Алесь БЕЛЫ

біяграм   |   энцыклапедыя   |   рэцэнзіі   |   інтэрнэт-праекты   |   english   |   кантакт

 

  картаграфiя

  хронiка Белай Русi
      рэзюмэ: by   eng   de
      поўны тэкст
      рэцэнзii
      палеміка
      апошнія артыкулы
  матэрыялы па картаграфii
      Беларусь на Эбсторфскай
         карце

      Планы з калекцыі
         Фюрстэнхофа

      план Полацка 1707 г.
      Ідрысi
              cкладаны варыянт
              cпрошчаны варыянт

 
  іканаграфiя

  Менск. Загадкавы медзярыт
  “Лiтоўская кунсткамера”
  Голад у краiне Русь i Лiтва
  лятучыя лісткі пра Полацк
  пра Дальберга i ягоны дзённiк
 
  наша страва

  артыкулы
      “белае” пiва
      бручка
      верашчака і мачанка
      грэчка
      калдуны
      капытка ці капыткі?
      кілбаса, пальцам пханая

      кішка
      крамбамбуля
      «Культавы» селядзец
      лазанкі
      Марцін Святы — губіцель  гагаты
      смажні, кнышы, кулебякі
      харчаванне ў перыяд ВКЛ
      харчаванне ў перыяд Рас. імперыі
      In Laudem Cerevisiae

         На хвалу Піва

      Belarusian Beer Lacks
         Genealogy

      Forgotten brand: сыр Лiтоўскi
  радыёперадачы
    "Беларуская Атлантыда"

      На Хвалу Піва
      Белая Русь… Science
         Fiction?
      Тэатр сармацкага жэсту
      Гарбата ў Беларусі
      Мінулае беларускага
         баброўніцтва

      Камора тартураў...
      Сярэднявечныя сьмяротныя
         пакараньні

      Cелядзец па-беларуску
      125-гадовы юбілей 
         “трэцяга сэктару” Беларусі

      Дабрабыт магілёўца...
      Віно ў беларускай традыцыі
      Традыцыя вырабу сыроў
         у Беларусі

 
  іншыя артыкулы

Панамі будзеце, панамі!
Беларусь на Верхняй Волзе
Беларусь і Цюрых у XVI ст.

  Венгрыя

Венгрыя, дзяржава ў цэнтр. Еўропе. Радзімай паўкачавых плямёнаў мадзьяраў, роднасных сучасным ханты і мансі, былі стэпы Перадуралля (прыкладна ў р-не сучаснай Башкірыі), адкуль яны праз Прыазоўе і Прычарнамор’е перасяліліся ў Еўропу, заняўшы ў канцы ІХ ст. Сярэднее Падунаўе. Адтуль здзяйснялі рабаўнічыя набегі на Зах. Еўропу. Разбітыя ў 966 ? на р. Лех герм. імператарам Атонам І, перайшлі да аселага ладу жыцця, стварылі дзяржаву, якая пры каралі Стэфане І Святым прыняла каталіцтва. В. Вяла актыўную заваёўніцкую палітыку ў Цэнтр. Еўропе і Балканскім паўвостраве, падначаліла сабе многія славянскія (харватаў, сербаў, славакаў, частку продкаў украінцаў) і ўсходнераманскія народы, у значнай ступені асіміляваўшы іх. З 1092 г. падначаліла Харвацкае каралеўства, якое адгэтуль існавала ў сталай асабістай уніі з В. З канца ХІ ст. прэтэндавала на тэр. Галiцка-Валынскага княства, часам асаджаючы на галіцкім прастоле венг. манархаў. Берасцейская зямля, якая трапіла ў склад Галіцка-Валынскай дзяржавы, разглядалася венг. феадаламі як частка іх законнай спадчыны, і на працягу некалькіх стагоддзяў авалоданне ёю як апошнім рубяжом на ПнУ лічылася адной са стратэгічных мэтаў венг. экспансіі.

З ХІІІ ст. Венгрыя актыўна падтрымлівала Крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Менавіта венг. кароль Эндрэ ІІ запрасіў Тэўтонскі Ордэн ва Ўсх. Еўропу ў 1222 (?), асадзіўшы іх у р-нё плато Бырса (суч. Румынія) для абароны ад полаўцаў. Праз кароткі час крыжакі былі выгнаныя з Венгрыі і пасяліліся ў Прусіі, але і надалей Венгрыя працягвала аказваць ім паліт. і ваен. падтрымку.

