Ніна БАРШЧЭЎСКАЯ

:: аўтары    |    :: камунікат    |    :: радыё палёнія   



:: біяграма

:: артыкулы

   :: эміграцыя пра
      мову

   :: беларуская
      мова

   :: гаворкі
   ::
мужыцкая
      праўда


:: кнігі

:: аўтары
:: камунікат
:: радыё палёнія

 

 

 

 

 


ЭМІГРАЦЫЙНАЯ ГАЗЭТА „БАЦЬКАЎШЧЫНА" ПРА ШКОЛЬНУЮ СЫСТЭМУ БССР

(рэфэрат прачытаны на Міжнароднай Навуковай Канфэрэнцыі „Шлях да ўзаемнасьці" ў Белавежы ў 2000 годзе; апублікаваны ў: На шляху да праўды (Acta Albaruthenica, № 2), Мінск 2001, с. 44-54)

Эміграцыйная беларуская газэта "Бацькаўшчына" на працягу 19-гадовага існаваньня (з 31 кастрычніка 1947 году да сьнежня 1966 году) закранала розныя аспэкты нацыянальнага жыцьця БССР. Нямала ўвагі прысьвяціла таксама школьнай сыстэме.

У 40 нумары гэтай газэты з 11 кастрычніка 1953 году быў зьмешчаны артыкул пад назовам Аб г. зв. усеагульным навучаньні ў БССР, падпісаны ініцыяламі В. Б.[1] Савецкая прапаганда шырока гаварыла пра народную асьвету – заўважае аўтар публікацыі. – У друку й выступленьнях заўсёды падкрэсьліваліся вялікія асыгнаваньні ў бюджэце на культурнае будаўніцтва, шмат пісалася й гаварылася аб суцэльнай пісьменнасьці ў Савецкім Саюзе, аб шырокай сетцы розных навучальных установаў, аб бібліятэках, клюбах і г. д. Аўтар артыкулу зьвяртае ўвагу на тое, што савецкая ўлада яшчэ ў 1918 годзе, зацьвярджаючы Статут аб адзінай працоўнай школе, узаконіла абавязковае, усеагульнае й бясплатнае навучаньне ўсіх дзяцей школьнага веку ад 6 да 17 гадоў з арганізацыяй харчаваньня вучняў у школе, забесьпячэньня абуткам, вопраткай і навучальнымі прыладамі. Тым часам і ў 50-х гадох не выконваліся гэтыя дэкрэтаваныя абяцаньні.

7 сакавіка 1926 году савецкі ўрад Беларусі вынес пастанову аб распрацоўцы пляну ўвядзеньня ўсеагульнага й абавязковага навучаньня ў БССР. Толькі 10 гадоў пасьля стабілізацыі савецкай улады ў Беларусі 25 ліпеня 1930 году ўрад прыняў пастанову аб неабходнасьці прыступіць да ўсеагульнага абавязковага навучаньня дзяцей ад 8 да 12 гадоў, а ў гарадох – да ўсеагульнага абавязковага навучаньня паводле праграмы сямігадовай школы. У 1939 годзе, 21 год пасьля дэклярацыі аб усеагульным абавязковым навучаньні ХVІІІ зьезд КП адзначыў неабходнасьць завяршыць у вёсках ва ўсіх нацыянальных рэспубліках усеагульнае 7-гадовае навучаньне, што сьведчыць пра ня надта бліскучыя вынікі працы ў галіне народнае асьветы.[2]

"Бацькаўшчына" спасылаецца на беларускую газэту "Звязда" з 9 ліпеня 1953 году, у якой гаварылася пра неабходнасьць глыбокага аналізу працы школаў і настаўнікаў дзеля ўскрыцьця сапраўдных прычынаў нізкай пасьпяховасьці ў многіх школах. Ужо перад пачаткам навучальнага году, 8 жніўня 1953 году "Звязда" патрабавала ад партыйных, савецкіх, прафсаюзных і іншых арганізацыяў дабіцца поўнага выкананьня закону аб усеагульным навучаньні. Прапанавалася мясцовым саветам і загадчыкам школаў яшчэ раз удасканаліць сьпісы дзяцей, падлягаючых навучаньню.

