| Ніна
БАРШЧЭЎСКАЯ
:: аўтары | :: камунікат | :: радыё палёнія |
|
|
Беларуская эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” выходзіла ў Мюнхэне на працягу 20 гадоў (1947-1966). У сваім выступленьні я абмяжуюся дзесяцьцю першымі гадамі выхаду газэты, з кастрычніка 1947 г. да канца 1956 г. Ужо зь першых нумароў газэта „Бацькаўшчына” праяўляла вялікі клопат пра чысьціню беларускае мовы, прысьвячаючы гэтаму пытаньню сталую рубрыку Куток мовы. У рамках Кутка мовы друкаваліся пэрыядычныя артыкулы мовазнаўцы Яна Станкевіча: Некаторыя групы словаў беларускае мовы [1] і Аб некаторых словах і хормах нашае мовы [2]. Асноўнай мэтай Кутка мовы было падтрыманьне й захаваньне моўнае чысьціні беларусамі, якія апынуліся ў эміграцыі. Рэдактары газэты, імкнучыся да моўнае пасьлядоўнасьці, зьмяшчалі публікацыі, у якіх засяроджвалі ўвагу на тым, якія словы ці словазлучэньні найбольш характэрныя для беларускае мовы, а якіх трэба пазьбягаць. Шмат месца „Бацькаўшчына” адводзіла пад характарыстыку русыцызмаў і палянізмаў у беларускай мове, пісала пра выкарыстаньне дыялектызмаў ды іхную ролю ў мове, а таксама засяроджвала ўвагу на сэмантычных адрозьненьнях блізказначных словаў. Дзеля прыкладу, у 9 нумары „Бацькаўшчыны” з 25 сакавіка 1948 г. ананімны аўтар зьвяртае ўвагу на памылковае выкарыстаньне слова злучаць. Яго меркаваньнем, злучаць, злучыць, рабіць злучэньне нечага можна толькі мэханічна, фізычна ці хэмічна, злучаючы, напрыклад, пакоі, гурты жывёлы ці элемэнты чаго-небудзь. Калі ж рэч датычыць зьвязваньня духоўнага, ідэалягічнага, псыхалягічнага ці палітычнага, дык можна толькі задзіночваць, і таму павінна быць: Задзіночаныя Нацыі, Задзіночаньне Беларускіх Вэтэранаў, Задзіночаныя Штаты Амэрыкі. Аўтар публікацыі адзначае, што гэтае слова не зьяўляецца палянізмам у беларускай мове, таму што выступае ўжо ў летапісах, напрыклад: Альгерд і Кейстут задзіночыліся проці Яўнута, а таксама ў жывой народнай мове.[3] Падобным чынам Ян Станкевіч асьвятляў значэньне лексэмаў замыкаць, засоўваць, запіраць, зашчапляць і зачыняць. Замыкаем толькі на замок і замкнёнае адмыкаем ключом, а засоўваем толькі на засаўку. Агульным тэрмінам для замыканьня й засоўваньня можа быць запіраньне. Можна яшчэ зашчапляць на кручок, альбо завальваць завалам. Ва ўсіх іншых выпадках зачыняем, адчыняем, прычыняем і рашчыняем. Зразумела, зачыняць і г. д. можна ня толькі вароты, дзьверы, вокны, але таксама й вочы, вусны, рот, кнігу, сшытак. Вядома, што па-беларуску можна таксама й закрыць вочы, кнігу, але толькі, напрыклад, рукой, насаткай ці нечым іншым. Вочы, апрача таго, можна заплюшчыць ці прыплюшчыць. Слова зачыняць выкарыстоўваецца вельмі шырока. Адчыняюцца й зачыняюцца крамы, г. зн., што пачынаюць і перастаюць у іх гандляваць у вызначаныя гадзіны дня. Таксама кажам аб пачатку й канцы працы розных установаў. Адчыняюцца й зачыняюцца розныя паседжаньні. Тут, дарэчы, можна казаць, што паседжаньні пачынаюцца й канчаюцца. Выразна відаць, што Я. Станкевіч пазьбягае словаў адкрываць і закрываць, як нехарактэрных для беларускае мовы ў гэтакіх менавіта кантэкстах. Адначасова аднак падкрэсьлівае, што гаварыць можам пра ўсё адкрыта, шчыра, але ні ў якім выпадку не адчынена.