Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ

:: аўтары    |    :: камунікат    |    :: радыё палёнія   



:: біяграма

:: артыкулы

   :: эміграцыя пра
      мову

   :: беларуская
      мова

   :: гаворкі
   ::
мужыцкая
      праўда


:: кнігі

:: аўтары
:: камунікат
:: радыё палёнія

 

 

 

 

 


ЭМІГРАЦЫЙНАЯ ГАЗЭТА "БАЦЬКАЎШЧЫНА" Ў АБАРОНЕ БЕЛАРУСКАЕ МОВЫ

(рэфэрат прачытаны на ІІІ Міжнародным Кангрэсе Беларусістаў у траўні 2000 году ў Менску; апублікаваны ў: Беларусіка-Albaruthenica, № 17, Мінск 2001, с. 219-228)

Беларуская эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына”[1] друкавала інфармацыю пра міжнароднае жыцьцё, навіны Па куткох эміграцыі, карэспандэнцыі пра палітычнае становішча ў Беларусі, матэрыялы па гісторыі, культуры й мастацтве.[2]

У „Бацькаўшчыне” сыстэматычна зьмяшчаліся публікацыі па гісторыі Беларусі – палемічныя ў дачыненьні да савецкай, а часткова й польскай, ПНРаўскай гістарыяграфіі – асабліва ў пытаньнях беларускай дзяржаўнасьці пэрыяду ВКЛ ды інкарпарацыі беларускіх земляў царскай Расеяй у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай. Паяўляліся артыкулы пра нацыянальна-вызвольны рух у Беларусі ў ХІХ – пачатку ХХ ст., пра разьвіцьцё беларускай нацыянальна-адраджэнцкай думкі, пра ўзнаўленьне беларускай дзяржаўнасьці й дзейнасьць БНР, а таксама пра беларуска-расейскія й беларуска-польскія дачыненьні. Шмат увагі адводзілася праблемам нацыянальна-дзяржаўнага й культурнага адраджэньня Беларусі ў 20-х гадох ХХ ст., крытыцы асымілятарскага накірунку нацыянальнай палітыкі ў БССР. Шматлікія матэрыялы прысьвячаліся гісторыі рэлігіі, рэлігійных адносінаў, супярэчлівасьцям у нацыянальна-канфэсійным разьвіцьці Беларусі з пункту погляду Расейскае Праваслаўнае Царквы й Польскага Каталіцкага Касьцёла. Аўтары „Бацькаўшчыны” зьвярталі ўвагу на нацыянальна-творчую ролю вуніі. Зразумела, не пазьбягалі таксама пытаньняў ролі нацыянальнае мовы ў разьвіцьці дзяржавы.

Ідэя абароны беларускае мовы праводзілася на старонках „Бацькаўшчыны” двума спосабамі: бепасярэднім і пасярэднім.

Бепасярэдні спосаб палягаў у адкрытых закліках не адракацца ад роднае мовы, у азнаямленьні чытачоў зь яе гісторыяй, у перасьцераганьні перад засьмечваньнем мовы лексыкай з суседніх моваў, а таксама ў зьмяшчаньні характэрных для беларускае мовы груп словаў.

Пасярэдні спосаб абароны беларускае мовы праводзіўся шляхам азнаямленьня чытачоў зь беларусізацыяй розных раёнаў Бацькаўшчыны, зь некаторымі спробамі беларусізацыі царквы, з сытуацыяй прэсы ў Беларусі, а таксама шляхам інфармаваньня пра эміграцыйныя выданьні ды арганізаваныя лектараты беларусаведы.

У 2 нумары „Бацькаўшчыны” з 17 лістапада 1947 г. аўтар, падпісаны ініцыяламі М. Л., заклікае сваіх суайчыньнікаў, якія апынулісяя ў лягеры Віндышбэргердорф[3], не адракацца ад роднае мовы. Перад лягернай адміністрацыяй паўстала заданьне ўзнавіць беларускае нацыянальнае й культурнае жыцьцё, адчыніць беларускую школу. І пачатковая школа пачала працаваць з 15 жніўня. Бяз большых цяжкасьцяў удалося перавесьці тых дзяцей, якія пачалі навучаньне на польскай мове, на мову родную – беларускую. Нельга прытрымлівацца фальшывых тэндэнцыяў, – адзначае аўтар публікацыі – што беларуская мова мужыцкая, а мова польская – панская. Той, хто саромеецца свае роднае мовы, нагадвае чалавека, які саромеўся б свае роднае маткі.[4]

У 6 нумары „Бацькаўшчыны” з 8 лютага 1948 г. у Кутку Мовы падкрэсьліваецца значэньне перасьцярогі Францішка Багушэвіча – Не пакідайце мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі! Гэтыя словы ніколі не забываліся нацыянальна сьведамымі беларусамі, але ў эміграцыі іх значэньне сталася куды важнейшым для ўсіх тых, хто ня толькі хацеў захаваць сваю нацыянальнасьць, не распусьціцца ў чужым моры, не адарвацца ад свайго роднага, але яшчэ горда й годна рэпрэзэнтаваць Беларусь перад чужымі народамі.[5]

Дзеля гэтага неабходна ведаць гісторыю роднае мовы. „Бацькаўшчына” дасканала разумела гэта й пасьлядоўна публікавала на сваіх старонках артыкулы пра рэфармаваньне беларускага правапісу, пра русыфікацыю беларускае мовы з аднаго боку, а з другога – прыгадвала час ейнага росквіту.

Рэфармаваньню беларускага правапісу быў прысьвечаны цыкл артыкулаў розных аўтараў. Станіслаў Станкевіч пісаў: „Калі ў 1933 годзе адбыўся першы афіцыйна ўзаконены акт русыфікацыі беларускае мовы – прыняцьце пастановы Саўнаркому БССР аб г.зв. <<рэформе беларускага правапісу>>, дык былі пададзены тады тры наступныя матывы, што гэтую <<рэформу>> рабілі неабходнай: 1. зьнішчэньне <<штучнай>> бар’еры, якой беларускія нацыяналістыя адгараджвалі беларускую мову ад расейскай, 2. ачышчэньне беларускае мовы ад мясцовых правінцыяналізмаў і штучных, супярэчных быццам з духам нашае мовы, наватвораў і 3. ачышчэньне беларускае мвоы ад незразумелых архаізмаў, насаджаных у мове беларускімі <<нацдэмамі>>.”[6] Працягваючы тэму, С. Станкевіч усе гэтыя матывы, якія абумоўлівалі рэформу, расшыфраваў і перавёў на простую мову, зразумелую для беларусаў. У выніку атрымаліся наступныя фармулёўкі: „1. Ачышчэньне беларускае мовы ад тых натуральных, паўсталых у працэсе гістарычнага разьвіцьця мовы, элемэнтаў, якія яе, як самастойную й апрычоную, розьняць ад мовы расейскай. 2. Ачышчэньне беларускае мовы ад мясцовых правінцыяналізмаў, якія розьняць беларускую мову ад расейскай. Пад правінцыяналізмамі тут разумеліся такія моўныя зьявішчы, якія для мовы беларускай ня былі правінцыяналізмамі, будучы ў ёй агульна пашыранымі на ўсёй моўнай тэрыторыі Беларусі зьявамі, але былі <<правінцыяналізмамі>> для мовы расейскай, калі разглядаць апошнюю, як агульную мову для ўсіх нацыянальнасьцяў Савецкага Саюзу. Ачышчэньне ж беларускае мовы ад <<штучных нэалягізмаў>> адбывалася згодна агульнаабавязваючага прынцыпу, што кажная нерасейская мова ў Савецкім Саюзе ня мае права тварыць новых словаў для абазначэньня новых прадметаў і паняцьцяў на собскай моўнай аснове, але словы гэтыя мусяць браць ужо гатовымі непасрэдна з мовы расейскай. 3. Ачышчэньне беларускае мовы ад <<незразумелых архаізмаў>> мела фактычна на мэце <<ачышчэньне>> яе ад тых незразумелых толькі для расейцаў <<архаізмаў>>, г. зн. ад словаў, што паўсталі ў нашай мове ў працэсе ейнага гістарычнага разьвіцьця незалежна ад падобных працэсаў у мове расейскай. У суме – уся гэтая <<рэформа>> мела на мэце штучнае збліжэньне нашае мовы да мовы расейскай шляхам узаконенага гвалту й ламаньня моўных асаблівасьцяў, іншымі словамі – русыфікацыю беларускае мовы.”[7]

Станіслаў Крушыніч заўважае, што русыфікацыя ў галіне мовы праводзілася плянава й сыстэматычна ў двух асноўных кірунках: па-першае, у напрамку безупыннай русыфікацыі самой беларускай літаратурнай мовы і, па-другое, у напрамку сыстэматычнага выцісканьня з ужываньня гэтай зрусыфікаванай мовы й замены яе расейскай мовай. Пачатак першай плыні – гэта рэформа беларускай граматыкі й правапісу, праведзеная ў жніўні 1933 г., згодна зь якой урадавым дэкрэтам было выкінута зь беларускай мовы звыш 20 тыпова беларускіх фанэтычных і марфалягічных асаблівасьцяў, а на іх месца былі ўведзены чыста расейскія асаблівасьці, чужыя беларускай мове. Асноўная мэта гэтага працэсу – зьліцьцё беларускай і расейскай моваў у адным рэчышчы. Гэтае набліжэньне да расейшчыны афіцыйна ўспрымаецца як прагрэс у разьвіцьці беларускае мовы.[8] Узбагачэньне слоўнага запасу адбываецца такім чынам – адзначае аўтар „Бацькаўшчыны” – што беларускія словы, якіх няма ў расейскай мове, выкідваюцца і зь беларускае мовы, таму што гэта, маўляў, дыялектызмы, архаізмы або штучныя нэалягізмы, а на іх месца ўводзяцца словы чыста расейскія, раней няведамыя беларускай мове. Дарэчы, гэты самы працэс назіраецца і ў галіне фанэтыкі, марфалёгіі ды сынтаксісу. Усё гэта прычыняецца да ўзьнікненьня свайго роду беларуска-раейскага жаргону.[9] Выкіданьне беларускіх словаў вядзе да ненатуральнага звужэньня лексычнага моўнага матэрыялу й штучнага заціраньня апрычонасьці й нацыянальнай самабытнасьці беларускае мовы, а гэта сьпіхае беларускую мову да ролі правінцыянальнага адгаліненьня расейскае мовы і ў сваім далейшым выніку да адміраньня беларускае літаратурнае мовы, як мовы паўнавартаснай і самастойнай. Гэтая абавязваючая ў БССР тэндэнцыя не была выпадковай, але глыбока прадуманай і пасьлядоўнай зьявай, каб рукамі саміх жа беларусаў ліквідаваць іхную родную мову.[10]