"Бацькаўшчына" задумоўваецца, чым можна патлумачыць нежаданьне дзяцей вучыцца? На думку аўтара публікацыі, прычыны вельмі простыя. Пры савецкіх школах адсутнічалі спэцыяльныя фонды дзеля аказваньня матэрыяльнае дапамогі дзецям на набыцьцё адзежы й абутку, не адпускаліся сродкі на гарачыя сьнеданьні, а для вучняў, якія жылі на значнай адлегласьці, не былі створаныя інтэрнаты, не адбывалася таксама падвозка дзяцей у школу. „Савецкая ўлада, пры ўсёй срогасьці да выкананьня яе пастановаў і законаў, ня ў сілах босых, разьдзетых і галодных дзяцей калгасьнікаў забавязаць у дождж, холад і завею наведваць школу, адмовіўшыся ад дэкрэтаванай яшчэ ў 1918 годзе дзяржаўнай дапамогі вучням. Вось чаму на працягу існаваньня савецкай улады не ажыцьцяўляецца закон аб усеагульным навучаньні."[3]

Іншы аўтар "Бацькаўшчыны", жыхар горада Мэльбурн у Аўстраліі, падпісаны ініцыяламі А. К-а, спасылаецца на "Учительскую Газету" – ворган Міністэрства Асьветы Савецкага Саюзу – і прыводзіць некаторыя дадзеныя аб будаўніцтве школьных памяшчэньняў у Беларусі.[4] З гэтага вынікае, што ў Маладэчанскай акрузе да 1953 году будаўніцтва школаў было выкананае толькі на 3,7%. Лепш справа прадстаўлялася ў Гарадзенскай акрузе. У Горадні была пабудаваная сярэдняя школа, узьнікалі таксама школы па вёсках, напр. у Ласоснай ды ў Падліпках. Затое ў Бабруйскай акрузе плян быў выкананы толькі ў 5,3%.

З публікацыі "Бацькаўшчыны" вынікае, што ў 1953 годзе, нягледзячы на пастанову ХІХ Зьезду КПСС, ня толькі не было мовы аб пераходзе да 10-гадовага абавязковага навучаньня, але нават ня ўсе беларускія дзеці былі абнятыя пачатковым навучаньнем, напр. толькі ў адной вобласьці Гомельскага раёну 500 дзяцей увогуле не наведвала школы.

Узровень працы школы залежыць ад многіх прычынаў, і ў першую чаргу ад умоваў, створаных для навучаньня моладзі.[5] „Першачарговай умовай пасьпяховага навучаньня ды захаваньня здароўя вучняў і іх нармальнага фізычнага разьвіцьця зьяўляюцца сухія, цёплыя, сонечныя, з дастатковым сьвежым паветрам, з добраабсталяванай гігіенічнай школьнай мэбляю, школьныя памешканьні."[6] Тым часам у Другую Сусьветную вайну школы ў Беларусі амаль цалкам былі зьнішчаныя. Ад буйных гарадоў асталіся толькі руіны. У вясковых мясцовасьцях, хоць з пачатку вайны школьныя будынкі амаль поўнасьцю асталіся цэлымі, дык пазьней, на загад Масквы, зьнішчылі іх партызаны – цьвердзіць аўтар "Бацькаўшчыны". Затым, спасылаючыся на публікацыю ў газэце "Звязда" з 3 траўня 1953 году, паведамляе, што ганебны зрыў школьнага будаўніцтва – гэта агульнабеларуская зьява, якая назіраецца з году ў год. У Палескай акрузе плян выкарыстаньня сродкаў на будаўніцтва школаў склаў 39,3 адсоткі, у Полацкай акрузе – толькі 30 адсоткаў.