Найбольш варожымі адносіны паміж ВКЛ і В. былі ў часы караля Людвіка І Вялікага (1342—1382). Пасля смерцi апошняга гаспадара Галiцка-Валынскага княства (1340) Валынь са сталіцай у Луцку перайшла да Любарта Гедымінавіча, які прэтэндаваў i на Галiчыну. У 1340—1349 галiцкае баярства намiнальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казiмiра III, то Людвiка I. У лют. 1345 Людвік у складзе войска крыжакоў беспаспяхова асаджаў Вiльню, у 1349—1351 арганізоўваў сумесныя з Польшчай паходы на Валынь, Падляшша i Берасцейшчыну. Асаблiва няўдалай для ВКЛ была вайна у лiп.-жн. 1351, калi Людовік захапiў у палон Любарта i Кейстута. 15.8.1351 быў падпiсаны дагавор, паводле якога ВКЛ мусiла заплацiць вялiкi выкуп, адмовіцца ад прэтэнзiй на Галiчыну. Кейстут і Любарт адправiліся у Венгрыю як гаранты дагавора i для хрышчэння, але здолелі ўцячы. Дагавор вядомы з хронiкi ананiмнага францысканца, удзельнiка выправы (магчыма, Янаша Кецьi); у гэтай жа хроніцы падуладная Любарту Валынь названая «зямлёй белых русінаў». (Такая лакалізацыя Белай Русі ўласцівая венг. крыніцам XIV—XVI ст.) У 1352 Людвік быў паранены пры асадзе крэпасцi ВКЛ Бэлз на зах. Валынi. Пасля заняцця ім польскага трону ў 1370 войны з ВКЛ узнавіліся, у 1377 Бэлз i Холм разам з Галiчыной часова ўвайшлі ў склад Венгрыi; Любарт, падольскiя князi Аляксандр i Барыс Карыятавiчы i ратненскi кн. Фёдар Альгердавiч (якому належаў i Кобрын з акругай) прызналі сюзэрэнiтэт Венгрыi. Людвік высунуў некалькi праектаў хрысцiянiзацыi Лiтвы, інiцыяваў стварэнне Луцкай каталiцкай епархii у 1375. Пасля смерцi Людвіка яго дачка Ядвiга была абраная польскай каралевай; яе шлюб з вял.кн.літ. Ягайлам далучыў ВКЛ да заходняй цывілізацыі і даў пачатак шматвекавому дзярж. саюзу ВКЛ і Польшчы, форма якога эвалюцыянавала ад Крэўскай уніі 1385 да Люблінскай уніі 1569. Як і Польшча, у XV—XVI ст. ВКЛ адчувала значны ўплыў Венгрыі, асабліва ў мат. культуры (распаўсюджанне венг. строю муж. вопраткі, высокі прэстыж венг. віна, гатунку сліў, выкарыстанне дукату (“золотой вгорский”) у якасці рэгiянальнай залатой валюты і г.д.) 

Першай сумеснай ваен. акцыяй Польшчы і ВКЛ было выцясненне венг. войскаў з Галічыны ў 1387. У выніку ліквідацыі Вітаўтам у 1393 многіх удзельных княстваў, у т.л. на Падоллі, кн. Фёдар Карыятавіч уцёк у Венгрыю, у 1396—1414 кіраваў некалькімі замкамі ў Закарпацці з цэнтрам у Мукачове; у 1420 беспаспяхова спрабаваў вярнуць сабе Падолле. На пач. XV ст. інтарэсы ВКЛ і Венгрыі сутыкаліся таксама на Малдаўскім княстве, якое планаваў падначаліць Вітаўт. Пры каралі Жыгімонце Люксембургу Венгрыя працягвала падтрымку Тэўтонскага Ордэну, выступіла яго саюзнікам у Вялікай вайне 1409—1411 (мірны дагавор Польшчы і ВКЛ з В. заключаны ў 1412 у Любоўлі). Жыг. Люксембург даваў прытулак у В. Свідрыгайлу, падтрымліваючы яго змаганне супраць цэнтралізатарскай палітыкі Вітаўта.