Другі шлях русыфікацыі – замена беларускай мовы мовай расейскай. Дзеля гэтага былі створаны такія спэцыфічныя ўмовы, якія робяць неабходным пераход у грамадзкім жыцьці на расейскую мову. Перш за ўсё, выкладаньне ў вышэйшых навучальных установах цалкам пераведзена на расейскую мову, з выключэньнем беларусістык. 90 працэнтаў вучэбных дапаможнікаў, якімі павінны карыстацца студэнты на працягу 5 гадоў, таксама ў расейскай мове. Зразумела, што выпускнікі такіх школ, самі стаўшы настаўнікамі, пераходзілі на навучаньне па-расейску і ў пачатковых школах, бо яны цалкам развучылі беларускую мову.[11]

Русыфікацыя палягала ў тым, што расейцы й зрусыфікаваныя беларусы, асабліва тыя, што мелі дачыненьне зь беларускім друкам, поўнымі прыгаршчамі жыўцом уносілі ў беларускую мову словы, фанэтычныя й марфалягічныя асаблівасьці з мовы расейскай, а таксама й асаблівасьці расейскага сынтаксісу, якія потым сталі абавязваючымі ў беларускай мове ў сілу <<няпісанага, але практычна агульна прынятага закону>>.[12]

С. Станкевіч таксама адрозьнівае два шлахі плянавай і сыстэматычнай русыфікацыя беларускае мовы: 1. шлях штучнага ўводжаньня ў беларускую мову чыста расейскіх, чужых ёй элемэнтаў і 2. шлях забароны ўжываньня тых словаў і некаторых граматычных формаў, якія для беларускай мовы зьяўляюцца найбольш тыповымі й характэрнымі, але якія яе розьняць ад мовы расейскай.[13]

„Бацькаўшчына” прысьвяціла шмат увагі гісторыі русыфікацыі беларускае мовы. Не абмежавалася толькі ХХ ст., але зазірнула глыбей у беларускую мінуўшчыну, зьмяшчаючы цыкл публікацыяў праф. Яна Станкевіча пад назовам Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі.[14] Аўтар абапёрся на дзьвюх працах: А. Пушкарэвіча (Эпизод из истории руссификации Белоруии) і А. Цьвікевіча (Западно-руссизм). На пачатку аўтар сьцьвярджае, што формула Пушкіна „Славянскія ручаі выльюцца ў расейскім моры” сталася баявым лёзунгам рэакцыйных колаў расейскага грамадзтва ў славянскім пытаньні. Аўтар прыводзіць характарыстыку расейскага бюракратычнага апарату й паліцыі ў Беларусі. Згодна з шматлікімі праектамі рэфарматараў Беларусі, трэба было зьмяніць у ёй народны дух. Дзеля гэтага мелі служыць рэформы асьветы, увядзеньне расейскае мовы, цывільнае й крымінальнае расейскае судовае працэдуры, скасаваньне царкоўнае вуніі, прыцягненьне шляхам ільготаў і прывілеяў у Беларусь чыноўнікаў з расейскіх губэрняў ды, наканец, калянізацыя беларускіх губэрняў расейцамі.[15]

Узаконеньне расейскае мовы ў якасьці службовай ва ўсіх галоўных галінах эканамічнага, палітычнага й дзяржаўнага жыцьця СССР, узносіць расейскую мову ў выразна прывілеяванае становішча й робіць яе фактычна дзяржаўнай мовай усяго Савецкага Саюзу, а гэта вядзе да адміраньня іншых нацыянальных моваў. Выходзячы з гэтага, змаганьне нерасейскіх народаў за чысьціню сваіх нацыянальных моваў практычнага значаньня ня мае. – піша В. М. Міняйло. – Пры такім разьвязаньні пытаньня, лёс іх трагічны. Зусім натуральна, што ў такіх умовах сярод нерасейскіх народаў што раз больш людзей вывучае расейскую мову.[16]

„Працэс русыфікацыі беларускае мовы, запачаткаваны ўрадавым дэкрэтам 1933 г., пасьлядоўна праводзіцца й далей. Паколькі Беларусы ня могуць змагацца з гэтым гвалтам над мовай на бацькаўшчыне, патолькі сыстэматычна й наважана з гэтым павінны змагацца мы ў нашай мове собскай. Руплівасьць аб чысьціні роднае мовы й абарона перад яе засьмечваньнем чужымі ўплывамі ёсьць адным з найважнейшых нашых заданьнаў, ёсьць справай ня толькі беларускай нацыянальнай культуры, але ў роўнай меры й праблемай палітычнай.”[17] – адзначае С. Станкевіч.

Гэты аўтар „Бацькаўшчыны” абмяркоўвае мэтады супрацьдзеяньня вынікам русыфікацыі. „У вагульным працэсе змаганьня з паходам расейскага бальшавізму на зьнішчэньне беларускае мовы адкідаць прывіваныя і ўжо прывітыя нашай мове русыцызмы – яшчэ мала. Гэтае змаганьне будзе мець свой належны эфэкт тады, калі мы, адкідаючы ўсе расейскія напластаваньні, прымусова нашай мове накінутыя, будзем адначасна рупліва культываваць і разьвіваць усе тыя асаблівасьці, якія, будучы тыпова беларускімі, адначасна адрозьніваюць нашую мову ад мовы расейскай. Баяцца бальшавікі ў сваім русыфікатарскім шале <<штучнай>> (чытай – <<натуральнай>>) бар’еры між беларускай і расейскай мовамі, значыцца, мы павінны <<бар’еру>> гэтую разбудоўваць і паглыбляць. Баяцца яны <<мясцовых правінцыяналізмаў>>, <<штучных наватвораў>> і <<незразумелух архаізмаў>>, мы павінны якраз і ўзбагачаць імі нашую мову.”[18]

Вядома, што ў кожнай мове выступаюць словы, якія маюць адназначнае ці блізказначнае значэньне. Сярод групы такіх сынонімаў С. Станкевіч раіць выбіраць тыя словы, якія найбольш падкрэсьліваюць самабытны характар беларускае мовы й аддаляюць яе ад <<вялікай мовы братняга рускага народу>>. І таму перавагу трэба аддаваць такім прыкладна словам, як: сёлета, летась, пазалетась, налета, якія зьяўляюццца тыпова беларускімі й невядомыя другім славянскім народам.

У галіне марфалёгіі й словаўтварэньня побач з займеньнікамі яго, яе, іх шырока распаўсюджаныя таксама займеньнікі з суфіксам -н-: ягоны, ейны, іхны. У сувязі з тым, што формы з суфіксам -н- ня выступаюць у мовах суседзяў – ні ў польскай, ні ў расейскай – варта даваць ім перавагу ў беларускай мове.

Можна ўзяць яшчэ прыклад і з сынтаксісу. Па-беларуску можна сказаць: брат большы ад сястры і брат большы за сястру. Спосаб параўнаньня пры дапамозе злучніка за ў беларускай народнай мове больш пашыраны, а паколькі адсутнічае ён у мове расейскай, дык быў выкінуты зь беларускай літаратурнай мовы ў БССР. І таму варта выкарыстоўваць менавіта канструкцыі з злучнікам за – уважае аўтар публікацыі.

У працэсе абароны роднае мовы перад русыфікацыяй вялізарную ролю адыгрывае таксама й правапіс. „Правапіс, як ведама, зьяўляецца ў гэтым сэнсе бадай што без значэньня ў мовах, якім не пагражае асыміляцыя (...) Затое ўсе тыя мовы, якія бароняцца перад чужой асыміляцыяй, імкнуцца да правапісу фанатычнага, да перадаваньня на пісьме ўсіх адценьняў вымовы дадзенага слова.”[19] Сярод беларускіх адметнасьцяў С. Станкевіч раіць зьвяртаць увагу на наступныя: 1. мяккае вымаўленьне прыназоўнікаў з ці без перад словамі, якія пачынаюцца мяккімі гукамі, напр. зь ім, безь мяне; 2. паяўленьне прыстаўнога в перад пачатковым а, калі папярэджвае яго прыназоўнік у, напр. агонь – але – у вагні, акно – але – у вакне.

„У вабароне роднае мовы перад прымусовай русыфікацыяй мы павінны ня толькі адкідаць увесь той вонкавы пакост, якім засьмечваецца нашая мова ў БССР, але ня ў меншай меры й рупліва культываваць, разьвіваць і пашыраць усе тыя ейныя тыповыя асаблівасьці, якія, з мэтаю гэтае русыфікацыі, зь беларускай мовы бязьлітасна выкідаюцца. Іншымі словамі, мы павінны рупіцца аб апрычонасьць нашай мовы й сьвядома паглыбляць розьніцы між ёй і мовай расейскай.”[20]

Пачынаючы з 113 нумару, мюнхэнская газэта „Бацькаўшчына” пачала зьмяшчаць мовазнаўчыя артыкулы Яна Станкевіча, напісаныя пры ўдзеле Антона Адамовіча, пад назовам Некаторыя групы словаў беларускае мовы.[21] Аўтары публікацыяў, прыводзячы прыклады тыповых для беларускае мовы словаў, адначасова падаюць кантэксты іх выкарыстаньня, спасылаючыся на прысутнасьць іх у народнай мове ды ў гістарычных дакумэнтах, м. ін. у Аль Кітабе, а таксама параўноўваюць з эквівалентамі ў польскай і маскоўскай мовах.[22]

Некалькі гадоў пазьней паявілася чарговая цыклічная публікацыя Яна Станкевіча Аб некаторых словах і хормах нашае мовы.[23] Аўтар заўважае, што пісаць пра беларускую мову, маючы на ўвазе практычна-ідэйныя заданьні, надзвычай цяжка, таму што, па ягоных словах: „Мы належым да народаў, мякка кажучы, падупалых, каторых мовы падпалі пад большы чужы ўплыў, чымся гэта бывае, уплыў на толькі вялікі, што ён пагражае быцьцю самае мовы. З другога боку, з прычыны таго-ж нацыянальнага падупаду, лік нашых беларускіх моваведаў абмежуецца пару адзінкамі, каторыя прытым-жа разлучаныя зялезнай завесай, ня могуць сумесна працаваць, а моваведная роўня неспэцыялістых надта-ж нізкая.”[24] Я. Станкевіч паведамляе, што ў нізцы сваіх артыкулаў на практычныя тэмы намерваецца, па-першае, адзначаць барбарызмы й заганы ў мове беларускага друку, па-другое, навукова разглядаць некаторыя ўставічныя барбарызмы й скрыўленьні, па-трэцяе, адзначаць тое, што добрае ў мове пішучых па-беларуску і, па-чацьвертае, зьвяртаць увагу на некторыя добрыя словы, нясустраканыя ў беларускім друку.