Аўтар зьвяртае ўвагу на вялікае значэньне добрых падручнікаў. Іх шлях ад моманту напісаньня да атрыманьня вучнямі вельмі доўгі. Ізноў, на падставе публікацыяў у "Звяздзе" з 25 красавіка і 31 траўня 1953 году, піша: „Пакуль што выпушчана толькі 31 назва падручнікаў. Кнігі доўга залежваюць у рэдактароў і карэктараў выдавецтва, затрымліваюцца ў наборы. Па два і больш месяцаў знаходзіцца амаль гатовая прадукцыя ў брашуравальным і пераплётным цэхах. Усё гэта прыводзіць да таго, што ўстаноўлены графік работы над падручнікамі з месяца ў месяц не выконваецца. (...) Значная колькасьць падручнікаў затрымліваецца з прычыны адсутнасьці картаў, незадавальняючай арганізацыі вытворчага працэсу выдавецтва і друкарні. Асабліва марудна выдаецца мэтадычная літаратура. З заплянаваных 46 назваў надрукавана толькі 5. (...) Падручнікі друкуюцца на дрэннай паперы, вокладкі іх маюць дрэнную афарбоўку. Асабліва нізкай якасьцю вызначаецца работа брашуравальнага й пераплётнага цэхаў. Многія кніжкі пры самым старанным абыходжаньні зь імі хутка ломяцца і расшываюцца."[7]

На моўны аспэкт апрацоўкі падручнікаў зьвярнуў увагу аўтар, падпісаны ініцыяламі Я. З.[8] Адзначыў ён той факт, што ў свабодным сьвеце мовазнаўства заўсёды адмежаванае ад палітыкі ці прапаганды. „Да гэтага часу ў цывілізаваным сьвеце заўсёды было так, што калі складаўся падручнік якое-небудзь мовы, дык усе граматычныя правілы ілюстраваліся прыкладамі, узятымі з нацыянальнае літаратурнае скарбніцы. Пры гэтым найчасьцей выбіраюцца найвыдатнейшыя пісьменьнікі, якія для моваведаў зьяўляюцца найбольшым аўтарытэтам у галіне літаратурнае мовы. Так, прыкладам, ангельскія літаратары ілюструюць ангельскую граматыку, францускія – францускую, нямецкія – нямецкую і г. д."[9] Тым часам у Беларусі ўсё па-другому. І тут аўтар спасыляецца на Падручнік беларускай мовы для педагагічных вучылішч і дапаможнік для педагагічных інстытутаў, выдадзены Міністэрствам Асьветы БССР у 1955 годзе. Ягоная своеасаблівасьць праяўляецца ў падборцы цытатаў. У Падручніку ўжываньне часьціцы ні ў беларускай мове падмацоўваецца аўтарытэтам Крылова й Гогаля. У справе злучнікаў экспэртам аказаўся сам Уладзімір Ільіч. Як карыстацца дзеяпрыслоўямі ў беларускай мове, навучае Горкі. Да дзеясловаў аўтары Падручніка змабілізавалі нябожчыка Някрасава й г. д., аж да краю бязглузьдзя – падкрэсьлівае аўтар "Бацькаўшчыны" ды пытае: "Няўжо беларуская мова такая нязграбная, што разабрацца ў ёй павінны дапамагаць расейскія пісьменьнікі? Няўжо не хапае беларускіх пісьменьнікаў, якія зьяўляюцца адзіным аўтарытэтам у пытаньні беларускае літаратурнае мовы? Гэта прыклад дэнацыяналізацыйнае акцыі ў Беларусі, дзе нічога ня можа абыйсьціся бязь ідалапаклонства перад вялікім старэйшым братам."[10]