[4] Шмат месца Я. Станкевіч прызначае дзеля абмеркаваньня словаў з корнем кон-, а менавіта: кон, канаваць, наканаваць, наканаваны; конадзень, наконадні. У беларускай мове слова кон мае некалькі значэньняў. Асноўнае значэньне раскрываецца ў канцы жыцьця, канцы рознай дзейнасьці, імкненьняў, заданьняў. Сынонімам да яго зьяўляецца лексэма доля, а эквівалентамі ў польскай мове будуць словы los, przeznaczenie. Маскоўскія адпаведнікі – рок, предопределение. Ад слова кон узьніклі дзеясловы канаваць, наканаваць, а ад гэтага апошняга – прыметнік наканаваны. Шмат прыкладаў слова кон і вытворных ад яго сустракаецца ў творчасьці Максіма Гарэцкага й Міхася Зарэцкага: Такое яму канаваньне ад Бога. Каму Бог якую сьмерць кануець, накануець, так і ўміраець кажны. Яму такое канаванае жыцьцё. Таксама Вацлаў Ластоўскі ў сваім слоўніку падае прыклады, як хаця б: Мне наканавана такая доля. Другое значэньне слова кон адпаведнае маскоўскаму очередь і польскаму kolej, напр. Ня твой кон пачынаць. Корань кон уваходзіць у слова конадзень, якое складаецца з дзьвюх частак, менавіта – кон і дзень. Яму адпавядае польскае przeddzień; наконадні – w przededniu.[5] Выразна відаь, што, пішучы пра беларускую лексыку, Я. Станкевіч стараецца заўсёды параўнаць яе з адпаведнымі прыкладамі ў суседніх мовах ды падмацаваць свае меркаваньнямі цытатамі зь гісторыі беларускае мовы, як у выпадку групы словаў са значэньнем крыўды. Крыўда (пол. krzywda, маск. обида) і вытворныя ад яго – крыўдзіць, пакрыўдзіць, ускрыўдзіць, пакрыўджаны, ускрыўджаны, крыўдны, крыўдна, крыўднік, які мае свае эквіваленты ў польскай мове (krzywdziciel) і ў расейскай (обидчик) ды жаночага роду крыўдніца. Слова крыўднік знаходзіцца м. ін. у Аль Кітабе, транскрыбаваным Вольскім: Муж быў крыўднік людзкі, ілгаў і крадаў. Слова крыўдаваць значыць чуцца пакрыўджаным: Грэх, чалавеча, на жыцьцё крыўдаваць.[6] Як справа прадстаўляецца з выкарыстаньнем у беларускай мове займеньнікаў гэты, гэны й той, якія азначаюць тры ступені аддаленьня? На гэтае пытаньне адказу можна шукаць у 114 нумары „Бацькаўшчыны”. У артыкуле разглядаецца цэлы шэраг словаў, такіх як: гэты, гэны, той; гэт’кі, такі; гэтак, гэнак, так; гэтта, гэнам, тут, там; гэтулькі, гэнулькі; адгэтуль, адгэнуль, адтуль або стуль; дагэтуль, дагэнуль, датуль. „З прыведзеных словаў тыя, што маюць у васнове гэт- (гэты, гэт’кі, дагэтуль і інш.), ужываюцца ў дачыненьні да таго, што блізка ў прасторы або ў часе. Тыя, што маюць у васнове частку гэн- (гэны, гэн’кі, гэнакі і г.д.) – у дачыненьні да таго, што ў прасторы або ў часе далёка або прынамсі далей супроць першых. А ўсе іншыя (той, такі, так і інш.пад.) – калі выразна не паказваецца, але кажацца агульна. Прыклады: Мы сядзім ля гэтага стала, а яны ля гэнага. Хто мяняе, у таго хамут гуляе. (...) Адгэтуль (прыкладам, дзе мы стаім) пачынаецца нашая сенажаць і цягнецца ажно вун дагэнуль. Ад дагэтуль і дагэнуль утварыліся прыметнікі дагэтулешні й дагэнулешні із значэньнем, адпаведным прыслоўям, ад якіх яны паўсталі.”[7] У заключным адрэзку з гэтага цыкла, зьмешчаным на старонках 39 (118) нумару эміграцыйнае газэты „Бацькаўшчына” ад 28 верасьня 1952 г., разглядаецца выкарыстаньне ў беларускай мове словаў колькі – толькі. На пачатак аўтары артыкулу, г. зн. Ян Станкевіч і Антон Адамовіч прыводзяць прыклады зь гістарычных крыніцаў: - з мовы старабеларускай, зь Літоўскага Статута 1529 г. – Абраці і пастанавіці віжоў толькі, колькі патрэбна будзець; Жаднае зьвірхнасьці над намі зажываці ня можаць, адно толькі, колькі яму права дапушчаець. - з сучаснай мовы, з твораў Аркадзя Куляшова – Маці за руку госьця ўзяла. Колькі слоў сказала напасьледак. Колькі зім ня верыла ў сьмерць ніяк. Колькі ты даў яму? Колькі не гавары яму, ён усё сваё. З прыведзеных прыкладаў відаць, што: толькі ўжываецца ў значэньні маскоўскага столько, а колькі – у двух значэньнях: столько й несколько. Аўтары публікацыі зьвяртаюць увагу на тое, што ў беларускай мове гэтак колькі, як і толькі ўжываюцца без пачатковага с.