Адным з найбольш істотных спосабаў выкараненьня беларускае мовы змяўляецца ейны статус у сыстэме адукацыі. У публікацыя Аб падручніках і дапаможніках беларускай мовы паведамляецца, што выкладаньне беларускай мовы ў школах БССР выклікала трывогу ў выкладчыкаў. Рэч датычыць ня толькі якасьці выкладаньня беларускае мовы, але перадусім адсутнасьці добрых, навукова апрацаваных падручнікаў беларускай мовы. Аўтар публікацыі цытуе ліст загадчыка Катэдры Беларускай Мовы Магілёўскага Пэдінстытута спадара Юргілевіча ў „Звязду”, у якім Юргілевіч заклікаў беларускіх мовазнаўцаў стварыць паўнацэнныя падручнікі па навучаньні роднае мовы. Ён зьвярнуў увагу на адсутнасьць дапаможнікаў гістарычнай граматыкі беларускай мовы, сучаснай беларускай мовы й дыялекталёгіі. Прычыну гэтакага дрэннага стану Юргілевіч убачыў у Міністэрстве Асьветы БССР, якое не хацела выдаваць ні падручнікаў, ні дапаможнікаў беларускае мовы. Аўтар „Бацькаўшчыны” адзначае, што Юргілевіч ня мог напісаць аб сапраўдных прычынах адсутнасьці беларускіх падручнікаў. „Вінаватыя тут не <<фармалізм і начытніцтва>>, а бальшавіцкая палітыка ў дачыненьні да мовы беларускага народу.”[25]

П. Залужны заўважае, што ў бээсэсэраўскіх сярэдніх палітэхнічных школах і ў вышэйшых навучальных установах мовай навучаньн зьяўляецца не беларуская мова, але расейская. Гэта, з аднаго боку, выклікана практычным чыньнікам – вучні й бацькі выбіраюць школы з расейскай мовай навучаньня, каб у будучыні не давучвацца расейскае мовы, якая авалодала ўсімі галінамі жыцьця. З другога ж боку, толькі фармальна існуе свабода нацыянальнага жыцьця, а фунцыю дзяржаўнае мовы цалкам пераняла мова расейская.[26]

С. Крушыніч паклікаецца на артыкул Алеся Праўдзіна пад назовам З дакладнасьцю лічыльнай машыны, які „Бацькаўшчына” поўнасьцю перадрукавала зь „ЛіМу”. Праўдзін напісаў пра невялікі адсотак часу, прызначаны ў школах на азнаямленьне зь беларускай літаратурай. – Гэта 10, 7, а нават 5 ці 4 працэнты. Асноўнае месца займае літаратура расейская. У некаторых старэйшых клясах беларускіх школаў вучні не ўзялі да чытаньня з школьных бібліятэк ні аднаго твора беларускіх пісьменьнікаў на роднай мове. Несумненна, дзеецца гэтак у выніку ўплыву на вучняў, з аднаго боку, зрусыфікаваных настаўнікаў, а з другога – тых спэцыфічных умоваў, якія штучна ствараюцца ў Беларусі дзеля паглыбленьня й пашырэньня русыфікацыйнага працэсу – сьцьвярджае С. Крушыніч. У раней друкаваных у „Бацькаўшчыне” матэрыялах вельмі часта прыводзіліся выказваньні настаўнікаў, што ў школьных бібліятэках часта адсутнічаюць у арыгінале нават тыя творы беларускай літаратуры, якія, згодна з праграмай, належаць да абавязковай лектуры, і вучні змушаныя чытаць гэтыя творы ў перакладзе на расейскую мову.[27]

П. Залужны зьвяртае ўвагу на яшчэ адзін прыклад цынізму савецкае моўнае палітыкі. Піша: ,,У 1956 годзе склікаецца ўсесаюзная навуковая нарада, што займаецца пытаньнем лепшай мэтодыкі выкладаньня расейскай мовы ўва ўсіх школах Савецкага Саюзу ды пытаньнем лепшага авалоданьня расейскай мовай – гэтым сяродкам зносінаў усімі народамі Савецкага Саюзу. Нарэшце прыймаецца закон, што родныя мовы не абавязкова павінны быць нацыянальным складнікам, азнакай нацыянальнай апрычонасьці.”[28] У 1956 г. на канфэрэнцыі ў Ташкенце было сьцьверджана, што расейскай мове павінна ўдзяляцца больш увагі ў нацыянальных школах як мове міжнароднай. Дзеля гэтага было пастаноўлена адкрыць у сыстэме Акадэміі Навук СССР Інстытут Расейскае Мовы і ўзмоцніць больш практычнае навучаньне расейскае мовы ў школах нацыянальных рэспублік Савецкага Саюзу. Неўзабаве зьявіўся закон аб рэформе навучаньня ў сярэдніх і вышэйшых школах, у якім зазначалася, што паміж расейскай і нацыянальнай мовамі навучаньня грамадзянам даецца вольны выбар. Гэты закон адмаўляў нацыянальным мовам у пяршынстве, адкідаў іх на другі плян і прычыняўся да пашырэньня сфэры ўжываньня расейскае мовы.[29]

У гэтакім жа адмоўным становішчы знаходзіўся беларускі друк. На думку М. Вольнага, нельга прэсу ў Беларусі назваць беларускай, таму што яна чужая для беларускага народу, ды й мова ў ёй не беларуская, а маскоўска-бальшавіцкі жаргон, зроблены па загадзе Масквы дзеля таго, каб наблізіць яе да <<общепонятного языка>>. „Даволі нават павярховага й эпізадычнага знаёмства з гэтай <<беларускай>> прэсай БССР, каб пераканацца, што яна мае зусім іншыя функцыі й заданьні. Друкаванае слова ў Беларускай ССР ёсьць зброяй духовага паняволеньня й вынішчэньня нашага народу, адным і, магчыма галоўным, сродкам барацьбы з нацыянальна-дзяржаўнымі ідэаламі нашага народу. Варожы, сілай накінуты чужакамі нашаму народу маскоўска-бальшавіцкі рэжым паставіў і прэсу на Беларусі на службу маскоўскім, а не беларускім інтарэсам.” [30] У далейшай частцы публікацыі аўтар спыняецца на больш дэталёвым аглядзе друку ў БССР. Згодна ягоным паведамленьням, у той час, гэта значыць у 50-х гадох, выдавалася 530 рэспубліканскіх, абласных, мястовых, раённых ды фабрычных газэтаў і 48 розных часапісаў. Пры гэтым падкрэсьлівае, што колькасьць выданьняў у беларуска-маскоўскім жаргоне безупынку зьмяншалася на карысьць мовы маскоўскай. Асноўная мэта гэтых газэтаў – хутчэйшая маскалізацыя беларусаў – адзначае М. Вольны.

„Бацькаўшчына” прыгадвае час, калі беларуская прэса змагалася за нацыянальныя справы беларускага народу. У чэрвені 1862 г. убачыў сьвет першы нумар першай беларускай газэты „Мужыцкая Праўда” К. Каліноўскага.[31] Характар „Мужыцкае Праўды” падрабязна быў апісаны ў кніжцы Адама Станкевіча.[32]

„Бацькаўшчына” зьмясьціла таксама артыкул у сувязі з 50 ўгодкамі „Нашай Нівы”.[33] „Наша Ніва” стварыла сабой цэлую эпоху ў беларускім нацыянальным адраджэньні, званую агульна нашаніўскай. Ставячы ў цэнтар сваёй увагі шырокае нацыянальнае ўсьведамленьне беларускага народу, нашаніўцы прыпісвалі асабліва вялікае значэньне да захаваньня родае беларускае мовы і ўзбуджэньня пашаны да яе. „Побач з гэтым, нашаніўскае адраджэнства старалася аднаўляць у памяці народу ягоную слаўную гістарычную мінуўшчыну, цяпер народам забытую або прысабечаную чужынцамі. Выклікаючы ў народнай сьведамасьці мінулыя вякі магутнасьці й славы беларускага народу, нашаніўцы хацелі гэтым узварухнуць ягоным нацыянальным сумленьнем і пераканаць, што і <<просты>>, <<мужыцкі>> беларускі народ здольны да творчага й паўнавартаснага нацыянальнага жыцьця.”[34]

Патрыятзм „Нашай Нівы” прычыніўся да таго, што знайшла яна шырокі водклік сярод беларускіх народных масаў. Беларускі адраджэнскі рух, які быў пачаткова рухам толькі адзінак, нацыянальна сьведамае інтэлігенцыі, стаўся рухам масавым, агульнанародным. „Наша Ніва” ўзбудзіла таксама магутны літаратурны рух. Яна сталася цэнтрам усіх беларускіх пісьменьнікаў.[35]