Выкладаньне беларускай мовы ў школах БССР выклікала трывогу ў выкладчыкаў. Рэч датычыць ня толькі якасьці выкладаньня беларускае мовы, але перад усім адсутнасьці добрых, навукова апрацаваных падручнікаў беларускай мовы. Аўтар публікацыі, падпісаны ініцыялямі С. М.,[11] цытуе ліст загадчыка Катэдры Беларускай Мовы Магілёўскага Пэдінстытута спадара Юргілевіча ў "Звязду", у якім Юргілевіч заклікаў беларускіх мовазнаўцаў стварыць паўнацэнныя падручнікі па навучаньні роднае мовы. Зьвярнуў ён увагу на адсутнасьць дапаможнікаў гістарычнай граматыкі беларускай мовы, сучаснай беларускай мовы й дыялекталёгіі. Прычыну гэтакага дрэннага стану Юргілевіч убачыў у Міністэрстве Асьветы БССР, якое не хацела выдаваць ні падручнікаў, ні дапаможнікаў беларускай мовы. Аўтар "Бацькаўшчыны" адзначае, што Юргілевіч, пішучы трывожны артыкул пра дрэнны стан навучаньня беларускае мовы, ня мог напісаць аб сапраўдных яго прычынах. „Вінаватыя тут не <<фармалізм і начытніцтва>>, а бальшавіцкая палітыка ў дачыненьні да мовы беларускага народу. КПСС не зацікаўлена разьвіцьцём і навуковым дасьледваньнем беларускай мовы. Адзінай мэтай партыі й савецкага мовазнаўства зьяўляецца гэтак званае <<набліжэньне>> беларускай мовы да мовы расейскай з мэтай поўнай бальшавізацыі й зьліквідаваньня ў камуністычнай будучыні ў пляне стварэньня гэтак званага <<савецкага чалавека>> з адзінай мовай."[12]

"Бацькаўшчына" ўважліва сачыла за публікацыямі ў беларускай савецкай прэсе. У 3 нумары з 17 студзеня 1958 году была зьмешчаная публікацыя пад назовам Зьдзекі зь беларускай мовы.[13] Беларуская эміграцыйная газэта, спасылаючыся на ЛіМ (№ 99 з 14 сьнежня 1957 году), знаёміць сваіх чытачоў з артыкулам тагачаснага студэнта аддзелу журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту Барыса Сачанкі пад назовам Шанаваць родную мову. Артыкул Барыса Сачанкі – па словах "Бацькаўшчыны" – прыносіць „бадай найболей дакумэнтальных дадзеных аб абнаглелай русыфікатарскай палітыцы бальшавікоў і аб ігнараваньні нацыянальных правоў беларускага народу."[14] Барыс Сачанка апісаў на старонках "Літаратуры і Мастацтва" сваю паездку ў адзін з рэгіёнаў Магілёўшчыны, дзе сустрэўся з такой сытуацыяй, што вучні вучацца па беларускіх падручніках, а настаўнікі тлумачаць ім і апытваюць іх на мове расейскай, таму што дрэнна ведаюць сваю родную мову, якую, як аказалася ў размовах з настаўнікамі, развучылі ў вышэйшых навучальных установах.

Працяг гэтай тэмы знаходзім на старонках 5 нумару "Бацькаўшчыны" з 2 лютага 1958 году.[15] Газэта адзначае, што спэцыяльна зьмяніла назоў артыкулу Барыса Сачанкі Шанаваць родную мову на Зьдзекі зь беларускай мовы, таму што гэты назоў больш адпаведны зьместу артыкулу. У артыкуле Сачанкі вычувалася, хоць і прымаскавана, асуджэньне нацыянальнай палітыкі. Што факты, пададзеныя Сачанкам, не адзіночныя, і што ў Беларусі ёсьць многа такіх Сачанкаў, якія клапоцяцца пра лёс беларускае мовы, прыкладам могуць служыць водклікі розных студэнтаў і настаўнікаў на артыкул Сачанкі, якія былі апублікаваныя на старонках 3 нумару "ЛіМ-у" з 8 студзеня 1958 году. І так, студэнт Менскага Архітэктурна-Будаўнічага Тэхнікуму В. Голуб паведамляе, што ў гэтым часе ў Менску было 58 сярэдніх школ, зь іх толькі 10 – беларускія. Прыкладна гэтакая сытуацыя назіралася і ў Гомелі, Берасьці, Магілёве ды іншых гарадох. Зразумела, што гэта не натуральная сытуацыя – сьцьвярджаецца ў публікацыі. Несумненна, вывучэньню беларускае мовы трэба ўдзяляць больш увагі. У сваю чаргу настаўнік Валейкаўскай школы Смаргоньскага раёну М. Прашковіч зьвяртае ўвагу на парадаксальнасьць называньня вышэйшых навучальных установаў „кузьняй нацыянальных кадраў", калі лекцыі на роднай мове чытаюцца толькі па беларускай літаратуры й мове.