[8] У 1955 г. на старонках „Бацькаўшчыны” зьявілася новая пэрыядычная публікацыя Я. Станкевіча пад назовам Аб некаторых словах і хормах нашае мовы. У 1 адрэзку гэтага артыкулу ў 20 (250) нумары „Бацькаўшчыны” з 15 траўня 1955 г. Я. Станкевіч заўважае, што пісаць пра беларускую мову, маючы на ўвазе практычна-ідэйныя заданьні, надзвычай цяжка, таму што, па ягоных словах: „Мы належым да народаў, мякка кажучы, падупалых, каторых мовы падпалі пад большы чужы ўплыў, чымся гэта бывае, уплыў на толькі вялікі, што ён пагражае быцьцю самае мовы. З другога боку, з прычыны таго-ж нацыянальнага падупаду, лік нашых беларускіх моваведаў абмежуецца пару адзінкамі, каторыя прытым-жа разлучаныя зялезнай завесай, ня могуць сумесна працаваць, а моваведная роўня неспэцыялістых надта-ж нізкая.” [9] Я. Станкевіч паведамляе, што ў нізцы сваіх артыкулаў на практычныя тэмы намерваецца, па-першае, адзначаць барбарызмы й заганы ў мове беларускага друку, па-другое, навукова разглядаць некаторыя ўставічныя барбарызмы й скрыўленьні, па-трэцяе, адзначаць тое, што добрае ў мове пішучых па-беларуску і, па-чацьвертае, зьвяртаць увагу на некторыя добрыя словы, нясустраканыя ў беларускім друку.[10] У 26 (256) нумары „Бацькаўшчыны” з 26 чэрвеня 1955 г. Я. Станкевіч задумоўваецца, наколькі мэтазгодна насычаць мову дыялектнай лексыкай. „Ведама, калі-б кажны пачаў уносіць у літаратурную мову ўсе асаблівасьці свае мясцовае гаворкі, дык ізь літаратурнай моваю сталася-б так, як із моваю народнай – паўстала-б шмат літаратурных гаворак, а гэта тое самае, што ня было-б літаратурнае мовы, бо літаратурная мова – адна ўсім людзём данага народу. Каб-жа была літаратурная мова, то трэба перш-наперш браць да яе словы й хормы з таго дыялекту народнае мовы, што стаўся яе асноваю, значыцца, у нас із дыялекту сярэдняга; чаго чыста беларускага няма ў ім, тое браць ізь беспасярэдне мяжуючых ізь ім дыялектаў; чаго ў гэтых няма, браць із дальшых і г.д., ажно да пагранічных із чужымі мовамі ўлучна. Чаго няма ў народнай мове, таго трэба глядзець у багатым жарале старое нашае мовы літаратурнае й народнае (ёсьць памяткі абедзьвіх) і адно, чаго й там нямашака, тое мусім тварыць подле нормаў і духа народнае мовы, а ня подле таго, што каму падабаецца. Цяжкасьць споўніць гэта ёсьць у тым, што трэба знаць гаворкі нашае народнае мовы і нашу старую мову, а на гэта ў нас адныя мала, а другія ані не зварачаюць увагі.”[11] На беларускім грунце ўзьнікла новае слова дабраславіць замест царкоўнаславянскага благаславіць. Царкоўнаславянскае благий значыць добры, але ў мове беларускай яно прыняло адваротнае значэньне нядобры, ліхі. Таму слова дабраславіць як мага найлепш адпавядае патрэбам беларускае мовы – адзначае Я. Станкевіч, спасылаючыся на памяткі беларускае мовы, напрыклад: Дабраслаў, душэ мая, Госпада. Тое, што зрабілі нашы прашчуры, узнавіў а. П. Чарняўскі ў Божым Слове. Крыжняцца адылі ня ёсьць бяздушнай цырамоніяй, але добраслаўленьням самога сябе. Дабраславенства Сьвятога Крыжа. [12] Я. Станкевіч стараўся пазьбягаць русыцызмаў, м. ін. назоўнікаў з суфіксамі -шчык, -чык. „Спакменьнікі на -шчык, -чык, абазначаючыя дзеючую асобу – асаблівасьць вылучна расійская. (...) Па-беларуску замест слова выдумшчык скажуць хіба іншае слова, напр. штукар ці вынаходнік.”[13] Па словах Станкевіча, па-беларуску не належыць таксама гаварыць дастаткова ці канчаткова. Гэтыя словы належаць да савецка-беларускага жаргону – цьвердзіць эміграцыйны мовазнаўца. – Гэта словы штучна й няўмела зробленыя ад дастатак і канчатак. Тым часам маем словы прыродныя, народныя – даволі й канчальна.