Адмоўнае стаўленьне да беларускае мовы ў Беларусі ня ўсім падабалася. Многія заўважалі прыніжэньне гэтак мовы, як і цэлага беларускага народу, што выклікала супраціў. „Бацькаўшчына” сачыла за ўсімі праявамі супраціву на старонках беларускай прэсы ды старалася зьвяратаць на гэта ўвагу беларусаў у эміграцыі. І таму працытавала публікацыю Б. Сачанкі ў „ЛІМе”, на старонках якога апісаў ён сваю паездку ў адзін з рэгіёнаў Магілёўшчыны, дзе сустрэўся з такой сытуацыяй, што вучні вучацца па беларускіх падручніках, а настаўнікі тлумачаць ім і апытваюць іх на мове расейскай, таму што дрэнна ведаюць сваю родную мову, якую, як аказалася ў размовах з настаўнікамі, развучылі ў вышэйшых навучальных установах.[36] Водгукам на гэтую абнаглелую русыфікацыю быў артыкул Уладзімера Юрэвіча.[37] С. Крушыніч ацэньвае гэты артыкул як рэдкую, але тым ня меней здаровую й пацяшальную зьяву, што ў асяродзьдзі пісьменьнікаў Савецкай Беларусі не занікла імкненьне да абароны роднае мовы ад розных русыфікатарскіх экспэрымэнтаў.[38] С. Крушыніч адзначае, што як першы за абарону беларускае мовы на старонках БССРаўскага друку выступіў рэгабілітаваны пісьменьнік Янка Скрыган. У артыкуле Думкі аб мове[39], паставіў ён пытаньне аб патрэбе ачышчэньня беларускай мовы з накінутых ёй русыцызмаў, хаця, зразумела, не назваў асноўных прычынаў такога стану рэчаў, а толькі пісаў, што, „гэтак народ не гаворыць”, або што „мы адрываемся ад народнага творчага асяродзьдзя” і пад. Раўналежна з гэтым іншы беларускі пісьменьнік, таксама рэгабілітаваны, Максім Лужанін пачаў кампанію супраць замены беларускае мовы ў розных галінах жыцьця мовай расейскай. Выступаючы на сходзе актыву працаўнікоў у галіне літаратуры й мастацтва БССР у Менску 2 лістапада 1957 г., Максім Лужанін сказаў: „Хочацца, каб беларуская мова чулася ня толькі ў творчых арганізацыях, але і ў установах, школах сярэдняй і вышэйшай, каб яна была і на папяроснай каробцы, і на трактары, і на станку.”[40] Таксама Кузьма Чорны адзіны ратунак бачыў у мове народнай, у ейнай жыцьцядайнай, творчай адпорнасьці й вытрываласьці. Пра яе ён пісаў: „Вялікая беларуская моўная стыхія ня толькі не загінула за час шматвяковага нацыянальнага паняволеньня Беларусі, ня толькі не была праглынута моўнымі культурамі суседніх народаў, а захавала сваю чысьціню, скрышталявалася ў надзвычайнае багацьце арыгінальных формаў, служачы навет багатым матар’ялам для суседніх моўных культур. Літаратурная мова павінна быць чыстаю, беларускаю. Карэньне яе – у мове народнай.”[41]

Усьлед за пісьменьнікамі пра сытуацыю беларускае мовы загаманілі й іншыя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Публіцыст „Бацькаўшчыны” зьвяртае ўвагу на выказваньне аднаго студэнта, які напісаў на старонках „ЛіМу” наступнае: „Толькі тады, калі мы пачуем жывую беларускую мову з вуснаў выкладчыка і прадаўца, сакратаркі і інжынера, дырэктара заводу і міністра, калі мы знойдзем яе ў заявах і ў пратаколах судовых працэсаў, на старонках навуковых працаў – толькі тады беларуская мова зойме належнае месца ў жыцьці.”[42] С. Крушыніч зьвяртае ўвагу на тое, што ў абарону беларускае мовы не ўключыліся пісьменьнікі старэйшага пакаленьня, якія, у прынцыпе, павінны яе ачоліць.

Пра апошнія праявы супраціву ў 1959 г. напісаў С. Станкевіч.[43] „Кампанія ў абароне роднае мовы праводзілася ў двух кірунках: у кірунку абароны беларускае літаратурнае мовы перад ейнай прымусовай русыфікацыяй ды ў кірунку аднаўленьня правоў гэтае навет зрусыфікаванае мовы й спыненьня замены яе расейскай мовай у культурным і грамадзкім жыцьці Беларускай ССР.”[44] Патрабаваньні павышэньня культуры беларускае літаратурнае мовы й ачышчэньня яе ад раней накінутых русыцызмаў былі высунуты таксама на 4 Зьезьдзе Пісьменьнікаў Беларусі, які адбыўся ў Менску 12-14 лютага 1959 г. Аднак і гэтая зрусыфікаваная мова была адсунута на задні плян. Паводле афіцыйных дададзеных, у Беларусі ў гадох 1955-1956 у 95% школаў вялося навучаньне на беларускай мове. Але гэта прапагандовыя дадзеныя. Параўнальна найбольшыя дасягненьні мелі патрабаваньні ў галіне рэгабілітацыі. Ад паловы 1956 г. да паловы 1959 было рэгабілітавана больш за 30 беларускіх пісьменьнікаў ды дзеячоў навукі й мастацтва, а тыя зь іх, што засталіся яшчэ жывымі, вярнуліся з ссылкі ў Беларусь.

Беларуская мова ўгрунтоўвалася таксама ў сьведамасьці людзей дзякуючы падкрэсьліваньні ейнага гістарычнага значэньня й значэньня беларускай дзяржаўнасьці. Важнай падзеяй у культурным жыцьці Беларусі першай паловы ХVІ ст. была кадыфікацыя права, завершаная выданьнем у 1529 г. І Статуту ВКЛ. У Статуце былі пададзены асноўныя нормы дзяржаўнага, працэсуальнага, крымінальнага, грамадзянскага й сямейнага права. Вывучэньне зьместу Статуту й іншых помнікаў права ВКЛ пераконвае, што асноўнымі крыніцамі права пры складаньні Статуту было звычаёвае права Беларусі й Літвы ды нормы пісанага права, якія дзейнічалі й былі выдадзеныя ў той час.[45] Аналіз зьместу Статуту дазваляе сьцьвярджаць, што ў ім умела спалучаюцца старыя звычаі Беларусі й Літвы з навейшымі дасягненьнямі юрыдычнай навукі таго часу, а ў паасобных выпадках у Статуце былі выказаны ідэі, якія значна пазьней атрымалі далейшае разьвіцьцё ў краінах Заходняй Эўропы. Гэта сьведчыць, што Статут складалі самыя адукаваныя людзі таго часу. З асобаў, якія адпавядалі б вылічаным прыкметам і жылі ў той час у Вільні можна назваць толькі аднаго чалавека – Ф. Скарыну[46] – адзначаецца ў публікацыі.

Мала які народ здолее пражыць без свае мовы, а бяз мовы ды мінуўшчыны – гістарычнае традыцыі – няздольны да гэтага ніводзін народ. І таму мова й гістарычная традыцыя – найбольш патрэбныя ды найдаражэйшыя скарбы народу[47] – падкрэсьлівае Я. Станкевіч. В. Ластоўскі разумеў гэта й моцна рупіўся пра долю гэтых скарбаў. Ён вывучыў і напісаў ды выдрукаваў Кароткую Гісторыю Беларусі. Значэньне Кароткай Гісторыі Беларусі м. ін. праяўлялася ў тым, што была яна напісана па-беларуску, што ўжываўся ў ёй назоў Беларусь, гаварылася пра беларускія землі, а не пра „западнорусские”.[48]

В. Ластоўскі займаўся таксама беларускай моваю. Ён падрыхтаваў і выдаў Падручны Расійска-Крыўскі (Беларускі) Слоўнік. Станкевіч вельмі крытычна ацаніў гэтую працу, пішучы, што Ластоўскі ня здолеў аддзяліць зерне ад мякіны і толькі папсаваў багаты матэрыял, мяшаючы прыродныя беларускія словы з уласнымі наватворамі. Але, нягледзячы на гэта, на думку Станкевіча, вялікай пашаны заслугоўвае руплівасьць Ластоўскага пра родную мову. Калі б хаця частка гэтай руплівасьці характарызавала іншых, дык беларускай мове не пагражала б вялікая небясьпека.[49]

Праблематыцы беларусізацыі Гомельшчыны прысьвечаны артыкул В. Верасьня. Калі ў 1924 г. БССР, якая дагэтуль скадалася зь няпоўных шасьцёх паветаў былое Менскае губэрніі, была павялічаная прылучэньнем Полаччыны, Віцебшчыны, Аршаншчыны, Магілеўшчыны, Клімаўшчыны й Рагачэўшчыны, жыхары былое Гомельскае губ., у складзе якое засталіся Гомельскі, Рэчыцкі, Клінцоўскі, Новазыбкаўскі й Старадубскі паветы, былі вельмі зьдзіўленыя, чаму яны й надалей мусяць заставацца ў складзе г. зв. <<расейскае федэрацыі>> – РСФСР.”[50] Аднак, беларусы Гомельшчыны, гістарычная доля якіх на працягу апошніх часоў кідала то туды, то сюды, не зьнеахвоціліся ды энэргічна ўзяліся за разгортваньне нацыянальнае дзейнасьці. На цэлай прасторы Гомельшчыны – ад вытокаў Іпуці аж да Прыпяці і ад Пагару аж да Какуевічаў – пачалі стыхійна паўставаць беларускія нацыянальныя гурткі й школы.