"Бацькаўшчына" поўнасьцю перадрукавала зь "ЛіМу" артыкул Алеся Праўдзіна пад назовам З дакладнасьцю лічыльнай машыны.[16] Праўдзін напісаў пра невялікі адсотак часу, прызначаны ў школах на азнаямленьне зь беларускай літаратурай – гэта 10, 7, а нават 5 ці 4%. Асноўнае месца займае літаратура расейская. У некаторых старэйшых клясах беларускіх школаў вучні не ўзялі да чытаньня з школьных бібліятэк ні аднаго твора беларускіх пісьменьнікаў на роднай мове. Несумненна, дзеецца гэтак у выніку ўплыву на вучняў, з аднаго боку, зрусыфікаваных настаўнікаў, а з другога – тых спэцыфічных умоваў, якія штучна ствараюцца ў Беларусі дзеля паглыбленьня й пашырэньня русыфікацыйнага працэсу – сьцьвярджае Ст. Крушыніч. У раней друкаваных у "Бацькаўшчыне" матэрыялах вельмі часта прыводзіліся выказваньні настаўнікаў, што ў школьных бібліятэках часта адсутнічаюць у арыгінале нават тыя творы беларускай літаратуры, якія, згодна з праграмай, належаць да абавязковай літаратуры, і вучні змушаныя чытаць гэтыя творы ў перакладзе на расейскую мову. Ст. Крушыніч адзначае й той факт, што найчасьцей творы беларускай мастацкай літаратуры ў арыгунале выдаюцца невялікім накладам – 5-6 тысяч паасобнікаў, калі, дзеля параўнаньня, Выдавецтва "Бацькаўшчына" ў Мюнхэне для патрэбаў невялічкае жменькі беларускае эміграцыі выдавала беларускія кніжкі 2-тысячным накладам.

Такія ўмовы спрыяюць, несумненна, хутчэйшаму асыміляцыйнаму працэсу. Беларуская эміграцыйная газэта адзначыла як жа цалкам іншую, значна карысьнейшую сытуацыю расейцаў у Беларусі, чым беларусаў. Расейцы, пападаючы ў Беларусь ці на тэрыторыю іншага нерасейскага народу, ні ў якім выпадку не падвяргаліся асыміляцыі. Іх сытуацыя была й ёсьць надалей прывілеяванай. Расейскія дзеці ў Беларусі не патрабавалі наведваць беларускіх школ, бо дастаткова мелі расейскіх, а нават школы намінальна беларускія зьяўляліся на практыцы напалову расейскімі – адзначае Алесь Крыга на старонках "Бацькаўшчыны" – У Беларусі расейская мова таксама зьяўляецца мовай прывілеяванай, падобным чынам як і ўсялякія іншыя дасягненьні расейскае культуры. Таму расьсяленьне расейцаў сярод іншых народаў ня толькі не аслабляе іхнага нацыянальнага патэнцыялу, але наадварот, узмацняе, таму што ўсе пераселеныя расейцы выконваюць нацыянальную расейскую місію, імя якой русыфікацыя.[17]

Улетку 1956 году адбылася канфэрэнцыя ў Ташкенце. Піша пра гэта на старонках "Бацькаўшчыны" П. Залужны.[18] На канфэрэнцыі было сьцьверджана, што расейскай мове павінна ўдзяляцца больш увагі ў нацыянальных школах як мове міжнароднай. Дзеля гэтага было пастаноўлена адкрыць у сыстэме Акадэміі Навук СССР Інстытут Расейскае Мовы і ўзмоцніць больш практычнае навучаньне расейскае мовы ў школах нацыянальных рэспублік Савецкага Саюзу. Неўзабаве зьявіўся закон аб рэформе навучаньня ў сярэдніх і вышэйшых школах, у якім зазначалася, што паміж расейскай і нацыянальнай мовамі навучаньня грамадзянам даецца вольны выбар. Гэты закон адмаўляў нацыянальным мовам у пяршынстве, адкідаў іх на другі плян і прычыняўся да пашырэньня сфэры ўжываньня расейскае мовы.