[14] Русыцызмам, на думку Я. Станкевіча, зьяўляецца таксама слова недахоп, якое этымалягічна пераробленае з расейскага недостаток. Калі чагось не стаець, дык нястача, што трэба ганіць, то ёсьць загана, прыкладам: калі ў еміне не стаець бялку, дык у такой еміне будзе нястача бялку, а гэтая нястача ёсьць заганаю еміны. [15] Пазьбягаць запазычаньняў з расейскае мовы раілі таксама іншыя аўтары „Бацькаўшчыны”, м. ін. і Станіслаў Станкевіч. Трэба ачышчаць беларускую мову ад русыцызмаў – піша С. Станкевіч у Кутку мовы на старонках 6-7 (288-289) нумароў „Бацькаўшчыны” з 11.02.1956 г. „У выніку русыфікатарскай палітыкі ў БССР насаджваецца, як ведама, у беларускую літаратурную мову цэлае мноства чужых нашай мове тыпова расейскіх асаблівасьцяў ува ўсіх галінах моўнага працэсу: у сінтаксе, марфалёгіі, словатворстве, фанэтыцы й слоўніцтве. Бальшыня з гэтых русыцызмаў, хоць і ня прадугледжаных славутай «рэформай» беларускага правапісу й нарматыўнае граматыкі з 1933 году, а ўведзеная пазьней і нядэкратаваная ніякімі ўрадавымі пастановамі, зьяўляецца сяньня ўсанкцыянаваная, як адзіна дапушчаныя формы й словы, як «чыста беларускія», а іхнія ўзапраўды беларускія адпаведнікі старанна выціскаюцца, як шкодныя «правінцыяналізмы», «архаізмы» або «штучныя нэалягізмы».”[16] Ст. Станкевіч зьвяртае напачатак увагу на пранікненьне русыцызмаў у сынтаксіс беларускае мовы, што найглыбей парушае яе моўную структуру. Аўтар прыгадвае пра выкарыстаньне ў беларускай мове вінавальнага склону ў сьцьвярджальных канструкцыях – я люблю вясну – і роднага склону ў сказах з пярэчаньнем не – я не люблю вясны. Тым часам пад уплывам расейскае мовы ўсё часьцей паяўляюцца ў мове беларускай у сказах з адмоўнай часьціцай не канструкцыі зь вінавальным склонам. С. Станкевіч спасылаецца на раман Івана Шамякіна У добры час, выдадзены ў Менску ў 1953 г., зь якога прыводзіць шмат прыкладаў тыпу: Пасьля гэтага няма сэнсу далей весьці перамовы. Іншым прыкрым русыцызмам ёсьць ужываньне дзеяслова дзякаваць з назоўнікам у вінавальным склоне. Гэта сустракаецца і ў трылёгіі Я. Коласа На ростанях: Настаўнікі...падзякавалі сваю добраахвотную варту і рушылі дамоў. Па-беларуску можна дзякаваць толькі каму?, ні ў якім выпадку каго? Дзеяслоў жаніць, жаніцца вымагае ў беларускай мове творнага склону з прыназоўнікам з, тады калі ў расейскай мове ён ужываецца з назоўнікам у месным склоне з прыназоўнікам на. Часам аднак у беларускую мову пранікае расейская форма: Шаройка даўно марыў, каб жаніць яго на дачцы (І. Шамякін, У добры час), замест жаніць з дачкой. З галіны марфалёгіі С. Станкевіч зьвяртае ўвагу на неабходнасьць выкарыстаньня канчатка -ыяў (-іяў) замест -ый (-ій), значыць: рэзалюцыяў, акцыяў і г. д. Дасьледнік піша пра немэтазгоднасьць выкарыстаньня ў беларускай мове суфікса -ір- у дзеясловах лацінскага паходжаньня тыпу: ануліраваць, ігнарыраваць. Павінна быць: ануляваць, ігнараваць. Аўтар публікацыі заўважае, што ў беларускай мове на Бацькаўшчыне пад беспасярэднім уплывам расейскае мовы назоўнікі тыпу лён, мох ува ўсіх залежных склонах і ў назоўным склоне множнага ліку ўжываюцца з прыстаўным і: ільну, імху. Правільнай беларускай формай ёсьць форма без прыстаўнога і: лёну, моху. Асаблівасьцю расейскае мовы зьяўляецца выкарыстаньне вышэйшае ступені прыметнікаў у значэньні найвышэйшае ступені, напрыклад: Амэрыканска-ангельскія імпэрыялісты зьлейшыя ворагі беларускага народу („Звязда”, 21.12.1951). С. Станкевіч зьвартае ўвагу на памылковае выкарыстаньне ў беларускай мове слова мецца, напрыклад: У друкарні маецца шмат работы. Гэта даслоўнае перанясеньне расейскага имеется. Па-беларуску можна сказаць толькі: Як маешся? Маюся добра. Аўтар артыкулу аднатоўвае выцясьненьне зь беларускае мовы прыслоўя цяпер і замену яго прыслоўем зараз. Тым часам зараз ужываецца, але не дзеля азначэньня дзейнасьці ў будучыне, напрыклад: Я цяпер чытаю, а зараз буду пісаць. С. Станкевіч падкрэсьлівае, што ў сваім артыкуле прывёў невялікую частку найбольш яркіх русыцызмаў. „Гэта паказвае, што працэс русыфікацыі беларускае мовы, запачаткаваны ўрадавым дэкрэтам 1933 г., пасьлядоўна праводзіцца й далей. Паколькі Беларусы ня могуць змагацца з гэтым гвалтам над мовай на бацькаўшчыне, патолькі сыстэматычна й наважана з гэтым павінны змагацца мы ў нашай мове собскай. Руплівасьць аб чысьціні роднае мовы й абарона перад яе засьмечваньнем чужымі ўплывамі ёсьць адным з найважнейшых нашых заданьнаў, ёсьць справай ня толькі беларускай нацыянальнай культуры, але ў роўнай меры й праблемай палітычнай.”