Тэму беларусізацыі Гомельшчыны працягвае Васіль Будзімер. „Гомельшчына была далучана да Беларусі ў другой палове 1926 г., але толькі к канцу 1927 г. былі зроблены захады да правядзеньня беларусізацыі ў новай акрузе. Трэба было, каб нацыянальныя колы ў Менску падрыхтаваліся да гэтага. У той час беларуская нацыянальная работа была ў поўным росквіце. Усе школы працавалі ў роднай мове, выдаваліся газэты, часапісы, выходзіла з друку многа падручнікаў, паказы ў тэатры адбываліся таксама на роднай мове. (...) Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт) вёў падрыхтоўку да ператварэньня сабе ў Беларускую Акадэмію Навук, што і адбылося ўрачыста ў 1928 г.”[51]

Нягледзячы на такую сытуацыю, у Менску разумелі добра, што правядзеньне беларусізацыі ў Гомелі – гэта пытаньне сур’ёзнае й складанае. Нягледзячы на выезд у Маскву шматлікіх праціўнікаў далучэньня Гомельшчыны да Беларусі, у Гомелі засталася моцна арганізаваная пачка непрымірэнцаў далучэньня й ярых праціўнікаў беларусізацыі.[52]

Значна лягчэй праходзіла беларусізацыя ў рэгіёнах. Вельмі хутка й бязь цяжкасьцяў пераходзілі на беларускую мову школы. Гэта тлумачыцца прыхільнасьцю насельніцтва да факту далучэньня акругі да Беларусі. Значную ролю адыгралі настаўнікі, асабліва пачатковых школаў. Удалося пры гэтым захаваць у якасьці дзяржаўных моваў усе 4 мовы: беларускую, расейскую, польскую й габрэйскую. Насельніцтва было забясьпечанае школаю з выкладаньнем у роднай мове, пры абавязковым выкладаньні беларускай мовы як асобнай дысцыпліны. „Вытычныя пункты беларусізацыі на Гомельшчыне былі выкананыя. Аднак ужо ў першай палове 1930 году небасхіл нацыянальнай працы на Беларусі спачатку далёка й няясна пачаў асьвятляцца нядобрымі зарніцамі. Усё часьцей афіцыйна й неафіцыйна сталі ўжывацца тэрміны <<нацдэмаўшчына, нацдэм>>.”[53]

„Бацькаўшчына” нямала ўвагі ўдзяляла беларусізацыі царквы. У артыкуле Д. Ясько „Новы Запавет” у беларускай мове прыгадваецца гісторыя перакладаў Божага слова. „У той самы час, калі доктар Марцін Лютар перакладаў Біблію на нямецкую мову (1522-34 г.г.), Біблія на беларускай мове ўжо друкавалася (1518-23), насамперш у Празе Чэскай, а пазьней – у Вільні. (..) Таксама сьведамы беларус і рэлігійны дзеяч, Васіль Цяпінскі, каля 1570 г. у сваёй вандроўнай друкарні надрукаваў Эвангельле ад Мацьвея і Марка, якія былі пераложаны на беларускую народную мову.” [54]

Пасьля Першай Сусьветнай вайны на недахоп рэлігійных выданьняў зьвярнуў сваю ўвагу баптысцкі сьвятар Л. Н. Дзекуць-Малей, які працаваў у Берасьці. Разам з сваёю жонкаю ўзяўся ён перакладаць Эвангельле на беларускую мову. Не давяраючы собскім сілам, зьвярнуўсся па фаховыя парады й папраўкі да ведамага беларускага дзеяча й крытыка, Антона Луцкевіча, які ахвотна ўзяўся дапамагчы ў гэтай карыснай для народу працы. У 1927 г. баптысцкае выдавецтва Компас надрукавала паасобныя Эвангельлі (Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана) і некалькі брашураў на беларускай мове. Луцкевіч узяўся перакладаць цэлы Новы Запавет. Свой пераклад аддаў ён Брытанскаму й Замежнаму Біблійнаму Таварыству, якое й выдала ў 1931 г. (у Гелсінхфорсе ў Фінляндыі) Новы Запавет з Псальмамі на беларускай мове.

Другая Сусьветная вайна зьнішчыла ўсе Новыя Запаветы, якія былі на складзе Біблійнага Таварыства ў Фінляндыі, а попыт на іх быў вялікі. „Доктар В. Тумаш у 1946 г. першы зьвярнуўся да Брытанскага й Замежнага Біблійнага Таварыства з просьбаю аб выданьні, калі ня цэлай Бібліі, дык хоць-бы Новага Запавету на беларускай мове. Да ягонай просьбы далучыліся просьбы некаторых пратэстанцкіх сьвятароў, якія апрача гэтага зьвярталіся й да амэрыканскіх капэлянаў, і да Сусьветнай Рады Цэркваў, і да Швэдзкага Біблійнага Таварыства. Брытанскае й Замежнае Біблійнае Таварыства адгукнулася адмысловым лістом да перадавых сьвятароў праваслаўнага, каталіцкага й эвангельскага веравызнаньняў, у якім пыталіся, ці пераклад выданьня Новага Запавету з 1931 г. добры, ці беларусы патрабуюць Сьв. Пісаньня ў роднай мове, і колькі больш-менш беларусаў знаходзіцца на эміграцыі.”[55] У сувязі з тым, што беларускія дадзеныя былі вельмі розныя – ад 5 тысяч да 50, ангельцы страцілі давер да беларусаў і зьвярнуліся да Я. Дыка – сакратара Нямецкай Місіі для Распаўсюджваньня Эвангельля ў Штутгарце даць аўтарытэтныя дадзеныя пра колькасьць беларусаў у эміграцыі. Я. Дык запатрабаваў выданьня 3 тысяч паасобнікаў Новага Запавету на беларускай мове. Выданьне 1931 г. захавалася ў расейца, баптысцкага сьвятара Г. Болтнева, зь якога ў 1948 г. быў зроблены перадрук патрэбнай колькасьці экзэмпляраў Новага Запавету.

У публікацыі С. Станкевіча Сьвятая Эванэлія і Апостальскія Дзеі[56] разглядаецца пераклад гэтае рэлігійнае кнігі на беларускую мову, зроблены ксяндзом Пятром Татарыновічам і выдадзены ў Рыме ў 1954 г. Аўтар публікацыі зьвяртае ўвагу на саліднасьць і працавітасьць перакладчыка. Пераклад быў зроблены не зь якога-небудзь аднаго, больш перакладчыку даступнага першаўзору, але, кс. др Пётр Татарыновіч, прыняўшы за аснову лацінска-грэцкі тэкст Новага Запавету, навукова апрацаваны й выданы прафэсарам Папескага Біблійнага Інстытуту А. Аўгустам Мэркам у Рыме ў 1944 г., выкарыстаў пры перакладзе змарнаваны акупантам выданы напярэрадні апошняй вайны ў Вільні ў 1939 г. пераклад к. мг. В. Гадлеўскага, а таксама адзін тэкст у італьянскай мове, і адзін у мове францускай.

С. Станкевіч заўважае, што кс. др. П. Татарыновіч ўводзіць нямала інавацыяў у беларускую літаратурную мову з мэтаю ачышчэньня яе ад барбарызмаў і нэалягізмаў. Аўтар публікацыі высока ацэньвае гэтае імкненьне ды намеры, хаця не з усімі рэформамі перакладчыка згаджаецца. Правільным і карысным лічыць ужываньне кс. Татарыновічам пашыранага ў беларускіх гаворках слова эванэлія замест, як цьвердзіць, перанятага з расейскай мовы евангельля.

Беларускі кампазытар Мікола Куліковіч падзяліўся з чытачамі газэты весткай, што Цэнтар Студыяў Царкоўна-Славянскае Музыкі ў Лёндане, які займаецца вывучэньнем і выданьнем музычных твораў праваслаўнай ці ўсходняй царквы, зьвярнуўся да яго з прапановай выдаць Царкоўны Беларускі Зборнік.[57] Тое, што з рэлігійнай музыкі было ў эміграцыі – гэта толькі творы Міколы Куліковіча й М. Равенскага, і таму аўтар публікцыі заклікаў кампазытара Карповіча ды ўсіх музыкаў, нават толькі пачынаючых, каб уключыліся ў гэты праект выданьня Царкоўнага Беларускага Зборніка ды паспрабавалі сваіх сіл у новай для іх галіне.

Гэтую ж тэму працягвае А. Будзіч у артыкуле пад назовам Да беларусізацыі ...БАПЦ.[58] Аўтар паведамляе, што: „Шмат гадоў працуючы над дасьледваньнем беларускае народнае песьні, кампазытар М. Куліковіч сабраў вялікі матар’ял беларускіх сьпеваў і, грунтоўна прааналізаваўшы іх, змог выбраць зь іх найхарактэрнейшыя, тыповыя паводля свае народна-нацыянальнае самабытнасьці й хараства народныя песенныя звароты й музычныя фразы. Творча апрацоўваючы беларускія прыпеўкі у праваслаўным царкоўным стылі, паводля старадаўных прыкладаў, кампазытар стварыў такім чынам беларускія царкоўныя расьпевы на розныя Божыя Службы, улажыў узоры (галасы) для штодзённага царкоўнага ўжыцьця, а таксама напісаў асноўныя праваслаўныя службы – Літургію й Усяночную.”[59]

А. Будзіч паведамляе, што ёсьць таксама і ў кампазытара М. Равенскага ўся Літургія, напісаная ім вылучна на беларускіх песенных матывах. Літургія гэта пяялася, прыкладам, у праваслаўнай капліцы беларускае студэнцкае гупы ў Лювэне. Некаторыя малітвы (Отчэ наш, Верую, Херувімская, Достойно есть) выдадзены былі на кружэлках. Значыць, кампазытары сваю працу выканалі, але справа ўперлася ў кансэрватызм БАПЦ. Аўтар публікацыі заўважае, што кансэрватызм БАПЦ праявіўся, дарэчы, ня толькі ў галіне царкоўнае музыкі, але й цэлае багаслужбы. І тут А. Будзіч прыгадаў, што існуюць пераклады Бібліі на беларускую мову й што неабавязкова карыстацца перакладам Францішка Скарыны, бо ягоная мова ня сучасная. Але ж у 1948 г. у выдавецтве Брытанскага й Замежнага Біблійнага Таварыства выйшаў Новы Запавет па-беларуску можа не ў дасканалым, але ў добрым перакладзе Антона Луцкевіча. Выданьнем гэтым карыстаўся а. Аўген Смаршчок у Лювэне. Пара ўжо – напісаў А. Будзіч – пасьля адсьвяткаваньня дзесяцігадовага юбілею аднаўленьня беларускае герархіі, падумаць пра беларусізацыю Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы. Трэба перадусім паступаць лягічна й шанаваць высілак Франішка Скарыны, Антона Луцкевіча ды сьветлую памяць тых беларускіх патрыётаў, што прынесьлі гэтулькі ахвяраў, каб пракласьці дарогу роднай мове ў Дом Божы.