На старонках 19 нумару "Бацькаўшчыны" з 10 траўня 1959 году М. Кручкоўскі ў публікацыі пад назовам Школьная рэформа й беларуская мова заняўся высьвятленьнем сутнасьці прынятага ў сьнежні 1958 году Вярхоўным Саветам БССР Закону аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР.[19] Сярод іншых зьменаў, у сыстэме навучаньня ў Савецкім Саюзе зьмянялася ў законным парадку й пытаньне мовы навучаньня. Раней, як у Беларусі, гэтак і ў іншых савецкіх рэспубліках, законам было ўстаноўлена абавязковае навучаньне ва ўсіх школах дзьвюх моваў: нацыянальнае ды расейскае. Закон аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў Беларускай ССР пастанаўляў, што вывучэньне расейскай мовы ў школах зь беларускай мовай навучаньня, а таксама вывучэньне беларускай мовы ў школах зь беларускай або іншай мовай навучаньня праводзіцца на жаданьне вучняў і іх бацькоў.[20]

Да прыняцьця гэтага закону ўсе школы ў БССР былі афіцыйна забавязаны выкладаць беларускую мову, прынамсі, як прадмет, але на практыцы было значна горш. М. Кручкоўскі спаслаўся на публікацыі ў "Літаратуры і Мастацтве" з 14 сьнежня 1957 году і 8 студзеня 1958 году, у якіх крытыкуецца спосаб навучаньня роднае мовы ва ўсіх навучальных установах Беларусі. Беларускія настаўнікі, студэнты й журналісты аднадушна сьцьвердзілі, што ў намінальна беларускіх сярэдніх і вышэйшых установах БССР выкладаньне ўсіх прадметаў вялося амаль выключна ў расейскай мове. Настаўнікі пачатковых школаў скардзіліся, што, канчаючы вучэльні, якія мелі быць "кузьняй нацыянальнай інтэлігенцыі", яны ня толькі не паглыблялі сваіх ведаў у галіне беларускай мовы й літараатуры, але гублялі й ранейшыя веды. Гэта прычынялася да таго, што яны не маглі пазьней весьці дыдактычнага працэсу ў беларускай мове.

Што ў бээсэсэраўскіх сярэдніх палітэхнічных школах і ў вышэйшых навучальных установах мовай навучаньня зьяўляецца не беларуская мова, але расейская, заўважае таксама П. Залужны.[21] На яго думку, гэта, з аднаго боку, выклікана практычным чыньнікам – вучні й бацькі выбіраюць школы з расейскай мовай навучаньня, каб у будучыні не давучвацца расейскай мовы, якая авалодала ўсімі галінамі жыцьця. З другога ж боку, толькі фармальна існуе свабода нацыянальнага жыцьця, а функцыю дзяржаўнае мовы цалкам пераняла мова расейская. Таксама не сакрэт, што гэтая мова прапагуецца й насаджваецца ўсякімі магчымымі спосабамі. "Гэта ня можа ня ўзьдзейнічаць на паводзіны, псыхіку й прытарнаваньне савецкага грамадзтва да тае ці іншае нацыянальнасьці – адзначае П. Залужны. – Ня трэба таксама забывацца на тыя варункі, у якіх жылі беларусы на працягу шматлікіх стагодзьдзяў: перш польшчына, пасьля расейшчына й прысутнае ім нацыянальнае прыгнечаньне, якое йснуе й да сёньняшняга дня. У такіх абставінах даволі цяжка вырабляецца нацыянальная сьведамасьць народу, але затое даволі лёгка ўпіваецца ў гэтым народзе комплекс ніжэйшасьці й так званая „гонка" за „вышэйшай" культурай."[22] Узяўшы ўсё гэта пад увагу, прыходзіцца канстатаваць – піша П. Залужны – што такія адносіны да выхаваньня народу ня толькі ўзаконьваюць стан русыфікацыі ў краіне, але й паглыбляюць яго. А зусім недапушчальнае тое, што ў школах на тэрыторыі Беларусі ўвогуле можа не вывучацца беларуская мова, ці што аб гэтым вырашаюць бацькі. У дзяржаўных школах зь іншай мовай навучаньня, чым мова народу, усюды ў абавязковым парадку вывучаецца дзяржаўная мова. Гэта і лягічна, і законна. У іншым выпадку або будзе назірацца тварэньне дзяржавы ў дзяржаве, або вырашальны ўплыў вонкавае сілы – адзначае аўтар публікацыі.

