчы Паспалітай стала паваротным пунктам у ходзе вайны. Пасля ўзяцця Бярэсця Карл Х мусіў паспешліва вяртацца на захад, дзе яго чакала няўдалая дацкая кампанія. Гэта дало магчымасць разграміць Дзьёpдзя Ракацы і засяродзіцца на адбіцці шведскай і расійскай агрэсіі.
16 Кашталянам Бярэсця быў Мельхіёр Савіцкі.
17 Стэфан Нямірыч, чашнік кіеўскі, камандаваў польскімі і літоўскімі рэйтарамі, якія ваявалі на баку шведаў.
18 Война, Багуслаўскі, Лянгэ — афіцэры Берасцейскага гарнізона.
19 На самой справе ў Ракацы пры ўступленні на тэрыторыю Польшчы ў студзені 1657 г. было, паводле адных дадзеных, 23 тыс. венграў, 6 тыс. малдаванаў і валахаў і ад 10 да 20 тыс. украінскіх казакаў на чале з кіеўскім палкоўнікам Антонам Ждановічам (История Венгрии. Т. 1. М., 1971. Сс. 398—400). Паводле падлікаў самога Дальберга, якія ён прыводзіць у сваім Dagbok, Ракацы прывёў з сабой 24 тыс. венграў і 11 тыс. казакаў, пасля чаго агульная колькасць аб’яднанага войска склала 72 тыс. чалавек (Heyduk B. Dahlbergh w Polsce. S. 65). З гэтага вынікае, што шведскае войска разам з пруска-брандэнбургскім і дапаможнымі польска-літоўскімі аддзеламі налічвала 37 тыс. чалавек. У кожным выпадку, гэта была адна з самых вялікіх вайсковых груповак, якія з глыбокай старажытнасці да XVII ст. утаргаліся на Беларусь.
20 Пераважна нямецкіх наймітаў.
21 Венгры ўважалі Берасцейшчыну і Падляшша за неад'емную частку былога Галіцка-Валынскага княства (“каралеўства Галіцыі і Ладамерыі”), спадкаемцам якога лічылася венгерская карона. Яшчэ ў 1349—1351 гг. венгерскі кароль Людвiк I Вялiкi пад час паходаў на Валынь, Падляшша i Берасцейшчыну часова авалодваў паўд.-зах. землямi ВКЛ, а ў 1370-х ратненскi князь Фёдар Альгердавiч (якому належаў i Кобрын з акругай) быў вымушаны прызнаць сюзэрэнiтэт Венгрыi. Таму пазней, у XIV—XVIII ст., венгерскiя экспансiянiсцкiя планы пашыралiся на паўд.-зах. землi Беларусi.
22 Палкоўнік Андраш Гаўдзі (Andras Gaudi), адзін з венгерскіх афіцэраў Ракацы.
23 Heyduk B. Dahlbergh w Polsce. S. 66—68; сцісла ўзяцце Бярэсця апісвае таксама С. Вялічка: Величко С. Літопис. Т. І. Киів, 1991. С.
200
|