[17] – напісаў С. Станкевіч на старонках „Бацькаўшчыны” з 11 лютага 1956 г. Абмяркоўваючы ўплыў расейскае мовы на беларускую, С. Станкевіч пры нагодзе зьвярнуў увагу таксама на пранікненьне й частае выкарыстаньне польскай сынтаксічнай канструкцыі з прыназоўнікам праз. Яшчэ Я. Купала ў 1919 г. у ведамым сваім вершы Паўстань з народу нашага... пісаў:
Падобныя палянізмы выкарыстоўвала й беларуская эміграцыя. С. Станкевіч цытуе некалькі прыкладаў зь беларускага эміграцыйнага друку: Тэрыторыя занятая празь Немцаў замест занятая Немцамі ці Беларускі народ паняволены празь бальшавікоў замест паняволены бальшавікамі. [18] Перасьцярога перад ужываньнем палянізмаў паяўлялася досыць часта на старонках „Бацькаўшчыны”. Я прывяду толькі некалькі прыкладаў, якіх, меркаваньнем Я. Станкевіча, трэба пазьбягаць з увагі на іх польскае паходжаньне: абаронца (бел. абароньнік)[19], гаспадарства (бел. гаспадарка)[20], назва (бел. назоў)[21], пажыўны (бел. сытны)[22] і г. д. Мовазнаўчая рубрыка Куток мовы, дзе зьяўлялася найбольш публікацыяў аўтарства Я. Станкевіча, выклікала разнагалосьсі. Неаднойчы паяўляліся вельмі крытычныя артыкулы. Тэмай цікавіліся ня толькі мовазнаўцы. У дыскусіі пра беларускую мову на старонках „Бацькаўшчыны” ў 1953 г. прыняў удзел вядомы беларускі эміграцыйны пісьменьнік Масей Сяднёў, зьмяшчаючы ў Літаратурным Дадатку артыкул пад назовам Некалькі заўваг аб нашай мове.[23] Масей Сяднёў піша, што ён не зьяўляецца мовазнаўцам, тым ня меней адчувае патрэбу й нават абавязак выказаць свае меркаваньні пра мову беларускіх эміграцыйных выданьняў. Напачатку канстатуе, што натугі эміграцыйных мовазнаўцаў прынесьлі, побач з дадатнімі, таксама й адмоўныя вынікі, да якіх М. Сяднёў залічае аморфнасьць мовы, паўсталую ў выніку экспэрымэнталізму, які ўзводзіцца ў ступень закону, абавязковага граматычнага правіла, і такім чынам стварае небясьпеку для літаратурнае мовы, і без таго няўстойлівай у сваіх нормах. Канкрэтная небясьпека хаваецца ў непрызнаньні ці разбурэньні пэўных традыцыяў, якія набыла беларуская мова, а без традыцыі ня можа быць гутаhкі аб адзінай нацыянальнай мове. Мова ня любіць частых паправак, яна кансэрватыўная – аднзачае М. Сяднёў. У аўтара паявілася ўражаньне, што беларускі эміграцыйны друк да пачатку 1953 г. ня выпрацаваў нормаў адзінай, сталай літаратурнай мовы, а ўсё яшчэ сядзіць у этнаграфізьме. „Што ні газэта – то й мова, што ні аўтар – то й выдумка” [24] – піша М. Сяднёў, які ў літаратурнай мове эміграцыйных часопісаў заўважае хутчэй разнастайнасьць беларускіх дыялектаў, чым кніжную мову. Пры гэтым – як адзначае аўтар артыкулу – раскошна пачуваюць сябе барбарызмы, часьцей польскага ці расейскага паходжаньня. М. Сяднёў падкрэсьлівае, што ён не адмаўляе аўтарам у праве на свой уласны стыль. Не такая мэта ягонага артыкулу. Сярод закідаў, якія пісьменьнік паставіў розным выданьням, апынулася й адсутнасьць пашаны да найлепшых майстроў беларускага слова – да тых пісьменьнікаў, якія паклалі фунадамант літаратурнай мове. М. Сяднёў, ацэньваючы дбаласьць пра чысьціню мовы беларускіх эміграцыйных выданьняў, станоўча піша менавіта пра „Бацькаўшчыну”. Сярод тых часопісаў, якім