Ул. Немановіч у артыкуле пад назовам Яшчэ адзін аспэкт русыфікацыі, зьмешчаным на старонках 33 нумару "Бацькаўшчыны" з 6 верасьня 1959 году, зьвяртае ўвагу на публікацыю студэнта БДУ Галайшы пад назовам За культуру роднай мовы, якая зьявілася на старонках "Літаратуры і Мастацтва" з 19 жніўня 1959 году. Апрача таго, што бацькі й дзеці, будучы пад ціскам цэлага шэрагу сьведама створаных бальшавікамі абставінаў, часта будуць выбіраць расейскую мову, Галайша піша пра яшчэ адзін аспэкт русыфікацыі. Ва ўмовах бальшавіцкай дыктатуры мець права выбіраць мову навучаньня – гэта адно, а карыстацца ў практыцы гэтым правам – гэта другое. Пасьля атрыманьня вышэйшае адукацыі ў расейскай мове, цяжка потым у прафэсійнай працы – настаўніцкай ці журналісцкай – перайсьці на беларускую мову.[23] І таму, нягледзячы на права выбіраць мову навучаньня, беларуская моладзь ня можа фактычна скарыстаць з гэтага права, бо выкладчыкі, скончыўшы ў БССР ВНУ, ня могуць выкладаць па-беларуску![24]

У 16 нумары "Бацькаўшчыны" з 17 красавіка 1960 году ў рубрыцы Нататкі чытача была зьмешчана публікацыя пад назовам Паланянка расейшчыны. Чытач "Бацькаўшчыны" спаслаўся на зацемку навуковага супрацоўніка Карбекі Ці так мы гаворым, надрукаваную ў першай кнізе "Маладосці" з 1960 году. У зацемцы закранаецца пякучае пытаньне чысьціні беларускае літаратурнае мовы ў БССР. Дзеля прыкладу аўтар прыводзіць выказваньне настаўніцы беларускае мовы, якая да вучняў зьвяртаецца наступным чынам: „Здраствуйце, рабяты... Дастаньце свае цятрадзі, і мы зараз праверым дамашнія ўпражненьні... Сядайце, пажалуста."[25]

Беларуская эміграцыйная газэта спасылаецца на выказваньне студэнта 5-га курсу філялягічнага факультэту БДУ В. Чамярыцкага, які адзначае, што беларуская мова зойме належнае ёй месца толькі тады, калі жывую мову можна будзе пачуць з вуснаў выкладчыка й прадаўца, сакратаркі ды інжынера, дырэктара заводу й міністра, калі можна будзе знайсьці яе ў заявах і ў пратаколах судовых працэсаў ды на старонках навуковых прац. Кожная нацыя можа разьвіваць сваю духовую й матэрыяльную культуру толькі на сваёй роднай мове. Ня ведаючы й не шануючы яе, нельга ведаць і любіць па-сапраўднаму іншыя мовы – адзначаецца на старонках "Бацькаўшчыны".[26]

З прыведзеных прыкладаў выразна відаць, што беларуская эміграцыйная газэта "Бацькаўшчына" вельмі ўважліва сачыла за зьменамі ў школьнай сыстэме Беларусі. Вялікую ўвагу зьвяртала на тое, на якой мове праходзіць навучальны працэс, з жалем адзначаючы, што беларуская мова адыгрывае ў ім апошняе месца.