У 1440 венг. каралём быў абраны сын Ягайлы Уладзіслаў (польскі кароль з 1434), які загінуў у 1444 у крыжовым паходзе супраць туркаў пад Варнай. Яго смерць выклікала ў т.л. аднаўленне персанальнай уніі ВКЛ і Польшчы пад уладай Казіміра Ягелончыка (з 1447). У 1490 г. венг. каралём быў абраны ягоны сын Уладзіслаў, і на пэўны час (1490—1526) улада над дзяржавамі Цэнтр. і Усх. Еўропы (Венгрыя з Харватыяй, Чэхія, Польшча, ВКЛ) засяродзілася ў руках дынастыі Ягелонаў. “Ягелонаўскі свет”, ад Адрыятыкі і Чорнага мора да Балтыкі і ад Судэтаў да Акі, звязаны толькі сваяцтвам манархаў, меў адно сімвалічную паліт. еднасць. Аднароднасць гэтай частцы Еўропы надавала прывілеяванае становішча класа землеўладальнікаў—шляхты. Баланс улады паміж шляхтай і манархіяй у гэтым рэгіёне на працягу амаль усяго XVI ст. заставаўся надзвычай роўным, і менавіта ў Венгрыі была выпрацаваная такая мадэль дзярж. ладу.

Апошні венг. манарх з дынастыі Ягелонаў, Людвік ІІ, загінуў у бітве з туркамі пад Мохачам у 1526, якая зруйнавала магутнасць венг. дзяржавы. Яшчэ да гэтага, у вынiку дыпламатычнай мiсii ад Жыгімонта Старога на чале з Мiкалаем Радзiвiлам да Феpдынанда I Габсбурга (1515) была дасягнутая дамоўленасць аб шлюбе Феpдынанда з Ганнай Ягелонкай, дачкой Уладзiслава Ягелона (заключаны у 1521), i аб магчымасцi пераходу Чэхii i Венгpыi ад Ягелонаў да Габсбургаў. З 1526 у Венгрыі ішла барацьба за ўладу паміж 2 каралямі: Фердынандам (літ. паны больш сімпатызавалі яму) і Янашам Запольяі, жанатым на Ізабеле (дачцы Жыгімонта Старога і Боны), які меў больш прыхільнікаў у Польшчы. Пасля захопу Буды туркамі ў 1541 Венгрыя на паўтара стагоддзя распалася на 3 часткі: каралеўскую Венгрыю, на чале з Габсбургамі, цэнтр. частку, што ўвайшла непасрэдна ў склад Асманскай імперыі, і залежнае ад яе Трансільванскае княства, якое падтрымлівала цесныя сувязі з Польшчай і ВКЛ. У 1576 г. трансільванскі кн. Стэфан Баторы быў абраны польскім каралём і вял. кн. літ. Праведзеныя ім дзярж. і ваен. рэформы дазволілі давесці да перамогі Інфлянцкую вайну 1558-82. Венг. культ. ўплыў на ВКЛ пры Баторыі дасягнуў найвыш. узроўню: канчаткова аформіўся нац. шляхецкі строй адзення (Кунтушовы строй), венг. пехота стала ўзорам для фармавання пехотных аддзелаў войска ВКЛ (Гайдукі). К. Бекеш гуртаваў вакол сябе антытрынітарыяў ВКЛ. Знач. частка венграў з войска Баторыя засталася ў ВКЛ і ўлілася ў склад бел. і літ. народаў.

Трансільванскі князь Дзьёpдзь II Ракацы імкнуўся аднавіць адзіную “Вялікую Венгрыю”, незалежную ад Габсбургаў і Асманскай імперыі, да якой хацеў далучыць і значную частку Рэчы Паспалітай. У Рэчы Паспалітай з Расіяй 1654-1667 ён падтрымліваў шведаў, заключыў са Швецыяй, Тpансiльванiяй, Бpандэнбуpгска-Пpускiм куpфюpствам і Б. Хмяльнiцкім Радноцкi дагавор 1656. Меpкавалася, што тытул польскага каpаля pазам з Валынню, Падляшшам i Беpасцейшчынай дастанецца Ракацы; Куpляндыя, Вiленскае, Тpоцкае i Iнфлянцкае ваяводствы ВКЛ – Швецыі; ўсх. Белаpусь – Б. Хмяльнiцкаму, а з Hавагpадскага ваяв-ва i нек. інш. тэр-й будзе ствоpана незалежнае спадчыннае княства для Багуслава Радзiвiла. Рэалізуючы Радноцкi дагавор, шведска-трансільванска-казацкае войска 23.5.1657 захапіла Берасце, камендантам якога быў пакінуты палкоўнік А. Гаўдзі, аднак венг. акупацыя працягнулася толькі некалькі месяцаў.