трэба было б праявіць большую дбаласьць пра чысьціню мовы, аўтар публікацыі называе такія навуковыя выданьні, як „Веда” й „Запісы”. М. Сяднёў крытычна ацэньвае тэндэнцыю ствараньня штучнае, чыстае мовы, абстрагаванае ад уплыву заходніх, а ў першай чарговасьці – усходніх суседзяў. Гэтакая тэндэнцыя змушае навукоўцаў да сьвядомага ствараньня нэалягізмаў, пры гэтым не заўсёды ўдалых. Такая мова гучыць як эспэранта – піша М. Сяднёў. Аўтар публікацыі адзначае, што пэўныя падабенствы і ўплывы – рэч зусім натуральная, і таму ня трэба празьмерна баяцца польскага ці расейскага ўплыву. На думку Сяднёва, лепш праяўляць большую экспансію на мовы вялікіх суседзяў Беларусі, чым загадзя здаваць пазыцыі. Варта пры гэтым памятаць, што найбольш псуюць беларускую мову чужыя сынтаксічныя канструкцыі. Яны ліквідуюць спэцыфіку мову, яе псыхалёгію, як піша М. Сяднёў. Рэдакцыя газэы „Бацькаўшчына” падкрэсьлівае, што не ва ўсім згаджаецца зь меркаваньнямі аўтара публікацыі, аднак з прыемнасьцю выдрукавала гэты артыкул, лічачы, што трэба больш месца прызначаць мовазнаўчым пытаньням і спадзеючыся, што гэты артыкул выкліча шырэйшую дыскусію, якая прынасе несумненную карысьць.[25] Чарговыя роздумы М. Сяднёва пра беларускую мову зьявіліся ў 49 (180) нумары „Бацькаўшчыны”. Былі яны выкліканыя палемічным артыкулам Я. Станкевіча, надрукаваным у 44 нумары гэтага мюнхэнскага выданьня, у якім мовазнаўца назваў заўвагі М. Сяднёва надта агульнымі. Дык у адказ пісьменьнік вырашыў удакладніць свае разважаньні пра неабходнасьць стварэньня адзінае беларускае літаратурнае мовы ў эміграцыі. „Час, нарэшце, нашаму мовазнаўству ўзьняцца ад эмпірызму да навуковага абагульненьня – дэструкцыйны этнаграфізм не заўсёды ў дружбе зь літаратурнай мовай. Зразумела, мовазнаўства, як такое, ня можа ўзяць на сябе абавязку стварэньня літаратурнай мовы – роля пісьменьніка тут куды больш значная і найбольш актыўная. Затое мовазнаўства павінна падказаць тэндэнцыю разьвіцьця мовы, згодную зь яе духам. (...) Да найбольш прыкметнай тэндэнцыі нашага мовазнаўства я залічаю – напісаў М. Сяднёў – тэндэнцыю скрайнага сэпаратызму. (...) Практычна гэта тэндэнцыя выявілася ў няправільных дачыненьнях да некаторых ужо старых, традыцыйных (а без традыцыі ... ня можа быць літаратурнай мовы) нормаў і замене іх новымі. Замена гэтая адбываецца за кошт правінцыяналізмаў і нэалягізмаў. На першы пагляд – нічога надзвычайнага: такія шляхі вядомыя для кажнай літаратурнай мовы. Сапраўды ў гэтым нічога дрэннага не было-б, калі-б гэта не было самамэтай. Тут вельмі важным зьяўлаецца пытаньне – наколькі ўспрыймальнай будзе такая нашая літаратурная мова, як эстэтычнае цэлае, ці будзе яна тым, што называюць стыхіяй, ці будзе яна нарэшце з народу – і ў народ? Мне ўсё-ж думаецца – піша Сяднёў – што мовазнаўчая дзейнасьць па-за гэтым – ня мае сэнсу.”[26] Працягваючы палеміку зь Я. Станкевічам, М.Сяднёў удакладніў таксама, што меў на ўвазе, пішучы ў папярэдніх разважаньнях пра мэтазгоднасьць большае экспансіі беларускае мовы на мовы вялікіх суседзяў Беларусі. Беларускі пісьменьнік заклікае не адракацца ад некаторых беларускіх словаў толькі таму, што яны выступаюць у суседніх мовах, бо вялікая частка зь іх агульнаславянскага паходжаньня. Дык ці ж варта напр. такое слова як хлеб замяняць емінай толькі таму, што хлеб выступае ва ўсіх славянскіх мовах? – пытае М. Сяднёў і адказвае, што, натуральна, няма такой патрэбы, ды заклікае прытрымлівацца таго, што сталася ўжо нормай і традыцыяй у беларускай мове.[27] У палеміку паміж Я. Станкевічам і М. Сяднёвам ўключылася таксама рэдакцыя газэты „Бацькаўшчына”, прыгадваючы Сяднёву, што слова еміна Я. Станкевіч ніколі не ўжываў і не ўжывае ў значэньні хлеб, але выключна ў значэньні ежа.