"Бацькаўшчына" знаёміла сваіх чытачоў з публікацыямі ў беларускай савецкай прэсе, выконваючы гэтым самым ролю лучніка паміж беларусамі на Радзіме, якія змагаліся за беларусізацыю адукацыйнага працэсу, і беларусамі ў эміграцыі, якія праяўлялі вялікі клопат пра захаваньне беларускае мовы ў як найчысьцейшым варыянце.

Сёньня з сумам можам канстатаваць, што, нягледзячы на такі вялікі высілак, ня толькі не назіраем зьменаў у лепшы бок, але наадварот, русыфікацыйны працэс у Беларусі яшчэ паглыбіўся.

[1] В. Б., Аб г .зв. усеагульным навучаньні ў БССР, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 11 кастрычніка 1953, № 40 (171), с. 1-2.

[2] Тамcама, с. 1.

[3] Тамсама, с. 2.

[4] А. К-а, Жахлівы стан школьніцтва ў БССР, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 16 жніўня 1953, № 31-32 (162-163), с. 7

[5] В. Б., Школьнае будаўніцтва ў БССР, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 8 лістапада 1953, № 44 (175), с. 2.

[6] Тамсама.

[7] Тамсама.

[8] Я. З. (крыптонім Янкі Запрудніка), Аб савецкіх падручніках беларускае мовы, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 3 чэрвеня 1956, № 23 (305), с.1.

[9] Тамсама.

[10] Тамсама.

[11] С. М., Аб падручніках і дапаможніках беларускай мовы, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн 1958, № 8 (394), с. 4.

[12] Тамсама.

[13] Зьдзекі зь беларускай мовы, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 19 студзеня 1958, № 3 (389), с. 2.

[14] Тамсама.

[15] Яшчэ аб зьдзеках зь беларускае мовы, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 2 лютага 1958, № 5 (391), с. 2.

[16] Ст. Крушыніч (псэўданім Станіслава Станкевіча), З дакладнасьцю лічыльнай машыны, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 27 верасьня 1959, № 36 (472), с. 1-2.

[17] Алесь Крыга (псэўданім Станіслава Станкевіча), Падвойны працэс русыфікацыі, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 27 чэрвеня 1954, № 24-25 (206-207), с. 4.

[18] П. Залужны, Наступ на нацыянальныя мовы, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 6 сьнежня 1959, № 45 (481), с. 1-2.

[19] М. Кручкоўскі, Школьная рэформа й беларуская мова, у: Мюнхэн, 10 траўня 1959, № 19 (455), с. 3.

[20] Тамсама.

[21] П. Залужны, Да русыфікатарскай палітыкі Масквы, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 3 траўня 1959, № 18 (454), с. 1-2.

[22] Тамсама, с. 2.

[23] Ул. Немановіч (псэўданім Вадзіма Сурко), Яшчэ адзін аспэкт русыфікацыі, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 6 верасьня 1959, № 33 (469), с. 1.

[24] Тамсама, с. 2.

[25] Паланянка расейшчыны. Нататкі чытача, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 17 красавіка 1960, № 16 (500), с. 8.

[26] Яшчэ аб зьдзеках зь беларускае мовы, у: "Бацькаўшчына", Мюнхэн, 2 лютага 1958, № 5 (391), с. 2.

 

АРТЫКУЛЫ

Польска-беларускія моўныя сувязі...

Беларуская эміграцыя пра нацыянальную мову

Клопат Бацькаўшчыны пра чысьціню беларускае мовы

Беларуская культурна-асьветніцкая дзейнасьць у Польшчы

Język a tożsamość narodowa Białorusinów

Эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына" пра школьную сыстэму БССР

Эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына" ў абароне роднае мовы

Моўныя пытаньні на старонках беларускіх эміграцыйных выданьняў у Нямеччыне

Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага эміграцыйнага асяродка ў Каўнасе

Русыфікацыя беларускае мовы ў асьвятленьні газэты „Беларус"

© COPYRIGHT 2004 Nina BARSZCZEWSKA