Уз’яднанне ўсіх 3 частак Венгрыі пад уладай Габсбургаў адбылося ў выніку перамогі польска-аўстр. войска над туркамі ў Венскай бітве 1683. Войска ВКЛ удзельнічала ў кампаніі 1683, але вызначылася найбольш рабункамі мірнага насельніцтва габсбургскай часткі Венгрыі (на тэр. сучаснай Славакіі).

Лiт.: Филевич И. П. Борьба Польши и Литвы-Руси за галицко-владимирское наследие. СПб., 1890; Довнар-Запольский М.В. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь // Киевские университетские известия. 1896. № 8; Paszkiewicz H. Polityka ruska Kazimierza Wielkiego. Warszawa, 1925; Шабульдо В.Ф. Земли Ю-З Руси в составе ВКЛ. К., 1987; Белы А. Хроніка «Белай Русі». Мн., 2000; Белы А. Невядомыя эпізоды “невядомай вайны” // Спадчына. 1999. № 3; Пашуто В.Т. Очерки по ист. Галицко-Вол. Руси. М., 1950: Пашуто В.Т. Внеш. Политика Др. Руси. М., 1968; Бэтс Р. Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ўва Ўсходняй Эўропе // БГА. Т. 6, сш. 1-2, 1999; Florianus M. Chronicon Dubnicense // Historiae Hungaricae Fontes Domestici. V. III, Lipsiae, 1884; Lewicki A. Kilka przyczynków do dziejów Kazimierza Wielkiego // KH. R. III. 1899. 
 

  «Вiда — Ляцкага карта»

«Вiда — Ляцкага карта» - першая вядомая геаграфічная карта, створаная і выдадзеная на тэрыторыi ВКЛ (першае выданне — Антверпен, 1542 (?), другое — Вiльня, 1555). Паказвае усх. раёны Маскоўскай дзяржавы і частку тэр. ВКЛ, прызначалася для інфармавання зах.-еўр. аўдыторыі пра малавядомую Масковію. Гравёр i картограф Антонi Вiд разам з аселым у Літве былым акольнiчым Васіля ІII Іванам Ляцкiм працавалі над ёй у 1537—1542, скарыстаўшыся картаграфiчнымi матэрыяламi, вывезенымi Ляцкiм з Масквы ў 1534 г. Яшчэ да апублiкавання Ляцкi рассылаў чарнавыя варыянты карты вядомым еўр. вучоным, у т.л. Себасцьяну Мюнстэру (1540) i Сiгiзмунду Герберштайну (1541). На карце нанесеныя стратэгічныя замкі памежжа ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы — Веліж, Віцебск, Гомель, Кіеў, Крычаў, Орша, Полацк, Смаленск, - на думку М. Ткачова, выявы замкаў добра стасуюцца з археал. і інвентарнымі дадзенымі і зробленыя з натуры. Пададзеная інфармацыя пра Аршанскую бітву 1514 з сімвалічным малюнкам (даць як ілюстрацыю ? - АБ). Некалькі дзесяцігоддзяў лічылася адной з самых верагодных карт Масковіі. У 1570 г. яе перагравiроўваў Франц Хогенберг, адзін з рэдактараў энцыклапедычнай серыi «Гарады зямнога шара». Карта з’яўляецца найбольш раннiм вядомым помнiкам старабел. свецкага кнiгадрукавання, змяшчаючы тлумачальны тэкст на старабел. мове з вял. колькасцю паланізмаў. Белая Русь, паводле к. В.-Л. – іншая назва Маскоўскай дзяржавы.

Літ.: Zwoliński P. Pierwsza drukowana transkrypcja ruskiej cyrylicy na lacinkę // Slavia Orientalis. R. XVI, z. 4. Warszawa, 1967; Idem. Naistarszy świecki druk białoruski (Antwerpia 1542) // Slavia Orientalis. R. XVII, z. 3. Warszawa, 1968; Каpта России Антония Вида // Атлас геогpафических откpытий в Сибиpи и в Севеpо–Западной Амеpике XVII—XVIII вв. М., 1964: Белы, А. Хроніка “Белай Русі”: нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мн., 2000.


біяграм   |   энцыклапедыя   |   рэцэнзіі   |   інтэрнэт-праекты   |   english
картаграфiя  
|   хронiка Белай Русi   |   матэрыялы па картаграфii   |   іканаграфiя
матэрыяльная культура  
|   артыкулы   |   радыёперадачы   |   іншыя артыкулы
камунікат  
|   аўтары

© Copyright Ales' Bely 2004