[28] Таксама й Я. Станкевіч у публікацыі Адказ на адказ сп. М. Сяднёва адзначае, што: „... слова еміна і прыметнік еміны запісаныя ў Пархвенаве Вялейскага пав., адылі ў Барысаўшчыне, Лепельшчыне й Полаччыне, у пав. Сеньскім, у Пскоўшчыне і ў беларускай часьці Цьвершчыны, а пэўне што й гэтымі мясцовасьцямі пашырэньне яго ня абмежуецца.”[29] На старонках 37 (267) нумару „Бацькаўшчыны” з 11 верасьня 1955 г. паявілася публікацыя С. Станкевіча Мае заўвагі да Кутка мовы. Аўтар, зьвяртаючы ўвагу на складаныя ўмовы разьвіцьця беларускае мовы, стараецца паказаць станоўчыя вынікі мовазнаўчае дыскусіі на старонках газэты, але адначасова ставіцца крытычна да некаторых спробаў зьмяняць у мове тое, што ўжо ў ёй прыжылося, м. ін. піша ён: „Сучасная беларуская літаратурная мова, якая, у сілу гістарычных абставінаў, разьвілася не із старой нашай літаратурнай мовы, але пачала фармавацца ў палавіне ХІХ стагодзьдзя на базе народных дыялектаў, ёсьць яшчэ маладая. З гэтае прычыны, а таксама ў сувязі зь неспрыяльным палітычным палажэньнем беларускага народу, у ёй яшчэ шмат формаў і словаў канчальна не ўстаноўленых, шмат лішніх барбарызмаў, як і непатрэбных новатвораў, на месца якіх маглі-б быць уведзены словы й формы беларускія, якія існуюць у мове народнай або ёсьць у старой беларускай літаратурнай мове, але ў сучасную літаратурную мову з розных прычынаў раней ня ўведзеныя. Таму праца над культурай і чысьцінёй нашай сучаснай літаратурнай мовы вельмі патрэбная й карысная. Пры гэтым праца такая, як і кажная іншая культурна-нацыянальная праца, магчымая сяньня толькі на эміграцыі, бо на бацькаўшчыне, дзе праца ў галіне нацыянальнай культуры ўважаецца злачынствам, а ў галіне мовы праводзіцца прымусовае абрусеньне, нічога ў гэтым кірунку рабіць нельга. Дык трэба толькі вітаць ініцыятыву „Бацькаўшчыны”, якая дзеля працы над культурай беларускае мовы ўвяла на сваіх бачынах адмысловы аддзел Куток мовы. Таксама трэба вітаць і дзякаваць беларускаму моваведу др. Я. Станкевічу, які сыстэматычна выпаўняе гэты Куток мовы сваімі артыкуламі, паказваючы, якія словы й формы павінны ў нашай мове ўжывацца, а якія, як непатрэбныя барбарызмы й штучныя нэалягізмы, ужывацца не павінны.”[30] С. Станкевіч выказаў свае меркаваньні наконт уводжаньня ў літаратурную мову правінцыяналізмаў і словаў іншага паходжаньня. „Пад правінцыяналізмамі мы разумеем тыя словы й формы, якія ўжываюцца ў народнай мове, але ня ўжываюцца ў мове літаратурнай, або ўжываюцца ў ёй вельмі рэдка й ня ўсімі. Пры гэтым, правінцыяналізмы можна падзяліць на дзьве групы: а) якія ў народнай мове ўжываюцца шырака й ведамыя ў бальшыні народных гаворак, б) якія ўжываюцца толькі спарадычна і адно ў некаторых мясцовасьцях. На нашую думку, правінцыяналізмы першае групы мы павінны ўжываць бязь ніякіх засьцярогаў, навет і тады, калі ёсьць у нашай мове іншае слова, агульна ў ёй ужыванае. Гэткім чынам мы павялічым толькі колькасьць сынанімаў, ад якіх нашай мове ніякай шкоды ня будзе. Затое-ж правінцыяналізмы другое групы мы павінны ўводзіць у літаратурную мову толькі ў тых выпадках, калі на месцы іх ужываецца або барбарызм або няўдалы наватвор. Гэта зусім не датычыць мовы паэтычнай, у якой для падчыркненьня моўнага калярыту, пажаданыя й правінцыяналізмы найбольш рэдкія, але для дадзенае мясцовасьці характарыстычныя.”[31] На думку С. Станкевіча, ніякіх засьцярогаў не павінны выклікаць такія словы, як: цальнёг, сёлета, летась, ачуняць. „Затое няма найменшай патрэбы ўжываць вузкіх правінцыяналізмаў, ведамых толькі ў абмежаваных мясцовасьцях, а тым больш даваць ім перавагу й пяршынство, калі ёсьць з гэтым значэньнем іншыя чыста беларускія словы, шырока ведамыя і ў народнай мове і якія ў літаратурнай мове заваявалі поўнае права грамадзянства.”