Ня цалкам пагаджаліся з такім меркаваньнем сьвятары. Айцец А. К. напісаў: „Існуючы пераклад Скарыны даступны толькі ў нямногіх музэях аглядаць, а каб навет і меўшы яго, пачаць ужываць у Царкве, то напэўна тагачасная беларуская мова была-б для вернікаў ня больш зразумелаю, як царкоўна-славянская. Луцкевіч рабіў насьпех пераклад у Вільні для Мэтадыстаў. Першы наклад яго быў выдадзены ў Гэльсінках, а пазьней толькі перавыдадзены Брытанскім Замежным Біблійным Т-вам. Аб недакладнасьцях яго ня будзем сяньня ўсіпамінаць, бо пакуль няма першага перакладу, сьвятары БАПЦ змушаны ім карыстацца. Калі-ж з тых або іншых меркаваньняў або згодна статуту ў некаторых цэрквах чытаецца сьв. Эвангельле пацаркоўна-славянску, то гэта зусім не супярэчыць беларускасьці Царквы, дзе пропаведзі й навучаньне вядзецца пабеларуску, чым і працярэбліваецца дарога ў роднай мове як у Божы Дом, гэтак і ў Родны Дом, якім ёсьць незалежная Бацькаўшчына.”[60]

„Ідэя царкоўнай і рэлігійнай незалежнасьці вяжацца непадзельна з нацыянальнай незалежнасьцяй кажнага народу, а паняволенага ў васаблівасьці – заўважае А. Бутрымовіч. – Змагацца толькі за палітычную й гаспадарчую незалежнасьць свайго народу, а аставацца ў царкоўнай, духовай залежнасьці ад сваіх палітычных і нацыянальных ворагаў – гэта ніякае змаганьне. (...) Незалежнасьць палітычная й нацыянальная мусіць вырастаць з душы народу, з духовай, псыхічнай, культурнай, моўнай, абрадавай, звычаёвай і г. д. незалежнасьці чалавека, зь ягонага маральнага складу, да якога ворагу дабрацца ня так лёгка. І вось царква, як запраўдная выхавальніца чалавека, мае вытварыць гэткі маральны склад чалавека пры дапамозе сваіх выхаваўчых сродкаў.”[61]

Аўтары „Бацькаўшчыны” шырока паведамлялі пра беларускі выдавецкі рух у эміграцыі. У артыкуле Івана Спадзявайлы „На чыстым аркушы” або рэдкі фэномэн „рукапіснага друку” [62] паведамляецца пра прывезенае з ангельскае зоны цэлае „бярэмя рукапісных беларускіх выданьняў”. Сярод іх былі рукапісныя газэты, якія выходзілі рэгулярна, зьмяняючы толькі часам свой фармат, у залежнасьці ад паперы, і назовы – у залежнасьці ад абставінаў: „Адгалоскі” (3 нумары), „Алярм” (8 нумароў), „Беларус на чужыне” (5 нумароў), „Далі” (2 нумары), „Пералом” (4 нумары), „Раздарожжа” (2 нумары), „Уцякач” (6 нумароў) – усе газэты 1945 г., іхны працяг – „Выгнанец” (16 нумароў за 1945 г. і 23 нумары за 1946 г.); ягоны працяг – „Аглядчык” (44 нумары за 1946 г. і 18 нумароў за 1947 г.). Апрача газэтаў, былі таксама рукапісныя часoпісы-журналы: „Кагарка” – месячнік крывіцкай думкі, „Нарач і Мэта” – часoпіс літаратуры – навукі – грамадзкасьці (7 нумароў за 1946 і 5 за 1947 г.) ды ў маленечкіх кантычках ад рукі – „Бібліятэчка сучаснасьці”. У гэтых часoпісах знаходзілася шырокая ды сыстэматычная інфармацыя зь міжнароднае палітыкі й зь Беларусі, літаратуразнаўчыя артыкулы й навукова-тэхнічыя, а таксама мастацкія творы.

Даволі раўнамерна выходзілі ў эміграцыі студэнцкія выданьні. 26 лістапада 1945 г. выйшаў 1 нумар „Студэнцкіх Вестак”, выдадзены Беларускім Студэнцкім Згуртаваньнем у Мюнхэне. Гэта было першае студэнцкае ды першае беларускае выданьне наогул у эміграцыі пасьля Другой Сусьветнай вайны. Выйшлі яго 2 нумары – 2-гі ў сьнежні гэтага ж году. Часопіс заклікаў сваіх сяброў да навукі й працы ды інфармаваў аб наяўных у той час магчымасьцях студыяў. Годам пазьней гэтае ж Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне перайменавала свой часопіс у „Крывіцкі Сьветач”, які ня толькі павялічыў наклад (з 300 паасобнікаў да 500) і памер (з 8 старонак да 32), але й паглыбіў свой зьмест. Пачалі зьяўляцца сур’ёзныя артыкулы на тэмы гісторыі, літаратуры ды публікацыі на грамадзка-палітычныя тэмы. Назоў часопіса адлюстроўваў імкненьне беларускай эміграцыйнай моладзі да вяртаньня гістарычнага назову Крывіч. Выйшла 8 нумароў „Крывіцкага Сьветача” – 7 у 1946 г. і 1 – у 1947. У гэтым жа 1947 г. Беларускае Студэнцкае Згуртаваньне пачало выдаваць „Студэнцкі Кліч”. Выйшлі 3 нумары часопіса – за жнівень-кастрычнік 1947 г.[63]

Станіслаў Станкевіч[64] заўважае ўзмоцненую актыўнасьць беларусаў у эміграцыі й адзначае, што толькі ў адным месяцы чэрвені 1952 г. зьявіліся тры новыя беларускія часопісы: „Запісы” Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, „Шарсьцень” – незалежны месячнік гумару й сатыры ды „Каласкі” – месячны часопіс для дзяцей. У 1959 г. пачаў выходзіць квартальны часопіс „Беларуская Моладзь”, які выдаваўся ў ЗША – у Нью- Ёрку. Ягоным выдаўцом было Згуртаваньне Беларускае Моладзі ў Амэрыцы. У квартальніку зьмяшчаліся вельмі розныя па тэматыцы публікацыі, у тым ліку шмат пісалася пра гістарычныя падзеі ў Беларусі, пра лёс беларускіх пісьменьнікаў.[65]

Пачынаючы з 1952 году пры газэце зарганізавалася Беларускае Выдавецтва „Бацькаўшчына”, якое, нягледзячы на цяжкія матарыяльныя абставіны, кожны год выпускала па некалькі добра аформленых найбольш патрэбных і цэнных беларускіх кніжак, зь якіх злажылася цэлая бібліятэчка.[66] Належалі да іх: Выбраныя творы Янкі Купалы пад назовам Спадчына[67], Запіскі Самсона Самасуя Андрэя Мрыя і Нядоля Заблоцкіх Лукаша Калюгі[68], творы Власта (Вацлава Ластоўскага) і паэма Якуба Коласа Сымон Музыка[69], Зь гісторыі Беларусі праф. Я. Станкевіча[70].

У 1958 г. выйшла ў ангельскай мове кніга Антона Адамовіча Беларуская літаратура ў супраціве саветызацыі.[71] Была яна выдадзена Інстытутам па Справах Дасьледаваньня СССР у Мюнхэне. Таксама ў гэтым годзе выйшла друкам у нямецкай мове Малая Славянская Біяграфія[72]. Гэты энцыкляпэдычны зборнік апрацаваны супрацоўнікамі Славянскага Сэмінару Мюнхэнскага Ўнівэрсытэту. У ім, на 807 бачынах, у альфабэтным парадку пададзеныя прозьвішчы духовых прадстаўнікоў (культурных і навуковых дзеячоў) славянскіх народаў: баўгараў, беларусаў, чэхаў, македонцаў, палякаў, расейцсаў, сэрбаў, украінцаў і харватаў. Сьпіс беларускіх прозьвішчаў зь біяграфічнымі дадзенымі да гэтага выданьня падрыхтавалі сябры Мюнхэнскай Сэкцыі Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва пад кіраўніцтвам старшыні д-ра С. Станкевіча. У выданьне ўвайшло больш за 60 беларускіх прозьвішчаў, пачынаючы Афрасіняй Полацкай і Аўрамам Смаленскім ды канчаючы Пятрусём Броўкам, Аркадзем Куляшовам ды іншымі прадстаўнікамі культурнага жыцьця ў БССР паловы гэтага стагодзьдзя. У Малой Славянскай Біяграфіі найбольш густа прадстаўлены пэрыяд беларускага адраджэньня. Гэта з тае прычыны, што якраз гэты пэрыяд адноснае свабоды даў магчымасьць вырасьці шырокім кадрам беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі.

У 1954 г. беларусы ўключыліся да працы ў Мюнхэнскім Інстытуце Вывучэньня БССР. За 5 гадоў працы ў Інстытуце было таксама выдадзена 12 кніг „Беларускага Зборніка” ў беларускай мове і 8 кніг „Беларускага Зборніка” („Belorussian Review”) у ангельсакй мове. Па-ангельску перадрукоўваліся найлепшыя артыкулы зь беларускай вэрсіі „Зборніка”. І так, у згаданых 12 кнігах „Беларускага Зборніка” да 1960 г. паявіліся 84 артыкулы 26 аўтараў, зь якіх 18 гэта былі беларусы, а 8 – іншых нацыянальнасьцяў, якія таксама распрацоўвалі беларускія тэмы. У зборніках перадусім друкаваліся артыкулы на актуальныя тэмы з жыцьця БССР, як і артыкулы, у якіх высьвятляліся праблемы бальшавіцкай палітыкі ў дачыненьні да беларусаў. Апрача пэрыядычных выданьняў, Інстытут за гэты пэрыяд апрацаваў манаграфіі на беларускія тэмы ў беларускай, расейскай, ангельскай і нямецкай мовах.[73] – адзначае С. Станкевіч.[74]

З мэтай пашырэньня інфармацыі пра магчымасьць адукацыі на чужыне моладзі ў беларускай мове, „Бацькаўшчына” зьмяшчала рубрыку пра лектарат беларусаведы.

У Таронта ўрачыстае адкрыцьцё лектарату адбылося 15 кастрычніка 1951 г. ,,Прафэсар Шор, вітаючы слухачоў, зазначыў, што ўнівэрсытэт у Торонто зьяўляецца першай навуковай канадыйскай інстытуцыяй, якая дае магчымасьць беларусам, пад ейным дахам, пашыраць веду аб беларускай мове, гісторыі, літаратуры й культуры. Загадчык славянскага аддзелу пажадаў беларусам найбольшых посьпехаў у далейшым пашыраньні й разбудаваньні лектарату й з боку унівэрсытэту абяцаў усялякае магчымае падтрыманьне.”[75] Асаблівыя заслугі ў адкрыцьці першага лектарату беларусаведы ў эміграцыі належалі праф. Вінцэнту Жук-Грышкевічу – першаму лектару беларусаведы ў Канадзе. У сувязі з высокім узроўнем слухачоў, у праграме асноўная ўвага зьвярталася на найбольш складаныя ды найменш асьветленыя пытаньні зь беларускае мовы, гісторыі, літаратуры й культуры.

Беларускія грамадзкія дзеячы, як і Ўправа Беларускіх Студэнцкіх Арганізацыяў клапаціліся пра тое, каб пабольшыць шэрагі беларускіх студэнтаў на чужыне. „У шуканьні разьвязкі Цэнтраля Беларускіх Акадэміцкіх Арганізацыяў пайшла на дарогу доўгую, але найбольш пэўную: згуртаваньня беларускае моладзі ў інтэрнат і даньня ёй магчымасьці здабыцьця сярэдняе асьветы ўсялякага тыпу ў чужынецкіх школах, зарганізаваўшы раўначасна беларусаведу й нацыянальнае ўзгадаваньне.”[76] Нягледзячы на адміністрацыйна-юрыдычныя цяжкасьці, а таксама й матэрыяльныя, удалося гэта, дзякуючы нявычэрпнай энэргіі айца Робэрта ван Кавэлерта, а таксама ахвярнасьці беларускае студэнцкае групы ў Лювэне.

На пачатку лістапада 1951 г., дзякуючы сьмеламу рашэньню айца Чарняўскага, група 5 беларускіх дзяцей з Францыі зьявілася ў Лювэне. І хаця моладзь ад 8 гадзіны да 17 заставалася ў школе, то ахвотна знаходзіла час на беларусаведу. Пра сыстэматычнасьць навукі беларускае мовы, літаратуры, гісторыі, геаграфіі й народнага мастацтва клапаціўся айцец Аўген.

Інстытут Беларусаведы існаваў таксама ў Мадрыдзе.[77] Інстытут імя Льва Сапегі быў сарганізаваны пры Цэнтры Абмены Эўрапейскай Культуры ў Мадрыдзе. Спэцыяльнымі прадметамі досьледаў Інстутуту былі такія галіны, як: філязафічная, юрыдычная, эканамічная, гістарычна-сацыяльная, этнічная, філялягічная, літаратурная, фальклярыстычная й артыстычная. Апрача гэтага – дасьледаваньне праблемаў і асьпірацыяў беларускага народу ды азнаямленьне зь імі краінаў Заходняе Эўропы, а ў першай чарговасьці Гішпаніі ды краінаў зь гішпанскай мовай, а таксама народаў ісляму. Інстытут паставіў сабе за мэту вывучэньне міжнародных узаемадачыненьняў, якія мелі месца ў гісторыі паміж Беларусяй ды дзяржавамі Заходняй Эўропы, як і рэлігійных асаблівасьцяў беларускага народу.

З прыведзеных прыкладаў, далёка ня ўсіх, зьмешчаных на старонках „Бацькаўшчыны”, выразна відаць, што гэтая эміграцыйная газэта вельмі сур’ёзна ставілася да праблемы захаваньня беларуская нацыянальнае тоеснасьці. Ейныя рэдактары разумелі, што нельга будаваць дзяржаўную незалежнасьць без адпаведнага стаўленьня да роднае мовы. Разумелі, што толькі дзяржаўны статус і шырокае выкарыстаньне мовы ва ўсіх галінах грамадзкага жыцьця можа загарантаваць мове адпаведны прэстыж. Таму публікацыям пра беларускую мову адводзілі істотнае месца на старонках тыднёвіка.

Клапаціліся, з аднаго боку, пра становішча роднае мовы ў Беларусі, а з другога боку, стараліся разьвіваць яе і ўзбагачаць у эміграцыі. Баяліся, што беларуская мова на Бацькаўшчыне будзе зрусыфікаваная, альбо нават – у горшым выпадку – цалкам будзе выціснута з жыцьця расейшчынай, і таму стараліся ў як найчысьцейшай форме захаваць беларушчыну ў эміграцыі. З гэтай мэтай узьнікалі такія рубрыкі, як: Куток мовы, Некаторыя групы словаў беларускае мовы, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы... Чысьціня беларускае мовы, гэтак як і незалежнасьць беларускае дзяржавы, былі асноўнымі каштоўнасьцямі й мэтамі, якімі кіраваліся публіцысты гэтае беларускае эміграцыйнае газэты.

[1] Выдавалася яна ў Мюнхэне з 31 кастрычніка 1947 г. да сьнежня 1966 г. З 1955 г. сталася беларускім тыднёвікам палітыкі, культуры й грамадзкага жыцьця. Быў гэта ворган беларускай нацыянальна-вызвольнай думкі. „Бацькаўшчына” мела свае прадстаўніцтвы й распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргентыне, Бэльгіі, Новай Зэляндыі й Вэнэсуэле.

[2] Зьмяшчала навуковыя дасьледаваньні А. Адамовіча, С. Брагі, У. Глыбіннага, С. Станкевіча, Я. Станкевіча, літаратурныя творы Н. Арсеньневай, Ю. Віцьбіча, М. Вярбы, У. Дудзіцкага, М. Кавыля, Р. Крушыны, А. Салаўя, М. Сяднёва ды іншых. Выдавала дадаткі: дзіцячы „Каласкі”, а таксама літаратурны й жаночы. Пры газэце дзейнічала выдавецтва, якое выпусьціла творы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, А. Гаруна, В. Ластоўскага, Л. Калюгі, А. Мрыя, Ю. Віцьбіча, Р. Крушыны, альманах твораў беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў „Ля чужых берагоў”.

[3] Гэты лягер узьнік у траўні 1947 г. зь дзьвюх групаў – Ашафэсбургскай і Вільдфлекенскай, якіявылучыліся зь лягераў польскіх, украінскіх і іншых.

[4] М. Л., Да роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 лістапада 1947, № 2, с. 4.

[5] Куток мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 8 лютага 1948, № 3 (6), с. 4.

[6] Др Ст. Ст., У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 29 чэрвеня 1952, №№ 25-26 (104-105), с. 6.

[7] Тамсама.

[8] Дзеля прыкладу, у Прадмове да Руска-беларускага слоўніка, выдадзенага Акадэміяй Навук БССР у 1953 г., гаворыцца, што беларуская мова „выпрацавала свае літаратурныя нормы, значна папоўніла лексічны запас за кошт слоў роднай ёй рускай мовы”.

[9] Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), Жахлівы білянс русыфікацыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1958, № 7 (393), с. 1-2.

[10] Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 26 чэрвеня 1960, №№ 24-25 (508-509), с. 3.

[11]Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), Жахлівы білянс русыфікацыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1958, № 7 (393), с. 1-2.

[12] Др Ст. Ст. (крыптонім Станіслава Станкевіча), У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 29 чэрвеня 1952, №№ 25-26 (104-105), с. 6.

[13] Тамсама.

[14] Ян Станкевіч, Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 студзеня 1960 – 14 лютага 1960, №№ 3-7 (487-491).

[15] Ян Станкевіч, Зь гісторыі русыфікацыі Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 студзеня 1960, № 3 (487), с. 2-3.

[16] В. М. Міняйло, Праблема мовы ў Савецкім Саюзе, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 25 кастрычніка 1959, № 40 (476), с. 3.

[17] Ст. Ст. (крыптонім Станіслава Станкевіча), Куток мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 11 лютага 1956, №№ 6-17 (288-289), с. 7.

[18] Тамсама.

[19] Тамсама, с. 7.

[20] Тамсама.

[21] Др Ян Станкевіч пры ўчасьці Антона Адамовіча, Некаторыя групы словаў беларускае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 24 жніўня 1952, №№ 34 (113), с. 3-4; 31 жніўня 1952, № 35 (114), с. 3-4; 7-14 верасьня 1952, №№ 36-37 (115-116), с. 7-8; 21 верасьня 1952, № 38 (117), с. 3-4; 28 верасьня 1952, № 39 (118), с. 3-4.