[32] Да такіх словаў С. Станкевіч залічае другадзень замест агульнапрынятага слова аўторак, ці булак, болка замест воблака. С. Станкевіч піша таксама пра беларускую вымову іншамоўных словаў. „Словы іншамоўнага паходжаньня, трапляючы ў беларускую мову, прыймаюць з часам беларускія фанэтычныя й марфалягічныя формы, інакш кажучы – асымілююцца. Некаторыя формы асымілююцца хутка, іншыя значна пазьней, калі слова з гэтай формай ужо адчуваецца як чыста беларускае, а ня чужое. І вось тут сваёй моўнай практыкай і сваімі пасуленьнямі др. Я. Ст. працэс асыміляцыі словаў у некаторых выпадках намагаецца „хірургічным спосабам” прысьпешыць, а ў іншых выпадках, дзе гэты працэс натуральным шляхам ужо даканаўся, ён яго адварачвае назад да чужой вымовы.”[33] С. Станкевіч паказвае гэта на прыкладах. Беларуская літаратурная мова вызначаецца поўным аканьнем. Беларусу натуральна вымаўляць з аканьнем і запазычаныя словы, напрыклад: канфэрэнцыя, канструкцыя, тымчасам Я. Станкевіч пасьлядоўна піша о, значыць – конфэрэнцыя, конструкцыя. Станіслаў Станкевіч сумняецца, ці Ян Станкевіч гэтак жа й вымаўляе, окаючы. Тое самае датычыць таксама замены запазычанага гука ф пры дапамозе гукаў п, х ці спалучэньня хв. Але ў чужых словах гэты працэс адбываецца вельмі марудна й датычыць толькі тых словаў, якія ўспрымаюцца як свае: хвартух, але фірма. У Я. Станкевіча назіраецца тэндэнцыя й тут прысьпешыць гэты працэс асыміляцыі, як у выпадку слова хорма. А чаму ня хворма? – пытае С. Станкевіч. Калі хорма, дык павінна быць таксама хармальны, ахорміць, схармаваны, рэхорма, але гэтага беларуская літаратурная мова на сучасным этапе разьвіцьця ня прыйме – цьвердзіць С. Станкевіч, які адначасова падкрэсьлівае вялікую карысьць з руплівасьці Я. Станкевіча дзеля чысьціні беларускае літаратунае мовы.[34] Прадстаўленыя коратка мовазнаўчыя публікацыі ў мюнхэнскай „Бацькаўшчыне” ды палеміка, якая вялася на старонках гэтае газэты, зьяўляюцца яркім доказам вялікага клопату беларусаў, згуртаваных вакол газэты, пра лёс і будучыню беларускае мовы. Яны цэлы час дасьледавалі беларускія публікацыі ня толькі ў эміграцыі, але таксама ў Беларусі, крытыкуючы тое, што сьведчыла пра сьвядомае перайманьне рысаў іншае мовы, ці, звычайна, пра моўную нядбайлівасьць, ды ўсхваляючы тое, што зьяўлялася сьведчаньнем карпатлівае працы над мовай дзеля захаваньня ейнае тоеснасьці. Здаралася неаднойчы, што, стараючыся празьмерна пазьбягаць лексыкі супольнае з суседнімі мовамі: расейскай і польскай, шукалі адмысловых словаў у мінуўшчыне беларускае мовы, альбо, апіраючыся на словаўтваральныя ўзоры ў беларускай мове, будавалі новыя словы, якія не заўсёды ўспрымаліся носьбітамі беларускае мовы. Несумненна, свайго роду перашкодай быў моўны пурызм Яна Станкевіча й ягонае жаданьне затрымаць альбо прысьпешыць некаторыя працэсы ў разьвіцьці беларускае мовы. Тым ня меней, нельга перацаніць ягонай руплівасьці, як і цэлай газэты „Бацькаўшчына”, дзеля захаваньня моўнае аднароднасьці выданьня, нельга перацаніць іх вялікага ўнёску ў захаваньне й разьвіцьцё беларускае мовы ў эміграцыі.
|
АРТЫКУЛЫ Польска-беларускія моўныя сувязі... Беларуская эміграцыя пра нацыянальную мову Клопат Бацькаўшчыны пра чысьціню беларускае мовы Беларуская культурна-асьветніцкая дзейнасьць у Польшчы Język a tożsamość narodowa Białorusinów Эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” пра школьную сыстэму БССР Эміграцыйная газэта „Бацькаўшчына” ў абароне роднае мовы Моўныя пытаньні на старонках беларускіх эміграцыйных выданьняў у Нямеччыне Нацыянальная мова ў дасьледаваньнях беларускага эміграцыйнага асяродка ў Каўнасе |