[22] Дзеля прыкладу, прывяду словы з коранем ган-: Тое, што можна ці трэба ганіць (маск. порицать), гэта загана (пол. wada). Да заганаў можна залічыць гэтакія чалавечыя прыкметы, як: ленасьць, неакуратнасьць, баязьлівасьць. Заганаю гаворкі можа быць шапятлявасьць, загіклівасьць. Дзеясловызаганіць, заганеваць абазначаюць закіданьне камусьці ці чамусьці заганы, знаходжаньне заганы. Прыметнік заганны – гэта такі, які мае загану, напр. заганны тавар. Антонімам слова заганны зьяўляецца беззаганны (маск. безупречный, пол. nienaganny). Заганлівы мае два значэньні: 1. схільны знаходзіць у іншых загану – ня будзь заганліў; і 2. маючы заганы – заганлівы тавар. У другім значэньні слова заганлівы супадае са значэньнем слова заганны. Строгае зганеньне за што-колечы (пол. nagana) у беларускай мове акрэсьліваецца пры дапамозе лексэмы ганка, напр. Добрую дастаў ганку ад пана. Бяз ганкі ня будзець за тое, што забавіўся. Гэты-ж корань ган- утрымліваецца і ў слове ганьба. Ганьбаю ёсьць нягодны (вельмі благі) з маральнага гледзішча ўчынак, напр. вялікаю ганьбаю зьяўляецца здрада свайго народу. Прыметнік ад ганьбы – ганебны. Ад маральнай ганьбы трэба адрозьніваць ганьбу фізычную, якая – як цьвердзіць Я. Станкевіч, спасылаючыся на прыклады – мае зусім іншае значэньне. Фізычнаю ганьбаю ёсьць тое ці іншае калецтва (маск. порок, увечье, пол. wada fizyczna, ułomność, feler). Прыклад: Дзяцюк ня мае ніякае ганьбы, чаму-ж бы яго ня ўзялі ў маскалі? Тое самае, што ганьба ў фізычным значэньні мае слова ган – Ніякага гану няма гэтаму каню. Ганьбіць, зганьбіць, кагосьці, г. зн. прычыняць, прычыніць камусь ганьбу. Работа нікога ня ганьбіць. Ты зусім зганьбіў маю славу. Зваротны дзеяслоў ганьбіцца абазначае ганьбіць сябе. Калі гаворым пра многіх людзей, можам выкарыстаць слова з прэфіксам па- паганьбіць. Я. Станкевіч прыводзіць прыклад з Аль Кітабу: Кафіраў усіх паганьбіш, дзе слова кафір узята з арабскай мовы і абазначае няверніка. Ганьбаваць, зганьбаваць – гэта знаходзіць, знайсьці ў кім ганьбу ў значэньні фізычным, альбо загану, хоць-бы аб’ектыўна ніякае ганьбы не было, і з гэтае прычыны паставіцца адмоўна, адкінуць: Яму сваталі, сваталі дзяўчыну, а ён зганьбаваў. І на заканчэньне яшчэ прыказка: Як Бог ёсьць Богам, не ганьбуй убогім. (Тамсвма, № 38 (117), с. 3.)

[23] Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 15 траўня –18 верасьня 1955, №№ 20-38 (250-26).

[24] Я. Станкевіч, Аб некаторых словах і хормах нашае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 15 траўня 1955, № 20 (250), с. 2.

[25] С. М., Аб падручніках і дапаможніках беларускай мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 лютага 1958, № 8 (394), с. 2.

[26] П. Залужны, Да русыфікатарскай палітыкі Масквы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 3 траўня 1959, № 18 (454), с. 2.

[27] Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), Русыфікацыя ўсьцяж шалее, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 верасьня 1959, № 36 (472), с. 1.

[28] П. Залужны, Цынізм савецкае моўнае палітыкі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 20 верасьня 1959, № 35 (471), с. 2.

[29] П. Залужны, Наступ на нацыянальныя мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сьнежня 1959, № 45 (481), с. 1-2; М. Кручкоўскі, Школьная рэформа й беларуская мова, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 10 траўня 1959, № 19 (455), с. 3.

[30] М. Вольны (псэўданім Міколы Панькова), Сытуацыя прэсы ў Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 25 сакавіка 1952, № 21 (100), с. 2.

[31] Мужыцкая Праўда Кастуся Каліноўскага, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 29 чэрвеня 1958, №№ 24-25 (410-411), с. 5.

[32] Кастусь Каліноўскі, Мужыцкая Праўда і ідэя незалежнасьці Беларусі, Вільня 1933.

[33] 50-я гадавіна <<Нашай Нівы>> й нашаніўства, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 25 лістапада 1956, №№ 47-48, с. 3.

[34] Тамсама.

[35] Сярод іх найбольшую ролю адыгралі: Янка Купала й Якуб Колас, Максім Багдановіч, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гарун, Цішка Гартны, Канстанцыя Буйла, Власт (Вацлаў Ластоўскі), Максім Гарэцкі й Францішак Аляхновіч.

[36] Зьдзекі зь беларускай мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 19 студзеня 1958, № 3 (389), с. 2.

[37] Уладзімір Юрэвіч, Магутнае слова, ты роднае слова, „Полымя” 1960, № 3.

[38] Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), У вабароне роднае мовы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 26 чэрвеня 1960, №№ 24-25 (508-509), с. 3.

[39] Я. Скрыган, Думкі аб мове, у: „Літаратура і Мастацтва”, 20 лютага 1957.

[40] Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), Жахлівы білянс русыфікацыі ў Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1956, № 7 (393), с. 1-2.

[41] Алесь Беразьняк, Небеларуская мова ў беларускай літаратуры, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 14 жніўня 1960, №№ 31-32 (515-516), с. 2.

[42] Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), Жахлівы білянс русыфікацыі ў Беларусі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 16 лютага 1956, № 7 (393), с. 2.

[43] Гэты артыкул быў раней зьмешчаны ў 2 нумары воргану Лігі Вызваленьня Народаў СССР (Парыскага Блёку) пад назовам Problems of the Peoples of the USSR. „Бацькаўшчына” вырашыла перадрукаваць яго ў сувязі зь беларускай тэматыкай.

[44] Ст. Станкевіч, Апошнія праявы нацыянальнага супраціву ў БССР, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 28 чэрвеня 1959, №№ 25-26 (461-462), с. 4.

[45] І. Юхо, Хто складаў Літоўскі Статут?, у: „Беларусь” 1958, № 3. Гэтую публікацыю заўважыла „Бацькаўшчына” й перадрукавала ў 18(404) нумары з 4 траўня 1958 г.

[46] І. Юхо, Хто складаў Літоўскі Статут?, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 4 траўня 1958, № 18 (404).

[47] Я. Станкевіч, Вячаслаў Ластоўскі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сьнежня 1954, № 48 (179), с. 3-4.

[48] Тамсама.

[49] Тамсама.

[50] В. Верасень, Беларуская Гомельшчына, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 23 траўня 1948, № 17 (20), с. 3.

[51] Васіль Будзімер, Беларусізацыя Гомельшчыны, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 7 студзеня 1952, №№ 1-2 (80-81), с. 4.

[52] Тамсама.

[53] Тамсама, с. 6.

[54] Д. Ясько, „Новы Запавет” у беларускай мове, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 студзеня 1949, № 4 (48), с. 3.

[55] Тамсама.

[56] Ст. Ст. (крыптонім Станіслава Станкевіча), Сьвятая Эвангэлія і Апостальскія Дзеі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 19 чэрвеня 1955, с. 3.

[57] Мікола Куліковіч (Шчаглоў Мікола), Да пытаньня беларускага царкоўнага пяяньня, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 21 верасьня 1958, с. 1.

[58] А. Будзіч (псэўданім Янкі Запрудніка), Да беларусізацыі ...БАПЦ, у: ,,Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 7 лютага 1960, № 6 (490), с. 1.

[59] Тамсама.

[60] А. К., Да пытаньня беларусізацыі БАПЦарквы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 6 сакавіка 1960, № 10 (494), с. 3.

[61] У справе беларусізацыі нашых цэркваў, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 8 траўня 1960, № 19 (503), с. 3.

[62] Іван Спадзявайла, „На чыстым аркушы паперы” або рэдкі фэномэн „рукапіснага друку”, у: "Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 лістапада 1947, № 2, с. 2.

[63] В. Е., Беларускія студэнцкія выданьні,, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, № 44 (528), с. 3.

[64] Ст. Ст. (крыптонім Станіслава Станкевіча), Новыя беларускія часапісы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 13 ліпеня 1952, № 28 (107), с. 4.

[65] Беларуская Моладзь, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 29 ліпеня 1959, № 29 (465), с. 3.

[66] На 500 нумар ,,Бацькаўшчыны”, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 17 красавіка 1960, № 16 (500), с. 3.

[67] „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 31 студзеня 1954, №№ 4-5 (186-187), с. 1.

[68] „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 траўня 1954, №№ 20-21 (202-203), с. 1.

[69] Тамсама.

[70] „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 лістапада 1958, №№ 45-461 (431-432), с. 8.

[71] Anthony Adamovich, Opposition to sovietization in belorussian literature, 1917-1957, Munich 1958, 204 pp.

[72] Малая Славянская Біяграфія, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 8 лютага 1959, № 6 (442) с. 3.

[73] Г. Недасек – Большевизм на путях установления контроля над Белоруссией (1954 г., 68 с.), Большевизм в рeволюционном движeнии Белоруссии (1956, 152 с.), Міколa Волаціч – Беларускае народнае ткацтва й яго зьнішчэньне бальшавікамі (1955, 200 с.), Ант. Адамовіч – Якуб Колас у супраціве саветызацыі (1955, 62 с.), Ян Станкевіч – Савецкае хвальшаваньне гісторыі Беларусі (1956, 185 с.), Міколa Куліковіч (Мікола Шчаглоў) – Беларуская Савецкая Опэра (1957, 126 с.), Г. Нямігa (псэўданім Гіпаліта Паланевіча) – Інстытут Беларускай Культуры – Акадэмія Навук Беларускай ССР (1957, 162 с.), Ул. Глыбінны – Доля беларускай культуры пад Саветамі (1958, 162 с.), Vierzig Jahre Wiessruthenisher Kultur unter den Sowjets (1959, 145 с.), Ант. Адамовіч – Оpposition to Sovietization in Belorussian Literature (1917-1957), 1958, 204 с.)

[74] Ст. Станкевіч, Інстытут вывучэньня СССР і Беларусы, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 3 ліпеня 1960, № 26 (510), с. 3-4.

[75] Лектарат беларусаведы ў Торонто, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 4 лістапада 1951, № 74, с. 7.

[76] А. С., Растуць рады нашай інтэлігенцыі, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 30 сакавіка 1952, № 13 (92), с. 3.

[77] Інстытут Беларусаведы ў Мадрыдзе, у: „Бацькаўшчына”, Мюнхэн, 27 красавіка 1952, № 17 (96), с. 12.

 

АРТЫКУЛЫ

Польска-беларускія моўныя сувязі...

Беларуская эміграцыя пра нацыянальную мову

Клопат Бацькаўшчыны пра чысьціню беларускае мовы

Беларуская культурна-асьветніцкая дзейнасьць у Польшчы

Język a tożsamość narodowa Białorusinów

Эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” пра школьную сыстэму БССР

Эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” ў абароне роднае мовы

Моўныя пытаньні на старонках беларускіх эміграцыйных выданьняў у Нямеччыне

Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага эміграцыйнага асяродка ў Каўнасе

Русыфікацыя беларускае мовы ў асьвятленьні газэты „Беларус”

© COPYRIGHT 2004 Nina BARSZCZEWSKA